Архитектура Аудит Военная наука Иностранные языки Медицина Металлургия Метрология Образование Политология Производство Психология Стандартизация Технологии |
Гуманiстычная скiраванасць, прапаведзь дабра i справядлiвасцi у творах С. Грахоускага
Сяргей Іванавіч Грахоўскі – паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык – адзін з тых, чый жыццёвы шлях быў азмрочаны дзесяцігоддзямі сталінскага ГУЛагу. Творчасць гэтага таленавітага паэта, а быў ён найперш паэт, вызначаецца ў беларускай літаратуры незвычайна плённымі і важкімі мастацкімі дасягненнямі ў самых розных жанрах, прыцягвае ўвагу гуманістычнай скіраванасцю, шчырым лірызмам і моцным публіцыстычным пафасам. Нарадзіўся будучы пісьменнік 25 верасня 1913 года ў мястэчку Нобель Пінскага павету Мінскай губерні (цяпер Зарэчнянскі раён Ровенскай вобласці, Украіна) у сялянскай сям'і. У 1914 г. разам з бацькамі пераехаў у мястэчка Глуск на Магілеўшчыне. У 1930 г. пачаў працаваць рабочым на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1931-1932 гг. працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР, у газеце " Чырвоная змена". Скончыў газетна-выдавецкае аддзяленне літаратурнага факультэту Мінскага педагагічнага інстытута (1935), працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, выкладчыкам літаратуры на рабфаку пры БДУ. Пасля рэабілітацыі з 1956 па 1973 гг. працаваў на радыё, у часопісах " Бярозка" загадчыкам аддзела рэдакцыі (1957-1959), " Вясёлка" (1960-1973). Больш за паўвека пісьменнік актыўна супрацоўнічаў з радыё і тэлебачаннем. У 80-х гадах вёў рэгулярную літаратурна-адукацыйную тэлеперадачу " Літаратурная Беларусь". Творчую біяграфію Сяргея Грахоўскага можна назваць драматычнай. Першы яго верш быў надрукаваны ў часопісе " Беларускі піянер" (1926), калі аўтару споўнілася 13 год. Першы ж вершаваны зборнік " Дзень нараджэння" (1968) пабачыў свет толькі праз 32 гады. А паміж гэтымі датамі — страчаная маладосць, абарваныя юнацкія мары і надзеі, пакутніцкі шлях, раздзелены з мільёнамі нявольнікаў, " заплямленых страшэнным таўром 58-й пробы". Многія вершы першага зборніка пазначаны пякучым болем душы, нагадваюць пра жыццёвыя страты, з'яўляюцца ўспамінамі пра маладосць, маці, каханую (" Белыя ліпы", " Я цябе прыгадаў", " Ноч над Мінскам", " Мама", " Ты помніш чэрвеньскія ночы" ). Паэт сцвярджае, што чалавеку і прыродзе патрэбна не толькі спагада, але найперш дабрата, людская ўвага і ласка. Ён выказвае глыбокую занепакоенасць станам прыроды, з болем і трывогай гаворыць пра неразумнае, неашчаднае карыстанне яе дабротамі. Яму невыносна бачыць мечаныя шрамамі, базадказнай вырубкай пушчы, спрамленыя рэкі, асушаныя без меры балоты, атамныя грыбы. Паэт разумее не абстрактна, а канкрэтна, як актыўную дзейнасць, неабходнасць " тварыць дабро, як дыхаць і любіць" (" Калі прыходзіць неспадзеўкі сталасць...", " Баліць душа за кожнага калеку...", " Нельга ні забыцца, ні адкласці...", " Сэрца", " Свята душы", " Прага душы" ). Уменне тварыць дабро разглядаецца паэтам як найвышэйшая праява духоўнасці, як своеасаблівы талент (" Дабрата" ). Дабрата, любоў, каханне, шчасце — гэтыя філасофскія катэгорыі з'яўляюцца асноўнымі ў лірычным роздуме С. Грахоўскага. Здольнасць праяўляць любоў да людзей, да зямлі, да кожнай маленькай істоты з'яўляецца неабходнай умовай для шчасця (" Патрэбен чалавеку чалавек", " Любоў", " Давер" ). Шмат сваіх твораў паэт прысвяціў маці. У вершах розных гадоў не раз прыгадаецца дарагі вобраз: " Пачатак дарогі" (1959), " Разам з маці" (1969). Маці бачыцца заўсёды ў працы: " То жне, то сцеле лён у непагоду, то месіць хлеб на досвітку ў дзяжы". Прысутнасць маці ў сынавым лёсе адчуваецца нязменна: то зрокава асязальна, то псіхалагічна. Як анёл-ахоўнік, яна аберагае сына ад няшчасцяў і бедаў. У лірыцы Сяргея Грахоўскага ёсць нямала вершаў, дзе дэкларуецца вернасць Радзіме, гатоўнасць аддаць за яе жыццё: " Вера" (з прысвячэннем У. Мяжэвічу, разам з якім пакутаваў на этапных дарогах), " Беларусь", " Радзіма", " Бацькаўшчыне". Пісьменнік шмат стварыў і для дзяцей. Выйшлі кнігі вершаў " Ад вясны да вясны (1959), " Сёння і заўтра" (1961), " Гарыць касцёр" (1966), " Сонечная сцежка" (1980), " Знаходка" (1985), зборнік апавяданняў " Агеньчык у акне" (1972). Нямала цікавых вершаў, казак, легендаў адрасавана дзецям: " Дзяцел", " Ласяня", " Ходзіць сон", " Вася Вясёлкін ляціць на Месяц", " Слон" і іншыя. Сяргей Грахоўскі вядомы і як перакладчык. Таленавіты пісьменнік прайшоў доўгі, хоць і складаны жыццёвы шлях, пакінуў сваім нашчадкам вялікую колькасць твораў, напоўненых шчырасцю і дабрынёй. Сяргей Грахоўскі – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за зборнік " Споведзь" (1992), Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова за зборнік " Асеннія гнёзды" (1983), узнагароджаны медалём Францыска Скарыны за значны ўклад у развіццё беларускай літаратуры, актыўную грамадскую дзейнасць (1994), ганаровы грамадзянін Глуска (1995). Спадчына Сяргея Грахоўскага сёння захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
|
Последнее изменение этой страницы: 2019-03-30; Просмотров: 875; Нарушение авторского права страницы