Архитектура Аудит Военная наука Иностранные языки Медицина Металлургия Метрология
Образование Политология Производство Психология Стандартизация Технологии


Сувязь з фальклорам – адна з характэрных асаблівасцей творчасці Ф. Багушэвіча.



У XIX стагоддзе для дзяцей пісау Францішак Багушэвіч, які ў свой час казаў пра неабходнасць стварэння кніжак для дзяцей на роднай мове. Сувязь з фальклорам была адной з характэрных асаблівасцей яго творчасці. Самым блізкім да дзіцячага фальклору можна назваць яго верш «Калыханка». А ў аснове яго паэмы «Кепска будзе! » закладзены драматычны лёс хлопчыка, які з ранніх гадоў пазнаў сіроцтва і несправядлівасць улад. Гэты твор выхоўвае спачуванне, міласэрнасць і неабыякавасць да цяжкай долі. Мае сацыяльны падтэкст і яго байка «Воўк і авечка», у якой у вобразе ваўка выступае аканом, які адпраўляе сына сялянкі ў рэкруты.

Вытокі творчасці Ф. Багушэвіча ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэтычнымі традыцыямі славянскай паэзіі.

Першымі вядомымі паэтычнымі спробамі Францішка Багушэвіча лічаць знойдзеныя ў Львове вершы на польскай мове: «Новы 1886 год», «Прывід надзеі», «Хто гэта? », напісаныя ў 1885—86 г.

Першае вядомае публічнае выступленне Багушэвіча-літаратара адбылося 4 красавіка 1885 на старонках польскага часопіса «Край», што выдаваўся ў Пецярбургу. За сем гадоў (1885—1891) «Край» змясціў звыш паўсотні артыкулаў і нататак, якія дасылаў Францішак Багушэвіч, падпісваючы іх рознымі псеўданімамі: Huszicz (утворана ад скарачэння прозвішча), Ten, Tamten, Demos і інш. Яго віленскія допісы саркастычныя і балюча-праўдзівыя, статыстычна-інфармацыйныя і ярка публіцыстычныя. Праз іх выкоўвалася, сталела, удасканальвалася майстэрства Багушэвіча-публіцыста. Выступленні Ф. Багушэвіча на старонках «Краю» ў канцы 1880-х спыніліся і амаль канчаткова перарваліся. Разрыў супрацоўніцтва трэба разумець як нежаданне пісьменніка падтрымліваць згодніцкую палітыку, да якой схіляліся польскія ліберальныя дзеячы.

Увосень 1891 ў Кракаве выходзіць першы зборнік паэта «Дудка беларуская» пад псеўданімам Мацей Бурачок. Пры жыцці паэта пад псеўданімамі былі надрукаваны вершаваны зборнік «Смык беларускі» (Познань, 1894) і апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892).

Лёс іншых твораў Багушэвіча — зборнікаў «Скрыпачка беларуская» і «Беларускія апавяданні Бурачка» дагэтуль нявысветлены. У некаторых некралогах па аўтару згадвалася, што кніжка паспела выйсці ў свет і нават з партрэтам аўтара, але ніводнага асобніка выдання дагэтуль не выяўлена. Польскі літаратар Люцыян Узембла ў адным са сваіх артыкулаў напісаў нават пра змест «Скрыпачкі»: «Складаюць яе выдатныя творы, напісаныя таленавіта: маналогі байка, сялянская элегія, з'едлівая аповесць».

У 1906 г. выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» паведамляла на старонках «Нашай Нівы», што ў хуткім часе збіраецца выдаць «Скрыпачку», але ўрэшце, гэта так і не было зроблена. Пра тое, што рукапіс «Скрыпачкі» меў прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла, захавалася нямала сведчанняў, найбольш аўтарытэтнае сярод якіх — сведчанне яго асабістага знаёмага прафесара Міхаіла Піятуховіча. Пасля высылкі Эпімах-Шыпілы ў пачатку 1930-х гг. з Мінска ў Ленінград, лёс рукапісу невядомы. Ва ўсялякім выпадку, у Беларускую акадэмію навук рукапіс не быў перададзены разам з яго бібліятэкай.

Акрамя «Скрыпачкі беларускай», не дайшоў да нас таксама і зборнік «Беларускія апавяданні Бурачка», які за год да смерці паэта быў здадзены ў Віленскую губернскую друкарню. «Наша ніва» друкавала апавяданні менавіта з гэтага зборніка.

Выступаючы ад імя ўсяго працоўнага беларускага народа, Францішак Багушэвіч быў пераважна ідэалагічным прадстаўніком сялянства. З сялянствам, а таксама з дэмакратычнай інтэлігенцыяй звязваў ён свае вызваленчыя ідэалы. Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе»), Петрука Пантрука («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш. Сацыяльныя пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зборнік «Смык беларускі») — узор выкарыстання беларускай народнай песні і насычэння яе сацыяльным і філасофскім зместам.

Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе! »), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыстычны маналог («Мая душа», «Дурны мужык, як варона»), філасофскі роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка народнай казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Ф. Багушэвічу належаць і першыя ў беларускай літаратуры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» зместам і формай звязаны з народнай гумарэскай; «Тралялёначка» бліжэй да літаратурнай традыцыі, тут увасоблена расслаенне беларускай вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам.

У творчасці Ф. Багушэвіча таленавіта спалучаны гісторыка-філасофскае і мастацкае асэнсаванне лёсу беларускага народа, ва ўвесь голас гучаць матывы нацыянальнага адраджэння. Палітычнае і грамадскае крэда паэта найбольш выразна выказана ў прадмове да зборніка «Дудка беларуская», дзе выкладзены погляды на беларускую мову як на мову «нам ад Бога даную», «для нас святую». Ф. Багушэвіч лічыў мову «адзежай душы», асновай існавання нацыі, клікаў шанаваць родную мову, «каб не ўмерлі». У прадмове акрэслены вехі гісторыі края з часу ВКЛ, у якім Беларусь была «як тое зярно ў гарэху», прыблізна вызначана яе тэрыторыя («ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат іншых мястэчак і вёсак…»).

Светапогляд і ідэйныя перакананні адлюстроўвалі наспелыя патрэбы нацыянальнага адраджэння і развіцця народаў, пазбаўленых сваіх суверэнных правоў на самастойнае грамадскае і духоўна-культурнае існаванне, адбудову сваёй дзяржавы. У публіцыстычных прадмовах (напр., да зборніка «Дудка беларуская») і праграмных вершах Ф. Багушэвіч выказаны асноватворныя прынцыпы ідэалогіі нацыянальнага вызвалення. Праблему мовы ён вылучае як асноўную праблему нацыянальнага жыцця, лічыў нацыянальную мову найважнейшай формай выяўлення духоўнасці народа, найбольш устойлівай, асноўнай прыкметай нацыі.

Моцным і шматгранным было ідэйна-творчае ўздзеянне Ф. Багушэвіча на паслядоўнікаў. Яго спадчыну наследавалі ў сваёй творчай дзейнасці А. Гурыновіч, Цётка, Я. Купала, Я. Колас, Я. Ціхінскі.

8. Янка Лучына. Думка пра “сонца навукі” для дзяцей, выказаная ў вершы “Роднай старонцы”.

Янка Лучына — гэта адзін з псеўданімаў Івана (Яна) Неслухоўскага, найбольш часты і стабільна ўжываны. Ім паэт падісваў толькі творы на беларускай мове. Узяты ад страчанай часткі прозвішча продкаў, прыдомка Лучыўка, псеўданім сімвалізаваў духоўную лучнасць творчасці паэта з беларускім народам і яе асветніцкую ролю, прыпадобненую лучыне, сціплай крыніцы святла ў сялянскай хаце.

У вершы «Роднай старонцы» паўстае зрокавы малюнак радзімы паэта, заснаваны на канкрэтных вобразах-прыкметах роднага краю і падсвечаны шчымлівым пачуццём любасці да айчыны. Гэтае пачуццё паэта і ў шчырай спагадзе сацыяльна прыніжаным насельнікам Беларусі, і ў непахіснай веры ў будучыню роднай старонкі, у будучыню яе народа:

Роднай старонцы

Ты параскінулась лесам, балотамі,

Выдмай пясчанай, неураджайнаю,

Маці-зямліца, і умалотамі

Хлеба нам мерку не даш звычайную.

А сын твой, беднаю адзет сярмягаю,

З лыка пляцёныя лапці абуўшы,

Едзе драбінамі ці калымагаю,

Конем, што цягне, як бы заснуўшы...

Усё ў табе бедна. Часта заплача

Мужык-араты дзеля злой долі,

Цяжка працуючы. Ён жа, аднача,

З табой расстацца не жджэ ніколі.

I непрыглядную хату з пажыткамі,

I поле скупое, выган без пашы

Мы, апрануўшыся старымі світкамі,

Любім і цэнім − бо яны нашы.

Дасць Бог, крывавым потам аратаму

Здабрыць пясчану зямліцу здарыцца,

Быць добра сытаму, хоць не багатаму,

А дзеля празніка і чарка нам зварыцца.

Сонца навукі скрозь хмары цёмныя

Прагляне ясна над нашай ніваю,

I будуць жыці дзеткі патомныя

Добраю доляй − доляй шчасліваю!..

 

 

9. Значэнне твораў П. Багрыма, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча ў развіцці дзіцячай літаратуры.

У другой палове XIXст. пачаўся новы этап у развіцці беларускай літаратуры, абумоўлены новымі з'явамі ў сацыяльна-эканамічным і палітычным жыцці. Яркім прыкладам мастацкай рэвалюцыйнай публіцыстыкі з'яўляецца газета К.Каліноўскага «Мужыцкая праўда» і яго «Пісьмы з-пад шыбеніцы».

Традыцыі пачатку 60-х гадоў XIXст. прадоўжылі Ф. Багушэвіч, А. Гурыновіч і Я. Лучына, якія прыйшлі ў літаратуру ў канцы 80 — пачатку 90-х гадоў.

Беларуская літаратура на фоне агульнаеўрапейскага гістарычнага працэсу як натуральнае выяўленне нацыянальнага духу. Агульначалавечае і нацыянальна-самабытнае ў змесце, характары і напрамку ідэйна-эстэтычнага станаўлення беларускай літаратуры. Унікальнасць “нацыянальнай сітуацыі”, элементы “крызіснай свядомасці” і парадоксы творчага пошуку, якія выявіліся ў ідэі паскоранага грамадска-культурнага і мастацка-літаратурнага развіцця, у з’явах мастацкага сінкрэтызму “старога” і “новага”, “традыцыйнага” і “наватарскага”, “аптымістычнага” і “песімістычнага”, “трагікамічнага”.

Літаратурацэнтрызм беларускага вызваленчага руху і роля творчай інтэлігенцыі ў абуджэнні нацыянальнай і чалавечай годнасці беларусаў. Багацце творчых індывідуальнасцей, шматстайнасць ідэйнага і эстэтычнага пошуку. Асноўныя філасофска-мастацкія ідэі, архетыпы і вобразы, міфалагемы і лейтматывы беларускай літаратуры 20 стагоддзя. Жанрава-стылёвы абсяг мастацкай літаратуры, міжродавыя формы і дыфузія жанраў.

Пачынальнік крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры, Ф. Багушэвіч праз дэмакратычную паэзію і публіцыстыку станоўча паўплываў на сваіх сучаснікаў — Я. Лучыну і А. Гурыновіча.

У творчасці Я. Лучыны (І. Неслухоўскага) знайшлі адлюстраванне любоў да беларускага селяніна, імкненне бачыць яго адукаваным і шчаслівым. Лірычны верш з'яўляецца асноўным жанрам яго творчасці на беларускай мове.

Літаратурных твораў А. Гурыновіча захавалася вельмі мала. За рэвалюцыйную дзейнасць паэт быў арыштаваны царскімі ўладамі.

У сваіх лірычных і сатырычных вершах ён асноўную ўвагу надаваў паказу жыцця беларускага сялянства, заклікаў яго да барацьбы. Творы А. Гурыновіча былі выдадзены толькі пасмяротна.

Паўлюк Багрым

Зайграй, зайграй, хлопча малы...

Зайграй, зайграй, хлопча малы,

І ў скрыпачку, і ў цымбалы,

А я зайграю ў дуду,

Бо ў Крошыне жыць не буду.

 

Бо ў Крошыне пан сярдзіты,

Бацька кіямі забіты,

Маці тужыць, сястра плача:

«Дзе ж ты пойдзеш, небарача?..»

 

Дзе ж я пайду? Мілы Божа!

Пайду ў сьвет, у бездарожжа,

У ваўкалака абярнуся,

З шчасьцем на вас азірнуся.

 

Будзь здарова, маці міла!

Каб мяне ты не радзіла,

Каб мяне ты не карміла,

Шчасьліўшая ты бы была!

 

Каб я каршуном радзіўся,

Я бы без паноў абыўся:

У паншчыну б не пагналі,

У рэкруты б не забралі

І ў маскалі не аддалі.

 

Мне пастушком век ня быці,

А ў маскалях трудна жыці,

А я і расьці баюся,

Дзе ж я, бедны, абярнуся?

 

Ой, кажане, кажане!

Чаму ж ня сеў ты на мяне?

Каб я большы не падрос

Ды ад бацькавых калёс.

10. Маральна-этычная праблематыка апавяданняў з кнігі Цёткі “Гасцінец для малых дзяцей”.

Нарадзілася Цётка (Алаіза Пашкевіч) у 1876 г. у вёсцы Пешчына на Гродзеншчыне ў заможнай сялянскай сям'і. Вучылася ў віленскай прыватнай гімназіі Прозаравай, у Пецярбурзе на агульнаадукацыйных курсах Лесграфта (1902-1904). З'яўлялася адным з заснавальнікаў і членам ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады. Прымала актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1905 г. у Вільні. Пад пагрозай арышту ў канцы 1905 г. эмігрыравала у Галіцыю. Некалькі разоў пад чужым прозвішчам наведвала радзіму. Прымала удзел у выданні першай беларускай легальнай газеты " Наша доля" (1906).

У 1911 г. у эміграцыі вышла замуж за літоўскага інжынера С. Кейрыса і, змяніўшы прозвішча, змагла вярнуцца ў Беларусь. З вандроўным тэатрам І. Буйніцкага аб'езділа нямала мястэчак і гарадоў. Выступала ў спектаклях " Па ревізіі" М. Крапіўніцкага, " У зімовы вечар" па творы Э. Ажэшкі. Была рэдактарам часопіса для беларускай моладзі " Лучынка" (1914).

З пачаткам першай сусветнай вайны працавала сястрой міласэрнасці ў ваенным шпіталі ў Вільні.

Пачала пісаць на пачатку 900-х гадоў пад уздзеяннем твораў Ф. Багушэвіча.

У эміграцыі ў 1906 г. выйшлі зборнікі вершаў " Хрэст на свабоду" і " Скрыпка беларуская". Выдала першыя кнігі на роднай мове для дзяцей: " Лемантар", " Гасцінец для малых дзяцей", " Першае чытанне для дзетак-беларусаў". Выступала як паэт, празаік, публіцыст, перакладчык.

Памерла ў 1916 г., дапамагаючы землякам у час эпідэміі тыфу.

Алаіза Пашкевіч (Цётка) падняла праблему выхавання ў юнага пакалення любові да роднага слова. Яе асветніцкая дзейнасць адыграла пэўную ролю ў станаўленні літаратуры для дзяцей. У 1906 годзе выйшла яе кніга вершаў «Першае чытанне для дзетак беларусаў», у якой яна закранула тэму жыцця беларускай вёскі. Таксама яна надавала ўвагу фальклорнай тэматыцы (казкі, прыказкі, загадкі, прыпеўкі), закранала маральна-этычную праблематыку (кніга «Гасцінец для малых дзяцей», 1906 г.). Цётка стала пачынальніцай навуковай белетрыстыкі для дзяцей (пісала артыкулы на старонках часопіса «Гутаркі аб птушках»: «Жаваранак», «Пералётныя птушкі» і інш.)

У 1906 г. Цётка выдае яшчэ адну кнігy для дзіцячага чытання «Гасцінец для малых дзяцей». Матэрыял чытанкі цесна звязаны з жыццём сялянства. Можна падкрэсліць высокія маральныя якасці, шчырасць пачуццяў i глыбокі розум, характэрныя для сялянскіх дзяцей. Яна знаёміць дзяцей з родным краем, вучыла бачыць яго прыгажосць i заклікала да барацьбы за яго лепшую долю.


Поделиться:



Последнее изменение этой страницы: 2019-03-30; Просмотров: 1191; Нарушение авторского права страницы


lektsia.com 2007 - 2024 год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! (0.034 с.)
Главная | Случайная страница | Обратная связь