Архитектура Аудит Военная наука Иностранные языки Медицина Металлургия Метрология
Образование Политология Производство Психология Стандартизация Технологии


Дзіцячая літаратура на сучасным этапе: проза, паэзія, драматургія



Сучасная беларуская дзiцячая паэзiя далучае падрастаючае пакаленне да агульначалавечых каштоўнасцей, да духоўных скарбаў народа, абуджае патрыятычныя пачуццi, заклiкае любiць свой край, берагчы яго непаўторную прыроду, паважаць чалавека працы, выхоўвае ў дзiцяцi лепшыя маральна-этычныя якасцi.

Адной з асаблiвасцей беларускай дзiцячай паэзii на сучасным этапе з’яўляецца цiкавасць да «самой гiсторыi дыхання» – даўняй культуры Беларусi, традыцый нашага народа (зборнiк В. Жуковiча «Гуканне вясны»). У раздзеле кнiгi «Гуканне вясны» («Свята песенькай сустракаем») В. Жуковiч знаёмiць маленькага чытача з цiкавымi народнымi традыцыямi беларусаў, iх абрадамi, святамi (вершы «Гуканне вясны», «Калядная вячэра», «Каляднiкi»). Дасцiпна, з лёгкiм гумарам паэт распавядае пра святочную калядную вячэру.

Цесна звязана з тэмаю Радзiмы пейзажная лiрыка. Прырода – гэта адухоўлены вобраз прыгажосцi жыцця. Прыродаапiсальная лiрыка для дзяцей сагрэта аўтарскай любоўю да ўсяго жывога: дрэўца, птушачкi, рачулкi. Шматлiкiя творы пра прыроду маюць вялiкае пазнавальнае значэнне. Напрыклад, кніга В. Зуёнка «Па ельнiчку, па бярэзнiчку» ўяўляе сабой своеасаблiвы вершаваны даведнiк пра беларускiя грыбы. Кожны верш – гэта намаляваны ў жартоўнай форме «партрэт» якога-небудзь прадстаўнiка грыбной «сям’i».

Шматлiкую групу сярод дзiцячых паэтычных твораў складаюць вершы маральна-этычнай праблематыкi, у якiх даходлiва, тактоўна аўтары распавядаюць, «што такое добра i што такое дрэнна».

Сучасная беларуская паэзiя для дзяцей характарызуецца жанравай разнастайнасцю: вершы, вершаваныя казкi, паэмы, калыханкi, забаўлянкi, жарты, лiчылкi, загадкi, скорагаворкi, пацешкi, чыстагаворкi i iнш. Сярод жанраў беларускай дзiцячай паэзii асобнае месца займае загадка, якая мае не толькi пазнавальнае значэнне, але спрыяе развiццю фантазii, асацыятыўнага мыслення, назiральнасцi дзiцяцi (У. Мацвеенка – зборнiк «Загадкi Зайкi-Загадайкi», «Азбука ў загадках», «Загаданачка»). Развiццю фантазii, творчых здольнасцей садзейнiчаюць i шматлiкiя маленькiя азбукi (М. Танк).

Развіццё сучаснай беларускай дзіцячай паэзіі (1985–2004) цесна паяднана з літаратурна-грамадскімі працэсамі апошніх дзесяцігоддзяў, дабратворны ўплыў якіх відавочны. Паэзія для дзяцей, як і ўся літаратура, набыла нацыянальны каларыт, пазбавілася ідэалагічнай зададзенасці, пэўнага схематызму, пашырыліся яе жанрава-тэматычныя абсягі, памножыліся выяўленчыя сродкі.

У ёй плённа працавалі выдатныя прадстаўнікі старэйшага паэтычнага пакалення: Э. Агняцвет (зб. «Рэчка, рэчанька мая», 1991), В. Вітка («Трэція пеўні», 1987; «Дом, дзе жывуць словы», 1995; «Перад парогам», 2001), С. Грахоўскі (зб. «Знаходка», 1985; «Я ўсё ўмею», 1997; «Птушыная дзяржава», 2000), С. Новік-Пяюн (зб. «Зорачкі ясныя», 1986), М. Танк (зб. «Сярод лясоў наднёманскіх», 1987), С. Шушкевіч (зб. «Казёл на верталёце», 1987; «Непаседлівыя вавёркі», 1993; «Птушыны ранак» (у серыі «ШБ», 2001). Да гэтага часу высокамастацкае паэтычнае слова дзецям прэзентавылі такія прызнаныя аўтары, як Р. Барадулін (зб. «Кобра ў торбе», 1990; «Грышка, Мішка і Шчыпай ехалі на чоўне», 1996; «Як воўк калядаваў», 2000), Н. Гілевіч (зб. »Добры чалавек», 1987; «Шчаслівыя хвіліны», 2001), А. Грачанікаў (зб. «Зорны палёт», 1988; «Перазвон азёр і бароў», 1998), В. Зуёнак (зб. «Хата, поўная гасцей», 1987; «Бадзірог», 1995; «Рэха», 2003); А. Лойка (зб. «Кніжка Надзейкі», 1987; «Пра ўсе справы Дзіва-дзяржавы», 1993; «Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй», 1994), К. Цвірка (зб. «Як Алесь згубіўся ў лесе», 1986; «Добрыя суседзі», 1988).

У апошнія дзесяцігоддзі ў дзіцячую паэзію ўвайшлі кнігі такіх таленавітых майстроў паэтычнага слова, выдатных знаўцаў дзіцячай псіхалогіі, як А. Вольскі (зб. «Карусель», 1996), Н. Галіноўская (зб. «Восень едзе ў магазін», 1990; «Гусіны капялюш», 1994; «Клубок і калабок», 1999; «Камп’ютэрныя сакрэты», 2002), В. Гардзей (зб. «Мой тата – трактарыст», 1989; «Зай, які лічыў варон», 1991; «Зайкава балалайка», 1998), А. Дзеружынскі (зб. »Залаты каласок», 1989; «Хлеб, хлябок», 1999), К. Камейша (зб. «Добры дзень, шафёр», 1988; «Гарцунок», 1991; «Дожджыкава лічылка», 1998; «Крыгагром», 2001), Г. Каржанеўская (зб. «Сінічка на балконе», 1989; «Малечы пра рэчы», 2004), У. Карызна (зб. «Мір і сонейка для ўсіх», 1990; «Насціна кніжка», 1995; «Іграй, жалейка, не змаўкай», 1998; «На азёрах сініх», 2000), В. Лукша (зб. «Чароўны камень», 1987; «Адзіны ў свеце край», 2004), У. Мазго (зб. «Суседзі па сусвеце», 1994; «Смехапад», 1999; «Прыгоды марахода», 2002), М. Маляўка (зб. «Як дом будавалі», 1987; «Папялушка», 2000; «Сядзіба, або Хата з матчынай душой», 2002), Н. Мацяш (зб. «Адведзіны лета», 2004), М. Пазнякоў (зб. «Тры чарадзеі», 1991; «Ехаў поўны воз дзівос», 1994, «Дарынка-весялінка», 1999), С. Панізнік (зб. «Жыцень», 1986; «Мы – грамацеі», 1989; «Золкая зёлка», 1999), Г. Пашкоў (зб. «Дзяўчынка з блакітным мячыкам», 1986; «Пціч», 1992; «Зорнае поле», 1999), П. Прануза (зб. «Звініць ручаёк», 1988; «Першыя крокі», 1993; «Акуніся ты ў крыніцу», 2003), П.Прыходзька (зб. »Дзе начуе вецер?», 1998; «Бярозавы лісток», 2004), М. Чарняўскі (зб. «Каго баіцца зубр?», 1994; «Сеў аўторак у аўто...», 1997; «Хто пакрыўдзіў кракадзіла?», 1999; «На каго сварыўся гром?», 2003) і інш.

Канец 80-х – 90-я гг. ХХ ст. – пачатак ХХІ ст. – час творчай актыўнасці ў галіне дзіцячай паэзіі А. Бадака (зб. «Верабей з рагаткай», 1999), М. Бусько (зб. »Бабрыная навука, 2001), А. Грачанікава (зб. «Зорны палёт», 1988; «Перазвон азёр і бароў», 1998), Х. Гурыновiча (зб. «Пасадзім па дрэўцу», 1993; «Птушыная азбука», 1997; «Лес на далоні», 2001), М. Дуксы (зб. «Працавітае сонца», 1994; «Нябесны караван», 1998), К. Жука (зб. «Шпак купіў магнітафон», 1996; «Бегемот без ботаў», 2004), Х. Жычкі (зб. «Грыбны дождж», 1995), В. Жуковіча (зб. «Тараскаў самакат», 1988; «Гуканне вясны», 1992; «Цудоўная краіна», 1997; «Свет – дзівосны», 2000), Т. Кляшторнай (зб. «Пахі вясны», 1991), І. Курбекі («Хітрыя літары», 2004), Д. Марозава (зб. «Гэта праўда ці мана...», 1997), У. Марука (зб. «Ехаў чыж у Парыж», 1994;»Чыж вярнуўся з-за мяжы», 2003), У. Мацвеенкі (зб. «Загадкi Зайкi-загадайкі», 1990; «Загаданачка», 1993; «Загадкі з хаткі дзеда Уладкі», 1999), І. Муравейкі (зб. «Куды ні пойдзеш – цуды знойдзеш», 2001), У. Паўлава (зб. «Гадавое кальцо», 1986), А. Пісьмянкова (зб. «Заўзятары», 1993; «Ласуны-веселуны», 1997; «Мы з братам», 2003), Л. Пранчака (зб. «Дзяўчынка-беларуска», 1993; «Цар-царэвіч з Івацэвіч», 2001; «Цік-так, ходзікі...», 2001; «Мама, тата і Агата», 2002), П. Саковіча (зб. «Гром на калясніцы», 2001), Ю. Цвіркі (зб. «Мурашыны стажок», 2004), П. Сушко (зб. «Жораў з выраю вярнуўся», 1994), Я. Хвалея (зб. «Каця на планеце радапедаў», 1997; «Дзівы-сны дзяўчынкі Вікі», 2001), В. Шніпа (зб. «Наш Максім гаворыць: – Гу!», 1999), У.Скарынкіна, Х.Чэрні, В. Шымука, Л. Шырына, Р. Яўсеева і іншых аўтараў, творы якіх адрасаваны маленькаму чытачу.

Сучасная беларуская дзіцячая паэзія далучае падрастаючае пакаленне да агульначалавечых каштоўнасцяў, да духоўных скарбаў народа, абуджае патрыятычныя пачуцці, заклікае любіць свой край, берагчы яго непаўторную прыроду, паважаць чалавека працы – выхоўвае ў дзіцяці лепшыя маральна-этычныя якасці.

Адной з асаблівасцей беларускай дзіцячай паэзіі на сучасным этапе з’яўляецца цікавасць да «самой гісторыі дыхання» – даўняй культуры Беларусі, традыцый нашага народа (зб. «Гуканне вясны» В. Жуковіча; зб. «Назвы, родныя здавён» У. Мазго; зб. «Дзяўчынка-беларуска» Л. Пранчака; зб. «Акуніся ты ў крыніцу» П. Пранузы і інш.).

Так, у адным з раздзелаў кнігі «Гуканне вясны» («Свята песенькай сустракаем») В. Жуковіч знаёміць маленькага чытача з цікавымі народнымі традыцыямі беларусаў, іх абрадамі, святамі (вершы «Гуканне вясны», «Калядная вячэра», «Каляднікі»): «Гэткай смачнае куцці // вы не елі ў жыцці. // І блінцы калядныя // дужа-дужа ладныя. // А кісель, ды аўсяны, // яшчэ лепшы за бліны» («Калядная вячэра») Дасціпна, з лёгкім гумарам паэт распавядае пра святочную калядную вячэру.

А вось як апісвае народны звычай талакі Р. Барадулін: «Мы не ведаем спакою, // Дом будуем талакою. // Талака! Талака! // Не стамляецца рука!» («Талака»)

Патрыятычным пафасам прасякнуты творы пра мінулае роднай краіны, якія заклікаюць берагчы яе святыні, шанаваць родную мову. Постаці знакамітых людзей – Ф. Скарыны, К. Каліноўскага – прыцягваюць увагу А. Вольскага, В. Жуковіча, У. Мазго, М. Маляўкі і інш. Значнасць дзейнасці славутага першадрукара імкнецца асэнсаваць і М. Пазнякоў: «Паклаў ён [Скарына – рэд.] дарогу да слова, святла».

Такія творы вучаць маленькага чалавека любіць свой край, ганарыцца яго людзьмі, выхоўваюць пачуццё нацыянальнай годнасці; некаторыя з іх вяртаюць да славутай мінуўшчыны роднага краю – яго старажытнага сцяга і герба: «Сцяг незалежнасці ўзнімай – // мар аб найлепшым цудзе: // садоў,лясоў, азёраў край // калоніяй не будзе» («Пад вольным сцягам»); «З мячом-маланкай віцязь // на баявым кані – // Айчыны вызваліцель // ад здрады і хлусні... // Цок-цок, цок-цок... Скачок, яшчэ скачок» («Выява пагоні»).

Аднак трэба адзначыць, што паэтаў цікавяць не толькі падзеі далёкай мінуўшчыны, іх хвалююць і трагічныя падзеі ХХ ст.: Вялікай Ачыннай вайны (В. Жуковіч «Бусел над Хатынню», А. Грачанікаў «Каля помніка партызанскай славы «Прарыў»«, «Перамога», У. Карызна «Думай, чалавек»), вайны ў Афганістане (В. Жуковіч «Скажы, зязюля...»).

Тэме любові да Бацькаўшчыны прысвечаны шматлікія вершы: М. Бусько «Песня пра Радзіму», Н. Галіноўскай «Зямля мая», А. Грачанікава «Беларускія краявіды», В. Жуковіча «Няма даражэйшай зямлі», «Беларуская старонка», М. Маляўкі «Полацк», А. Пісьмянкова «Мы – беларусы», М. Пазнякова «Радзіма», «Заўжды вярнуся», «У родным краі», «У бары», У. Карызны «Песня аб родным», К. Цвіркі «Там яна» і інш.

Неабходна сказаць, што для сучаснай беларускай дзіцячай паэзіі характэрна лакалізацыя вобраза Радзімы, які ўсё часцей атаясамліваецца з роднай вёсачкай, рэчкай, полем: «Люблю я да болю: // Гай, жытняе поле // І неба праменны блакіт. //Вось гэта карцінка – // Лес, Нёман, // Хмурынка – // Радзімы маёй // Краявід» («Песня пра Радзіму»)

Творы пра «малую радзіму» робяць само паняцце бацькаўшчыны блізкім да «маленькага» свету дзіцяці, уводзяць яго ў мікракосмас, у якім адлюстроўваюцца сувязі і вытокі вялікага свету. Лірычны герой выразна ўсведамляе свае карані, сувязь з прыродай, гісторыяй, ён стаіць бліжэй да пазнання спрадвечных каштоўнасцей, без якіх будзе непапраўна збеднена яго душа. Так, у вершы М. Пазнякова «Заўжды вярнуся» лірычны герой у думках вяртаецца на сваю «малую радзіму», «дзе першае прамовіў слова, дзе зрабіў свой першы крок». Вяртаецца, каб ачысціцца, адпачыць душой: «Прыеду, каб адчуць душою, // Як веюць водарам лугі, // Аб чым шапоча над ракою // Лес – сябар мой найдарагі». Для найбольш яркага выражэння сваёй непарыўнай сувязі з самымі дарагімі мясцінамі паэт выкарыстоўвае яркія, выразныя метафары і эпітэты: «веюць водарам лугі», «брыльянты спелых рос», «музыка бяроз», «блакітам цёплым лён цвіце».

Многія паэты асацыююць «малую радзіму» з вобразам маці, бо любоў да Бацькаўшчыны вымяраецца любоўю да маці. Цяжка знайсці больш яркі і дакладны паэтычны вобраз для выяўлення патрыятычнага пачуцця грамадзяніна. Маці – рэальны і сімвалічны вобраз. Маці – пачатак усяму жывому, пачатак жыцця. Вось чаму напамін пра яе – гэта і асацыяцыя з роднай вёскай, і мастацкае ўвасабленне радзімы, якую, напрыклад, паэт М.Пазнякоў надзяляе самымі шчырымі эпітэтамі, адначасова паказваючы зліццё лірычнага героя з прыродай: «У бары маго дзяцінства // Льецца птушак звонкі грай, // Дыхай водарам смалістым // І душой адпачывай. // <...> Убірае ў сэрца гамы, // Фарбы, пахі, цішыню... // Прыязджаю я да мамы // І яго штоночы сню» («У бары»).

Цесна звязана з тэмаю Радзімы пейзажная лірыка, якая складае асобную старонку беларускай дзіцячай паэзіі. Прырода – гэта адухоўлены вобраз прыгажосці жыцця. Чалавек, які адчувае сэрцам, здольны захаваць яе на зямлі. Паэтызацыя шчымліва роднага і знаёмага краявіду выклікае ў дзіцяці пачуццё любові да роднай зямлі. Такое арганічнае адзінства эстэтычнага і этычнага заўважаецца ў творах С. Новiка-Пеюна (зб. «Зорачкi ясныя»), К. Цвіркі (зб. «Як Алесь згубіўся ў лесе»), П. Пранузы (зб. «Звiнiць ручаёк»), Г. Каржанеўскай (зб. «Сiнічка на балконе»), А. Дзеружынскага (зб. «Залаты каласок»), У. Карызны (зб. «Насціна кніжка»), Н. Галіноўскай (зб. «Восень едзе ў магазiн»), Г. Пашкова (зб. «Пцiч»), Х .Гурыновiча (зб. «Пасадзім па дрэўцу») В. Жуковіча (зб. «Гуканне вясны», «Цудоўная краіна»), М. Пазнякова (зб. «Дарынка-весялінка») і іншых аўтараў.

У цудоўны свет прыроды ўводзяць чытача А. Лойка (цыкл «Вясёлы агарод»), М. Чарняўскі (раздзел «Дзе гэта казка» са зб. «Хто пакрыўдзіў кракадзіла?»), А. Дзеружынскі (зб. «Залаты каласок»), А .Грачанікаў (зб. »Перазвон азёр і бароў»), С. Грахоўскі (зб. «Птушыная дзяржава») і інш.

Прыродаапісальная лірыка для дзяцей сагрэта аўтарскай любоўю да ўсяго жывога: дрэўца, птушачкі, рачулкі...: «З сонцам падружылася і з ветрам, // ластаўка лятае ў цішыні, // радасна купаецца ў паветры, // у прасторы сіняй вышыні» («Ластаўка»). Пейзажныя замалёўкі прывучаюць маленькага чытача не толькі бачыць прыгожае вакол сябе, але і адчуваць тонкія нюансы сапраўднага паэтычнага слова: «Чуеце, чуеце: // песня чароўная // На лузе зарэчным // духмяніць, бруіцца. // Мелодыя песні той // шматкаляровая, // Быццам вясёлка // пасля навальніцы. // Гэта – трава, // Гэта – кветкі спяваюць <...>» («Песня травы і кветак»).

Разам з тым шматлікія творы пра прыроду маюць вялікае пазнавальнае значэнне. Напрыклад, кніга В. Зуёнка «Па ельнічку, па бярэзнічку» ўяўляе сабой своеасаблівы вершаваны даведнік пра беларускія грыбы. Кожны верш – гэта намаляваны ў жартоўнай форме «партрэт» якога-небудзь прадстаўніка грыбной «сям’і». Цікавы ў гэтых адносінах і зборнік М.Пазнякова «Дарынка-весялінка», раздзелы якога («Дзівосны свет», «Заапарк», «Нашы птушкі – не ўсе пяюшкі», «Акварыум») у даступнай форме знаёмяць маленькага чытача з некаторымі кветкамі («Рамонкі», «Нарцысы», «Астры»), жыхарамі заапарка («Леў», «Жырафа», «Насарог»), птушкамі («Ластаўка», «Перапёлка», «Удод»), рыбамі, якія могуць жыць у акварыуме («Пеўнік», «Хроміс-прыгажун», «Скалярыя»).

У сувязі з наспелай неабходнасцю экалагічнага выхавання падрастаючага пакалення папулярнымі сталі творы, у якіх паэты звяртаюць увагу на неабходнасць берагчы прыроду. «Верабейка» К.Камейшы «Мая рака»: «Наш Андрэйка // Верабейку // Не пакіне у бядзе: // Круп аўсяных // І прасяных // У кармушку пакладзе» («Верабейка»).

Заклікам берагчы, шанаваць бярозку-прыгажуню заканчваецца верш М. Пазнякова «Бярозка». Дрэва ў творы ачалавечана, надзелена здольнасцю адчуваць боль: «Шануй яе, хлапчына, // Не гань і не ламай. // Вясной на сок (загіне!) // Глядзі, не надразай. // Запомні: ёй таксама // Балюча кожны раз. // Прырода нам, як мама, // Што нарадзіла нас» .

Сярод сучасных паэтычных твораў пра культуру беларусаў сталі сустракацца вершы, прысвечаныя рэлігійнай тэматыцы, якая не магла не з’явіцца як водгук на вяртанне страчанай духоўнай спадчыны (А. Вольскі «Вялікдзень», Н. Галіноўская «Божае бласлаўленне», М. Маляўка «Міласціна») і інш. Так, напрыклад, М. Маляўка паэтызуе пачуцці маленькага хрысціяніна ў вершы «Крыжык»: «Крыжык светлы з храма // мне прынесла мама, // каб шчаслівы рос – // без грахоў і слёз. // І прыгожа доўжыць // мой жыццёвы шлях // падарунак Божы – // крыжык на грудзях».

На хвалі нацыянальнага адраджэння ў дзіцячай паэзіі па-новаму загучала тэма роднай мовы, якая стала ўспрымацца як сімвал незалежнасці, праява нацыянальнай годнасці, вялікая духоўная каштоўнасць (М. Мятліцкі «На мове роднай», М. Пазнякоў «Міколкавы пытанні», В. Жуковіч «Родная мова», «Мы, беларусы»): «Не шанавалі роднай мовы – // чужая месца заняла. // Ды адрадзіць душу і слова // нам шанц гісторыя дала. // Народ не можа быць нямы. // Мы – не рабы! // Рабы – не мы!» («Мы, беларусы»); «Нехта ад мовы сваёй адракаецца... // Прыкладу ты б з яго толькі не браў! // Ён пашкадуе яшчэ і пакаецца, // ён разумее: сябе абакраў» («Родная мова»).

Бадай, самую шматлікую групу сярод дзіцячых паэтычных твораў складаюць вершы маральна-этычнай праблематыкі, у якіх даходліва, тактоўна аўтары распавядаюць, «што такое добра і што такое дрэнна». Тут і гумарыстычна-сатырычныя творы, якія расказваюць пра найбольш распаўсюджаныя заганы характару: ляноту (Т. Кляшторная «Пазіраў з-за плота Пеця»), ганарыстасць (А. Грачанікаў «Бацька і сын»), неахайнасць (М. Чарняўскі «Борка і ўборка», Т. Кляшторная «Ела Наташа цукеркі»), сквапнасць (А. Грачанікаў «Цыркач», Т. Кляшторная «Па сцяжынцы ехаў Федзя»). З’явіліся вершы і па блізкай сучасным дзецям праблематыцы: напрыклад, пра празмернае захапленне камп’ютэрам: У. Мазго «Камп’ютэрны вірус», «Света з Інтэрнэта»: «Замяняе Інтэрнэт // для Святланы // цэлы свет. // Толькі ў свеце // віртуальным // сумна Свеце // без рэальных // і спагадлівых сяброў, // без ракі, // грыбных бароў...» («Света з Інтэрнэта»).

Традыцыйна прысутнічаюць вершы выхаваўча-дыдактычнага характару, асновай якіх з’яўляецца станоўчы прыклад: М. Пазнякоў «Памочніца», «Таня-працаўніца», Л. Мароз «Дапамога», І. Гурбан «Сцірка».

Сучасная беларуская паэзія для дзяцей характарызуецца жанравай разнастайнасцю: вершы, вершаваныя казкі, паэмы, калыханкі, забаўлянкі, жарты, лiчылкі, загадкі, скорагаворкі, пацешкі, чыстагаворкі і інш.

Сярод жанраў беларускай дзіцячай паэзіі асобнае месца займае загадка, якая мае не толькі пазнавальнае значэнне, але спрыяе развіццю фантазіі, асацыяцытыўнага мыслення, назіральнасці дзіцяці (У. Мацвеенка – зб. «Загадкі Зайкі-Загадайкі», «Азбука ў загадках», «Загаданачка»; В. Вітка – «Загадка пра зярнятка»; М. Пазнякоў – «Ехаў поўны воз дзівос», «Дарынка-весялінка» і інш.). Напрыклад, паэтычны зборнік М. Пазнякова «Ехаў поўны воз дзівос» цікавы тым, што ў апошнім яго раздзеле ёсць загадкі-антонімы, у кнігу ўключаны і шматлікія метаграмы, шарады, анаграмы.

Дакладнасцю, паэтычнай вобразнасцю вызначаюцца і загадкі са зборніка «Дарынка-весялінка» (раздзел «Таямнічы куфэрак»): «У лесе, пушчы не спаткаеш // Яго завейнаю зімой, // Бо ён салодка спачывае // Пад белай коўдраў снегавой. // Не замярзае на марозе // У добра зладжанай бярлозе. // Але прыгрэе сонца ледзь – // І прачынаецца....» («Таямнічы куфэрак»). Увогуле зборнік вызначаецца жанравай разнастайнасцю: акрамя вершаў і загадак, у кнігу ўвайшлі казкі, скорагаворкі, каламбуры, смяшынкі (раздзелы «Святло дабрыні», «Сорак ножак у сараканожак»), паэтычная азбука і лічэбнік (раздзел «Я чытаю і лічу»).

Развіццю фантазіі, творчых здольнасцей маленькага чытача садзейнічаюць і шматлікія займальныя азбукі (Р. Барадулін «Азбука не забаўка», 1985; «Азбука – вясёлы вулей», 1995; А. Дзеружынскі «Жывая азбука», 1995; У. Мацвеенка «Азбука ў загадках», 1992; М. Танк «Лемантар», 1993; С. Сокалаў-Воюш «Елачка і ёлачка: забаўная азбука», 1991). У апошняе дзесяцігоддзе ўсё часцей сталі выходзіць зборнікі, у якіх настаўнік і выхавацель можа знайсці вершы-пераблытанкі, вымаўлянкі, лагагрыфы, скорагаворкі, задачкі, каламбуры, небыліцы і г.д., у якіх шырока выкарыстоўваюцца элементы гульні: «Хто пакрыўдзіў кракадзіла?» М.Чарняўскага, «Свет – дзівосны» В. Жуковіча, «Гарцунок» К. Камейшы, «Тры чарадзеі», «Ехаў поўны воз дзівос» М. Пазнякова, «Гадавое кальцо» У. Паўлава і інш.). Цікава і займальна пададзена беларуская азбука ў кнізе М. Чарняўскага «Хто пакрыўдзіў кракадзіла?» (раздзел «Села Мурка на падмурку... Азбука для панурых – У скорагаворках і каламбурах»). Азбука знаёміць з адметнасцямі некаторых звяроў, птушак, разам з тым скорагаворкі садзейнічаюць правільнаму і хуткаму прагаворванню слоў, якія блізкія паводле свайго гукавога складу: «Воўк вяроўку віў, // Воўк ад крыўды выў: // – Эх, была б вяроўка – // Не ўцякла б кароўка» («Села Мурка на падмурку....»). Уся кніга насычана святлом і смехам. Толькі вясёлымі і шчаслівымі хочыць бачыць паэт дзяцей: «Смяюцца дзеці – на планеце згода. // Смяюцца дзеці – сонечныя дні. // Няхай яны глядзяць на свет заўсёды // Вачамі найчысцейшай ДАБРЫНІ!» («Смяюцца дзеці...»).

Паэты шырока ўключаюць у свае творы разнастайныя звесткі пра жывёльны і раслінны свет, таму яны не толькі забаўляюць, цешаць, а і непрыкметна вучаць: «Баіў дзядзька Апанас: // – Пасадзіў я ананас, // А ў садочку ў цёткі Ганны // Хутка выспеюць бананы. // – Дзядзька Апанас пажартаваў // Ананасы і бананы растуць у цёплых краінах. // – А ў нас якая садавіна выспявае // найлепш? // – Яблыкі, грушы, слівы...» («Ананас і бананы»).

Шмат займальных прыгод чытач сустракае ў казках В. Жуковіча «Ад казкі – да спектакля», 1998; В. Іпатавай «Казка пра Паўліна», 1988; В. Лукшы «Як ліса вучылася лётаць», 1991; М. Маляўкі «Як жывуць казкі», 1994; І. Муравейкі «Я прыдумаў казку», 1985; У. Карызны «Чароўнае вочка», 2003; А. Касько «Два сонцы», 2004 і інш. Казкі для дзяцей вызначаюцца адначасова і займальнасцю, і павучальнасцю, у іх арганічна спалучаецца казачнае і рэальнае. Шмат увагі надаецца ў казках развіццю фантазіі дзіцяці, яны вучаць дабрыні, спачуванню, узаемадапамозе (Р. Тармола-Мірскі «Пра кніжку, Цішку, і мядзведзя Мішку», Р. Яўсееў «Дзядзькаў чай», А. Грачанікаў «Казка пра Івана-ганчара і пачвару-цара»).

Творча выкарыстоўваюцца дзіцячымі паэтамі фальклорныя матывы і вобразы. Так, фальклорнай асновай вызначаюцца творы С. Новіка-Пеюна (зб. «Зорачкі ясныя»), В. Жуковіча (зб. «Гуканне вясны», «Цудоўная краіна», «Свет – дзівосны»), Н. Гілевіча (зб. «Добры чалавек»), А. Лойкі (зб. «Кніжка Надзейкі», «Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй»), В. Гардзея (зб. «Коцікі на вярбе»), А. Грачанікава (зб. «Зорны палёт»), М. Танка (зб. «Сярод лясоў наднёманскіх») і многіх іншых аўтараў.

Такім чынам, асноўнымі тэндэнцыямі развіцця сучаснай беларускай паэзіі для дзяцей з’яўляюцца тэматычнае абнаўленне, пазбаўленне схематызму, ідэйная разняволенасць, як і раней, – выкарыстанне фальклорных набыткаў, звернутасць да навучальна-выхаваўчага працэсу.

 

Асаблiвасцi развiцця прозы для дзяцей

Асаблiвую жанравую i тэматычную разнастайнасць проза набыла на пачатку 1990-х гг. ХХ ст. Проза канца ХХ–пачатку ХХІ стст. характарызуецца ўстойлiвасцю, паслядоўным засваеннем традыцый. Як i раней, на першым плане застаецца станаўленне гарманiчна развiтай асобы чалавека, выхаванне пачуцця калектывiзму, уласнай годнасцi. Менавiта маральна-этычная праблематыка раскрываецца ў большасцi твораў розных жанраў. У першую чаргу асноўная ўвага звяртаецца на сацыяльна-бытавыя праблемы, вядома, у даступнай для дзяцей форме. Выпрацоўцы маральных якасцей, любовi да прыроды, дабрынi прысвечана апавяданне Ι. Навуменкi «Год карася». Яно пабудавана ў форме рэтраспекцый-успамiнаў: дзецi выраслi, даўно раз’ехалiся па краiне, а Мiкалай Ιванавiч адзначае кожны год «дзень карася», нiбы па ўсходнiм календары, паколькi яго маленькiя некалi дзецi не далi засмажыць карася i выпусцiлi таго ў вадаём.

У канцы1980 – пачатку 1990-х гг. празаiкi, што пiшуць для дзяцей, усё больш засяроджваюць увагу на выхаваннi патрыятычных пачуццяў. Дзейсным сродкам выхавання патрыятычных пачуццяў з’яўляецца знаёмства з гiстарычным мiнулым. Таму значнае месца ў празаiчных творах канца ХХ ст. займае гiстарычная тэматыка, прычым у большай ступенi аб’ектам становiцца далёкая гiсторыя. Адной з традыцыйных праблем з’яўляецца праблема ўзаемаадносiн чалавека з прыродай. У другой палове 1980-х гг. з’яўляюцца цiкавыя празаiчныя прыродазнаўчыя творы, у якiх ставяцца актуальныя пытаннi выхавання ў чалавеку гуманiстычных адносiн да прыроды. Адной з асаблiвасцей сучаснай беларускай прозы для дзяцей з’яўляецца яе iнтэлектуальная скiраванасць, акцэнтаванне ўвагi на самастойнае набыццё ведаў. Цiкавымi тут з’яўляюцца публiкацыi ў «Вясёлцы» за 1988 г. цыкла навукова-пазнавальных твораў В. Вiткi «Урокi думкi». Пазнавальнай можна назваць аповесць К. Калiны «Бабуля Насця, дзед Адам, Петрык i каза Рагуля». Петрык прыязджае ў вёску, дзе яму расказваюць пра гераiчную барацьбу партызанаў з захопнiкамi, пра радасцi i складанасцi сучаснага вясковага жыцця.

На новым вiтку ў гэты час знаходзiцца навукова-фантастычная i прыгоднiцкая лiтаратура. Сярод фантастычных i прыгоднiцкiх твораў вылучаюцца аповесцi празаiка i драматурга Аляксея Якiмовiча. Яго творы разнастайныя паводле зместу i сэнсавай насычанасцi: тут i бытавыя прыгоды школьнiка Алеся Пятрашкi, якога сябры i настаўнiк iмкнуцца пераканаць у важнасцi вучэбнай дзейнасцi («Гордзiеў вузел») i прыгоднiцка-фантастычная аповесць «Эльдарада просiць дапамогi», «Сакрэт Тунгускага метэарыта» i iнш. У прыгоднiцка-фантастычных творах героi трапляюць у незвычайныя сітуацыi, наведваюць невядомыя краiны i нязведаныя куткi прыроды, шмат чаго даведваюцца, выпрабоўваюць сябе на трываласць. Такiя кнiгi развiваюць у дзяцей дапытлiвасць, жаданне самiм даведацца пра таямнiцы прыроды. Цесным чынам з развiццём фантастычнай плынi звязана развiццё жанру празаiчнай лiаратурнай казкi, адной з важных асаблiвасцей якой на сучасным этапе з’яўляецца сувязь з фальклорам, лiтаратурнымi традыцыямi. Пад уплывам народных казак была напiсана казка «Сама рабка, на галаве – чырвоная шапка» П. Мiсько. Паводле прынцыпу лiтаратуры – прыдуманае ў прыдуманым (як у творах мюнхгаўзенiяды) напiсаны цыклы казак В. Шырко «Дзед Манюкiн не салжэ», «Дзед Манюкiн i ўнукi». У цэнтры ўвагi тут стары, аповеды якога пра мiнулыя часы, пра дзiўныя гiсторыi, якiя нiбыта здарылiся з самiм дзедам, дужа падабаюцца дзецям, але не ўспрымаюцца сур’ёзна дарослымi, бо носяць вiдавочна фантастычны характар або ўтрымлiваюць элементы гiпербалiзацыi. Асаблiвасцю гэтага цыкла з’яўляюцца разважаннi пра жыццё, якiя маюць фiласофскi змест, а таксама прытчавая павучальнасць. Напрыклад, у казцы «Сомiк» аповед пачынаецца так: «Ι якi гэта дурань прыдумаў рэкi выпрамляць? Не было ў яго сэрцы Бога. Мусiць, у дзiравым корабе нарадзiўся. Выпрамiць бы яму ўсе звiлiны ў неразумнай макаўцы». Праз такую знешне спрошчаную форму аўтар настройвае свайго рэцыпiента да асэнсавання складаных экалагiчных праблем. Па сваёй сэнсавай насычанасцi казкi В. Шырко наблiжаюцца да фiласофскай прозы. Адной з важных асаблiвасцей сучасных беларускiх казак з’яўляецца iх пазнавальная скiраванасць. Пiсьменнiкi iмкнуцца, каб казка не толькi выхоўвала, але i вучыла, знаёмячы з лiтарамi («Пра Андрэйку Добрыка i чорцiка Дуронiка» У. Лiпскага). Мастацка-пазнавальныя казкi наблiжаюць да дзiцячага разумення навуковыя веды, садзейнiчаюць сацыялiзацыi дзяцей, бо звязваюць тэарэтычныя веды з практыкай, рэалiзуючы адзiн з асноўных прынцыпаў дыдактыкi.

Асаблiвасцi развiцця драматургii для дзяцей.

У сённяшняй беларускай драматургii для дзяцей адчуваецца яўны фальклорны рэнесанс, звязаны ў першую чаргу з асваеннем фальклорных сюжэтаў i распрацоўкай жанру драматургiчнай лiтаратурнай казкi. Пры гэтым назiраецца творчы падыход пры выкарыстаннi казачных матываў i вобразаў, мiфалагiчных сюжэтаў.

П’еса С. Кавалёва «Звар’яцелы Альберт, або Прароцтвы шляхцiца Завальнi» – гэта п’еса мiстычная. З мiстычных персанажаў тут прысутнiчаюць чарнакнiжнiк, Белая сарока, цмок, Нiкiтрон – бог агню, пачвары, прывiды. У палескiм маёнтку Магiльна пасля смерцi старога пана ўладаром маёнтка стаў пан Альберт. Ён любiў пiць, гуляць. Хутка ён залез у даўгi. Амелiя выхоўвалася ў пана Марагоўскага i была яму за дачку. Калi пан памёр, то ўся маёмасць, 2 тысячы талераў, адышла да Амелii. Ι вось пан Альберт вырашыў узяць з Амелiяй шлюб i атрымаць за ёй багаты пасаг. Але ён задумаўся, што Амелiя можа i адмовiць. Ён падумаў, што падзякаваў бы i д’яблу, калi б паспрыяў у гэтых справах здзейснiць задуманае. У поўнач у пакоi, невядома адкуль з’явiўся чарнакнiжнiк. Чарнакнiжнiк абяцаў дапамагчы Альберту, а ўзамен папрасiў пасялiцца ў яго доме. Амелiя не шкадуе грошай, а шкадуе свайго загубленага жыцця. Па загаду чарнакнiжнiка Альберт убраў вясковыя могiлкi. Ι на глухiм возеры налавiў рыбы (пачвар). Лёкай Карпа таксама звярнуўся да чарнакнiжнiка, ён хацеў разбагацець, каб ажанiцца з пакаёўкай Агапкай. Але яму гэта не ўдалося: Цмок увёў Агапку пад зямлю. Чарнакнiжнік вучыць Альберта: «Калi будзеце глядзець на ўсё без прыкрасцi i страху – лепш уладкуецеся на свеце». Гаспадыня чарнакнiжнiка Белая Сарока хоча завалодаць светам. Альберт падабаўся Белай Сароцы i яна падаравала яму дыямент. Тамаш i Завальня разважаюць аб тым, што Альберт зусiм звар’яцеў, Тамаш кажа, што гэта яго намовiў чарнакнiжнiк. Тамаш хацеў кадзiлам акурыць памяшканнi маёнтка, але чарнакнiжнiк забраў у яго кадзiла. У горадзе ходзяць чуткi пра Плачку. Альберт распытаў у Тамаша пра яе, ён чуў, што на месцы з’яўлення Плачкi схаваны каштоўныя скарбы. Тамаш прывёў Альберта з чарнакнiжнiкам на месца з’яўлення Плачкi. У гэты час Амелiя знайшла ў пакоі чарнакнiжнiка вялiзную кнiгу, у якой папера чорная, а лiтары белыя. Прачытаўшы некалькi радкоў Амелiя нечакана выклiкала Нiкiтрона – бога агню. Амелiя памiрае, яна спалiла кнiгу. Чарнакнiжнiка забiла маланка. Плачка адпусцiла Тамаша i параiла яму сказаць людзям: «Не дадуць вам шчасця скарбы, калi мiласэрнасць не змягчыць вашае сэрца»… Толькi мужнасць i любоў да бацькаўшчыны дапамогуць выстаяць на гэтай зямлi сярод няшчасцяў i прыгнёту. Альберту Плачка сказала, што ён жыў як вар’ят, дык стань жа сапраўдным вар’ятам да канца дзён сваiх. Карп, калi даведаўся, што Агапка збегла з нейкiм малайцом, павесiўся. Спраўдзiлiся папярэджаннi Плачкi: ваяры Белай сарокi ўварвалiся ў наш край.

Наватарствам ў галiне беларускай драматургii канца ХХ ст. для дзяцей з’яўляецца выкарыстанне элементаў трылера. Яркiм прыкладам такога роду твораў з’яўляецца п’еса «У чорным-чорным горадзе» М. Адамчыка i М. Клiмковiча, жанр якой самi аўтары вызначылi як «жахi ў чатырох дзеях». У гэтым творы выкарыстоўваюцца элементы «чорнага гумару» пра чорную руку, белую прасцiну, люстраную шафу i iнш. Пiсьменнiкi iмкнулiся прапанаваць дзецям шляхi пераадолення ўнутранага страху: убачыць у страшным смешнае. Мама кажа дзецям: «Навыдумляюць сабе розных жахаў, а потым самi баяцца». У творы развенчванне адбываецца праз абсурднасць самiх персанажаў – Пацук, якi жыве ў шафе, Ведзьма, якая гандлюе ў кiёску марожаным, Белая прасцiна, якая лятае па горадзе, Чорная рука, якая забiрае дзяцей.

У першай дзеi «Люстраная шафа» Пацук з’ядае вячэру, якая прызначана для дзяцей, Таты, Мамы, потым усё, што ёсць у доме, пiрожныя, нават цэглу, расфарбаваную пад торт, збiраецца з’есцi бочку капусты. У апошняй дзеi адбываецца гiпербалiзацыя пачуцця жаху, звязанага са з’яўленнем Чорнай Рукi, якая хапае ўсiх i цягне невядома куды. Урэшце недарэчнасць сiтуацыi заключаецца ў тым, што ў фiнале кожнай дзеi гiпербалiчнае развенчваецца: Пацука закалацiлi ў бочцы, Чорная Рука аказалася згубленай пальчаткай Таты. 

 

Літаратура :

1. Канцэпцыя вучэбнага прадмета «Беларуская літаратура» // Роднае слова. – 2009. – № 8. – С. 80 – 89.

2. Лазарук, М.А. Навучанне і выхаванне творчасцю : педагагічныя роздумы і пошукі / М.А. Лазарук. – Мінск : Нар. асвета, 1994.

3. Белинский, В.Г. Полн. собр. соч.: в 13 т. / В.Г. Белинский. – Москва : Изд-во АН СССР, 1953 – 1956. – Т. 1.

4. Толстой, Л.Н. Литература, искусство : сб. ст. / Л.Н. Толстой. – Москва : Современник, 1978.

 



ІІ. ПРАКТЫЧНЫ РАЗДЗЕЛ


Поделиться:



Последнее изменение этой страницы: 2019-03-31; Просмотров: 2090; Нарушение авторского права страницы


lektsia.com 2007 - 2024 год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! (0.036 с.)
Главная | Случайная страница | Обратная связь