Архитектура Аудит Военная наука Иностранные языки Медицина Металлургия Метрология
Образование Политология Производство Психология Стандартизация Технологии


Адметныя рысы творчасц i Янк i Купалы для юнага чытыча



 

Твораў, напісаных спецыяльна для дзяцей, у Я. Купалы няшмат. У 1921–1922 гг. на старонках часопіса “Зоркі” друкаваліся такія яго творы для дзяцей, як “Задачкі”, “Песня і казка”, “Бай”, “Вяртаюцца з выраю жоравы, гусі...”, “Сын і маці”, “А зязюлька кукавала...”, “Мароз”, “Кароль”. У той жа час сярод твораў Я. Купалы, напісаных для дарослых, шмат такіх, якія могуць быць цікавымі школьнікам як творы – сведчанні пра пэўны гістарычны час. У іх адлюстраваны лёс, жыццёвыя праблемы людзей (дзяцей у тым ліку) у дарэвалюцыйны і савецкі час. Пры гэтым варта адзначыць і тое, што лірыка Я. Купалы не паддаецца адназначнаму сэнсаваму тлумачэнню. Вобразы паэтавых твораў – гэта вобразы аб’ёмныя ў сэнсавых адносінах, грамадзянска-філасофскія. Да ліку такіх вершаў адносяцца, напрыклад, “Над калыскай” (“Спі, маленькі мой сыночак!..”) (1906), “Над калыскай” (“Люлі, спі, мой сынку!..”) (1906–1910), “Сын і маці” (1919), “Вяртаюцца з выраю жоравы, гусі...” (1921) і інш. Без дадатковага тлумачэння настаўніка вучням будзе цяжка зразумець аб’ёмны сэнс вершаў “Сын і маці”, “Вяртаюцца з выраю жоравы, гусі…”. Тут абавязкова трэба раскрыць асаблівасці грамадзянскай пазіцыі Я. Купалы ў паслякастрычніцкі перыяд, калі паэт пакутліва асэнсоўваў шляхі, па якіх пойдзе Беларусь у будучае (паэт прадбачыў, што яно будзе супярэчлівым). Вершы Я. Купалы для дзяцей і ў дзіцячым чытанні, створаныя ў розныя перыяды творчасці, можна прадставіць у наступных тэматычных групах.

Дакастрычніцкі перыяд

Творы сацыяльнага, сямейна-побытавага зместу: “Над калыскай” (“Спі, маленькі мой сыночак!..”), “Сірочая доля”, “Над калыскай” (“Люлі, спі, мой сынку!..”) і інш. У творах адбываецца асэнсаванне праблемы лёсу чалавека, перспектыўных жыццёвых шляхоў, на якія можа стаць чалавек у пэўных абставінах. Літаратурныя героі гэтых твораў – маці, дзіця, сірата, а таксама вобраз лірычнага героя, які асэнсоўвае долю чалавека ад яго нараджэння да смерці (“Сірочая доля”). Форма гэтых вершаў – калыханка, песня, знаёмая для юнага чытача, спрыяе больш глыбокаму разуменню іх сэнсу.

Творы пазнавальна-выхаваўчага зместу: белетрызаваныя “Задачкі”. У іх не проста прапаноўваецца матэматычная ўмова, але і акрэсліваецца падзейная сітуацыя, якая вымагае лагічнага вырашэння. Такія кароткія белетрызаваныя задачкі спрыяюць развіццю лагічнага мыслення і вынаходлівасці дзіцяці.

Савецкі перыяд

Творы грамадзянскага, патрыятычнага зместу: “Арлянятам”, “Піянерскае”, “Сыны”. Ва ўмовах, калі ў перыяд канца 20–30-х гг. XX ст. гаварыць праўду было небяспечна, калі пры татальным цэнзурным кантролі данесці адкрыта праўду да чытача было практычна немагчыма, паэт стаў гаварыць са сваім удумлівым сучаснікам-чытачом стылізаванай мовай і стылізаванымі (пад формы мыслення новага часу) сэнсаўтваральнымі формамі. І такая мова, і такія формы адлюстроўвалі сутнасць новага часу. Паміж радкамі такой стылізацыі паэту ўсё ж удавалася сказаць істотнае – тое, што магло быць заўважана пільнымі сучаснікамі і ўзята за узор грамадзянскай пазіцыі, за ўзор адносін да рэчаіснасці, якая, акрамя негатыўнага, давала і прыклады пазітыўнага развіцця абставін.

У такім кантэксце варта звярнуць увагу на вершы “Арлянятам” (1923) і “Піянерскае” (1926) – творы першай паловы 1920-х гг., перыяду, калі, здавалася, яшчэ можна было адкрыта выказвацца. Але гэта толькі на першы погляд. Ужо ў гэты час разгортваўся татальны кантроль над грамадскай свядомасцю. Сведчаннем таму можа быць, напрыклад, спроба стварэння літаратурнай арганізацыі “ВІР”. У 1922 г. Я. Купала падпісаў устаноўчыя дакументы маючага ўтварыцца літаратурнага таварыства “ВІР”. Супрацоўнікі Народнага камісарыята ўнутраных спраў пасля праверкі “палітфізіяномій” заснавальнікаў таварыства прыйшлі да заключэння аб іх палітычнай нядобранадзейнасці (Я. Купала пасля такой праверкі быў названы “беларускім пісьменнікам-шавіністам”), у выніку чаго бальшавікі забаранілі ўтварэнне таварыства.

Купала ва ўсе перыяды творчасці быў надзелены найдзіўнейшай асаблівасцю не толькі бачання сутнасці таго, што адбываецца ў жыцці, але і прадбачання будучыні свайго народа. І такія асаблівасці яго таленту прадвызначалі характар гутаркі паэта з сучаснікам. Так, напрыклад, глыбока асэнсоўваючы сутнасць бурапеннасці новага часу, негатыўны ўплыў яе на фарміраванне грамадзянскай свядомасці маладога пакалення, Купала, заклікаючы моладзь (арлянят) змесці “цень мінуўшчыны праклятай” (стылізацыя пад заклікі новага часу), у той жа час звяртаў увагу на іншае. І гэтае іншае было галоўным у працэсе самавыхавання. Менавіта самавыхавання, бо ў новых умовах спадзявацца на эстэтычную перспектыву бальшавіцкага выхавання не даводзілася.

Творы сацыяльнага, сямейна-побытавага зместу: “Сын і маці”, “Алеся” і інш.). У вершы-дыялогу “Сын і маці” маленькі хлопчык пытаецца ў маці, чаму яна так плача, гледзячы ў неба, ды яшчэ крыжамі яго знача. Маці адказвае, што ад неба залежыць ураджай, – град можа выбіць збожжа. Чорная хмара праходзіць, не зачапіўшы хату, але ж маці плача без упынку.

Для Я. Купалы пры асэнсаванні рэчаіснасці і перспектыў развіцця Бацькаўшчыны будучае было цесна паяднана з сучаснасцю. Надзеяй будучыні былі дзеці. У гэтых і іншых творах паэт звяртаўся з яшчэ адным аспектам для асэнсавання дарослым чытачом: будучае залежыць таксама ад выхавання дзяцей. У гэтых адносінах творчасць Купалы вельмі гарманічна кладзецца ў кантэкст нацыянальна-адраджэнскага руху 20-х гг. XX ст. працэсу, паказальнай рысай якога было нацыянальнае выхаванне.

Творы пра дзіцячыя захапленні, свет дзіцячых уяўленняў: (“Кароль”, “Хлопчык і лётчык” і інш.) Калі ў вершы-аповедзе “Кароль” (1922) адлюстраваны вобразныя ўяўленні хлопчыка-пастушка, што бачыць сябе каралём прасторы, на якой пасецца яго статак, то лірычны герой верша “Хлопчык і лётчык”’ (1935) – гэта маленькі рамантык новага часу. Твор вельмі ўдала перадае гераічна-рамантычныя захапленні і памкненні дзяцей савецкага часу. Варта адзначыць, што гэты верш-зварот (верш-прамова) быў папулярным сярод дзяцей на працягу цэлай эпохі. І гэта натуральна: у ім праўдзіва, жыва, пераканаўча, матывавана перададзены памкненні маленькага хлопчыка, які марыў стаць лётчыкам.

У 1942 г. быў напісаны верш “Хлопчык і лётчык на вайне”. Герой гэтага верша-звароту, трэба меркаваць, усё той жа, што і ў вершы 1935 г., але ўжо падрослы. Ён і цяпер марыць быць лётчыкам, толькі ўжо дзеля таго, каб помсціць фашысцкім захопнікам за зробленае імі зло.

Прыродазнаўчы змест – верш-аповед “Мароз” (1921). У ім створаны карціны зімовай казкі, дзе каронаю марозу бор, а “тронам-пасадам бел-снег”. Лес тут паказаны палацам. А воўк і мядзведзь, вавёрка і лось – яго ахоўнікамі.

Эстэтычны змест – верш “Песня і казка” (1921), дзе паэтычна вызначаюцца асаблівасці ўздзеяння казачна-песеннага свету на свядомасць дзіцяці, акрэсліваецца пазнавальная роля паэтычных вобразаў.

Павучальна-пазнавальны змест – верш-забаўлянка “Бай” (1921). Твор мае ланцужковы прынцып пабудовы, характэрны для народных “баяў”. Казачны персанаж – апавядальнік-Бай – гутарыць з дзіцём з той мэтай, каб пазабаўляць яго. Ён расказвае, як труцень-ашуканец убіваецца ў працавітую пчаліную сям’ю і пачынае жыць за яе кошт. Калі на ўсе ранейшыя пытанні Бая аб тым, “баіць ці не” далей, дзіця адказвала “баіць”, то ў фінале верша, даведаўшыся пра дармаедства трутня, маленькі субяседнік не жадае далей слухаць пра яго. Гэтым самым аўтар звяртае ўвагу на здольнасць дзіцяці рабіць адпаведныя маральныя вывады і паказвае ўзор адносін да негатыўных праяў жыцця: дзіця павінна ад іх адмежавацца.

 

 


Поделиться:



Последнее изменение этой страницы: 2019-03-30; Просмотров: 1595; Нарушение авторского права страницы


lektsia.com 2007 - 2024 год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! (0.014 с.)
Главная | Случайная страница | Обратная связь