Архитектура Аудит Военная наука Иностранные языки Медицина Металлургия Метрология
Образование Политология Производство Психология Стандартизация Технологии


І. Дайце тлумачэнне паняццям.



1. Гістарыяграфія.

2. Гістарыяграфічны факт.

3. Гістарыяграфічная крыніца.

4. Гістарычная канцэпцыя.

ІІ. Вызначце правільны адказ.

1. Гістарыяграфія

А) дапаможная гістарычная дысцыпліна

Б) спецыяльная гістарычная дысцыпліна

В) асноўная гістарычная дысцыпліна.

2. Званне прыдворнага гістарыёграфа ў Расійскай імперыі меў

А) Г.Ф.Мілер

Б) В.В.Ключэўскі

В) С.М.Салаўёў.

3. Прадмет гістарыяграфіі як гісторыю гістарычнай думкі лічыў(ла)

А) А.Л.Шапіра

Б) М.В.Нечкіна

В) М.В.Каяловіч.

4. Аналіз перыяда або накірунка гістарыяграфіі як сістэмы прадугледжвае

А) прынцып гістарызма

Б) прынцып цэласнасці

В) прынцып каштоўнаснага падыходу.

5. Дазваляе вывучыць развіццё гістарычнай думкі гісторыкаў ад сучаснасці да мінулага

А) метад храналагічны

Б) метад перыядызацыі

В) метад рэтраспектыўны.

6. Праблемай перыядызацыі гістарыяграфіі гісторыі Беларусі займаўся

А) У.М.Міхнюк

Б) М.В.Біч

В) П.Ц.Петрыкаў.

7. «Введение в русскую историю» У.І.Пічэта выдаў у

А) 1921 г.

Б) 1922 г.

В) 1923 г.

8. Выданне «Достижения исторической науки в БССР за 60 лет» мела

А) аналітычны характар

Б) праблемны характар

В) бібліяграфічны характар.

9. Развіццё гістарычнай навукі ў БССР 70-х гг. даследаваў

А) І.І.Шаўчук

Б) В.Ц.Леанавец

В) Л.П.Храпко.

10. У 1975 г. дысертацыя па спецыяльнасці 07.00.09 была абаронена

А) Н.І.Стужынскай

Б) У.М.Міхнюком

В) Э.Р.Іофэ.

ІІІ. Складзіце пералік.

1. Віды гістарыяграфіі: …

2. Крытэрыі вылучэння гістарыяграфіі ў самастойную дысцыпліну: …

3. Задачы гістарыяграфіі: …

4. Тыпы гістарыяграфічных крыніц: …

5. Этапы гістарыяграфіі гісторыі Беларусі (па П.Ц.Петрыкаву): …

6. Прынцып трох «Д» у адносінах да гісторыі Беларусі: …

ІV. Ці згодны вы з выказваннем (так, не ).

1. Тэрмін «гістарыяграфія» выкарыстоўваецца ў вузкім і шырокім сэнсе.

2. Параўнальна-гістарычны метад прадугледжвае вызначэнне перспектыў будучых даследаванняў, тэм і праблем.

3. Перыяд 30-х – сярэдзіны 50-х гг. ХХ ст. характарызуецца манаполіяй марксісцка-ленінскай метадалогіі.

4. Плюралістычны этап у развіцці гістарыяграфіі гісторыі Беларусі пачынаецца з ХХ з'езда КПСС.

5. Заснавальнікам беларускай гістарыяграфіі лічыцца У.М.Ігнатоўскі.

6. Дасавецкі перыяд беларускай гістарыяграфіі даследаваў Д.У.Караў.

V. Вызначце дату.

1. Выданне манаграфіі А.І.Цвікевіча «Заходнерусізм»: Нарысы з гісторыі грамадскай мыслі на Беларусі…».

2. Арганізацыя Камісіі па гісторыі гістарычнай навукі СССР у АН СССР.

 

 

Тэма 2

Першыя звесткі па гісторыі Беларусі. Назапашванне гістарычных ведаў

 

План

 

1. Звесткі аб насельніцтве Беларусі ў працах антычных і арабскіх аўтараў.

2. Старажытнарускія летапісы, лівонскія хронікі і скандынаўскія сагі пра падзеі на тэрыторыі Беларусі.

3. Ідэйна-палітычная накіраванасць беларуска-літоўскага летапісання XV – XVI ст.

4. Гісторыя Беларусі ў мясцовых летапісах і хроніках.

5. Польскія храністы аб гісторыі беларускіх зямель.

6. Гістарычныя падзеі на тэрыторыі Беларусі ў мемуарнай літаратуры XVІІ – XVIІІ ст.

7. Адлюстраванне гісторыі беларускіх зямель у нататках замежных дыпламатаў і падарожнікаў XV – XVIІІ ст.

 

Літаратура

 

1. Беларускія летапісы і хронікі / Укладанне У.Арлова. – Мн.: Беларускі кнігазбор, 1997. – С. 25 - 428.

2. Вайтовіч Н.Т. Баркулабаўскі летапіс. – Мн.: Навука і тэхніка, 1977.

3. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 1. – Мн.: БелЭн, 2005. – 688 с.

4. Герберштэйн С. Записки о Московии. – М.: Изд-во МГУ, 1988. – 430 с.

5. Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд. – Мн.: Выш. шк., 1985. – С. 66 – 83.

6. Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь: Нарыс. – Мн.: Маст. літ., 1980. – 272 с.

7. Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VI – XV ст.) / Пад рэд. Г.В. Штыхава. – Мн.: Народная асвета, 1998. – 191 с.

8. Загарульскі Э.М. Заходняя Русь. ІХ – ХІІІ ст. – Мн.: Універсітэцкае, 1998. – С. 18 – 109.

9. Златоструй. Древняя Русь Х – ХІІІ вв. – М.: Мол. гвардия, 1990. – С. 36 – 105.

10. Інфляцкія хронікі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. – Мн.: БелЭн, 1996. – Т. 3. – С. 501.

11. Капыскі З.Ю. Беларуска-літоўскія летапісы як помнікі гістарычнай думкі // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. – 1986. - № 4. – С. 80 – 88.

12. Котлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. – Мн.: Энцыклапедыкс, 2002. – 296 с.

13. Коршунаў А.Ф. «Дыярыуш» Багуслава Казіміра Маскевіча // Беларуская літаратура і літаратуразнаўства. - Вып. № 3. – Мн., 1974.

14. Коршунаў А.Ф. «Успаміны» Яна Цадроўскага // Беларуская літаратура і літаратуразнаўства. – Вып. № 5. – Мн., 1977.

15. Копысский З.Ю., Чепко В.В. Историография БССР (эпоха феодализма): Учеб. пособие. – Мн.: Университетское, 1986. – С. 5 – 15.

16. Мальдзіс А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.: Нарысы быту і звычаяў. – Мн.: Маст. літ., 1982. – 256 с.

17. Материалы по истории СССР для семинарских и практических занятий. Вып. 1: Учеб. пособие. – М.: Высш. школа, 1985. – С. 207 – 298.

18. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік. – Мн.: БелЭн, 1995. – 671 с.

19. Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. – М.: Изд-во АН СССР, 1959. – С. 9 – 77, 127 – 148.

20. Рассадзін С.Я. Землі амаль невядомыя: Будучая Беларусь паводле антычных манускрыптаў. – Мн.: Полымя, 1996. – 95 с.

21. Санько С., Кашкуревіч Х. Загадкавая краіна Артанія // Імя тваё Белая Русь / Уклад. Г.М.Сагановіч. – Мн.: Полымя, 1991. – С. 172 – 180.

22. Свяжынскі У.М. «Гістарычныя запіскі» Фёдара Еўлашэўскага. – Мн.: Навука і тэхніка, 1990.

23. Седов В.В. Происхождение и ранняя история славян. – М.: Наука, 1979. – С. 29 – 32.

24. Семянчук А.А. Беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі: Вучэб. дапам. – Гродна: ГрДУ, 2000. – 161 с.

25. Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. – М.: Наука, 1985. – 262 с.

26. Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. – Мн.: Навука і тэхніка, 1969. – 191 с.

27. Чамярыцкі В.А. Таямніцы Полацкага летапісу // Архівы і справаводства. – 1999. - № 1. – С. 31 – 37; № 2. – С. 17 – 21; № 3. – С. 37 – 43.

28. Ючас М.А. Хроника Быховца // Летописи и хроники. – М.: Наука, 1974. – С. 220 – 231.

29. Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі: Вучэб. дапам. – Мн.: Універсітэцкае, 1992. – С. 4 – 17.

 

Тэматыка рэфератаў

 

1. Звесткі антычных аўтараў аб старажытным насельніцтве на тэрыторыі Беларусі.

2. Звесткі арабскіх географаў і гісторыкаў аб старажытных славянах.

3. Праблема полацкага летапісання.

4. Вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання ў беларускай гістарыяграфіі.

5. Даследаванне гісторыі ў часы С.Баторыя.

 

1. Звесткі аб насельніцтве Беларусі ў працах антычных і арабскіх аўтараў. Першыя звесткі аб насельніцтве сучасных беларускіх зямель сустракаюцца ў антычных гісторыкаў і географаў, найперш, старажытнагрэчаскіх, што было выклікана калінізацыяй элінамі Паўночнага Прычарнамор’я.

Сярод антычных аўтараў вылучаецца Герадот з Галікарнаса (≈ 485 – 425 гг. да н. э.), які аставіў нашчадкам «Гісторыю» у 9 кнігах. Чацвёртая кніга «Мельпамена» была прысвечана Скіфіі і яе наваколлю. У ёй аўтар пісаў аб неўрах і андрафагах.

«…Вышэй алазонаў жывуць скіфы-земляробы, якія сеюць хлеб не для ўласнага спажывання ў ежу, а на продаж. Вышэй іх жывуць неўры, а краіна, ляжачая на поўнач ад неўраў, наколькі мы ведаем, не заселеная людзьмі…

…У неўраў звычаі скіфскія; за адно пакаленне да пахода Дарыя ім давялося пакінуць усю сваю краіну з-за змеяў; зямля іх нарадзіла мноства змеяў, а яшчэ больш з’явілася іх з пустэльных земляў, пакуль зможаныя імі неўры не пасяліліся разам з будзінамі, пакінуўшы сваю радзіму. Можна думаць, што гэтыя людзі чараўнікі: па крайняй меры, па словах скіфаў і жывучых у Скіфіі элінаў, кожны неўр штогадова па разу на некалькі дзён робіцца ваўком і потым зноў прымае ранейшы выгляд…».

Гэтыя скупыя звесткі ўжо ў ХІХ ст. заставілі даследчыкаў шукаць лакалізацыю герадотавых неўраў: чэшскі гісторык П.Шафарык размяшчаў іх у басейне р. Нараў (Польшча), а вядомы этнограф П.Шпілеўскі – на тэрыторыі Беларусі, бо лічыў, што ўяўленне аб ваўках-пярэваратнях тут былі найбольш пашыраны.

У 50 – 60-я гг. ХХ ст. маскоўскі археолаг В.М.Мельнікоўская выказала думку аб неўрах як насельніцтве мілаградскай культуры, якая ў VIII – III ст. да н. э. займала паўднёвы ўсход Беларусі. На яе думку, плямёны мілаградскай археалагічнай культуры прыйшлі на тэрыторыю Беларусі з заходняй часткі Валыні. Гэтую гіпотэзу падтрымаў акадэмік Б.А.Рыбакоў, зыходзячы з таго, што будзіны (носьбіты юхнаўскай археалагічнай культуры), да якіх перабраліся неўры, пражывалі на тэрыторыі сучаснай Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі, памежнай з Гомельшчынай.

Беларускі археолаг С.Я.Рассадзін удакладніў лакалізацыю неўраў у басейне р. Гарынь (заходняя частка мілаградскага арэала). Ён лічыць, што адтуль неўры рушылі да Паўднёвага Буга – да скіфаў. Таму ўпамінанне аб будзінах ёсць памылка перапісчыка. З ім салідарны даследчык скіфскай культуры А.І. Цераножкін.

Упамінанне Герадотам змеяў звязана, на думку С.Я. Рассадзіна, са зменай клімату. У сярэдзіне VI ст. да н. э. назіралася паніжэнне сярэдніх тэмператур і ўзрастанне вільготнасці (шмат дажджоў, паводкі, забалочванне нізін). Таму насельніцтва перасялялася на сухія месцы. А змяя – міфалагічны сімвал дажджу.

Калі скіфы для барацьбы з персідскім царом Дарыям папрасілі дапамогі ў неўраў, то пачулі ў адказ: «Калі б вы першыя не рабілі крыўду персам і не пачыналі з імі вайны, то цяперашнюю просьбу вашу і цяперашнія вашы размовы мы палічылі б правільнымі… Што датычыць нас, то ні тады мы не крыўдзілі гэтага народа, ні цяпер не будзем абражаць яго. Вось, калі б персідскі цар уварваўся і ў нашу зямлю і першы пакрыўдзіў нас, мы таксама не засталіся б у баку».

З гэтага запісу Герадота С.Я. Рассадзін робіць дзве высновы. Неўраў было даволі многа, і яны былі моцныя, бо на іх падтрымку разлічвалі скіфы. Неўры не з’яўляліся дзікунамі, а мелі палітычную арганізацыю – «норавы скіфскія», а ў Скіфіі ў той час ужо склалася рабаўладальніцкая дзяржава.

Пісалі аб неўрах і старажытнарымскія аўтары: Пампоній Мела (І ст. н. э.), Гай Пліній Секунд (І ст. н. э.), Марцін Капела (V ст.). Яны звязывалі тэрыторыю герадотавых неўраў з Тырасам (Днестр) і Барысфенам, г. зн. Дняпром.

Герадот таксама ўпамінаў андрафагаў: «З усіх людзей андрафагі маюць найбольш дзікунскія норавы: яны не прызнаюць праўды і не маюць ніякіх законаў. Яны праводзяць вандроўнае жыццё, носяць вопратку, падобную на скіфскую, але маюць асобную мову; яны адны з гэтых плямёнаў ядуць людзей…». Дарэчы, андрафагі ўпамінаюцца аўтарам пяць разоў – калі Герадот акрэслівае паўночную мяжу Скіфіі, раскрывае барацьбу з персамі.

Спробы лакалізацыі андрафагаў назіраліся ў ХІХ ст. У кухонных адкідах археолагі шукалі чалавечыя косткі з абламанымі эпіфізамі. Але даследаванні, праведзеныя ў ХХ ст., сведчаць аб шырокім распаўсюджванні канібалізму ў жалезным веку. Таму гісторыкі пачалі зыходзіць з інфармацыі Герадота, параўноўваючы яе з іншымі геаграфічнымі звесткамі кнігі: «самы верхні народ». Акадэмік Б.А. Рыбакоў лакалізаваў андрафагаў у арэале днепра-дзвінскай культуры – на Смаленшчыне, археолаг Б.А. Шрамко – у басейне р. Сулы, А.І. Цераножкін – у арэале мілаградскай культуры, М.І. Артамонаў – у басейне р. Росі (Украіна), Б.М. Грэкаў – у ніжнім цячэнні Дняпра, А.П. Смірноў – стэпавай зоне ніжняга цячэння Дняпра.

С.Я.Рассадзін размяшчае андрафагаў таксама ў арэале днепра-двінскай культуры ранняга жалезнага века (VIII ст. да н. э. – V ст. н. э.), але не на тэрыторыі Смаленскай вобласці, а на Міншчыне. Ён лічыць, што ніжнія пласты лабенскай археалагічнай культуры пазбаўлены скіфскага ўплыву ў адрознянне ад смаленскага варыянту. Да таго ж запіс Герадота аб «верхнім народзе» на Барысфене не можа адназначна адносіцца да вытокаў Дняпра. Рассадзін салідарны з пецярбургскім даследчыкам Б.А.Булкіным, што вытокам Барысфена антычныя аўтары лічылі Беразіну і нават Свіслач.

Таксама беларускі археолаг аналізуе тэрмін «андрафагі». Згодна Герадоту, гэта «пажыральнікі мужчын», бо людаеды - «антрапафагі». Выказана думка, што пад андрафагамі можна разумець амадокаў, вядомых яшчэ Пталамею.

А вось грэчаскі гісторык і географ Страбон (І ст. н. э.) пісаў пра бастарнаў, якіх некаторыя даследчыкі суадносяць з плямёнамі зарубінецкай археалагічнай культуры (канец ІІІ ст. да н. э. – І ст. н. э.). «Яны ваяўнічыя і храбрыя. Не ведаючы ні земляробства, ні жывёлагадоўлі, яны займаюцца толькі вайсковымі практыкаваннямі і думаюць толькі аб вайне».

У першыя стагоддзі нашай эры антычныя аўтары ўсё большую ўвагу пачынаюць надаваць старажытным славянам. Рымскі консул, гісторык, аўтар «Гісторыі», «Аналаў»  Публій Карнелій Тацыт (58 – 117 гг.) называў славян «венетамі». «Венеты перанялі шмат з іх нораваў… [германцаў], бо з-за драпежніцтва ходзяць па лясах і гарах… Аднак іх хутчэй можна далучыць да германцаў, таму што яны будуюць сабе дамы, носяць шчыты і перамяшчаюцца пешшу…». Тацыт размяшчаў венетаў паміж пеўкінамі (востраў Пеўкі ў вусце Дуная) і фенамі (продкі запалярнага народа саамі). Шэраг гісторыкаў тацытавых венетаў лакалізуюць з познезарубінецкімі плямёнамі, якія пашырыліся да Прыднястроўя.

Аб венетах пісаў і гоцкі гісторык і царкоўны дзеяч Іярдан (першая палова VI ст.) у кнізе «Аб паходжанні і дзеяннях готаў». Аўтар размяшчаў венетаў не на тэрыторыі Беларусі, а хутчэй у сучаснай Польшчы, у раёне Кракава. Іх нібыта перамог у ІV ст. гоцкі кароль Германарых. Іярдан таксама ўпамінаў аб склавенах і антах, якія маюць адзінае паходжанне з венетамі. «Цяпер яны лютуюць паўсюдна [VI ст.], а раней падпарадкоўваліся ўладзе Германарыха». Склавен ён размясціў у раёне ад возера Мурсіянскага да Днястра і Віслы, а антаў – ад Днястра да Дняпра. 

Сучаснік Іярдана сірыйскі грэк, візантыец Пракопій з Кесарыі у працы «Вайна з готамі» славян і антаў выводзіць не ад венетаў, а ад барбараў (ніжэйшых за рымлян). Аўтар адзначаў, што раней іх называлі «спорамі», г.зн. «рассеяннымі па паселішчах». Ён раскрыў іх норавы: «Гэтыя плямёны, славяне і анты, не кіруюцца адным чалавекам, але здаўна жывуць у народапраўстве, і таму ў іх шчасце і няшчасце ў жыцці лічацца справай агульнай… Яны лічаць, што адзін толькі бог, творца маланак, з’яўляецца валадаром над усімі…Уступаючы ў бітву, большасць з іх ідзе на ворагаў з шчытамі і дроцікамі ў руках, панцыраў жа яны ніколі не адзяюць… І па знешнім выглядзе яны не адрозніваюцца між сабой. Яны вельмі высокага росту і велізарнай моцы. Колер скуры і валасоў у іх вельмі белы або залацісты…».

З візантыйскіх аўтараў аб славянах пісалі Псеўда-Маўрыкій (582 – 602 гг.) ў «Страцегіконе», Феафілакт Сімаката (першая палова VII ст.) у «Гісторыі», дзяк Ігнацій (першая палова ІХ ст.) у «Жыціі Георгія Амастрыдскага», Канстанцін VII Багранародны (Х ст.) у «Біяграфіі Васіля І Македаняніна».

Пры агульным недахопе пісьмовых матэрыялаў аб усходніх славянах да ХІ ст. арабскія крыніцы набываюць важнае значэнне. Краіны Арабскага халіфата мелі добра наладжаныя гандлёвыя і палітычныя сувязі з краінамі Усходняй Еўропы. Вельмі значнымі былі сувязі з Хазарскім каганатам, Паўночным Каўказам, менш – са славянскім светам. Інфармацыя аб апошнім паступала ў мусульманскія краіны дзвума шляхамі: праз Візантыю і праз Сярэднюю Азію і Хазарыю. Звесткі з Візантыі, якія дасягалі арабаў, цяжка каменціруюцца сучаснымі гісторыкамі, бо утрымліваюць данныя аб агульным славянскім свеце без падзелу іх на заходніх, усходніх і паўднёвых. Другі канал інфармацыі (праз Хазарыю) больш верагодны, таму што датычыцца непасрэдна ўсходніх славян.

Творы арабскіх аўтараў (Аль-Балхі, Аль-Істахры, Ібн-Хаўкаль, персідскі анонім «Кніга межаў свету ад усходу да захаду») маюць тэкстуальныя супадзенні. Гэта сведчыць аб тым, што аўтары карысталіся адной крыніцай, якая не дайшла да нашых дзён. Яе складанне адносіцца да VIIІ – ІХ стагоддзяў.

У арабскіх крыніцах даецца інфармацыя аб Русах і іх трох цэнтрах: Куябе, Славіі і Артаніі. Першыя два цэнтры даследчыкі суадносяць з Кіевам і Ноўгарадам, а трэці рэгіён – загадкавы. Ібн-Хаўкаль пісаў: «…Артанцы па вадзе спускаюцца да Куябы з мэтай гандлю…», персідскі анонім сцвярджаў: «…З Арты вывозяць чорных сабалёў, свінец, чорных лісіц, мячы».

Беларускія гісторыкі С. Санько і Х. Кашкурэвіч прапанавалі гіпотэзу, што Артанія знаходзілася на тэрыторыі племяннога саюза крывічоў. У якасці доказаў яны прывялі наступныя палажэнні: чорныя лісіцы вадзіліся на поўначы Русі, а ў лесастэпавым раёне Кіева яны былі рэдкасцю; свінец да крывічоў пападаў з Польшчы, Скандынавіі, Венгрыі; праз тэрыторыю крывічоў праходзіў гандлёвы шлях «з вараг у грэкі»; каля Лукомля, Оршы, Гараўлянаў, Полацка, Смаленска былі знойдзены скарбы арабскіх манет.

Таямнічую «Арту» яны звязваюць са словам «Арса», бо ў арабскім арыгінале стаіць літара, якае перадае гук, падобны на англійскае міжзубнае «th», якога няма ў славянскіх мовах. Слова «орс» у перакладзе з асецінскай мовы азначае «белы», «эрзіс» з новаперсідскай мовы - «свінец, белы светлы метал». На іх думку, Арта – гэта горад Рша (Орша), які стаіць на рацэ Аршыцы. Але археолагі не падцвярджаюць гэтае меркаванне. Таму аўтары лічаць, што Орша магла быць перанесена ў пачатку ХІ ст. да буйной воднай магістралі, а раней яна знаходзілася паміж дзвума рэкамі Аршыцай і Лучосай, бо там былі знойдзены чатыры скарбы дырхемаў, альбо каля в. Чаркасава.

2. Старажытнарускія летапісы, лівонскія хронікі і скандынаўскія сагі пра падзеі на тэрыторыі Беларусі. Пачатковая гістарыяграфія ўсходніх славян звязана з Кіевам і Ноўгарадам. Першыя звесткі размешчаны ў Кіеўскім летапісным зводзе «Аповесць мінулых гадоў», які меў тры рэдакцыі.

Асновай твора з’яўляецца старажытны летапісны звод, у якім падзеі даводзяцца да 1037 г. Яго стваральнікі былі блізкімі людзьмі да князя Яраслава Мудрага, таму выражалі інтарэсы Кіева, займалі патрыятычную пазіцыю.

Першую рэдакцыю звода зрабіў буйны царкоўны і палітычны дзеяч Русі Нікан, які працягнуў падзеі да 1073 г., ўнёс літаратурны запіс аб прызванні варагаў. З 1061 г. ім даюцца дакладныя звесткі. Нікан упершыню паведаміў аб Менску пад 1067 г. і апісаў бітву на Нямізе (магчыма, па расказам яе ўдзельнікаў).

Другая рэдакцыя атрымала назву Пачатковага звода, бо падзеі былі даведзены да 1093 г. і дапоўнены наўгародскімі звесткамі. Яго аўтар ва ўмовах аслаблення Кіеўскай Русі імкнецца даць станоўчую ацэнку першым кіеўскім князям, высока ацаніць іх ваенныя заслугі.

Трэцюю рэдакцыю зрабіў каля 1113 г. Нестар у Кіева-Пячэрскім манастыры. Ужо ў самым пачатку звода ён вызначыў пастаўленную перад сабой задачу – адказаць «…Откуда есть пошла Руская земля, кто въ Киеве нача первее княжити, и откуда Руская земля стала есть». Нестар упершыню паспрабаваў звязаць гісторыю ўсходніх славян з гісторыяй усяго чалавецтва, стварыў своеасаблівую гістарычную канцэпцыю.

«Аповесць мінулых гадоў» пабудавана на метадалагічных прыёмах антычнай гістарыяграфіі, вызначаных у ІІ ст. да н. э. грэчаскім гісторыкам Палібіем. Яны прадугледжвалі тры правілы: веданне гістарычных сачыненняў папярэднікаў, шырокі агляд геаграфіі даследавання, сувязь падзей мінулага і сучаснага. Як і Фукідзід, і Арыстоцель, Нестар асноўную ўвагу надаваў апісанню палітычных і ваенных падзей. Уплыў антычнай традыцыі вельмі выразна адчуваецца тады, калі летапісец укладвае ў вусны сваіх персанажаў антычныя афарызмы, напрыклад, «маці гарадоў рускіх». З другога боку, відавочны прынцыпы і падыходы, характэрныя для сярэдневяковай метадалогіі –правідэнцыялізму. У многіх выпадках летапісец тлумачыць падзеі і дзеянні людзей са спасылкай на Слова Божае. Метадалагічная структура летапіснага звода складаецца з тлумачальнай (галоўнай) і правідэнцыяльнай (дапаможнай) гісторыі. Тлумачальная гісторыя будуецца на прынцыпах заканамернасці, ісціны і праўды.

Беларускі даследчык М.У.Смяховіч «Аповесць мінулых гадоў» аднесіць да пасіўна-сузіральнага накірунку школы базавай верыфікацыі. У зводзе адсутнічаюць элементы крытыкі, папярэдні аналіз матэрыялаў, запазычаных з інш. крыніц. Летапісец найперш выконваў камунікатыўную функцыю, каб перадаць гістарычна цэласныя веды, якія накапіла грамадства.

Летапісны звод пабудаваны на прызнанні заканамернасці сацыяльнага развіцця і на лагічнай схеме: ад апісання падзеі да тлумачэння прычын яе ўзнікнення, ад тлумачэння прычын – да абагульняючых высноў.

Пасля смерці Святаполка і паўстання ў Кіеве ў 1113 г. палітычная арыентацыя «Аповесці мінулых гадоў» не магла задаволіць новага князя Уладзіміра Манамаха. Летапіс забралі з Кіева-Пячэрскага манастыра і перадалі ў Выдубіцкі манастыр, які меў статус прыдворнай абіцелі Манамаха. Ігумен манастыра Сільвестр ў 1116 г. пераапрацаваў «Аповесць мінулых гадоў»: ён паказаў кіеўскага князя памяркоўным, ухваляе яго за тое, што «не загінула зямля Руская» (праца Сільвестра дайшла да нас у складзе Лаўрэнцьеўскага летапіснага звода).

У «Аповесці мінулых гадоў» вялікая ўвага надаецца Полацку і Полацкай зямлі, у прыватнасці, раздача гарадоў Рурыкам, удзел палачан у паходзе Алега на Царьград, забойства Рагвалода, напад Брачыслава на Ноўгарад, бітва на Нямізе і інш. падзеі.

Першы летапісны звод аказаў значны ўплыў на развіццё ўсходнеславянскага летапісання. У наступны час ён уключаўся амаль ва ўсе мясцовыя летапісы ў якасці своеасаблівых уводзін, бо галоўная ідэя твора – абарона Русі – была зразумелай і блізкай летапісцам.

У найбольш поўнай рэдакцыі «Аповесць мінулых гадоў» дайшла да нас у Іпацьеўскім і Лаўрэнцьеўскім спісах. Іпацьеўскі спіс (канец ХІІІ ст.) складаецца з «Аповесці мінулых гадоў», Кіеўскага і Галіцка-Валынскага летапісаў, а Лаўрэнцьеўскі спіс (XIV ст.) – з «Аповесці мінулых гадоў» (самы дасканалы тэкст), летапісных запісаў аб гісторыі Паўночна-Усходняй Русі па 1305 г., «Павучэння Уладзіміра Манамаха», падання пра Рагнеду і полацкіх Усяславічаў, Жыція Аляксандра Неўскага.

Найбольшую цікавасць выклікае Кіеўскі летапіс, які быў складзены ў Выдубіцкім манастыры на падставе мясцовых летапісаў і асобных пагадовых запісаў. У адрозненне ад «Аповесці мінулых гадоў» ён прысвечаны пераважна мясцовым падзеям (гісторыі Кіева) з 1118 г. да 1200 г. мае больш свецкі характар. Летапісец асуджае княжацкія ўсобіцы, апісывае барацьбу ўсходніх славян з полаўцамі. Пад 1159 г. у творы размешчаны расказ аб падзеях у Полацкай зямлі, у прыватнасці, аб дзейнасці веча Полацка і Друцка, узаемаадносінах веча і князёў. Таксама аўтар акцентуе ўвагу на Тураве, Пінску, Бярэсці. На думку С.М.Салаўёва, У.Ц.Пашуты, Л.В.Аляксеева ў Кіеўскім летапісе ёсць урыўкі з Полацкага летапіса.

Даследчыкі неаднаразова выказывалі меркаванні аб існаванні летапісання ў Полацку і Смаленску. Доказам можа быць расказ пад 1159 г. пра вяртанне выгнанага палачанамі князя Рагвалода Барысавіча, які напісаны відавочцам з яркімі дэталямі. Другім доказам з’яўляецца фрагмент пад 1180 г. з Іпацьеўскага спіса пра паход кіеўскіх, чарнігаўскіх і полацкіх князёў сумесна з наўгародцамі супраць смаленскага князя Давыда, заняўшага Друцк. Дакладная дата падзеі, падрабязны пералік князёў – усё сведчыць аб мясцовым полацкім запісе.

Аб існаванні летапісання ў Полацку нам таксама засведчыў рускі гісторык XVIII ст. В.М.Тацішчаў. У сваёй працы «Гісторыя Расійская» ён упамінаў аб спісе, які належаў пецярбургскаму архітэктару П.Яропкіну. Дзесяць разоў Тацішчаў спасылаўся на змест гэтага летапіса, але да нашых дзён рукапіс не дайшоў.

Тацішчаў размясціў аповесць пра Святохну – твор зусім невядомы ў інш. усходнеславянскіх крыніцах. Полацкі князь Барыс Давыдавіч ажаніўся другі раз на Святохне – дачцы паморскага князя Казіміра. Разам з ёй у Полацк прыбыла шмат памаран. У Святохны нарадзіўся сын Войцэх, якога бацька назваў Уладзімірам. Каб зрабіць свайго сына адзіным спадкаемцам полацкага прастола, Святохна вырашыла пазбавіцца ад сыноў Барыса ад першага шлюбу – Васількі і Вячкі. Яна здолела з дапамогай інтрыг выслаць старэйшых сыноў полацкага князя і іх прыхільнікаў, затым задумала атруціць Васільку. Той звярнуўся да палачан з заклікам абароны ад іншаземцаў-памаран. Веча раскрыла злачынствы Святохны, якая пасадзілі ў турму.

Тацішчаў датаваў гэту падзею 1217 г., а польскі гісторык Я.Паверскі – 1197 – 1201 гадамі. Беларускі даследчык старажытнарускага летапісання В.А.Чамярыцкі даказаў, што аповесць пра Святохну – гэта фальсіфікат XVIII ст., бо яшчэ ў ХІХ ст. М.Лыжын выказаў думку, што гэты твор з’яўляецца своеасаблівым памфлетам на Бірона і нямецкае засілле ў Расіі. Чамярыцкі адзначыў беднасць мовы і стылю, неадпаведнасць сінтаксісу і лексікі твора ХІІІ ст., заўважыў, што факталогія твора не супадае з гістарычнымі крыніцамі.

Паданне аб Усяславічах, зафіксаванае ў Лаўрэнцьеўскім спісе пад 1128 г., магчыма, было створана ў Полацкай зямлі і адтуль трапіла ў Кіеў. На думку беларускага даследчыка Ю.А.Зайца, яно з’яўляецца пераказам тэксту гістарычнай песні, пашыранай на тэрыторыі Полаччыны ў канцы ХІ – пачатку ХІІ ст.

Галіцка-Валынскі летапіс змяшчае ўнікальныя звесткі па гісторыі Наваградка, Бярэсця, Гародні, Ваўкавыска і інш. заходнебеларускіх гарадоў, пра асобныя помнікі беларускай культуры (Лаўрышаўскі манастыр, Камянецкая вежа), пра жыццё і дзейнасць князёў ВКЛ Міндоўга, Войшалка, Тройдзеня. Гісторыкі У.Ц. Пашута і М.І. Ермаловіч выказалі гіпотэзу, што інфармацыя аб літоўскіх князях запазычана з Наваградскага летапіса, магчыма складзенага ў Лаўрышаўскім манастыры. Фактычна гэта адзіны помнік, які шырока асвятляе пачатковы этап і працэс утварэння ВКЛ. Падзеі пададзены з пазіцыі галіцка-валынскіх князёў, якія прэтэндавалі на Панямонне. Часам яны тэндэнцыйныя, але ў цэлым адпавядаюць гістарычнай праўдзе.

Важныя звесткі аб гістарычных падзеях на тэрыторыі Беларусі ўтрымліваюцца ў сярэдневяковых гістарыяграфічных творах – лівонскіх хроніках. Самай старэйшай з іх з’яўляецца Хроніка Генрыха Латвійскага, нямецкага храніста, які жыў з 1205 г. у Рызе і быў ідэолагам Ордэна мечаносцаў. Хроніку ён напісаў для папскага легата Вільгельма Мадэнскага па заказу епіскапа Альберта, які хацеў атрымаць сан архіепіскапа. Зразумела, што аўтар услаўляў дзеянні Альберта, накіраваныя на рыцарскае заваяванне Усходняй Прыбалтыкі і хрышчэнне мясцовых плямён. Ёсць інфармацыя пра Кукенойс і Герцыке, барацьбу з Ордэнам полацкага князя Уладзіміра, мірныя дагаворы 1210, 1212, 1222 гг.

Невядомы нямецкі аўтар у сярэдзіне ХІІІ ст. напісаў Старэйшую рыфмаваную хроніку, у якой раскрыў гісторыю крыжацкага заваявання Усходняй Прыбалтыкі да 1290 г. Магчыма, аўтар сам быў відавочцам і удзельнікам апісываемых падзей. Гэты твор лічыцца важнейшай крыніцай па гісторыі ўтварэння ВКЛ: падрабязна паказана дзейнасць Міндоўга.

Малодшая рыфмаваная хроніка Барталамея Хёнэке, складзеная ў першай палове ХIV ст., не дайшла да нашага часу (яе змест лёг у аснову хронікі Германа Вартберга). Аўтар паказаў узаемаадносіны Ордэна з ВКЛ, Псковам і Ноўгарадам у 1315 – 1348 гг.

Выхадзец з Вестфаліі, капелан Лівонскага ордэна Герман Вартберг у канцы ХIV ст. напісаў «Хроніку Лівоніі». Ён выкарыстаў творы сваіх папярэднікаў, а таксама шматлікія граматы і канцылярскія матэрыялы з ордэнскага архіва. Падзеі даведзены да 1378 г. Аўтар з’яўляўся апалагетам Ордэна: пісаў аб яго велізарных заслугах і бескарыслівых подзвігах на славу хрысціянства, апраўдваў гвалт і разбой «братоў-хрысціян».

Багаты матэрыял па гісторыі Беларусі ХІІІ – ХІV ст. змяшчае «Хроніка» Віганда з Марбурга, герольда пры двары магістра Тэўтонскага ордэна Конрада Валенрода. Твор утрымлівае звесткі пра рыцарскія паходы на тэрыторыю Беларусі і Літвы, у прыватнасці, Гарадзеншчыну і Берасцейшчыну. Аўтар падрабязна апісаў бітву на Стрэве, паходы крыжакоў з 1363 г. на Гародню.

Віганд правільна размяшчаў зямлю дрыгавічоў на Берасцейшчыне, «замак Нойгартэн» - на левым беразе Нёмана, насупраць Гарадзенскага замка, пабудаванага Вітаўтам у 1391 г. Хроніка дае інфармацыю пра аблогу Полацка (1381 г.) Скіргайлам і магістрам Лівонскага ордэна, пра трагічны штурм Гарадзенскага замка ў 1393 г. рыцарамі з Германіі, Францыі, Галандыі і інш. акцыі крыжакоў. Аўтар ідэалагічна абгрунтоўваў палітыку Тэўтонскага ордэна.

Каштоўную інфармацыю аб гісторыі беларускіх зямель можна знайсці ў скандынаўскіх паданнях (сагах), запісаных каталіцкімі манахамі ў ХІІ ст. «Эймундава сага» апавядае пра варага Эймунда Хрынгсана. Ёсць звесткі пра княжацкую барацьбу пасля смерці Уладзіміра Святаславіча (1015 г.) з удзелам князёў Яраслава Мудрага і Святаполка Яраполчыча. Зусім нетрадыцыйна ў параўнанні са старажытнарускімі летапісамі раскрываецца супрацьстаянне паміж полацкім князем Брачыславам Ізяславічам і кіеўскім Яраславам Мудрым.

«Сага пра Торвальда Вандроўніка» прысвечана Торвальду Кóдрансану – ісландскаму падарожніку і місіянеру Х стагоддзя. У 1000 г. ён накіраваўся на Палесціну, адтуль вяртаўся дадому праз Канстанцінопаль і Кіеў. Паводле сагі, Торвальд «памер у Русі недалёка ад Полацка. Там ён пахаваны ў адной гары ў царкве Яна Хрысціцеля, і называюць палачане яго святым». Невялікая па аб’ёму «Сага пра Торвальда Вялікага Падарожніка» (татра) удакладняе гэтыя звесткі: магіла Торвальда знаходзіцца «над высокай гарой у Дрофне пры царкве Святога Яна», дзе ён нібыта заснаваў манастыр. Згодна з гэтай сагай Торвальд быў накіраваны ў Русь як афіцыйны прадстаўнік візантыйскага імператара.

Гара ў Дрофне не лакалізавана па сённяшні дзень. Даследчыкі ідэнтыфікуюць яе з наступнымі мясцінамі: 1) полацкім верхнім замкам, насупраць якога, на востраве, знаходзіўся манастыр св. Яна; 2) раёнам Дрэтунь на паўночны-усход ад Полацка; 3) «гарой Рагнеды» на паўвостраве Перавоз паміж вусцем р. Ушчы і вытокам р. Дрысы (А. Кіркор адзначаў, што там, паводле народнага падання, быў забіты ўдарам каменнага молата князь Рагвалод, а потым была пахавана Рагнеда).

3. Ідэйна-палітычная накіраванасць беларуска-літоўскага летапісання XV – XVI ст. Беларуска-літоўскімі лічацца летапісы, у якіх выкладаецца гісторыя ВКЛ і якія былі складзены на тэрыторыі гэтай дзяржавы. Агульнадзяржаўнае галоўным чынам па сваёй тэматыцы і канцэпцыях летапісанне ў ВКЛ у ХIV – ХVІ ст. насіла пераважна прыватна-арыстакратычны або царкоўны характар і вельмі адрознівалася ад больш централізаванага рускага летапісання.

       Тэрмін «беларуска-літоўскія летапісы» быў уведзены ў навуковы зварот ў 1969 г. М.М.Улашчыкам і В.А.Чамярыцкім. Вядомы беларускі гісторык М.М.Улашчык падрыхтаваў да друку ХХХІІ і ХХХV тамы «Полного собрания русских летописей». На сённяшні дзень гэта самае поўнае выданне ўсіх вядомых беларуска-літоўскіх летапісаў. Таксама Улашчык у сваёй апошняй манаграфіі «Введение в изучение белорусско-литовского летописания» (1985 г.) правёў крыніцазнаўчы і археаграфічны аналіз усіх вядомых спісаў. Значны ўклад у вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання ўнёс В.А.Чамярыцкі ў манаграфіі «Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. Узнікненне і літаратурная гісторыя першых зводаў» (1969 г.). Аўтар раскрыў паходжанне летапісаў, зрабіў іх класіфікацыю і літаратуразнаўчы аналіз. Пад яго рэдакцыяй у серыі «Беларускі кнігазбор» выйшла кніга «Беларускія летапісы і хронікі» (1997 г.).

Згодна класіфікацыі, прапанаванай А.А.Семянчук, беларуска-літоўскае летапісанне падзяляецца на падставе асноўных летапісных зводаў на тры этапы: Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г., Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага, Хроніка Быхаўца.

Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. лічыцца першым агульнадзяржаўным летапісным зводам ВКЛ. Ён заснаваны на летапісы, складзеным на рубяжы 20 – 30-х гг. ХІV ст. у Смаленску, магчыма, пры двары мітрапаліта Герасіма, які з’яўляўся прыхільнікам палітыкі князя Вітаўта.

Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. раскрывае гістарычныя падзеі з ІХ ст. да 1446 г. Звесткі запазычаны са старажытнарускіх летапісаў і твораў, напісаных у Кіеве, Смаленску, Маскве, Вільні. Неад’емнай часткай звода з’яўляецца «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» і «Пахвала Вітаўту».

Тэкст Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. складаўся паступова. Беларускі даследчык Ю.А. Заяц адзначыў тэндэнцыйнасць адбору аўтарам звестак са старажытнарускіх крыніц, што было звязана з грамадзянскай вайной 30-х гг. ХV ст. і расколам ВКЛ: было небяспечна ўзгадваць аб дзяржаўнай самастойнасці Полацкай зямлі ў Х – ХІІІ ст. Таксама летапісец не ўключыў звесткі аб рассяленні ўсходніх славян, аб паходзе Аскольда і Дзіра на Царьград, выключана інфармацыя пра паходы кіеўскіх князёў на яцвягаў, радзімічаў, балгар, харватаў, палякаў. Аўтар не праявіў цікавасці да асуджэння княжацкіх міжусобіц, што было характэрна для «Аповесці мінулых гадоў».

Як і ў «Аповесці…», аўтарам Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. кіравала ідэя незалежнасці радзімы ад іншаземцаў. Гэта пазіцыя прасочваецца ў запісах аб бітве на Вожы (1378 г.), Кулікоўскую бітву (1380 г.), аб прыняцці Смаленскам князя Юрыя Святаславіча (1401 г.). Тагачасная рэчаіснасць заставіла аўтара прасачыць тры сюжэты: татарскае нашэсце, дзейнасць вялікіх князёў маскоўскіх і гістарычныя падзеі ў ВКЛ, якія падаюцца ў цеснай сувязі з гісторыяй Маскоўскай Русі і ў пераемнасці з гісторыяй Кіеўскай Русі.

У «Летапісцы…» раскрываеца палітычная гісторыя ВКЛ амаль за стагоддзе: ад смерці Гедзіміна па смерць Вітаўта. У форме суцельнага апавядання прадстаўлены змова Альгерда і Кейстута супраць Яўнуція, дынастычная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам, грамадзянская вайна паміж Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Але па-сваёй структуры летапісны звод не мае цэласнага характару. У заключнай частцы твора падзеі пераносяцца на Падолію (ад бітвы на р. Сінія Воды па паход Вітаўта ў гэты рэгіён).

У Беларуска-літоўскім летапісу 1446 г. абгрунтоўваецца заканамернасць палітычнага аб’яднання літоўскіх, беларускіх і украінскіх зямель у складзе ВКЛ і цэнтралізатарская палітыка літоўскіх князёў, выяўляецца імкненне перадавых колаў тагачаснага грамадства асэнсаваць гістарычную ролю ВКЛ ва Усходняй Еўропе. Адчуваецца ўплыў канцэпцыі правідэнцыялізму: аўтар адбіраў для пераказу толькі тыя факты і падзеі, якія адлюстроўвалі дзейнасць князёў, ваенаначальнікаў, вышэйшага духавенства. Але ў параўнанні са старажытнарускім летапісаннем прасочваецца больш свецкі характар.

Змена культурна-палітычнай сітуацыі ў ВКЛ на пачатку ХVI ст. прывяла да таго, што беларуска-літоўскі звод ужо не задавальняў грамадскасць краіны. З’яўленне «Хронікі Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага» было выклікана новымі грамадска-палітычнымі тэндэнцыямі, патрэбай умацавання міжнароднага становішча ВКЛ, гістарычнага абгрунтавання яго права на беларускія і украінскія землі, імкненнем даказаць высокароднае паходжанне кіруючай княжацкай дынастыі.

Нельга не адзначыць уплыў рэнесансавых ідэй. У ХVI ст. у Еўропе ствараюцца велічныя і патрыятычна-накіраваныя гісторыі краін і народаў. Прадстаўнікі асобных арыстакратычных фамілій шукалі славутых продкаў. Напрыклад, у Польшчы ў ХVI – XVII ст. была распаўсюджана канцэпцыя паходжання польскай шляхты ад старажытных сарматаў, у Венгрыі – ад гунаў.

Кіруючыя колы ВКЛ ужо не былі задаволены Беларуска-літоўскім летапісам 1446 г. У ім гісторыя ВКЛ з’яўлялася арганічным працягам гісторыі Кіеўскай Русі, а літоўскія князі выступалі носьбітамі агульнарускіх тэндэнцый. Арыстакратыя краіны больш цікавілася мінулым сваёй радзімы – уласна літоўскіх зямель – генэзісам ВКЛ.

«Хроніка ВКЛ» складзена ў 20-я гг. ХVI ст., магчыма, у Вільні. Аўтар гэтага летапіснага зводу быў набліжаным да магнатаў Гаштольдаў. Хроніка ВКЛ раскрывае гісторыю дзяржавы ад князя Палемона да Гедзіміна.

У аснову летапіса пакладзена легенда пра паходжанне літоўскіх князёў ад рымскіх арыстакратаў. У І-м ст. н. э . 500 сем’яў рымскай знаці, ратуючыся ад жорсткасцяў імператара Нерона, уцяклі марскім шляхам у Жмудзь. На чале эмігрантаў стаяў Палемон або Публій Лібон. Яго сын Кунас заклаў дынастыю літоўскіх князёў, прадстаўніком якой быў заснавальнік ВКЛ Міндоўг. Нават слова «Літва» выводзіцца ад лацінскага «lituus» - труба, сігнальны ваенны ражок.

Аўтар тлумачыць уладу літоўскіх князёў на Русі наступствамі мангола-татарскага нашэсця і шлюбамі з дачкамі мясцовых князёў. Прасочваецца антыпольская накіраванасць летапіснага зводу: Ягайла называецца клятвапарушальнікам, забойцам.

Вядома, што легенды служылі канкрэтным палітычным мэтам. Да таго ж гэты міф сведчыў аб патрэбе этнічнага самаакрэслення літоўцаў. Рымскія продкі ўзносілі літоўцаў над інш. народамі, цешылі іх нацыянальны гонар. Згодна легендзе, літоўцы вялі свой радавод ад каталіцкага Захаду і не мелі нічога супольнага з Усходам (Руссю). Гэта падкрэсліў Міхалон Літвін (магчыма, Вянцлаў Мікалаевіч, магчыма Міхайла Цішкевіч) у трактаце «Аб норавах татар, літоўцаў і маскавіцян», які быў напісаны да 1550 г., а выйшаў у свет у 1615 г.

Літвін свядома выбраў манархічную мадэль паходжання літоўскай арыстакратыі – ад Юлія Цэзара, які быццам бы захапіў Літву і зрабіў яе правінцыяй Рыма. У якасці доказу ён прывёў падабенства лацінскай і літоўскай моў. Таксама Літвін абураеца жорсткімі адносінамі шляхты да сялян і чэлядзі нявольнай, крытыкуе тагачасныя законы, па якіх сяляне і дробная шляхта не мелі права без згоды пана распараджацца сваёй маёмасцю, крытыкуе шляхту, якая не абараняла дзяржаву ад крымскіх татар, а бавіла час у корчмах.

Трэцім этапам у развіцці агульнадзяржаўнага летапісання лічыцца «Хроніка Быхаўца». Яна была складзена ў сярэдзіне ХVI ст. і дайшла ў адзіным спісе канца ХVII – пачатку XVIII ст. Пэўны час крыніца лічылася фальсіфікатам, які прыпісывалі гісторыку Тэадору Нарбуту (1784 – 1864 гг.). Ён упершыню выдаў «Хроніку Быхаўца» у серыі «Помнікі літоўскай гісторыі» (1846 г.), пасля чаго рукапіс бяследна знік. Гэта акалічнасць, а таксама тое, што тэкст хронікі ўтрымлівае супярэчнасці і анахранізмы, прымусілі К.Хадынскага і КЯблонскіса абвінавачыць Нарбута ў фальсіфікацыі крыніц. Аднак большасць расійскіх, беларускіх і польскіх гісторыкаў даказалі адваротнае. За некалькі гадоў перад Нарбутам урывак з хронікі надрукаваў настаўнік Віленскай гімназіі Г.Клімашэўскі. Ён чытаў летапісны звод у маёнтку шляхціца А.Быхаўца «Магілёўцы» (сучасная в. Магілёўцы Пружанскага раёна) і апублікаваў фрагмент аб забойстве вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440 г. Быхавец у 1834 г. пераслаў рукапіс хронікі Нарбуту, які выкарыстаў яго пры напісанні «Старажытнай гісторыі літоўскага народа».

Другі раз «Хроніка Быхаўца» была апублікавана ў 1907 г. у ХVII томе Полного собрания руских летописей. Улашчык даказаў, што ў дадзеным летапісу не хапае толькі 10 % тэксту, а складзены ён быў у 30-я гг. ХVI ст. аўтарам, блізкім да магнатаў Гаштольдаў і Алелькавічаў.

«Хроніка…» пачынаецца з апісання бегства «рымлян», праўда, Палямон называецца Апалонам, а завяршаецца разгромам крымскіх татар пад Клецкам (1506 г.). Дамінуючая тэма твора – ваенна-патрыятычная, таму аўтар падкрэсліў факты тэрытарыяльнага росту ВКЛ, усхваляў знешнюю палітыку Вітаўта, яго ролю ў Грунвальдскай бітве. Адчувальна антыпольская накіраванасць выкладаемых падзей. Заходняя суседка ВКЛ падаецца галоўным ворагам яго незалежнасці. Паколькі «Хроніка Быхаўца» стваралася ў перадлюблінскі перыяд, то аўтар высока ацэньваў ролю беларуска-літоўскай шляхты ў гісторыі краіны, выказываў заклапочанасць яе лёсам.

Агульнадзяржаўныя па сваім характары летапісы і хронікі з’яўляюцца беларуска-літоўскімі па зместу. Гэта асаблівасць сведчыць пра агульнасць гістарычных лёсаў дзвух народаў.

4. Гісторыя Беларусі ў мясцовых летапісах і хроніках. Унікальныя звесткі аб мінулым Беларусі змяшчаюць мясцовыя летапісы і хронікі. Сярод іх Баркулабаўская хроніка або Баркулабаўскі летапіс. Гэты твор быў складзены ў м. Баркулабава (Быхаўскі раён) у пачатку ХVII ст. Аўтарам, магчыма, з’яўляецца мясцовы праваслаўны святар Фёдар Філіпавіч Магілёвец.

     Летапіс пачынаецца са звестак пра сойм 1545 г. у Брэсце, пабудову ў 1526 г. Магілёўскага замка. Затым назіраецца адзінаццацігадовы перапынак. Больш сістэматызавана выкладзены падзеі з 1563 г. (захоп Іванам IV Полацка) да 1608 г. У канцы летапіса ёсць пазнейшы допіс невядомага аўтара аб паходзе караля Уладзіслава IV Вазы на Смаленск у вайне 1632 – 1634 гг.

Баркулабаўскі летапіс змяшчае ўнікальныя звесткі па гісторыі Усходняй Беларусі: інфармацыя пра асобныя ваенна-гістарычныя падзеі, па гісторыі беларускай культуры і праваслаўнай царквы, пра гістарычных асоб, у т.л. дзвух Ілжэдзмітрыяў, пра ўзнікненне м. Баркулабава.

Разгорнута апісана Берасцейская царкоўная унія. Магчыма, аўтар быў удзельнікам ІІ-га Берасцейскага царкоўнага сабора 1596 г. і абараняў інтарэсы праваслаўнага насельніцтва. Асноўнымі крыніцамі для летапіса сталі асабістыя назіранні і ўспаміны аўтара, выкладзеныя ў яркіх эмацыянальных замалёўках жыцця і побыту беларускай вёскі ў цяжкія гады ваенных ліхалеццяў, розных стыхійных бедстваў. Летапісец асвятляў падзеі з патрыятычных пазіцый. Ён асуджаў дзеянні украінскіх казакаў, якія «вялікую шкоду чынілі… горш, чым зля непрыяцелі».

У твор уключаны ліст Івана IV да Стафана Баторыя 1580 г., грамата Жыгімонта ІІІ Вазы 1592 г., тэкст «Універсала рокашу 1606 г.».

Помнікам гарадскога летапісання ХVІІІ ст. з’яўляецца Віцебскі летапіс. Гэты твор быў складзены ў 1768 г. на польскай мове жыхаром Віцебска Стэфанам Гаўрылавічам Аверкам на аснове летапісу Міхала Пáнцырнага (звесткі датаваны 896 – 1709 гг.), кароткіх гістарычных запісаў Яна Чарноўскага (1601 – 1633 гг.) і Гаўрылы Аверкі (1733 – 1757 гг.), а таксама аўтарскіх матэрыялаў.

Летапіс носіць кампіляцыйны характар, складаецца пераважна з кароткіх сухіх паведамленняў, месцамі нелагічна размешчаных. Звесткі аб гістарычных падзеях запазычаны з польскіх хронік. Найбольшую каштоўнасць уяўляе арыгінальная інфармацыя па айчыннай гісторыі, асабліва тая, якая датычыцца ваенна-палітычных падзей канца ХVІІ – пачатку ХVІІІ ст.

Мэта аўтараў – рэгістрацыя фактаў і падзей. Але яны абмежаваны гісторыяй Віцебска ў дзеяннях каралёў Рэчы Паспалітай, найперш, войнах. Таму летапіс зафіксаваў амаль усё: пастаўкі харчавання, пастой войскаў, удзел гараджан у бітвах. Таксама адзначаны выпадкі пажараў і эпідэмій.

Апошнім мясцовым беларуска-літоўскім зводам з’яўляецца Магілёўская хроніка. Яна была складзена ў Магілёве на працягу ХІІІ – ХІХ ст. купецкім старастам і лаўнікам Трафімам Раманавічам Суртам і рэгентам канцылярыі Юрыем Трубніцкім, прадоўжана яго сынам Аляксандрам і ўнукам Міхаілам.

Найбольшую навуковую і гістарычна-літаратурную каштоўнасць мае частка, напісаная першымі дзвума храністамі. Крыніцамі паслужылі запісы і ўспаміны сучаснікаў, матэрыялы магілёўскага архіва, хронікі А. Гваньіні і М. Стрыйкоўскага, Кіеўскі сінопсіс, асабістыя назіранні аўтараў.

Хроніка ўсебакова адлюстроўвае жыццё Магілёва. У цэнтры ўвагі аўтараў – справы і клопаты гараджан у сувязі са знешнімі падзеямі. Запісы аб ІІ-й Паўночнай вайне (1700 – 1721 гг.) паказваюць цяжкае становішча горада і яго жыхароў. Створаны вобразы Пятра І, Карла ХІІ, Меньшыкава, Мазепы і інш.

Многія старонкі хронікі прасякнуты сацыяльным падтэкстам, спачуваннем простаму чалавеку. Аўтары не страцілі сувязі з народнымі традыцыямі і абапіраліся на беларускую культурную спадчыну.

Таксама ў хроніцы змешчаны літаратурныя творы першай паловы ХVІІ ст. (вершаваны пасквіль на кардынала М. Радзяёўскага і караля Аўгуста ІІ Моцнага, алегарычная сатыра «Карнавал іншаземцаў у Польшчы» і інш.).

5. Польскія храністы аб гісторыі беларускіх зямель. У польскай гістарыяграфіі позняга сярэднявечча важкую ролю адыгрывае Ян Длугаш (1415 – 1480 гг.), якога лічаць «бацькам польскай гістарыяграфіі».

Ян Длугаш паходзіў са шляхецкай сям'і, вучыўся на філасофскім факультэце Кракаўскага універсітэта (1428 - 1431 гг.), здзейсніў падарожжа ў Аўстрыю, Венгрыю, Італію і Палесціну. Длугаш сустракаўся з гуманістам і географам Мікалаем Кузанскім, цікавіўся творамі рымскіх аўтараў і тэндэнцыямі італьянскага гуманізму. Пад уплывам кракаўскага біскупа Збігнева Алясніцкага Длугаш прыступіў да працы над «Гісторыяй Польшчы» (у 12 кн.), напісанай у 60-80-я гады XV ст.

Значэнне Длугаша для славянскай гістарыяграфіі надзвычай вялікае. Ён першы ва Усходняй Еўропе паказаў гісторыю славянскіх краін на агульным фоне сусветнай гісторыі. Ён раней за іншых зразумеў значэнне гістарычных крыніц і выкарыстаў іх у сваёй працы.

«Гісторыя Польшчы» была самым папулярным сярод тагачасных гісторыкаў даследаваннем, але яе надрукавалі толькі ў пачатку ХVIII ст., бо Ян Длугаш даў вельмі смелыя характарыстыкі каралям, буйным феадалам і іерархам каталіцкай царквы.

Аўтар раскрыў гісторыю ВКЛ, асабліва, ў перыяды збліжэння з Польшчай. Длугаш паказаў сваё адмоўнае стаўленне да Крэўскай уніі – лічыў, што «справядлівы Бог пакараў палякаў каралямі, якія больш клапаціліся пра Літву, чым пра Польшчу». Услед за «Летапісцам вялікіх князёў літоўскіх» храніст апісаў барацьбу Кейстута і Карыбута, Вітаўта і Ягайлы, Скіргайлы і Вітаўта, раскрыў ўключэнне Смаленска ў склад ВКЛ, шмат увагі надаваў няўдалай каранацыі Вітаўта, міжнародным адносінам, барацьбе супраць татараў. Длугаш прытрымліваўся рэспубліканска-арыстакратычнай мадэлі паходжання літоўскай знаці – ад Пампея, праціўніка Цэзара. Але, у цэлым, гісторыю ВКЛ аўтар «Гісторыі Польшчы» разглядаў дастаткова павярхоўна. Напрыклад, вайну 1386 – 1392 гг. ён тлумачыў асабістым супрацьстаяннем Вітаўта і Ягайлы.

Таксама Длугаш заклаў гістарыяграфічную традыцыю разумення «Русі». Ён лічыў, што «Русь» - гэта землі, населеныя рускімі (найперш, Галіцка-Валынская і Чырвоная Русь). Жыхары паўночна-ўсходніх і паўднёвых раёнаў ВКЛ, якія падтрымалі Свідрыгайлу падчас феадальнай вайны 30-х гг. XV ст., таксама рускія. Рускімі населены Смаленшчына, Віцебшчына і Полаччына. Ноўгарад Длугаш называе «самай аграмаднай і багатай з земляў Русі». Жыхароў жа паўночна-ўсходняй Русі ён не ўключае ў лік «рускіх», населеныя імі землі называе «зямля масквічоў, маскавітаў, Масковія».

Рукапісная праца Яна Длугаша стала асновай для гістарыяграфіі XVI ст., якая найперш прадстаўлена каралеўскім сакратаром і прыдворным дзеепісьменнікам Жыгімонта І Старога Бернардам Вапоўскім.

У гістарыяграфіі лічыцца, што «Хроніка Польшчы» Б. Вапоўскага ў сваёй значнай частцы ёсць кампіляцыя працы Я. Длугаша (падзеі з 1380 да 1480 гг.). Але вядома, што кампілятыўнасць – характэрная рыса сярэдневяковых гістарычных твораў. Аднак ёсць і адрозненні. У часы напісання хронікі з усходу бяспецы ВКЛ і Польшчы стала пагражаць Вялікае княства Маскоўскае, а з поўдня – Крымскае ханства. Такім чынам, перад аўтарам паўстала задача прадэманстраваць неабходнасць палітычнага саюзу ВКЛ і Польшчы. Вось чаму дзве тэмы – унія Польшчы і ВКЛ і барацьба з крыжакамі – галоўныя. Крэўская унія была заключана «да вялікай радасці і вясёласці польскага і літоўскага народаў». Вапоўскі значна больш месца і ўвагі, чым Длугаш, надаваў падзеям у Літве і на беларускіх землях. Невыпадкова пасля апісання Крэўскай уніі ў Вапоўскага размешчаны нарыс па геаграфіі і этнаграфіі Літвы, чаго няма ў «Гісторыі Польшчы» Длугаша. Такое размеркаванне матэрыялу і парушэнне храналогіі тлумачыцца тым, што Вапоўскі лічыў неабходным азнаёміць польскага чытача з гісторыяй, звычаямі і геаграфічнымі асаблівасцямі земляў, аб'яднаных, паводле ягоных слоў, «у вечным саюзе з Польскім каралеўствам». На некаторыя праблемы гісторыі ВКЛ Б. Вапоўскі глядзеў больш глыбока, чым ягоны папярэднік.

Вапоўскі бліжэй, чым Длугаш, стаяў да гуманістычнай гістарыяграфіі, якая ставіла новыя задачы перад нацыянальнай гістарычнай навукай. Праца гісторыка разглядалася ім не проста як навуковая дзейнасць, а як грамадска-гістарычная місія. Вапоўскі быў таксама выдатным географам і картографам свайго часу. Вялікай яго заслугай з'яўляецца публікацыя карты «Сарматыя», дзе можна знайсці шмат геаграфічных пунктаў паўднёвай Беларусі.

Мацей з Мяхова (Мяхоўскі, Мехавіта) (каля 1457 – 1523 гг.) - польскі гісторык, географ, прафесар медыцыны, астролаг. Ён восем разоў выбіраўся рэктарам Кракаўскага універсітэта (акадэміі), які абавязаны яму сваім росквітам. Праславіўся сваёй дабрачыннасцю.

Вядомасць Мацею з Мяхова забяспечыла яго праца «Хроніка палякаў», выдадзеная ў 1519 г. Але ўвесь наклад каронны канцлер Я.Ласкі загадаў канфіскаваць. Шэраг старонак замянілі на новыя, тэндэнцыйна адрэдагаваныя самім канцлерам. Змены датычыліся шлюбу Ягайлы з Соф'яй Гальшанскай, элекцыі Яна Ольбрахта, валошскага паходу 1497 г., панавання Аляксандра і некаторых інш. падзей.

Мацей з Мяхова выказаў гіпотэзу пра аўтахтоннасць славян, вызначыўшы іх прарадзіму ў Псарах. Ён цікавіўся галоўным чынам усходняй праблематыкай, шмат увагі надаваў падзеям у ВКЛ. Аўтар крытыкаваў эканамічныя супярэчнасці ў Літве, якія прыводзілі да падзелу грамадства на два слаі – сялянства і магнатаў. Адлюстраваў усе палітычныя акцыі ВКЛ. Аднак пісаў не столькі аб палітыцы, сколькі аб культуры. Замест прыярытэту палітыкі, дзяржаўнай арганізацыі, асобы і яе вялікіх учынкаў увёў паняцці аб нараджэнні і пачатках плямёнаў і народаў, славянскай супольнасці, адводзіў Польшчы цэнтральнае месца ў славянскім свеце.

У «Трактаце аб дзвюх Сарматыях» Мацей Мяхоўскі ўпершыню звярнуў увагу на этнаграфічныя асаблівасці Русі, Літвы і Жмудзі. Перад гэтым ён зрабіў кароткі экскурс у гісторыю: «Старадаўнія пісьменнікі сведчаць што некаторыя жыхары Італіі пакінулі сваю краіну з-за варожасці ўнутры Рымскай імперыі, прыбылі ў літоўскія землі і назвалі іх назвай сваёй радзімы – Італія, а людзей, якія жылі там назвалі Італамі. А іх нашчадкі дадалі адну літару напачатку сталі называць краіну Літалія, а людзей – літалы. Суседнія палякі і русіны яшчэ больш змянілі тыя назвы і да сённяшняга дня называюць краіну Літвой, а яе жыхароў літвінамі». Мяхоўскі таксама паўтарыў звесткі Длугаша аб тым, што ў былыя часы русіны лічылі літвінаў народам цёмным, вартым пагарды, жабрацкім, так што кіеўскія князі бралі з іх у знак падданства толькі дубовую кару і скураныя паясы. Старонкай вышэй у сваім «Трактаце» Мяхоўскі апісвае Русь (якая належала да Кароны) ў самых лепшых выразах, як багатую і прыгожую краіну.

Імёны двух храністаў бацькі і сына Бельскіх займаюць у польскай гістарыяграфіі другой паловы XVI ст. асобнае месца. Марцін Бельскі (1495 – 1575 гг.) упершыню пачаў пісаць свае творы па-польску (афіцыйнай мовай справаводства і навукі ў Польшчы лічылася лаціна). Яго твор «Хроніка ўсяго свету», прысвечаная Жыгімонту ІІ Аўгусту, з'явілася першым падручнікам па ўсеагульнай гісторыі ў Польшчы. Сама ідэя напісання падобнага твора падаецца прагрэсіўнай для свайго часу, праявай гуманістычнага светапогляду аўтара.

Наконт «геніяльнасці» М.Бельскага існуюць спрэчныя погляды. Адзін з даследчыкаў яго творчасці А.Павіньскі даў наступную характарыстыку: «Цудоўная «Хроніка свету», якая, уласна кажучы, павінна блішчэць блескам зоркі першай велічыні». Другі ж польскі даследчык І. Хшаноўскі лічыў «Хроніку свету» «сярэднявечнай кампіляцыяй, якую ад суцэльнай сярэднявеччыны ратуе толькі пратэстанцкая тэндэнцыя, як адзіны новы элемент, адзіная рыса XVI ст., бо іншых рыс гэтага стагоддзя, духу гуманізму «Хроніка свету» не мае». Магчыма, апошняе сцвярджэнне мае рацыю, але з пункту гледжання верагоднасці і маштабнасці ахопленых падзей гэты твор неардынарны.

«Хроніка свету» мела тры выданні (1551, 1554, 1564 гг.). Трэцяе выданне складаецца з дзесяці кніг. Дзевятая кніга «Аб маскоўскім альбо рускім народзе. Аб пасольстве Васіля да папы рымскага. Аб Літве, Аб Лівлянцкай зямлі. Аб Татарах» закранае гісторыю ВКЛ. Амаль увесь раздзел «Аб маскоўскім народзе» - гэта пераважна скарачэнне «Запісак аб Масковіі» Сігізмунда Герберштэйна. Геаграфічная частка, звесткі пра тэрытарыяльныя памеры ўзяты з «Трактата аб дзвюх Сарматыях» Мехавіты. Інфармацыя пра Літву ў гэтым раздзеле таксама запазычана ў С.Герберштэйна.

Адным з самых слабых месцаў працы М.Бельскага было тое, што аўтар некрытычна ставіўся да сярэдневяковых паданняў і нават анекдотаў, не адрозніваў значныя выпадкі ад нязначных, непрапарцыянальна скампанаваў матэрыял. Магчыма, «Хроніка ўсяго свету» не стала б прадметам гістарыяграфічнага даследавання, калі б не ягоны сын Яўхім Бельскі.

У 1597 г. ён выдаў «Хроніку польскую». Гэтую кнігу можна ўпэўнена лічыць «першай шляхецкай гісторыяй» (Фінкель). Калі Марцін Бельскі, удзельнік шматлікіх бітваў, галоўным абавязкам шляхты лічыў рыцарскую справу, то Яўхім разглядаў паходжанне шляхецкіх і магнацкіх фамілій.

Над Яўхімам усё жыццё вісеў «грэх» – рэфармацыйныя погляды бацькі. Толькі перарабіўшы галоўны твор бацькі, пазбавіўшы яго рэфармацыйных тэндэнцый, можна было захаваць яго імя для нашчадкаў. Паступова Яўхім пазбавіўся духу пратэстантызму і ў 1595 г. пакінуў евангелісцкую канфесію.

Аўтар у «Польскай хроніцы» разглядае ВКЛ як правінцыю Рэчы Паспалітай, якая «добраахвотна ўцеленая была ў Карону за Ягайлы і вечнай уніяй за Жыгімонта Аўгуста была звязаная, захаваўшы свае правы і юрысдыкцыю цалкам». Згодна шляхецкай канцэпцыі твора, Яўхім піша, што «Вялікае Княства Літоўскае ўжывае на харугве з аднаго боку Пагоню, г. зн. узброенага мужа з голым мечам на кані, бягучага на ўсім скаку, з другога боку – тры белыя слупы ў чырвоным полі». Далей ён пералічвае ваяводствы, якія ўваходзілі ў склад ВКЛ: Віленскае, Трокскае, Смаленскае, Полацкае, Наваградскае, Брэсцкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Мінскае, - падзяляючы кожнае на паветы. Усе сучасныя беларускія землі Бельскія называюць літоўскімі. «Русь жа мае тыя самыя ваяводствы: Рускае, Бэлзскае, Падольскае, Брацлаўскае». У Рускае ваяводства ўваходзілі Львоўская, Галіцкая, Холмская і Перамыская землі. Падобная традыцыя цягнецца па сённяшні дзень: Русь у польскай гістарыяграфіі атаясамліваецца з сучаснай Украінай (былой Галіцка-Валынскай зямлёй), беларускія ж землі традыцыйна называюцца Літвой.

«Польская хроніка» падзяляецца на дзве няроўныя часткі: 1) ад старажытнасці да 1553 г.; 2) ад 1553 да 1586 г. Першая частка носіць кампілятыўны характар – аўтар перапісаў бацькавы твор, дапоўніўшы яго звесткамі ад Я. Длугаша, М. Стрыйкоўскага, М. Кромэра і інш. Найбольш важная другая частка. Але і тут толькі чацвёртая частка мае самастойны характар – нататкі з уласнага вопыту ці здабытыя ў архівах дакументы. Тым не менш, усе гістарычныя творы Марціна і Яўхіма Бельскіх з'яўляюцца каштоўнай крыніцай інфармацыі аб мінулым ВКЛ.

Епіскап Варміньскі Марцін Кромэр (1512 - …) па даручэнню Жыгімонта ІІ Аўгуста напісаў, а ў 1555 г. надрукаваў трактат «Аб паходжанні і дзеяннях палякаў ХХХ кніг». Гісторыя Польшчы, напісаная Кромэрам, мела дзяржаўны характар: стаяла на абароне агульнадзяржаўных інтарэсаў, супрацьстаяла як правінцыяльнаму сепаратызму (літоўскаму і прускаму), так і прывілеям шляхты. Аўтар давёў падзеі да 1506 г., да княжання Жыгімонта I Старога.

Твор Кромэра быў кампіляцыяй прац Длугаша і Вапоўскага, але вельмі дасканалай. Кніга прызначалася для замежнага чытача, яна паказывала магутнасць Польшчы і яе гісторыі. Заслуга храніста ва ўвядзенні ў навуковы зварот больш за 100 дакументаў, а таксама звяртанне да самай старой польскай хронікі Гала Аноніма. Кромэр скампанаваў у адзіны твор шматлікія кавалкі гістарычных ведаў, аб'яднаўшы іх уласнай гістарычнай канцэпцыяй, змяніўшы многія традыцыйныя погляды, якія дагэтуль панавалі ў гістарыяграфіі.

У Польшчы і ВКЛ праца Кромэра была прынята варожа, таму што ўсхваляла касцёл і ўладу магнацкай алігархіі, асцярожна выказывалася да шырокіх правоў шляхты, непрыхільна ставілася да ВКЛ. Гэта моцна абурыла шляхту і магнатэрыю княства. На сеймах 1556 – 1557 гг., а потым на сейме 1563 – 1564 гг. супраць Кромэра выступіў М.Радзівіл Чорны. Пасля Люблінскай уніі гэтыя настроі паступова зніклі. У 1580 г. сейм выказаў Кромэру публічную падзяку.

Аляксандр Гваньіні (1534 – 1614 гг.) – гісторык, вайсковец, дзейнасць якога ў ВКЛ да канца не высветлена не толькі ў беларускай, але ў польскай і літоўскай гістарыяграфіі. Імя яго звязваюць з працай «Апісанне еўрапейскай Сарматыі» (1578 г.), прысвечанай каралю Стэфану Баторыю. Гэты вялікі твор, у якім налічваецца 203 лісты, багата ілюстраваны, складаецца з чатырох частак, дзе змешчаны гісторыя і геаграфія Польшчы, Літвы, Інфлянтаў, Прусіі, Масковіі і татар аж да часоў караля Генрыха Валуа. Скончваецца апісаннем пахавання Жыгімонта Аўгуста ў 1574 г.

Вядома, што Стрыйкоўскі абвінавачваў Гваньіні ў тым, што той прысвоіў сабе ягоны рукапіс «Сарматыі» і апублікаваў пад сваім прозвішчам. 14 ліпеня 1580 г. кароль Стэфан Баторый выдаў Стрыйкоўскаму дакумент, дзе сцвярджалася, што «Апісанне еўрапейскай Сарматыі» з'яўляецца яго літаратурнай уласнасцю. Большасць даследчыкаў лічаць, што менавіта гэтая абставіна стала прычынай выезду Гваньіні ў Швецыю. Але смерць Стрыйкоўскага, якая наступіла ў канцы 80-х – пачатку 90-х гг. XVI ст., дала магчымасць Гваньіні фактычна без перашкод карыстацца плагіятам.

Барталамей Папроцкі (≈1543 – 1614 гг.) - польскі гісторык, паэт. Знакаміты як геральдык, аўтар першага польскага гербоўніка «Гербы польскага рыцарства», дзе даецца паходжанне гербоў і інфармацыя аб некаторых родах. Папроцкі карыстаўся не толькі хронікамі, але і шматлікімі дакументамі, якія захоўваліся ў замках, кляштарах, часам сямейнымі хронікамі. Генезіс асобных гербаў і пачаткі шляхецкіх родаў прадстаўляў некрытычна. Верыў у старажытнарымскае паходжанне шляхты. 92 гербы выводзіў з-за мяжы і толькі 58 лічыў тутэйшымі. Некрытычна карыстаўся крыніцамі.

Твор падзелены на пяць кніг. Чацвёртая прысвечана сімвалу ВКЛ – Пагоні, а таксама Гедзімінавічам і Ягелонам разам з хронікай іх панавання. Паколькі «з-за далёкасці і шырокасці не ўсіх мог знаць», даў толькі кароткія генеалагічныя інфармацыі аб найвыдатнейшых баярскіх родах, продкі якіх у 1413 г. у Гародлі прынялі польскія гербы. Дадаў таксама кароткія ўзгадкі аб іншых сем'ях, галоўным чынам валынскіх. Усяго называе каля 130 прозвішчаў шляхты ВКЛ.

6. Гістарычныя падзеі на тэрыторыі Беларусі ў мемуарнай літаратуры XVІІ – XVIІІ ст. Помнікам эпісталярнай літаратуры лічацца Пісьмы Ф.Кміты-Чарнабыльскага.

Філон Сямёнавіч Кміта-Чарнабыльскі (1530 – 1587 гг.) паходзіў са шляхецкага роду Кмітаў, аселага ў Кіеўскім ваяводстве. Прымаў актыўны ўдзел у Лівонскай вайне, за што атрымаў ад Жыгімонта ІІ Аўгуста ў вечнае карыстанне Чарнобыльскае ўладанне і Аршанскае староства. У 1580 г. прызначаны камендантам крэпасці Вялікія Лукі.

Да нашага часу дайшло 30 лістоў, якія Кміта-Чарнабыльскі дасылаў з Оршы ў Вільню членам паны-рады ВКЛ. Першы ліст датуецца 1573 г., а апошні – 1574 г. Гэта службовыя данясенні пра ваенна-палітычную сітуацыю на ўсходніх межах краіны. Яны раскрываюць становішча ў Маскоўскай дзяржаве, планы Івана ІV, руска-татарскія адносіны і інш. У некаторых лістах аўтар характарызуе ўнутрыпалітычнае жыццё Рэчы Паспалітай, закранае вострыя сацыяльныя праблемы. Асобна вылучаюцца лісты да трокскага кашталяна Я.Валовіча, у якіх выразна паўстае асоба аўтара, яго індывідуальны стыль, адлюстравана жыццё і побыт служылай шляхты. Лісты напісаны на старабеларускай мове з выкарыстаннем прыказак і прымавак, народных сродкаў гумару і сатыры.

Мемуары на тэрыторыі Беларусі з’явіліся ў канцы ХVI – першай палове ХVII ст. і былі прадстаўлены ў асноўным «дыярыушамі», г.зн. дзённікамі. Іх стваральнікі – прадстаўнікі шляхецкага саслоўя, таму яны адлюстроўвалі факты свайго гаспадарчага і асабістага жыцця, а таксама найбольш важныя палітычныя падзеі.

Звесткі пра асобныя гістарычныя падзеі ХVI – ХVII ст. утрымлівае Дзённік Фёдара Еўлашоўскага.

Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі (1546 – пасля 1616 гг.) нарадзіўся ў Ляхавічах у праваслаўнай шляхецкай сям'і. Шляхам самаадукацыі яшчэ ў юнацтве набыў глыбокія веды па матэматыцы, справаводстве і юрыспрудэнцыі. З 18 гадоў пачаў самастойнае жыццё. Магнаты (М.Радзівіл, Я.Хадкевіч, К.Астрожскі) даручалі яму весці судовыя справы. У 1576 г. быў выбраны паслом ад шляхты Навагрудскага павета на Варшаўскі вальны сейм, а ў 1592 г. – падсудкам навагрудскага земскага суда.

Аўтар пачаў пісаць мемуары ў 1603 г. і завяршыў іх у 1604 г., магчыма, пад уплывам дыярыуша М.К.Радзівіла Сіроткі «Паломніцтва да святой зямлі». Мемуары носяць аўтабіяграфічны характар, факты ў іх пададзены ў строгай храналагічнай паслядоўнасці. Аўтар імкнуўся пакінуць нашчадкам звесткі пра сваё жыццё, асабістыя ўражанні ад грамадска-палітычных падзей. Ён звярнуў увагу на асобныя бітвы Лівонскай вайны, прыёмы каралямі Рэчы Паспалітай замежных паслоў, заключэнне Люблінскай уніі, выбары каралёў. Дэталёва апісана паўстанне С.Налівайкі (1595 – 1596 гг.). Аўтар спачуваў казакам, але асудзіў грабяжы і тэрор паўстанцаў.

Праўда, Еўлашоўскі не праявіў цікавасці да «вялікай» палітыкі, бо лічыў яе прэрагатывай магнатаў. Закранаючы некаторыі аспекты палітычнага жыцця, сваю абыякавасць ён тлумачыў тым, што не мае намеру паўтараць сказанае інш. людзьмі. Мемуары сведчаць аб памяркоўным лібералізме аўтара, рэлігійнай верацярпімасці, яго мясцовым патрыятызме. Еўлашоўскі ганарыўся ВКЛ, крытычна ставіўся да Польшчы.

«Успаміны» Еўлашоўскага – своеасаблівы зборнік цікавых, месцамі разгорнутых бытавых навел, у цэнтры якіх рэальны чалавек з уласцівымі яму рысамі характару і псіхалогіяй. Перад чытачом паўстае вобраз самаго аўтара – прыкладнага шляхціца, прыкладнага сем’яніна, прыкладнага сына.

Каштоўнасць уяўляе Дыярыуш Афанасія Філіповіча.

Афанасій Філіповіч (каля 1595 – 1648 гг.) – пісьменнік-публіцыст, палітычны і царкоўны дзеяч. Выхадзец са шляхецкай сям’і. Меў добрую адукацыю. У 1622 г. канцлер ВКЛ Л.Сапега прызначыў яго выхавацелем Я.Ф.Лубы, якога польскія прыдворныя выдавалі за прэтэндэнта на рускі трон. Правёў жыццё ў манастырах. У 1637 – 1638 гг. быў у рускага цара, сведчыў аб цяжкім становішчы праваслаўных у Беларусі і ва Украіне. Растраляны па абвінавачванню ў дапамозе казакам Б.Хмельніцкага. Кананізаваны праваслаўнай царквой.

       У 1646 г. выйшаў зборнік публіцыстыкі Філіповіча - «Дыярыуш». Аўтар змясціў свае падарожныя і тлумачальныя запіскі, успаміны і дзённікі, аўтабіяграфічны нарыс, легенды і містычныя прывіды, пасланні і лісты, выкрывальныя прамовы, канспектыўныя накіды асобных артыкулаў, філасофскія трактаты. Філіповіч выступаў за адраджэнне праваслаўнай царквы і саюз з Расіяй, крытыкаваў палітыку Рэчы Паспалітай і магнатаў краіны.

Гістарычнае значэнне мае «Дзённік Люблінскага сейма 1569 г.», у якім зроблены запіс перамоў паміж літоўскай і польскай дэлегацыямі. У творы раскрываецца напружаная сітуацыя ў час заключэння Люблінскай уніі.

Вышэйназваныя творы прадоўжылі традыцыі беларуска-літоўскага летапісання, стварылі шырокую панараму тагачаснага грамадска-палітычнага жыцця, ахарактарызавалі многіх гістарычных асоб, паказалі жыццё розных слаёў грамадства.

Першымі мемуарнымі дыярыушамі на польскай мове, складзенымі на тэрыторыі Беларусі, з’яўляюцца «Дыярыушы» Самуіла Маскевіча і Багуслава Маскевіча. 

Самуіл Іванавіч Маскевіч (1580 – 1642 гг.) нарадзіўся ў в. Сэрвач на Навагрудчыне ў шляхецкай сям’і. Адукацыю атрымаў у Навагрудку. У перапынках паміж вайсковай службай служыў пры дварах маганатаў А.Вішнявецкага і Радзівілаў. У 1617 – 1618 гг. быў выбраны дэпутатам Галоўнага Трыбунала ВКЛ ад Навагрудскага павета, потым займаў пасаду навагрудскага земскага пісара. Шмат падарожнічаў.

«Дыярыуш» С.Маскевіча ахоплівае падзеі з 1594 па 1621 гг. Аўтар пісаў на падставе ўласных успамінаў, а не па свежых слядах падзей. Маскевіч аднолькава праўдзіва характарызуе і сваіх сяброў, і сваіх ворагаў. Падрабязна апісываючы аблогу Смаленска, аўтар адзначыў мужнасць абаронцаў горада, асабліва яго ваяводу М.Шэйна, крытычна ставіўся да дзеянняў ваенаначальнікаў Рэчы Паспалітай.

У «Дыярыушы» падрабязна раскрыты побыт маскоўскіх баяр, майстэрства рамеснікаў. Аўтару імпанавалі меркаванні расіян наконт польскіх шляхецкіх вольнасцей як шляхецкага самавольства. Значнае месца адводзіцца паказу некаторых рыс жыцця рускага сялянства, яго рэакцыі на прыход войска Рэчы Паспалітай (вайна 1609 – 1618 гг.). С.Маскевіч справядліва падкрэсліў, што войны выклікалі жорсткасць у простых людзей і іх помсту.

Відавочна, аўтар самакрытычна ставіўся да самаго сябе. Будучы прадстаўніком засцянковай шляхты, ён турбаваўся пра ўласны матэрыяльны дабрабыт, а вырашэнне пытанняў вялікай палітыкі перакладаў на магнатаў. Паколькі аўтар вызнаваў кальвінізм, то ўсе падзеі апісаны ім аб’ектыўна без палітычнай і рэлігійнай прадузятасці.

Багуслаў Казімір Маскевіч (1625 – 1683 гг.) нарадзіўся ў в. Сэрвач на Навагрудчыне ў шляхецкай сям’і. Адукацыю атрымаў у Навагрудку. Служыў пры дварах харунжага ВКЛ Б.Радзівіла, потым у люблінскага кашталяна Ф.Забжыдоўскага на Пружаншчыне. У 1646 – 1648 гг. знаходзіўся ў войску І.Вішнявецкага, у складзе якога пабываў у Запарожскай Сечы. У 1650 г. пакінуў вайсковую службу, быў выбраны маршалкам Ашмянскага павета.

Б.Маскевіч аставіў нашчадкам два «Дыярыушы» на польскай мове.

Першы «Дыярыуш» ахоплівае падзеі 1643 – 1649 гг., ваенныя дзеянні І.Вішнявецкага в Украіне, а таксама барацьбу М.Каліноўскага і М.Патоцкага супраць Хмяльніцкага. Аўтар раскрыў паход гетмана ВКЛ Я.Радзівіла на поўдзень Беларусі, Лоеўскую бітву 1649 г. У творы шмат партрэтных і пейзажных замалёвак, апісанняў узаемаадносін паміж людзьмі ва ўмовах вайны.

Вайна 1648 – 1651 гг. раскрыта праўдзіва, з усімі жорсткасцямі і разбурэннямі, шматлікімі ахвярамі. Б.Маскевіч не абмінуў карціны злачынстваў у Мазыры, Бабруйску, пад Рэчыцай. Але зразумела, што сімпатыі аўтара на баку Рэчы Паспалітай, а не паўстаўшых украінскіх казакоў.

Другі «Дыярыуш» раскрывае ваенныя дзеянні вайны 1654 – 1667 гг., у прыватнасці, паход рускага ваяводы І.Хаванскага ў пачатку 1660 г. і разгром яго пад Палонкай (каля Слоніма).

Цікавая інфармацыя падаецца ў мемуарах Яна Цадроўскага.

Ян Янавіч Цадроўскі (1617 – 1682 (?) гг.) нарадзіўся ў в. Пагост (сучасны Салігорскі раён). Вучыўся ў Кёнігсбергскім універсітэце, быў слухачом Ягелонскага універсітэта. З 1637 г. служыў у Б. Радзівіла, разам з ім падарожнічаў па краінам Заходняй Еўропы. Аставіў пасля сябе мемуары (без назвы), напісаныя на польскай мове.

 Мемуары Цадроўскага складаюцца з дзвух частак. У першай частцы прадстаўлены кароткія біяграфічныя звесткі, адлюстраваны гістарычныя і грамадскія падзеі, апісаны дыпламатычныя даручэнні ў час вайны 1654 – 1667 гг., голад 1656 г. на Міншчыне, расправа католікаў над віленскімі кальвіністамі ў 1682 г. Другая частка твора складаецца ў асноўным з мартыралога, дзе прыведзены звесткі пра родных і знаёмых людзей. У аснове мемуараў – выключна свецкія падзеі. Сам аўтар заклікае да талерантнасці, услаўляе зямное жыццё чалавека.

7. Адлюстраванне гісторыі беларускіх зямель у нататках замежных дыпламатаў і падарожнікаў XV – XVIІІ ст. Адным з першых апісанняў Беларусі, зробленых замежнымі падарожнікамі, лічацца нататкі фламандца Жылібера дэ Ланаа. Камергер бургундскага герцага ў 1413 г. быў накіраваны паслом у Ноўгарад. Назад, ва Францыю, ён вяртаўся праз Дынабург – Вільню – Трокі – Коўна – Мемель. На зваротным шляху сустракаўся з вялікім князем літоўскім Вітаўтам, атрымаў ад яго падарункі. У сваім кароткім і вельмі агульным апісанні адзначыў наяўнасць у жыхароў ВКЛ асобнай мовы і 12 епархій.

Большую інфармацыю аб Беларусі ў ХV ст. аставілі два венецыянцы – пасол Амброджа Кантарыні і Джозафата Барбара. Магчыма, апошні тут не быў, а тэкст скампіляваў у Кантарыні (выдадзены ў 1543 г.). Кантарыні ў лютым 1477 г. праязджаў праз ВКЛ, накіроўваючыся з Масковіі ў Заходнюю Еўропу, а праз дзесяць гадоў апублікаваў свае ўражанні.

У ХVI ст. рымскага папу наведаў рускі пасол Дзмітрый Герасімаў. Яго аповяды пра ВКЛ запісаў італьянскі гісторык Паола Джовія Навакомскі. Потым невядомы аўтар амаль слова ў слова паўтарыў звесткі, прыведзеныя Паола Джовія, у кнізе «Данясенні аб Масковіі» (1557 г.). Дарэчы, ў той час кампіляцыя не лічылася справай крамольнай. Напрыклад, рымскі папа Пій ІІ паўтарыў апісанне ВКЛ, зробленае чэхам Геранімам. Той сцвярджаў, што на тэрыторыі Беларусі можна ездзіць толькі зімой, а замест грошай мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць кавалачкі медзі і срэбра.

Асабліва цікавыя звесткі пакінуў пасол Свяшчэннай Рымскай імперыі Сігізмунд Герберштэйн.

Сігізмунд Герберштэйн (1486 – 1566 гг.) нарадзіўся ў Штырыі, рос у асяроддзі славенцаў. Вучыўся ў Венскім універсітэце: у 16 гадоў атрымаў ступень бакалаўра. За ваенную службу Габсбургам быў прысвечаны ў рыцары. Займаўся дыпламатычнай справай.

У 1516 – 1517 гг. і 1526 – 1527 гг. ён двойчы праязджаў у Маскву і Ноўгарад. Вынікам гэтых падарожжаў стала кніга «Записки о Московии», у якой асобны раздзел прысвечаны Беларусі - «Аб Літве». Аўтар пад Літвой разумеў ВКЛ. Ён пісаў: «Бліжэй за ўсіх да Масковіі Літва. Я гавару цяпер не пра адну толькі вобласць, але аб краінах, якія да яе прылягаюць і разумеюцца пад агульнай назвай Літва. Яна цягнецца доўгай паласой ад горада Чаркасы, які знаходзіцца ля Барысфена (Дняпра), аж да Лівоніі». Раздзел пачынаецца з панегірыка Яўстафію Дашковічу, ад якога Герберштэйн даведаўся не толькі падрабязнасці набегу на Северскую зямлю, але і характар узаемадзеяння літоўскіх і крымскіх войскаў падчас набегу 1521 г., дэталі адносінаў чаркаскага ваяводы з крымскім ханам Мухамедам-Гірэем. Пра войны з Масковіяй у 1517 – 1518 гг. расказваў канцлер ВКЛ Ольбрахт Гаштольд, якому Герберштэйн прыпісвае і звесткі пра гандаль у Кіеве. У іншым месцы Герберштэйн называў беларускія землі Руссю, сцвярджаючы, што большай часткай Русі валодае вялікі князь маскоўскі, а астатнімі яе часткамі – вялікі літоўскі князь Жыгімонт. Паводле яго, усе гарады на заходнім беразе Дняпра былі «падпарадкаваны каралю польскаму, тыя ж, што ляжаць па ўсходняму берагу, падуладны гаспадару Маскоўскаму, акрамя Дуброўны і Мсціслава, якія знаходзяцца пад уладай Літвы». Аўтар разглядаў рэкі Беларусі адносна іх прыналежнасці да розных басейнаў. Прыпяць, Тур і Бярэзіну ён адносіў да басейна Дняпра. Буг, Нёман і Нараў, паводле яго, цякуць на поўнач. Адзначыў такую адметную рысу Беларусі, як балоты, таксама называў яе «даволі лясістым краем». Праязджаючы з Вільні ў Полацк, ён часта бачыў «вялікія і нязмерна працяглыя лясы, што распасціраліся на 50 нямецкіх міляў». Дарогі былі блытаныя. Казальнікамі звычайна служылі капцы, на якія кожны вандроўнік павінен быў падкінуць камень або сухую галіну. Часам заломваліся сукі, рабіліся засечкі на дрэвах ці на абчэсаных камлях выпальваліся магнацкія гербы. Але разбойнікі ўстанаўлівалі лжэзнакі, каб завабіць абозы ў непраходныя нетры. Таму падарожжа па Беларусі, з Вільні да Полацка, здалося Герберштэйну не толькі цяжкім, але і небяспечным. Аўтар піша пра гарады. Закінутым падалося старажытнае Крэва, піша пра «замак і горад драўляны» у Гродне. Менск быў так умацаваны, што Міхал Глінскі, паўстаўшы ў 1508 г., толькі падыйшоў да яго і мусіў адступіць назад, каб потым напасці на іншыя гарады і крэпасці. Звяртае ўвагу на тое, што ў Барысаве Бярэзіна суднаходная.

Герберштэйн прыкмеціў, што праваслаўныя жыхары перамешаны з «чужымі, іншамоўнымі і іншавернымі плямёнамі». Аўтара здзіўляла бяспраўнае становішча прыгоннага сялянства і дробнай шляхты. «Народ там прыгнечаны цяжкім рабствам», сцвярджаў ён. Пра мясцовую шляхту Герберштэйн пісаў так: «Калі ёй пагражае адкуль-небудзь вайна, і яна павінна абараняць сваю маёмасць ад варожай сілы, то яна з'яўляецца на месца збору з вялікай пышнасцю, гатовая больш да самахвальства, чым да вайны, а па заканчэнні збору яна хутка разыходзіцца; тыя ж, хто застаецца, адпраўляюць дамоў лепшых коней і рыштунак... А магнаты, абавязаныя пасылаць за свой кошт вызначаную колькасць воінаў, адкупляюцца за грошы, якія даюць ваенаначальніку, і застаюцца дома... Сярод іх назіраецца такое самахвальства ва ўсіх учынках, што, відаць, яны не толькі карыстаюцца непамернай свабодай, але і злоўжываюць ёю».

Ёсць звесткі пра гаспадарку тагачаснай Беларусі. Пра Гарадзеншчыну напісаў: «У тым княстве даволі добрыя ўраджаі, у адпаведнасці з прыродай той краіны». Сцвярджаў, што з Беларусі ў Гданьск, а адтуль у Нідэрланды адпраўлялі мёд, воск і паташ, а таксама смалу, збожжа і драўніну для пабудовы караблёў, быў сведкам таго, што з усходу сюды завозілі соль, скуры, футра і «доўгія белыя зубы звяроў, якія завуцца маржамі і жывуць у Паўночным моры». Як відаць з запісак Герберштэйна, беларускія купцы карысталіся ў гандлі з Маскоўскай дзяржавай прывілеямі: «Не ўсякаму купцу, акрамя літоўцаў, палякаў ці падначаленых іхняй уладзе, адкрыты свабодны доступ у Масковію». Дыпламат падае таксама спіс епіскапстваў, якія існавалі ў ВКЛ. Адзначае тры каталіцкіх – Віленскае, Жамойцкае і Кіеўскае, і праваслаўныя Віленскае, Полацкае, Уладзімірскае, Луцкае, Пінскае, Холмскае і Перамышльскае. Называе двух найбольш знакамітых тагачасных палкаводцаў Канстанціна Астрожскага і Міхаіла Глінскага. Герберштэйн падрабязна апісвае мяцеж апошняга супраць караля Жыгімонта І Старога.

Пазней за Герберштэйна, у другой палове ХVI ст., пра Беларусь пісалі венецыянец Рафаэль Барберыні (1565 г.), польскі шляхціц з-пад Торуні Кшыштаф Граеўскі (1574 – 1575 гг.), якога магнаты кінулі ў турму, абвінаваціўшы ў шпіянажы на карысць Івана ІV, паслы Свяшчэннай Рымскай імперыі Ганс Кабенцль фон Просег і князь Даніэль фон Бухаў (1575 г.), англійскі пасол Джэрам Горсі (1591 г.).

У канцы ХVI ст. колькасць падарожнікаў рэзка ўзрасла. Праз тэрыторыю Беларусі праязджалі немец Самуэль Кіхель з Ульма, які вандраваў толькі па цікаўнасці (1586 г.), сакратар пасольства Ганзы да цара Барыса Гадунова Іёган Брамбах (1603 г.), шведскі дыпламат і гісторык Пер Персан (1620 г.), немец Адам Эльшлегер (Алеарый) (1647 г.), рэзідэнт Швецыі ў Расіі Іёган дэ Родэс (1655 г.), пасол Свяшчэннай Рымскай імперыі Аўгусцін Майерберг (1662 г.), англічанін на рускай службе Сэмуэл Колінз (1671 г.), курляндзец Якаб Рэйтэнфельс (1680 г.) і інш.

Большасць падарожнікаў называлі Беларусь Літвой або Руссю. Што датычыцца тэрміна «Белая Русь», то ў ХV – ХVI ст. ён ужываўся і да Уладзіміра-Суздальскага княства, і да Урала, і да Вялікага княства Літоўскага.

Для чужаземных падарожнікаў адметнымі рысамі ВКЛ былі суровыя зімы з марозамі і мноствам снегу, вялікая колькасць лясоў, рэчак і балот. Як правіла, яны скардзіліся на сцюжу.

Герберштэйн пісаў, што першага студзеня 1527 г., калі ён выехаў з Гродна ў м. Крынкі, «ударылі жорсткія маразы, а імклівы вецер, падобны віхуры, круціў і раскідваў снег так, што ад гэтага холаду памерзлі коні і сабакі». Іёган Корб пісаў пра неверагодную глыбіню снежных сумётаў, пра непраглядныя завеі ў канцы лютага 1698 г.

Падарожнікі добра апісалі беларускія рэкі і азёры. А.Маерберг падрабязна апісаў Днепр і яго прытокі. Шмат месца адведзена густым і непраходным лясам, расліннаму і жывёльнаму свету Беларусі.

Дарогі звычайна былі ў дрэнным стане. Чужаземцы скардзіліся аб гэтым. Д. фон Бухаў пісаў: «З-за вузкай дарогі (з Вільні ў Оршу) мы не змаглі карыстацца сваімі павозкамі і мусілі звярнуцца за дапамогай да татар, чые павозкі былі меншыя». Што датычыцца мастоў, то яны ў той час былі часовымі і трымаліся не на сваях, а на плоскіх суднах, напрыклад, у Оршы.

Падарожнікі аставілі ў сваіх запісах аставілі апісанне сродкаў перадвіжэння, карчмоў, якія называліся Пачакай, Вясёлая, Зладзейка, Рым, Выгода. Засталося шмат звестак аб гарадах Беларусі: Мінску, Барысаве, Магілёве, Оршы, Полацку, Віцебску, Ваўкавыску, Пінску, Слоніме і інш. Іншаземцаў здзіўляла гасціннасць мясцовых жыхароў. Б.Танер пісаў: «Тутэйшыя жыхары вельмі гасцінныя; мы прабылі восем дзён, і яны ўдосталь забяспечвалі нас рознымі прыпасамі: півам, мёдам, водкай, віном, шчодра кармілі ўсіх нашых коней».

У цэлым, замежныя падарожнікі аставілі шмат запісаў аб гаспадарчым жыцці, гандлі, гістарычных помніках і гарадской архітэктуры ВКЛ.

 

Праверачны тэст

 


Поделиться:



Последнее изменение этой страницы: 2019-04-10; Просмотров: 312; Нарушение авторского права страницы


lektsia.com 2007 - 2024 год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! (0.22 с.)
Главная | Случайная страница | Обратная связь