Архитектура Аудит Военная наука Иностранные языки Медицина Металлургия Метрология
Образование Политология Производство Психология Стандартизация Технологии


Вёска Пераходы Слуцкага раёна Мінскай вобласці



Раніцай 23 лютага 1943 года на досвітку, калі людзі яшчэ спалі, немцы і паліцэйскія акружылі вёску Пераходы. Незадоўга да гэтага партызаны разграмілі нямецкі абоз, які вывозіў прадукты і фураж. Гэта стала падставай для правядзення чарговай «акцыі застрашэння». Азвярэлыя карнікі ўрываліся ў кожную хату, забівалі людзей цэлымі сем’ямі, пасля падпальвалі будынак.

У сям’і Паўла Жураўскага гітлераўцы знішчылі ўсіх дзяцей, а старэйшую дачку жывой кінулі ў агонь.

У Сцепаніды Дардынскай было шасцёра дзяцей. Літасці не было нікому – ўсіх расстралялі. Жанчына трымала на руках самага меньшанькага. Куля забіла дзіцятка і параніла маці – яна страціла прытомнасць. Калі яна ачуняла – вакол гудзеў агонь. Яна адна здолела выратавацца.

У Івана Ліневіча загінула ўся сям’я – бацька, маці і пяцёра малодшых сясцёр. Калі карнікі ішлі па вёсцы, яго бацькі вырашылі, што будзе аблава з мэтай угона моладзі ў Германію. Яны схавалі сына на печы, а на ускрайку селі сястрачкі. Тры карнікі зайшлі ў хату і адразу пачалі страляць з аўтаматаў. Забітая кулямі сястра павалілася на хлопчыка, які быў паранены ў нагу. Калі карнікі сыйшлі, паранены хлопчык агледзіўся. У жывых быў толькі цяжкапаранены бацька. Тата благаславіў сына і загадаў бегчы. Хата ўжо гарэла. Гарэлі і астатнія пабудовы вёскі. У Пераходах гітлераўцы знішчылі 116 чалавек – дзяцей, жанчын, мужчын.

Трагедыя вёскі Пераходы стала асновай для стварэння мастацкага фільма «Ідзі і глядзі».

 

Вёскі Вязень і Селец Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці

Неверагоднай жорсткасцю і здзекамі над мірнымі людзьмі сярод іншых карных фарміраванняў, паліцэйскіх батальёнаў і каманд СД вылучаўся батальён СС Дзірлевангера. На рахунку нелюдзяў каля 200 спаленых населеных пунктаў. У тым ліку і вёскі Вязень і Сялец.

Вясной 1942 года, пасля таго як партызанскія атрады занялі Клічаў,утварылася вялікая (каля 4 тысяч кв. км) партызанская зона. Дзеянні партызан стваралі істотную перашкоду акупантам не толькі ў тыле, але і на фронце. Таму нямецкае камандванне правяло ў чэрвені – жніўні 1942 года адну за адной дзве карныя аперацыі - «Хрушч-1» і «Арол».

Вёскі Вязень, Сялец і іншыя населеныя пункты былі спалены карнікамі ў траўні 1942 года. Але з насельніцтва вёсак тады ніхто не загінуў, жыхары здолелі схавацца ў лесе. Калі карнікі адступілі, людзт вярнуліся, пабудавалі зямлянкі, але жылі асцярожна, пры любой небяспеке хаваліся ў лесе. Але і гэта не выратавала іх.

З пачаткам баёў становішча ўскладнілася. Гітлераўцы цяснілі партызан ва Усакінскія лясы. Карнікі новую тактыку «маршаў прачэсвання». У пачатку жніўня гітлераўцы выявілі ў лесе людзей і пад пагрозай расстрэла загадалі вярнуцца ў Вязень і Сялец.

На трэці дзень карнікі пачалі зганяць людзей да загадзя выкапанага рова.. Некаторыя людзі ў агульнай мітусні здолелі ўцячы і схавацца. Тыя, хто ацалеў пасля прыгадвалі, што карнікі былі апрануты ў зялёную форму і размаўлялі паміж сабою не толькі на нямецкай, але і на рускай і ўкраінскай мовах. Не ў чым не павінных безабаронных мірных жыхароў, жанчын, старых, малых дзяцей расстрэльвалі групамі. Пад кулямі ў роў падалі і мёртвыя, і цяжка параненыя. Пасля фашысты закідалі ямы, але вознікі казалі, што зямля пасля некаторы час яшчэ ўздымалася. Усяго ад куль забойцаў загінула 140 мірных людзей.

 

Вёска Сцефанова Бялынічскага раёна Магілёўскай вобласці

23 снежня 1942 года раніцай у вёску Сцефанова прыехаў нямецкі карны атрад у колькасці 75 чалавек. Раптоўнае з’яўленне гітлераўцаў пазбавіла жыхароў магчымасці схавацца. Фашысты пачалі рабаванне вяскоўцаў – збожжа, забітыя жывёлы і куры грузіліся на вазы. Каля 14 гадзін карнікі пачалі забойства людзей – заходзілі ў хаты і расстрэльвалі ўсіх. Пасля падпальвалі дамы. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвала ачапленне. На вачах Рамана Гарбачэўскага забілі ўсю сям’ю яго сваяка Станіслава Грабачэўскага – двух жанчын і дзяцей ва ўзросце 18 – 2 гадоў. Сам Раман Гарбачэўскі быў паранены, але здолеў выратавацца з полымя. Ён застаўся адзіным сведкам гэтай жахлівай трагедыі. Загінулі ўсе аднавяскоўцы – 95 чалавек. Сярод іх і сям’я Рамана Мікалаевіча – жонка і чацвёра дзяцей ва ўзросце ад года да 16 гадоў.

Вёска МакоўеАсіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці

Вёску спалілі ў студзені 1943 года. Сярод 115 загінуўшых жыхароў –                     15 мужчынаў, 40 жанчынаў і 60 дзяцей.

Вёска Альцы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці

19 студзеня 1943 года гітлераўцы акружылі вёску ланцугом. Яны ўрываліся ў хаты і забівалі ўсіх – дарослых і дзяцей. Знішчыўшы ўсіх, нацысты абрабавалі і падпалілі вёску. Даведаўшыся, што 7 чалавек пайшлі ў суседнюю вёску, яны вырашылі забіць апошніх. Забойцы знайшлі людзей, адвезлі ў палаючую вёску і кінулі ў агонь. Ахвярамі катаў былі 72 жыхара вёскі.

Вёска Адраджэнне Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці

23 верасня 1943 года атрад карнікаў захапіў вёску Відзіліна. Пад пагрозай расстрэлу старых і жанчын прымусілі цягнуць бораны у бок вёскі Адраджэнне. Гітлераўцы так правяралі дарогу на наяўнасць мінаў. Калі шлях быў расчышчаны, карнікі ўварваліся ў вёску Адраджэне. Пачаўся рабунак дамоў і забойствы. Усіх жыхароў вёскі загналі ў некалькі хатаў і падпалілі. У полымі і ад куль загінуў 61 жыхар вёскі.

 

За тры гады акупацыі на тэрыторыі Беларусі было праведзена 140 буйных карных аперацый. Падчас іх было спалена 5295 вёсак, тысячы людзей былі расстраляны, спалены, кінуты ў канцэнтрацыйныя лагеры і адасланы на прымусовую працу ў Германію. Выканаўцамі масавых забойстваў і знішчэння населеных пунктаў з’яўляліся як войскі СС і каманды СД, паліцэйскія ахоўныя батальёны і зондэркаманды, так і войскі Вермахта.

 

«Дрэвы жыцця»

«Беларускія Хатыні – гэта нешта настолькі злавеснае, што людзям планеты нялёгка да канца ўсвядоміць і да канца адчуць нават пасля асвенцымаў і бухенвальдаў. Беларускія Хатыні – гэта тая рэальнасць, практыка, якую фашызм рыхтаваў цэлым краінам і кантынентам, але шырока распачаць паспеў толькі тут… Гэта павінны зразумець тыя, хто прыходзіць сюды – у Хатынь…»

Бадай, гэтыя словы Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка пераканаўча гучаць і сёння. Упершыню яны прагучалі ў кнізе «Я з вогненнай вёскі…». Тры беларускія пісьменнікі зрабілі вялікую справу. Яны сабралі ўспаміны тых людзей, хто перажыў кашмар знішчэння іх родных вёсак.

Ня ўсіх жыхароў вёсак і хутароў здолелі знішчыць нацысты. Цудам яны выратаваліся з полымя і з-пад куль каб стаць сведкамі жудасных злачынстваў гітлераўцаў на Беларусі.

Другім цудам было тое, што 433 вёскі, знішчанныя разам з жыхарамі, здолелі адрадзіцца пасля вайны. Іх назвы ушанаваны на сімвалічных «Дрэвах жыцця». Яны нібы прарастаюць з зямлі. Толькі замест галін і лісцеў – назвы вёсак. А за імі –як сімвал вечнага адраджэння жыцця і неўміручасці нашага народа – застылы ў бетоне зруб дома, які пачынае будавацца.

 

«Вечны агонь»

Вечны агонь як сімвал памяці гарыць ужо сорак гадоў. Яго полымя б’е праз разарваныя краты. Ён нібы саграе тры бярозы, што схіліліся ў журбе.

Бадай, гэтая частка мемарыяла атрымалася ў савецкія часы самай несавецкай. Не звыклая зорка, не мармуровая пліта, не салдат з аўтаматам, не смуткуючая жанчына. Толькі тры дрэўцы, нібы жывыя людзі. І замест чацьвертага – агонь Памяці. Кожны чацьверты…

Калі Пётр Машэраў пабачыў праект, то ўсхваляваны зазначыў, што стваральнікі мемарыяла, маладыя архітэктары знайшлі той вобраз, які зробіцца сімвалам Беларусі. Сімвалам нашых страт і нашага жыцця…

Няма на Беларусі такой сям’і, якую б не закранула вайна. Кожны, хто загінуў некаму быў бацькам або маці, мужам або жонкаю, сынам або дачкою, братам або сястрою.

Самая крывавая вайна ХХ стагоддзя забрала з сабою 2 мільёны 230 тысяч чалавек. Кожны чацьверты жыхар Беларусі. Схілім галовы перад светлай памяццю ахвяр вайны – дарослых і дзяцей.


Поделиться:



Последнее изменение этой страницы: 2019-05-08; Просмотров: 273; Нарушение авторского права страницы


lektsia.com 2007 - 2024 год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! (0.013 с.)
Главная | Случайная страница | Обратная связь