Архитектура Аудит Военная наука Иностранные языки Медицина Металлургия Метрология
Образование Политология Производство Психология Стандартизация Технологии


І. Дайце вызначэнне паняццям.



1. «Венеды».

2. Летапіс.

3. Правідэнцыялізм.

4. Сага.

5. «Дыярыўш».

ІІ. Выберыце правільны адказ.

1. Аб неўрах упершыню напісаў

А) Страбон

Б) Герадот

В) Пампоній Мела

Г) Марцін Капела.

2. С.Я.Рассадзін лакалізаваў андрафагаў у басейне

А) р. Сулы

Б) р. Росі

В) р. Гарыні

Г) р. Бярэзіны.

3. Аб бастарнах пісаў

А) Тацыт

Б) Страбон

В) Герадот

Г) Іардан.

4. У арабскіх крыніцах пад Славіяй разумеецца

А) Ноўгарад

Б) Полацк

В) Наваградак

Г) Кіеў.

5. Першую рэдакцыю «Аповесці мінулых гадоў» зрабіў

А) Нестар

Б) Сільвестр

В) Уладзімір Манамах

Г) Нікан.

6. «Аповесць мінулых гадоў» адносіцца да

А) антычнай гістарыяграфіі

Б) крытычнай школы

В) школы базавай верыфікацыі

Г) сярэдневяковай гістарыяграфіі.

7. Доказам існавання летапісання ў Полацку з’яўляецца фрагмент Кіеўскага летапісу аб падзеях у Полацкай зямлі ў

А) 1119 г.

Б) 1127 г.

В) 1159 г.

Г) 1163 г.

8. Барацьбу Полацкага княства з Ордэнам мечаносцаў першым апісаў

А) Генрых Латвійскі

Б) Барталемей Хёнэке

В) Герман Вартберг

Г) Віганд з Марбурга.

9. Аб княжанні Брачыслава Ізяславіча ў Кіеве апавядае

А) «Аповесць мінулых гадоў»

Б) «Эймундава сага»

В) «Сага пра Торвальда Вандроўніка»

Г) «Сага пра Торвальда Вялікага Падарожніка».

10. Беларуска-літоўскае летапісанне пачалося ў

А) Вільні

Б) Наваградку

В) Смаленску

Г) Віцебску.

11. Беларуска-літоўскае летапісанне было

А) мясцовым

Б) цэнтралізаваным

В) прыватна-арыстакратычным

Г) шляхецкім.

12. Беларуска-літоўскі летапіс быў складзены ў

А) 1443 г.

Б) 1444 г.

В) 1445 г.

Г) 1446 г.

13. М.Літвін выводзіў літоўскую знаць ад

А) Нерона

Б) Цэзара

В) Пампея

Г) Актавіяна.

14. Берасцейская царкоўная ўнія разгорнута апісана ў

А) Баркулабаўскай хроніцы

Б) Слуцкім летапісу

В) Магілёўскай хроніцы

Г) Віцебскім летапісу.

15. Вобразы Пятра І, Карла ХІІ прадстаўлены ў

А) Баркулабаўскай хроніцы

Б) Слуцкім летапісу

В) Магілёўскай хроніцы

Г) Віцебскім летапісу.

16. Да ВКЛ адмоўна ставіўся

А) Я.Длугаш

Б) Мацей з Мяхова

В) Б.Вапоўскі

Г) М.Кромер.

17. Першым ідэю аб аўтахтоннасці славян выказаў

А) М.Бельскі

Б) Мацей з Мяхова

В) Б.Вапоўскі

Г) М.Кромер.

18. У пісьмах Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага асвятляюца падзеі

А) вайны 1500 – 1503 гг.

Б) вайны 1507 – 1508 гг.

В) вайны 1534 – 1537 гг.

Г) вайны 1558 – 1582 гг.

19. Дэталёвае апісанне паўстання С.Налівайкі аставіў

А) Ф.С.Кміта-Чарнабыльскі

Б) Ф.М.Еўлашоўскі

В) А.Філіповіч

Г) С.І.Маскевіч.

20. За адраджэнне праваслаўнай царквы выступаў

А) Ф.С.Кміта-Чарнабыльскі

Б) Ф.М.Еўлашоўскі

В) А.Філіповіч

Г) С.І.Маскевіч.

21. Вайну 1609 – 1618 гг. апісаў

А) Б.К.Маскевіч

Б) Ф.М.Еўлашоўскі

В) А.Філіповіч

Г) С.І.Маскевіч.

22. Расправу над віленскімі кальвіністамі апісаў

А) Ф.С.Кміта-Чарнабыльскі

Б) Я.Я.Цадроўскі

В) А.Філіповіч

Г) С.І.Маскевіч.

23. Пра ваенныя падзеі 1648 – 1649 гг. пісаў

А) Я.Я.Цадроўскі

Б) Ф.М.Еўлашоўскі

В) Б.К.Маскевіч

Г) С.І.Маскевіч.

24. Першае апісанне Беларусі было зроблена

А) Джозафата Барбарам

Б) Амброджа Кантарыні

В) Паола Навакомскім

Г) Жыліберам дэ Ланаа.

25. Аўтарам «Запісак аб Масковіі» з’яўляецца

А) Паола Навакомскі

Б) С.Герберштэйн

В) А.Гваньіні

Г) М.Кромер.

ІІІ. Складзіце пералік.

1. Метадалагічныя прыёмы антычнай гістарыяграфіі (па Палібію): …

2. Лівонскія хронікі: …

3. Этапы беларуска-літоўскага летапісання: …

4. Беларускія гісторыкі, даследчыкі беларуска-літоўскага летапісання: …

5. Аўтары Магілёўскай хронікі: …

Замежныя падарожнікі і дыпламаты, якія праязджалі праз Беларусь у другой палове ХVІ ст.: …

 

Тэма 3

Развіццё гістарычных ведаў у ХVI – пачатку ХІХ ст.

 

План

 

1. Мацей Стрыйкоўскі – першы гістарыёграф Вялікага княства Літоўскага.

2. Развіццё гістарычнай думкі ў ВКЛ у XVII – першай палове XVIIІ ст.

3. Гістарычныя даследаванні ў ВКЛ у другой палове XVIIІ ст. «Манархічная» школа А.Нарушэвіча.

4. «Рамантычная» школа І.Лялевеля. Станаўленне беларускага крыніцазнаўства ў першай трэці ХІХ ст.

5. Гістарычныя звесткі пра Беларусь у працах рускіх гісторыкаў і археографаў XVIIІ – пачатку ХІХ ст.

Літаратура

 

1. Аксамітаў А.С., Малаш Л.А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.Я.Даленгі-Хадакоўскага. – Мн.: Полымя, 1991. – 151 с.

2. Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии ХVІ в. – 30-е годы ХХ в. – Мн.: Беларуская навука, 1996. – С. 19 – 65.

3. Басевич А.М. Иоахим Лелевель: польский революционер, демократ, ученый. – М.: Изд. соц.-экономич. лит., 1961. – 192 с.

4. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 1. – Мн.: БелЭн, 2005. – 768 с.

5. Беларусы: У 8 т. Т.3: Гісторыя этналагічнага вывучэння. – Мінск: Беларуская навука, 1999. – С. 30 – 50.

6. Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце ХVІІ – середине ХVІІІ в. – Мн.: БГУ, 1971. – 179 с.

7. Бирало А.А. Философские проблемы в науке эпохи Просвещения в Белоруссии и Литве. – Мн.: БГУ, 1979. – 160 с.

8. Блинова Т.Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения. – Гродно: ГрГУ, 2002. – 427 с.

9. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. – Мн.: БелЭн, 2005. – 688 с.

10. Габрусевіч С.А., Марозава С.В. Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё. Спадчына: гіст. нарыс. – Гродна: ГрДУ, 2005. – 216 с.

11. Ермаловіч М. Тацішчаўскія звесткі пра Беларусь // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. – 1976. - № 2. – С. 33 – 35.

12. Историография истории южных и западных славян: Учеб. пособ. – М.: МГУ, 1987. – 262 с.

13. История Вильнюсского университета (1579 – 1979) / Ред. кол.: Й.Кубилюс, С.Лазутка. – Вильнюс: Мокслас, 1979. – 373 с.

14. Караў Д.У. Беларуская і польская гістарыяграфія ў ХVІ – ХХ стст. // Беларусика = Albaruthenika: Кн. 3: Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. – Мн.: Навука і тэхніка, 1994. – С. 242 – 251.

15. Карев Д.В. Белорусская историография в конце ХVІІІ – начале 60-х годов ХIХ в. // Очерки истории науки и культуры Беларуси IХ – начала ХХ в. / П.Т.Петриков, Д.В.Карев, А.А.Гусак и др. – Мн.: Наука и техника, 1996. – С. 24 – 39.

16. Караў Дз. Пачаткі беларускага крыніцазнаўства // Спадчына. – 1994. - № 1. – С. 4 – 14.

17. Карев Д. В. У истоков белорусской национальной историографии. Конец ХVІІІ – 50-е годы ХІХ в. (Историческая наука Белоруссии и Литвы времён Т.Нарбута) // Наш радавод. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі «Царква і культура народаў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі ХІІІ – пачатку ХХ стст.». – Гродна, 1990. – Кн. 5 (ч. 2). – С. 199 – 252.

18. Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХVІ – ХІХ стст. – Мн: Навука і тэхніка, 1984. – С. 23 – 72.

19. Кісялёў Г.В. Героі і музы: Гіст.-літ. нарысы. – Мн.: Маст. літ., 1982. – 255 с.

20. Копысский З.Ю., Чепко В.В. Историография БССР (эпоха феодализма). – Мн.: Университетское, 1986. – С. 16 – 20.

21. Лабынцаў Ю.А. Пачатае Скарынам: Бел. друк. літ. эпохі Рэнесансу. – Мн.: Маст. літ., 1990. – 333 с.

22. Мальдзіс А. Календары, выдадзеныя ў ХVІІІ ст. // Книговедение в Белоруссии. – Мн., 1977.

23. Мальдзіс А. Першыя календары Беларусі // ЛіМ. – 1970. – 7 жн.

24. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік. – Мн.: БелЭн., 1995. – 671 с.

25. Подокшин С.А. Философия истории М. Стрыйковского // Беларусика = Albaruthenika: Кн. 3: Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. – Мн.: Навука і тэхніка, 1994. – С. 287 – 290.

26. Попков Б.С. Польский ученый-революционер Иоахим Лелевель. – М.: Наука, 1974. – 212 с.     

27. Рогов А.И. Русско-польские культурные связи в эпоху Возрождения. (Стрыйковский и его хроника). – М.: Наука, 1966. – 310 с.

28. Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. – М.: Наука, 1973. – С. 16 – 62.

29. Юхо И. Татищев о Белоруссии // Неман. – 1989. - № 3. – С. 174 – 176.

 

Тэматыка рэфератаў

 

1. Выданне каляндароў у Беларусі ў ХVІІІ ст.

2. «Рамантычная школа» І.Лялевеля.

3. Погляды І.Лялевеля на гісторыю ВКЛ і Расіі.

4. Віленскі універсітэт – центр гістарычнага вывучэння Беларусі ў першай трэці ХІХ ст.

5. В.М.Тацішчаў аб гістарычных падзеях на тэрыторыі Беларусі.

 

1. Мацей Стрыйкоўскі – першы гістарыёграф Вялікага княства Літоўскага. У 20 – 90-я гг. ХVІ ст. на гістарычнае развіццё ВКЛ і Рэчы Паспалітай значны ўплыў аказалі Адраджэнне і Рэфармацыя. Яны прадвызначылі ўключэнне беларускіх зямель у сферу ўплыву заходнееўрапейскай культурнай традыцыі. Прафесар Д.У.Караў назваў гэты працэс «вестэрнізацыяй» беларускай культуры». На яго думку, новая тэндэнцыя ў духоўным жыцці беларускага грамадства суправаджалася этнакультурнай дэзінтэграцыяй, кардынальнай зменай релігійнай і моўнай сітуацыі, што прывяло да з'яўлення публіцыстыкі (творы П.Скаргі, І.Пацея, М.Літвіна і інш.).

Інтэнсіўная палеміка паміж прыхільнікамі «традыцыйнай» і «заходняй» арыентацыі садзейнічала росту грамадскай цікавасці да гісторыі як асобнай галіны ведаў. Таму ў гістарыяграфіі зацвярджаецца жанр хранографаў, які звязваў гісторыю беларускага народа з сусветнай. Першай працай падобнага тыпу ў ВКЛ стала «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага, якая ўключыла гісторыю ВКЛ у арбіту заходнееўрапейскай гістарыяграфічнай традыцыі.

Мацей Стрыйкоўскі (1547 – 1590 (1593) гг.) нарадзіўся ў м. Стрыйкаў каля Лэнчыц (сучаснае Лодзінскае ваяводства Польшчы) у сям’і судовага вознага. Па жаночай лініі ён паходзіў са знакамітага роду Лелі́ва, а па мужчынскай – Асостаў. Па маці ягоным продкам быў мазавецкі ваявода Хры́сцін, які вызначыўся ў бітве пры Захвосце (1205 г.).

У сем гадоў Стрыйкоўскі пайшоў вучыцца ў парафіяльную граматычную школу ў Бжэзінах. Сам ён назваў яе «Падуяй і Балоньяй», бо атрымаў там грунтоўную адукацыю. Далейшы лёс Стрыйкоўскага супярэчлівы. Беларуская даследчыца А.А.Семянчук называе яго «геніальным саманавукай» і лічыць, што ён не атрымаў вышэйшай адукацыі. Расійскі гісторык А.І.Рогаў сцвярджае пра вучобу Стрыйкоўскага ў Кракаўскай Акадэміі (універсітэце): у 1564 г. атрымаў ступень бакалаўра. Вучоба перапынялася вандроўкай ў ВКЛ. Ёсць гіпотэза, што Стрыйкоўскі падчас Лівонскай вайны быў «рыскуном» (шпіёнам).

У 1567 – 1569 гг. яго імя зноў значыцца ў спісах студэнтаў Кракаўскай Акадэміі. Там Стрыйкоўскі добра авалодаў лацінскай мовай і антычнай літаратурай. Таксама ён ведаў нямецкую мову, інжынернае мастацтва. Магчыма гэтая акалічнасць заставіла яго вярнуцца ў ВКЛ на ваенную службу ў Віцебскі гарнізон (1572 – 1574 гг.).

У 1574 г. М.Стрыйкоўскі выдаў у Кракаве вершаваную кнігу «Ганец цноты» (дабрадзейнасці). Аўтар услаўляў шляхту, якую лічыў крыніцай дабрачыннасці. Ён пісаў пра сармацкае паходжанне шляхецкага саслоўя, што прадвызначала іх больш шырокія правы, чым у караля Рэчы Паспалітай. Пад уплывам Адраджэння Стрыйкоўскі звяртаецца з заклікам вывучаць навукі, найперш, гісторыю. Ужо ў гэтай працы аўтар зрабіў кароткі агляд гісторыі Літвы.

У тым жа годзе Стрыйкоўскі напісаў паэму «Праваслаўнага ўезду да Кракава і памяці годнай каранацыі Генрыха Валуа апісанне». Магчыма гэтым творам ён шукаў каралеўскай службы, што дало плён. У верасні 1574 г. яго накіравалі ў складзе пасольства Рэчы Паспалітай у Канстанцінопаль. Там Стрыйкоўскі склаў дзесяць карт Турцыі, план г. Канстанцінопаля, а па вяртанні напісаў кнігу «Пра пачатак, паходжанне, мужнасць, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага»

У гэтым творы супрацьпастаўляюцца «залатыя» шляхецкія вольнасці, як своеасаблівы палітычны лад, становішчу славянскіх народаў, якія знаходзіліся пад прыгнётам Асманскай імперыі. Пры гэтым аўтар раскрыў гісторыю Турцыі, выкарыстаўшы турэцкую хроніку, якую яму пераклаў атурэчаны венгр. Крытычны характар кнігі выклікаў незадаволенасць караля Стэфана Баторыя, бо Асманская імперыя аказала яму падтрымку пры выбранні на трон Рэчы Паспалітай. Верагодна, па гэтай прычыне Стрыйкоўскі пакінуў дзяржаўную службу.

З 1576 па 1578 гг. ён знаходзіўся пры двары князёў Алелькавічаў у Слуцку і Капылі пад пратэкцыяй князя Юрыя Юр’евіча Алелькавіча. Там Стрыйкоўскі пачаў пісаць «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі». Пасля смерці свайго апекуна ён пераходзіць пад пратэкцыю жмудскага біскупа Мельхіора Гедройца. З яго дапамогай Стрыйкоўскі атрымаў пасаду жмудскага каноніка. Неверагодна, але паляк заняў пасаду ў ВКЛ. А.А.Семянчук тлумачыць гэты факт схільнасцю Стрыйкоўскага да Княства, тым, што ён адстойваў права ВКЛ на Падолію, а таксама падтрымкай з боку магнатаў (Радзівілаў, Глябовічаў, Хадкевічаў і інш.).

«Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» была выдадзена ў Круляўцы (сучасны г. Калінінград) у 1582 г. на польскай мове. Хроніка прысвечана каралю Стэфану Баторыю, віленскаму біскупу Радзівілу, сынам Юрыя Алелькавіча. Гэта першая друкаваная гісторыя ВКЛ. Твор складаецца з пяці частак: рыфмаванай аўтабіяграфіі Стрыйкоўскага, прадмовы са зваротам да шляхты, самой Хронікі (25 кніг, падзеленых на главы), спіса апечатак, рэестра ўласных імён.

Стрыйкоўскі паўстае ў хроніцы не ў якасці сярэдневяковага кампілятара, а як даследчык. Гэта відавочна ў шырокім выкарыстанні аўтарам гістарычных крыніц (працы Герадота, Ціта Лівія, Клаўдзія Пталамея, Страбона, Я.Длугаша, Мехавіты, М.Кромэра, П.Дусбурга, «Аповесць мінулых гадоў», беларуска-літоўскія летапісы і інш.).

Вельмі падрабязна ён раскрыў гісторыю ВКЛ ад Палямона да Стэфана Баторыя. Характарызуючы вялікіх князёў літоўскіх, Стрыйкоўскі не згадзіўся з польскімі храністамі аб «нізкім» паходжанні Гедзіміна (конюх Віценя). Дарэчы, гэта пазіцыя была характэрна лівонскім хроністам. Таксама ён сцвярджаў, што ў Альгерда было дзве жонкі: віцебская княжна Марыя і цвярская Улляна. Грунтоўна падаецца аналіз знешнепалітычных акцый ВКЛ.

С.А.Падокшын і А.А.Семянчук лічаць хроніку ўзорам шляхецкай гісторыі, а М.І.Ермаловіч называў Стрыйкоўскага «свядомым фальсіфікатарам» на карысць М.Гедройца. Твор адметны «літоўскім» патрыятызмам, прывержанасцью да дынастыі Ягелонаў. Адной з асаблівасцей хронікі можна назваць вершаваныя ўстаўкі на батальную тэму (бітва пад Клецкам 1506 г., бітва пад Оршай 1514 г., бітва на Уле 1564 г.). Але аўтар прадэманстраваў некрытычны падыход да гістарычных крыніц, апублікаваўшы часам фантастычныя звесткі.

Метадалагічныя прынцыпы Стрыйкоўскага сфарміраваліся пад уплывам эпохі Адраджэння. Рухаючай сілай гісторыі ён лічыў не столькі Бога, колькі чалавека. Таму гісторыя – гэта адзіны паток з мінулага, сучаснага і будучага. Чалавек павінен зацвердзіць сябе не ў пасіўна-сузіральным, а ў дзейнасна-практычным жыцці. Прычым галоўная ўзнагарода яго чакае не ў загробным свеце, а ў памяці нашчадкаў.

У працэсе гістарычнага пазнання Стрыйкоўскі вылучаў два ўзроўні: фундаментальны (пазнавальны) і маральна-дыдактычны (навучальны). Гэты падыход адрознівае М.Стрыйкоўскага ад сярэдневяковай гістарыяграфіі, у якой асноўны змест і сэнс гісторыі зводзіўся да маральнага вопыту, а вопыт палітычны, сацыяльны амаль што не разглядаўся.

2. Гістарычная думка ў ВКЛ у XVII – першай палове XVIIІ ст. У ХVІІ – першай палове ХVІІІ ст. гістарычная думка знаходзілася пад кантролем езуітаў, якія манапалізавалі сістэму адукацыі ў ВКЛ.

Навучальны план езуіцкіх навучальных устаноў «Ratio et institutio studiorum Societatis Jesu» быў распрацаваны ў 80-я гг. XVI ст. Ніжэйшыя школы – калегіўмы – мелі трох і пяцікласнае навучанне. Веды па гісторыі, геаграфіі, міфалогіі даваліся ў чацвёртым класе паэтыкі і ў пятым класе рыторыкі. Навучанне ў вышэйшай школе (Акадэміі) прадугледжвала вывучэнне на філасофскім і багаслоўскім факультэтах логікі, фізікі, метафізікі, этыкі (па Арыстоцелю).

XVI ст. стала пачатковым этапам у развіцці адукацыі Ордэна езуітаў. Гісторыя не з’яўлялася самастойным прадметам навучання, а выкарыстоўвалася для вывучэння паэтыкі і рыторыкі. Гістарычныя веды павінны былі садзейнічаць маральнаму і хрысціянскаму выхаванню моладзі.

Крыніцамі гістарычнай інфармацыі з’яўляліся працы і каментарыі антычных аўтараў. Ужо ў класе граматыкі пры вывучэнні моў паўстала праблема выкарыстання гістарычнай інфармацыі для вызначэння стылю паэта і г.д. Жыццё і дзейнасць старажытнагрэчаскіх і старажытнарымскіх гісторыкаў разглядалі ў класе паэзіі. Наступным этапам прадугледжвалася вывучэнне непасрэдна прац антычных аўтараў (Тацыта, Ціта Лівія, Фукідзіда і інш.).

З 1593 г. у вучэбным працэсе сталі карыстацца кнігай Антонія Пасевіна «Выбраныя кнігі», у якой аўтар прадставіў пералік прац, неабходных для навучання ў калегіўмах, кароткую інфармацыю аб розных народах і дзяржавах. Першы падручнік па гісторыі для калегіўмаў выдаў рэктар рымскай семінарыі Гарацый Турчаліні (? – 1599 г.) у 1598 г. « Historiarum ab origine mundi usque ad annum 1598» у 10 кнігах. Гэты падручнік па сусветнай гісторыі ахопліваў падзеі ад біблейскіх часоў па сярэднявечча. Па ініцыятыве генерала ордэна К.Аквавівы навучэнцам было загадана вывучаць кнігу ў сямі тамах «Гісторыя таварыства Ісуса», у якой разглядалася гісторыя езуітаў ад моманту ўзнікнення ордэна да 1632 г. У Заходняй Еўропе набыла папулярнасць праца Дзіянісія Петавія (1583 – 1652 гг.), аўтар якой першым пачаў датаванне гістарычных падзей біблейскай гісторыі да нараджэння Ісуса Хрыста. Па яго падручнікам навучэнцы школ Гродна і Нясвіжа рабілі тэатральныя пастаноўкі нават і ў XVIIІ ст.

Кардынальных перамен у гістарычнай адукацыі езуітаў не адбылося і ў першай палове XVII ст. Праўда, падчас арганізацыі Літоўскай правінцыі ордэна езуітаў прайшла нарада (лістапад 1609 г.), прысвечаная гуманітарнай адукацыі. Яе рашэнні сведчылі аб тэндэнцыі да мадыфікацыі «Ratio studiorum», жаданні ўлічыць спецыфіку правінцыі. Удзельнікі сустрэчы прапанавалі стварыць кафедры гісторыі ў калегіўмах, дзе выкладалася філасофія. Гэта тлумачылася просьбамі мясцовай шляхты, якая жадала, каб шляхецкая моладзь навучылася дастойна выступаць на пасяджэннях соймікаў і вальнага сойма. Але генерал ордэна катэгарычна адмовіў, растлумачыўшы сваю пазіцыю тым, што гісторыі прысвечана дастаткова ўвагі ў класах паэтыкі і рыторыкі.

У езуіцкіх школах Літоўскай правінцыі іх навучэнцы карысталіся падручнікамі Яна Квяткевіча, выдадзенымі ў 1627 г. і 1698 г. Па іх вывучалі лацінскую мову і гісторыю антычнага свету ў класе рыторыкі. Таксама атрымала пашырэнне кніга Флоруса (1646 г.), у якой асвятлялася гісторыя Старажытнага Рыма ад легендарных часоў да Аўгуста. Даследаванне адпавядала сармацкай ідэалогіі, таму што раскрывала рэспубліканскія інстытуты ўлады. Напрыклад, Я.Квяткевіч параўноўваў Уладзіслава ІV Вазу з Александрам Македонскім.

У Польскай правінцыі езуітаў гісторыю Польшчы вывучалі на аснове працы Альберта Інэса (1620 – 1658 гг.) «Лехіада» (1655 г.). Аўтар у паэтычнай форме раскрыў дзейнасць каралёў Польшчы. На прыкладах айчыннай гісторыі ў вучняў фарміраваліся патрыятычныя пачуцці, занепакоенасць за лёс Рэчы Паспалітай у сувязі з І-й Паўночнай вайной 1655 – 1660 гг.

У Літоўскай правінцыі езуітаў мінулае ВКЛ вывучалі на аснове «Гісторыі Літвы» – першага сістэматызаванага курса гісторыі ВКЛ, які быў створаны шляхціцам, пісьменнікам, палемістам, гісторыкам Войцехам Віюком Каяловічам.

 Войцех Віюк Каяловіч (1609 – 1677 гг.) нарадзіўся ў Коўне. У Нясвіжы вывучаў філасофію, потым займаўся ў класе паэзіі ў Смаленску. У 1634 – 1638 гг. вучыўся на тэалагічным факультэце Віленскай Акадэміі. Абараніў дысертацыю на званне магістра філасофіі, выкладаў логіку, фізіку, метафізіку, этыку. Рэктар Віленскай Акадэміі (1653 г.). Пазней – рэктар дома езуітаў-прафесараў у Вільні. Віюк Каяловіч пакінуў вялікую колькасць палемічных твораў, накіраваных супраць пратэстантаў, а таксама шмат біяграфій езуітаў і багаслоўскія трактаты.

 «Гісторыя Літвы» была выдадзена ў 2-х частках (ч. 1 у Гданьску, 1650 г.; ч. 2 у Антвэрпэне, 1669 г.) на лацінскай мове і прысвечана магнату Казіміру Сапеге. Таксмама твор прызначаўся замежнаму чытачу, каб данесці ў Еўропу звесткі пра ВКЛ.

Першая частка ўяўляе па сваёй сутнасці пераказ  «Хронікі» М. Стрыйкоўскага. Аўтар адзначыў, што яго кніга з’яўляецца літаратурнай апрацоўкай «Хронікі», а не арыгінальным творам. Праўда, В.Каяловіч адкінуў шмат яе фантастычных звестак і сістэмна разглядзеў гісторыю ВКЛ да Крэўскай уніі. Другая частка носіць больш самастойны характар і даводзіць падзеі да Люблінскай уніі.

Гісторык, у адрозненне ад Стрыйкоўскага, прывёў іншы варыянт легенды пра паходжанне літоўскай знаці, апусціў шэраг фрагментаў пра суседзяў ВКЛ, правёў уласны аналіз і сістэматызацыю гістарычных звестак. Як і Стрыйкоўскі, аўтар апісаў падзеі палітычнай і ваеннай гісторыі. Тэндэнцыйнасць Каяловіча праявілася пры раскрыцці язычніцкіх князёў Літвы. Міндоўга ён прадставіў тыранам, які прыняў хрышчэнне пад націскам знешніх падзей. Аднабакова ацэнены Тройдзень, Віцень і інш. князі. Толькі Кейстут параўноўваецца з Адысеем.

Аўтар раскрыў барацьбу з крыжацкай агрэсіяй на рубяжы ХІІ – ХІІІ ст. Пры гэтым указывалася на экспансіянісцкія намеры нямецкага рыцарства. ВКЛ, на яго думку, абараняла свой сувэрэнітэт. Калі Стрыйкоўскі, апісываючы Грунвальдскую бітву, паказаў рашаючую ролю Княства, то Каяловіч не забыў напісаць аб паляках, якія мелі меншыя страты. Ім, а не літоўцам, дапамог Бог. 

Праца В.Каяловіча выкарыстоўвалася не толькі ў езуіцкіх школах, але і ў піярскіх навучальных установах.

Таксама Віюк Каяловіч апісаў у кнізе «Аб ваенных дзеяннях 1648 і 1649 г. супраць запарожскіх казакоў» ваенныя падзеі паходу гетмана Януша Радзівіла супраць казацкіх «загонаў» пад час казацка-сялянскай вайны 1648 – 1651 гг.

Ён у 1648 г. пачаў працу над кнігай аб гісторыі шляхты ВКЛ. Але яе друкаванне было спынена па патрабаванню адной шляхецкай сям’і, якая палічыла сябе абражанай. Дарэчы, Каяловіч сапсаваў свае адносіны з Радзівіламі, бо ў 1653 г. выдаў «Радзівілаўскі летапіс», у якім раскрыў таямніцы іх роду. Сапсаваў адносіны і з Сапегамі, бо іх род выводзіў аб баярына Сунігайлы, а не ад Гедзіміна.

Выкладчыкі-езуіты здолелі да сярэдзіны XVIII ст. вырашыць сваю галоўную задачу – стварыць пакаленне моладзі, адданае Папе рымскаму і артадаксальнаму каталіцызму. Але ў самой сістэме падрыхтоўкі кадраў-багасловаў адчуваўся пэўны дуалізм. Езуіты рыхтавалі не толькі фанатычных католікаў, але і багасловаў-палемістаў. Гэта, у сваю чаргу, патрабавала грунтоўнай адукацыі ў сферы гуманітарных навук, найперш, гісторыі.

Езуіты надавалі вялікую ўвагу вывучэнню антычнай спадчыны, у асноўным лацінскай, цудоўна разумелі неабходнасць яе гістарычнага і геаграфічнага тлумачэння. Таму для каменціравання антычных аўтараў выкарыстоўваліся працы, у якіх матэрыял сістэматызаваўся не па храналагічным, а па прадметна-энцыклапедычным прынцыпе. У якасці падручніка падобнага тыпу ў ВКЛ выкарыстоўвалася кніга італьянскага езуіта Мусантыя. У 1706 г. прафесар Віленскай Акадэміі Ян Дрэўс (1645 – 1710 гг.) выдаў падручнік па гісторыі і геаграфіі (у 4-х частках), які ўяўляў сабою скарочаны варыянт кнігі Мусантыя. Я. Дрэўс зрабіў кароткае апісанне народаў і дзяржаў свету, паказаў ролю каталіцкай царквы ў распаўсюджанні цывілізацыі, варожа ставіўся да арабаў і магаметан. У першай палове XVIII ст. падручнік перавыдаваўся дзевяць разоў.

Пад уплывам Асветніцтва і рэформы піярскіх школ гісторыя была ўведзена ў школы Літоўскай правінцыі езуітаў у якасці самастойнага прадмет а ў 1741 г. Гэта ажыццявіў правінцыял Кароль Бартольд.

Кароль Бартольд (1680 – 1745 гг.) нарадзіўся ў Мазовіі. Вучыўся ў езуіцкіх навучальных установах Пултуска, Варшавы і Вільні. Прафесар філасофіі і тэалогіі. У 1735 – 1737 гг. займаў пасаду рэктара Віленскай Акадэміі, затым правінцыяла Літоўскай правінцыі езуітаў. Выкладаў рыторыку, філасофію, тэалогію, кананічнае права. Вёў барацьбу з піярамі за ўплыў на сістэму адукацыі, абараняў шляхецкія вольнасці.

Будучы прафесарам Віленскай Акадэміі, Бартольд у 1719 г. напісаў падручнік па гісторыі «Свята для першага класа», які шэсць разоў перавыдаваўся пад назвай «Вобразы князёў і каралёў Польшчы». Аўтар звёў гісторыю Рэчы Паспалітай да гісторыі польскіх каралёў і літоўскіх князёў ад легендарных часоў да Аўгуста ІІ Моцнага. Тэкст перамешаны палітычнымі і маральнымі высновамі, а таксама павучаннямі.

Папулярнасць у першай палове XVIII ст. набыла праца Адама Нарамеўскага «Воблік сарматаў».

Адам Нарамеўскі (1686 – 1736 гг.) – ураджэнец ВКЛ. Пасля заканчэння Віленскай Акадэміі працаваў у ёй прафесарам, а затым выкладаў у езуіцкіх калегіях Варшавы і Пултуска.

У адпаведнасці з сярэдневяковай традыцыяй Нарамеўскі апісаў жыццё і дзейнасць каралёў, князёў, прымасаў і епіскапаў. Аўтар звярнуў увагу на працэс утварэння Польскага каралеўства і ВКЛ, паказаў гісторыю шляхты, рэфармацыйны рух, развіццё школьнай справы езуітамі. Праўда, ён некрытычна пераняў інфармацыю з гістарычных крыніц, таму ў кнізе шмат фантастычных звестак. Нарамеўскі выступіў з асуджэннем Казіміра Лышчынскага.

Пачатак перыядычнаму друку ў ВКЛ у гэты перыяд паклаў Ян Пашакоўскі.

Ян Пашакоўскі (1684 – 1757 гг.) паходзіў са шляхты Упіцкага павета (Літва). Скончыў езуіцкую школу ў Коўне, Нясвіжскую педагагічную семінарыю, Віленскую Акадэмію. Выкладаў філасофію, граматыку і тэалогію ў Коўне, Крожах, Вільні, Нясвіжы. У 1713 г. атрымаў сан каталіцкага святара. Выхоўваў сыноў магната Міхала Казіміра Рыбанькі, займаў пасаду надворнага тэолага. Напісаў шмат сачыненняў багаслоўскага характару, рабіў пераклады з лацінскіх твораў, складаў панегірікі.

Як багаслоў-тэолаг, Пашакоўскі абараняў вучэнне каталіцкай царквы, крытыкаваў пратэстантызм. У Вільні ён выдаў працу «Голас пастыра Ісуса Хрыста…» (1736 г.), у якой даказываў існаванне Бога, сцвярджаў пра ілжывасць атэізму. Аўтар звярнуўся да гісторыі пратэстантызму ў ВКЛ, вывучаў янсенізм (адгалінаванне каталіцызму ў Нідэрландах і Францыі, блізкае да пратэстантызму), іслам. Ён рыхтаваў працу па гісторыі царквы ў Рэчы Паспалітай, якую, на жаль, не паспеў завяршыць.

Але галоўнай справай жыцця Пашакоўскага стала падрыхтоўка каляндароў, што дало пачатак перыядычнаму друку ў ВКЛ. Толькі ў Вільні на працягу 1735 – 1749 гг. ён выдаў дваццаць «Палітычных каляндарыкаў», напрыклад, адзін з іх прызначаўся нават для жанчын. У каляндарах крытыкавалася геліацэнтрычная сістэма Каперніка, пералічваліся астранамічныя з’явы, называліся важнейшыя падзеі з гісторыі ВКЛ і Польшчы. Аўтар вельмі клапаціўся аб дакладнасці прыводзімых у сваіх выданнях біяграфічных звестках. Апошнія гады жыцця ён быў паралізаваны і памёр у Нясвіжы.

З арыгінальных прац гісторыкаў-езуітаў вызначаюцца «Гісторыя Літоўскай правінцыі ордэна езуітаў» С.Растоўскага і «Гісторыя Віленскай Акадэміі» Яна Прэўсгайфа. Кніга Прэўсгайфа, якая выйшла ў 1707 г., стала першай спробай напісання гісторыі Віленскага універсітэта. Але тэкст мае сумбурны характар і ўтрымлівае шмат факталагічных памылак.

3. Гістарычныя даследаванні ў ВКЛ у другой палове XVIIІ ст. «Манархічная» школа А.Нарушэвіча. Другая палова XVIII ст. характарызуецца секулярызацыяй гістарычнай думкі і ў цэлым адукацыі ў ВКЛ. Гэта адбылося пад уплывам рэформы ордэна піяраў, якую правёў Станіслаў Канарскі ў 50 – 60-я гг. Рэформа прадугледжвала вывучэнне польскай, французскай моў, прыродазнаўчых дысцыплін, эстэтычнае і фізічнае выхаванне дзяцей, правядзенне практычных заняткаў за кошт скарачэння курса тэалогіі.

Таксама свой уплыў аказалі ідэі французскіх асветнікаў, творы якіх перакладаліся пры садзейнічанні Адукацыйнай камісіі. Адбыўся пераход ад гісторыі, узгодненай са Святым Пісаннем, да гісторыі дэсакралізаванай.

Пад кантролем і апекай графа Ігната Патоцкага былі напісаны новыя падручнікі па сусветнай гісторыі братамі Скшатускімі «Палітычная гісторыя для дваранскай моладзі», «Заўвагі па ўсеагульнай гісторыі для народных вучылішчаў». Да іх блізкімі па свецкай накіраванасці стала кніга па ўсеагульнай гісторыі піяра Д.Шыбінскага «Кароткія звесткі пра важнейшыя манархіі свету, старажытныя каралеўствы і рэспублікі». Ён адным з першых сярод гісторыкаў Рэчы Паспалітай зрабіў спробу ўвесці ўласную перыядызацыю гісторыі, заснаваную па падзеях свецкай гісторыі, першым імкнуўся аддзяліць гісторыю царквы ад грамадзянскай гісторыі.

Прааналізаваўшы выкладанне гуманітарных дысцыплін, Адукацыйная камісія запатрабавала, каб пры вывучэнні ўсеагульнай гісторыі асноўная ўвага надавалася гісторыі Польшчы. У Галоўнай Літоўскай школе кафедру ўсеагульнай гісторыі ўзначальваў прафесар Томаш Гусаржэўскі.

 Томаш Гусаржэўскі (1731 – 1797 гг.) нарадзіўся ў Варшаве у шляхецкай сям’і, карані якой узыходзяць да ВКЛ. Пасля вучобы стаў ксяндзом-місіянерам. Выкладаў у духоўных семінарыях Варшавы і Вены. У 1783 г. узначаліў кафедру ўсеагульнай гісторыі Галоўнай Літоўскай школы.

Гусаржэўскі не аставіў пасля сябе значных гістарычных твораў. Але яго заслуга ў прапагандзе асветніцкага разумення гісторыі. У працы «Уводзіны ва ўсеагульную гісторыю, у асаблівасці царкоўную» (1775 г.) ён выдвінуў ідэю прагрэсіўнага развіцця чалавецтва па ўзыходзячай лініі. На яго думку, гісторыя павінна вывучаць увесь шлях, пройдзены чалавецтвам. Аўтар закрануў праблему верыфікацыі гістарычных крыніц, іх навуковага аналізу. Ён таксама спрабаваў аддзяліць царкоўную гісторыю ад свецкай.

Асветніцкую лінію ў гістарычнай навуцы Беларусі і Літвы ў пачатку ХІХ ст. працягваў Готфрыд Гродэк – буйнейшы спецыяліст у галіне класічнай гістарыяграфіі, асабліва старажытнагрэчаскай літаратуры.

Готфрыд Эрнэст Гродэк (1762 – 1825 гг.) нарадзіўся ў Гданьску. Скончыў Гейдэльбергскі універсітэт. У 1804 – 1825 гг. займаў пасаду прафесара грэчаскага і лацінскага мовазнаўства Віленскага універсітэта. Цікавіўся антычнай міфалогіяй і рэлігіяй, аставіў працы «Як неабходна пісаць на міфалагічныя тэмы», «Аб сутнасці і характары рэлігійнасці грэкаў».

У другой палове ХVIII ст. значную папулярнасць набылі працы Францішка Папроцкага і Кароля Вырвіча, якія фактычна сталі асноўнымі падручнікамі па гісторыі ВКЛ.

Францішак Папроцкі (1723 – 1805 гг.) паходзіць з тэрыторыі Беларусі. Стаў членам ордэна езуітаў у 1740 г. у Полацку. Адукацыю атрымаў у Польшчы. З 1758 г. – прафесар. Выкладаў філасофію, гісторыю і геаграфію ў Варшаўскай і Віленскай Акадэміях, кіраваў шляхецкімі калегіямі ў Вільні і Камянцы.

Папроцкі прадоўжыў справу, распачатую Я.Пашакоўскім. Ён выдаваў у Вільні «Палітычныя каляндарыкі». За 1764 г. размясціў храналогію польскіх каралёў і князёў ВКЛ, апісаў першае бескаралеўе, якое наступіла пасля смерці Жыгімонта ІІ Аўгуста.

З прац, прысвечаных усеагульнай гісторыі, вылучаецца кніга «Найбольш значныя войны…» (1763 г.). Яна напісана на аснове твораў антычных і сярэдневяковых гісторыкаў. У прадмове аўтар пісаў: «Няма нічога больш непрыемнага для народаў, чым войны, і ў той жа час веданне гісторыі войнаў дазваляе высветліць прычыны ўзвышэння і падзення дзяржаў і, што асабліва важна, шляхі ўмацавання свабоды і незалежнасці Айчыны». У такой форме Папроцкі выказываў занепакоенасць патрыятычных сіл лёсам Рэчы Паспалітай. Трывогай за будучае краіны прасякнута праца «Аб рыцарскім пытанні ў Польшчы» (1776 г.). На аснове аналізу прычын перамог і паражэнняў у мінулым ВКЛ і Рэчы Паспалітай аўтар паспрабаваў выказаць свае рэкамендацыі па ўмацаванню абароны дзяржавы і павышэнню баяздольнасці яе арміі.

Цікавасць выклікаюць дзве невялікія працы Папроцкага «Дамашнія весці аб ВКЛ» (1763 г.) і «Дамашнія весці аб Польскім каралеўстве» (1771 г.). Яны ўяўляюць кароткія энцыклапедычныя даведнікі аб геаграфічным становішчы, прыродных умовах, гісторыі, дзяржаўным ладзе, судах, арміі і інш. атрыбутах гэтых дзяржаў. Кнігі ўяўляюць сабой даведнікі, якія прызначаліся для навучэнцаў школ. У дачыненні да гісторыі аўтар паказаў палітычныя і рэлігійныя падзеі на тэрыторыі Княства да Люблінскай уніі 1569 г. без іх аналіза. Ён паўтарыў гістарычныя канцэпцыі Длугаша і Літвіна.

Папроцкі зыходзіў з рацыяналістычнага разумення гістарычнага працэсу і сваёй дзейнасцю падрыхтаваў глебу для ўспрымання ідэі заканамернага развіцця гісторыі ў апошняй трэці ХVIII ст. З другога боку, ён трактаваў гістарычны працэс як простую паслядоўнасць падзей. Падобны эмпірычны падыход быў характэрны для ўсіх гісторыкаў асветніцкага часу.

Найбольшай папулярнасцю ў школах ВКЛ карысталіся кнігі Кароля Вырвіча.

Кароль Вырвіч (1717 – 1793 гг.) нарадзіўся ў Браслаўскім павеце ў беднай шляхецкай сям’і. Вучыўся ў езуіцкіх калегіях Пінска і Дынабурга, скончыў Віленскую Акадэмію. Працаваў прафесарам рыторыкі, гісторыі і геаграфіі ў Навагрудскай езуіцкай калегіі, затым прафесарам варшаўскага Collegium Nobilium і яго рэктарам. Будучы выхавацелем сына віленскага ваяводы Яна Гільзена, змог наведаць Францыю, Галандыю, Германію, дзе вывучаў арганізацыю асветы.

Вырвіч з’яўляўся аўтарам дзвух падручнікаў, напісаных на французскай мове, «Паходжанне сучасных дзяржаў і народаў» (1769 г.) і «Кароткае сістэматычнае выкладанне ўсеагульнай гісторыі» (у 2-х т., 1766 – 1771 гг.).

Светапогляд Вырвіча мае супярэчлівы характар. У яго творах спалучаюцца дзве тэндэнцыі: тэалагічная, бо з’яўляўся езуітам, і асветніцкае, бо разумеў ролю рацыяналістычнай філасофіі. Будучы гісторыкам, Вырвіч знаходзіўся пад уплывам ідэй французскага Асветніцтва. Ён адмоўна ставіўся да разумення гісторыі як працэса адлюстравання палітычных падзей і войнаў. Даследчык лічыў, што гісторыя – гэта сукупнасць змен у палітычным жыцці, звычаях, рэлігіі, навуцы, мастацтве, эканоміцы.

Важнае месца адводзіў ролі эканомікі ў грамадскім жыцці, у прыватнасці, эканамічнаму развіццю Рэчы Паспалітай. Галоўнай крыніцай багацця краіны ён лічыў гандаль, які мог пашырацца толькі на аснове развіцця прамысловасці і земляробства. Вырвіч падтрымліваў палітыку пратэкцыянізму.

У другой палове ХVIII ст. гістарычная навука ВКЛ набывае трывала крыніцазнаўчы фундамент, які быў закладзены Мацеем Догелем.

Мацей Догель (1715 – 1760 гг.) нарадзіўся ў в. Гембулы Лідскага павета ў сям’і дробнага шляхціца. Пасля заканчэння піярскай школы ў Шчучыне ўступіў ў ордэн піяраў. З 40-х гг. – рэктар піярскай калегіі ў Вільні. Заснаваў школу з асобным інтэрнатам для шляхецкай моладзі. Шмат падарожнічаў. З’яўляючыся выхавацелем сына маршалка ВКЛ С. дэ Кампа, змог выехаць за мяжу. Наведваў лекцыі ў Лейпцыгскім і Парыжскім універсітэтах.

З 1748 г. у якасці пасла Рэчы Паспалітай Догель працаваў ў архівах і бібліятэках Германіі, Францыі, Галандыі. Таксама карыстаўся малавядомымі і сакрэтнымі дакументамі ў каралеўскіх архівах Кракава і Нясвіжа. Гэта дазволіла яму пачаць выданне зборніка дакументаў і матэрыялаў «Дыпламатычны кодэкс Каралеўства Польскага і ВКЛ». З васьмі запланаваных тамоў выйшлі тры. Нявыдадзеныя матэрыялы ў рукапісах паступілі ў Каралеўскую бібліятэку ў Варшаве, потым – у Віленскі універсітэт, а адтуль – у Пецярбургскую публічную бібліятэку. Догель выдаў яшчэ адзін зборнік дакументаў па размежаванню дзяржаўнай мяжы ВКЛ з Польшчай у сярэдзіне ХVI ст. Яго зборнікі матэрыялаў па гісторыі міжнародных адносін Польшчы, Літвы і Беларусі за ХІІІ – ХVIІІ ст. як гістарычныя крыніцы не страцілі свайго значэння да нашых дзён.

Дакуметамі, сабранымі Догелем, карыстаўся вядомы польскі паэт, асветнік і гісторык Адам Нарушэвіч.

Адам Нарушэвіч (1733 – 1790 гг.) нарадзіўся ў Пінскім павеце ў шляхецкай сям’і. Вучыўся ў Пінскай і Ліонскай (Францыя) калегіях езуітаў. Выкладаў паэтыку і рыторыку ў Віленскай Акадэміі, затым у Варшаўскай калегіі. Для завяршэння адукацыі на сродкі канцлера ВКЛ Міхала Чартарыйскага здзейсніў другую замежную вандроўку ў Францыю, Італію, Германію. У 1762 – 1773 гг. зноў выкладчык Варшаўскай калегіі. У гэты час ён вядомы і папулярны паэт. Ствараў панегірычныя оды, вершы, пераклаў оды Гарацыя, рэдагаваў штотыднёвік «Забавы пшыемне і пожытэчне».

З 70-х гг. Нарушэвіч пачынае цікавіцца праблемамі ўсеагульнай і айчыннай гісторыі. Ён прыняў удзел у напісанні калектыўнай працы «Палітычная гісторыя старажытных дзяржаў» (1772 г.), дзе прадэманстраваў крытычны падыход да гістарычных легенд і паданняў. Аўтары працы ставілі галоўнай задачай раскрыць прычыны развіцця і заняпаду старажытных дзяржаў. Ужо тады А.Нарушэвіч прадэманстраваў сваю схільнасць да манархічнага ладу, вызначыўшы свой ідэал у форме асветнай манархіі.

Забарона на дзейнасць ордэна езуітаў і матэрыяльныя цяжкасці заставілі Нарушэвіча прыняць сан каталіцкага святара. Пры дапамозе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ён атрымаў парафію ў Немянчыне пад Вільняй. Пазней становіцца біскупам смаленскім, затым луцкім. Гэты перыяд жыцця быў найбольш плённым для Нарушэвіча як гісторыка. Ён працягваў працу над перакладам і выданнем твораў старажытнарымскага гісторыка Тацыта, але ў цэнтры ўвагі была гісторыя Рэчы Паспалітай.

На аснове архіваў Сапег і Хадкевічаў у 1773 – 1776 гг. А.Нарушэвіч напісаў сваю першую буйную гістарычную працу «Жыццё Яна Караля Хадкевіча, віленскага ваяводы, вялікага гетмана ВКЛ» (1781 г.). Таксама рыхтаваў кнігу пра Льва Сапегу, але яе не завяршыў.

Па прапанове караля С.Панятоўскага гісторык пачаў працаваць над «Гісторыяй польскага народа». Яе стварэнню папярэднічала вялізарная праца па зборы і сістэматызацыі гістарычных крыніц. Ён прапанаваў каралю арганізаваць групу капіравальшчыкаў для іх перапіскі. На сродкі Панятоўскага ў 1781 г. у Германію, Італію, Швейцарыю былі накіраваны спецыялісты для выканання пастаўленай задачы. Падобную работу правялі і ў Рэчы Паспалітай. У выніку гісторык сабраў 231 том матэрыялаў, якія ўвайшлі ў т.зв. «папку Нарушэвіча» (захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Кракаве).

Другі-сёмы тамы «Гісторыі польскага народа» былі выдадзены ў 1780 – 1786 гг., а першы том выйшаў пасмяротна – у 1824 г. Выданне ахоплівае перыяд са старажытных часоў да 1836 г. Пад польскім народам Нарушэвіч разумеў шляхту і гараджан. Даволі грунтоўна і падрабязна адлюстравана гісторыя Беларусі і Літвы. Аўтар абасноўваў сваю цікавасць да Беларусі тым, што «значная частка краю ўвайшла ў склад польскага краю», а «русакі пераўтварыліся ў палякаў».

Даследчык вызначыў тры праблемы ў гісторыі Рэчы Паспалітай: узаемаадносіны царквы і дзяржавы, паходжанне прыгоннага права, заняпад Рэчы Паспалітай і шляхі яго пераадолення.

Паколькі Нарушэвіч у свой час быў езуітам, то не ўтойваў свае негатыўныя адносіны да «дысідэнтаў», г.зн. іншаверцаў. Гэта асабліва адчувальна пры аналізе аўтарам рэфармацыйнага руху.

 У другой палове ХVIII ст. разгарнулася вострая дыскусія аб рэформе палітычнага ладу Рэчы Паспалітай. Нарушэвіч падзяляў папулярную ў той час тэорыю «знешняга заваявання»: славяне-сарматы заваявалі тубыльцаў, разбурылі ранейшыя грамадскія ўстоі, заснаваныя на «гмінаўладдзе», г.зн. роўнасці і свабодзе. Ад заваёўнікаў паходзіць шляхта, а ад заваяваных – прыгоннае сялянства.

Нарушэвіч ў «Гісторыі польскага народа» неаднаразова адзначаў цяжкія падаткі і павіннасці простых людзей, выказваў спачуванне сялянам. Прычыны цяжкага становішча сялянства ён бачыў у сквапнасці паноў і шматлікіх войнах. Але гісторык не падзяляў асветніцкую ідэю ліквідацыі саслоўяў. Ён лічыў, што кожнае саслоўе павінна быць карысным сваёй краіне. Таксама была абмежаванай яго пазіцыя па сялянскаму пытанню. Зямля, на яго думку, павінна заўсёды заставацца ўласнасцю шляхты. Няроўнасць паміж людзьмі абумоўлена самой прыродай чалавека. Прыгнёт з’яўляецца вынікам праяўлення дрэнных чалавечых якасцяў, якія прыйшлі да славян ад германцаў.

Гістарычныя творы Нарушэвіча, блізкага да караля і яго акружэння, былі прасякнуты манархічным духам і ўяўлялі сабой апалагетыку моцнай каралеўскай уладзе. Росквіт Польшчы ён адносіў да часоў Пястаў і звязываў яго з самадзяржаўнай уладай караля. Але далейшае аслабленне краіны адбылося ў выніку перахода ад польскага да нямецкага права, якое было больш карысна буйным землеўласнікам і прывяло да абмежавання ўлады караля. Прычыны заняпаду непасрэдна Рэчы Паспалітай гісторык бачыў у сквапнасці магнатаў і эгаізме шляхты, слабасці цэнтральнай улады з-за магнацкай анархіі. Ён прапагандаваў ідэю асветнага абсалютызму. Манархічнае кіраванне ён супрацьпаставіў арыстакратычнаму, услаўляў тых каралёў, якія адстойвалі адзінства дзяржавы.

У рабоце «Мемарыял адносна напісання народнай гісторыі», якую Нарушэвіч накіраваў каралю ў 1775 г., аўтар прадэманстраваў свае погляды на гістарычны працэс, прадмет і метад гістарычнай навукі. Упершыню ў гістарыяграфіі Польшчы, Беларусі і Літвы даследчык супрацьпаставіў тэалагічнай гістарыяграфіі асветніцкае разуменне гісторыі як свецкай навукі. Нарушэвіч адмаўляў умяшальніцтва Бога ў гістарычны працэс, лічыў, што гісторыя – вынік узаемадзеяння прыродных прычын, уласцівых чалавечаму грамадству. Праўда, з’яўляючыся каталіцкім святаром, ён абвяшчаў Бога найвышэйшай інстанцыяй у гісторыі чалавецтва.

Нарушэвіч пашырыў прадмет гістарычнай навукі. На яго думку, яе прадметам павінна быць жыццё ўсяго «народа», а не дзеянні асобных ваенаначальнікаў і кіраўнікоў дзяржаў. Галоўным рухавіком гістарычнага працэсу гісторык лічыў чалавечы розум. Асабліва пашырылася роля асветніцтва і мудрасці, як адзначаў аўтар, у ХVIII ст.

У некаторай ступені Нарушэвічу характэрна ідэя прагрэсу. У адным са сваіх лістоў ён прызнаваў рух чалавецтва наперад і нават супрацьпастаўляў у гісторыі Польшчы сучасны яму перыяд з эпохай Пястаў.

Нарушэвіч лічыў гісторыю навукай, якая мае не толькі пазнавальныя, але і маральна-палітычныя мэты. Па яго словам, гісторыя павінна вучыць, што неабходна рабіць, каб пазбегнуць памылак продкаў, каб выправіць звычаі і норавы, каб зрабіць людзей шчаслівымі. Гэтыя палажэнні адпавядалі характэрнаму асветніцкай ідэалогіі погляду на гісторыю як навуку, якая павінна садзейнічаць радыкальным сацыяльным пераўтварэння ў грамадстве.

Праўда, поўнасцю рэалізаваць праграму, вызначаную ў «Мемарыяле адносна напісання народнай гісторыі», Нарушэвіч не здолеў. Шэраг аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын садзейнічалі разрыву паміж метадалагічнай канцэпцыяй аўтара і яго навуковай дзейнасцю. Па-першае, гісторык не валодаў у дастатковым аб’ёме гістарычным матэрыялам. Узровень навукі ў той час быў нізкім – практычна адсутнічалі навуковыя даследаванні па важнейшых перыядах гісторыі Рэчы Паспалітай. Група капіравальшчыкаў пачала працу, калі «Гісторыя польскага народа» была ўжо практычна завершана. Па-другое, Нарушэвіч не здолеў радыкальна пераадолець каноны папярэдняй гістарыяграфіі. Па традыцыі ён раскрыў гістарычныя падзеі на аснове храналагічнага прынцыпа. У цэнтры ўвагі – каралі, князі і інш. знакамітыя асобы. Звесткі аб эканамічным, палітычным і культурным жыцці грамадства размясціў у шматлікіх заўвагах. Дарэчы ў адным з лістоў ён пісаў, што не можа уключыць у «цела гісторыі» пытанні палітычнага ладу і эканамічнага развіцця краіны. Гэта тлумачыцца тым, што Нарушэвіч разглядаў гісторыю як вынік творчай дзейнасці асоб, займаючых дзяржаўныя пасады. Ён хацеў напісаць гісторыю народа, але пад уплывам старой гістарыяграфіі напісаў гісторыю каралёў.

Навуковая дзейнасць А.Нарушэвіча паклала пачатак новай гістарыяграфіі Польшчы, Беларусі і Літвы, хаця ён не здолеў пераадолець старыя традыцыі і праяўляў непаслядоўнасць пры аналізе гісторыі Рэчы Паспалітай.

Да прадстаўнікоў «школы Нарушэвіча» адносяць Тадэвуша Чацкага, Самуэля Ліндэ, Ежы Бандтке і інш. даследчыкаў. Яны гуртаваліся ў Таварыстве сяброў навук, якое было заснавана ў Варшаве ў 1800 г.

Актыўным членам таварыства з’яўляўся Юльян Марцэлевіч Нямцэвіч, якога паляк Б.Ліманоўскі назваў «ліцвінам рускага паходжання». Сябе Нямцэвіч не лічыў сябе палякам і ніколі не звязываў свой родны край з Польшчай.

Ю.Нямцэвіч шмат зрабіў у вывучэнне і прапаганду помнікаў мінулага. Хаця ён сам спецыяльна не займаўся археалагічнымі даследаваннямі, але сваімі выступленнямі на пасяджэннях таварыства ён абуджаў іншых да гэтай дзейнасці. Нямцэвіч таксама праводзіў ідэю аховы помнікаў старажытнасці.

Падарожжы 1809, 1816, 1819 гг. па Беларусі дазволілі аўтару скласці «Збор гістарычных помнікаў пра даўнюю Польшчу» (1822 – 1933 гг.), у якім даецца апісанне Брэста, Нясвіжа, Мінска, Магілёва і інш. гарадоў.

Тадэвуш Чацкі (1765 – 1813 гг.) нарадзіўся ва Украіне. Атрымаў дасканалую хатнюю адукацыю. З 1781 г. практыкант каралеўскага суда ў Варшаве. Член Скарбавай камісіі. Заснаваў у 1800 г. Таварыства аматараў навук (Варшава). Садзейнічаў адкрыццю Крамянецкага юрыдычнага ліцэя.

Чацкі належаў да прыхільнікаў Нарушэвіча, асабіста яго ведаў. Гістарычная спадчына прадстаўлена шэрагам твораў, прысвечаных палітычнай гісторыі ВКЛ, гісторыі права, культуры і манетнай справы: «Карціна панавання Жыгімонта Аўгуста» (1835 г.), «Аб яўрэях» (1807 г.), «Аб камісіі і адукацыі ў Літве» (1807 г.), «Аб манетнай справе ў Польшчы і Літве» (1810 г.). Аўтар разглядаў культурную спадчыну беларускага і ўкраінскага народаў як частку польскай культуры. Кніга «Аб літоўскіх і польскіх законах…» (1800 – 1801 гг.) стала першай спробай інтэрпрэтацыі права ў польскай гістарыяграфіі. У ёй Чацкі крытыкаваў сцвярджэнне, што прававыя нормы ВКЛ грунтуюцца на рымскім праве.

Самуэль Багуміл Ліндэ (1771 – 1847 гг.) – знакаміты польскі лексікограф. Працаваў у Лейпцыгскім універсітэце. З 1804 г. займаў пасаду дырэктара Варшаўскага ліцэя, а ў перыяд герцагства Варшаўскага – дырэктара народнай адукацыі.

Галоўная праца Ліндэ «Слоўнік польскай мовы» выйшла ў у 6-ці тамах з 1807 па 1814 гг. Таксама даследчык адным з першых у польскай гістарыяграфіі звярнуўся да Статута ВКЛ 1529 г., аналіз якога прадставіў у кнізе «Пра Статут літоўскі…» (1816 г.).

Ежы Самуэль Бандтке (1768 – 1835 гг.) вучыўся ў Гальскім і Іенскім універсітэтах. Доктар філасофіі. З 1811 г. прафесар бібліяграфіі Кракаўскага універсітэта, дырэктар Ягелонскай бібліятэкі.

У кнізе «Гісторыя Каралеўства Польскага» (1810 – 1835 гг.) зрабіў сціплы агляд гісторыі ВКЛ да Люблінскай уніі. Аўтар канцэптуальна поўнасцю паўтарыў пазіцыю Нарушэвіча. Бандтке напісаў шэраг прац, прысвечаных гісторыі кнігадрукавання ў Польшчы і ВКЛ. Ён прывёў шмат цікавай інфармацыі пра старажытнабеларускія кірылічныя кнігі, дзейнасць першадрукароў і кнігавыдаўцоў у Вільні, Заблудаве, Супраслі, Нясвіжы і інш. гарадах. Даследчык аставіў нашчадкам кніжны каталог (каля 15 тыс. тамоў) у Ягелонскай бібліятэцы.

5. «Рамантычная» школа І.Лялевеля. Станаўленне беларускага крыніцазнаўства ў першай трэці ХІХ ст. У першай трэці ХІХ ст. цэнтрам прапаганды ідэй Асветніцтва на тэрыторыі Беларусі і Літвы становіцца Віленскі імператарскі універсітэт, створаны на базе галоўнай Літоўскай школы ў 1803 г. па загаду Аляксандра І. Цыкл гуманітарных, у т.л. і гістарычных дысцыплін, выкладаўся на двух факультэтах: факультэце навук маральных і палітычных; факультэце літаратур і свабодных мастацтваў. Іх абслугоўвала кафедра ўсеагульнай гісторыі. Адным з яе загадчыкаў з’яўляўся вядомы польскі гісторык і грамадска-палітычны дзеяч Іаахім Лялевель.

Іаахім Лялевель (1786 – 1861 гг.) скончыў у 1808 г. Віленскі універсітэт. Працаваў у ім спачатку выкладчыкам, затым ад’юнктам, потым прафесарам і загадчыкам кафедры ўсеагульнай гісторыі. Заснавальнік і рэдактар часопіса «Tygodnik Wileński». Ідэйны натхняльнік тайных таварыстваў філаматаў і філарэтаў, адзін з кіраўнікоў паўстання 1830 – 1831 гг. Пасля паражэння паўстання эміграваў у Заходнюю Еўропу, дзе ўзначальваў польскія дэмакратычныя арганізацыі. Лялевель, магчыма, мае беларускія карані, бо маці Е.Шалюта паходзіла з беларускіх зямель. Сам ён пісаў, што бацька яго быў сынам прусака і саксонкі, а дзед «Шалюта» быў «русінам, а можа і маскалём… Вось такая сумесь атрымалася… як гарох і капуста, а ляха няма».

Упершыню ў польскай гістарыяграфіі Лялевель вызначыў паняцце сусветнай гісторыі як гісторыі ўсіх народаў і дзяржаў. Ён з’ўляецца заснавальнікам і галоўным прадстаўніком «рамантычнай» школы ў гістарыяграфіі Польшчы, Беларусі і Літвы. Пад уплывам польскага нацыянальнага руху ён лічыў справу вывучэння гісторыі актуальным і патрыятычным абавязкам. Гісторыя, на яго думку, ствараецца для народа, а народ – гэта сялянства і шляхта.

У працах «Гісторыка» (1815 г.), «Якім павінен быць гісторык» (1818 г.) Лялевель падкрэсліваў, што гістарычнае даследаванне павінна мець сувязь з сучаснасцю. Гісторыкам лічыцца той, хто вызначае прычыны і наступствы дзейнасці людзей, а гэта патрабуе шырокага выкарыстання гісторыка-параўнальнага метада. Пад прадметам гістарычнага даследавання Лялевель бачыў «вывучэнне стану чалавечага рода, яго здольнасцей і схільнасцей… спосабаў яго вытворчасці».

У 1822 г. ён выдаў кнігу «Навукі, якія дазваляюць вывучыць гістарычныя крыніцы», якая ўвабрала курс крыніцазнаўства і дапаможных гістарычных дысцыплін, які чытаў аўтар у Віленскім універсітэце. Тым самым І.Лялевель пашырыў крыніцазнаўчую базу гістарычнай навукі за кошт дапаможных дысцыплін: геаграфіі, статыстыкі, храналогіі, археалогіі, нумізматыкі, сфрагістыкі і інш. Ім былі распрацаваны навуковыя прыёмы крытыкі гістарычных крыніц.

Сам працэс пазнання мінулага складаецца з трох этапаў. Першы прадугледжвае вывучэнне гістарычнай крыніцы, адказ на пытанне: «як, што, дзе і калі гэта адбывалася». Глыбокі аналіз крыніц, на яго думку, змяншае небяспеку мадэрнізацыі мінулага, вызваляе даследчыка ад чужога ўплыву. «Гісторыю і гістарычныя крыніцы я пазнаваў уласнымі намаганнямі, я накопліваў уласны вопыт… Мною кіравалі прыклады пісьменнікаў, але іх ацэнка залежала ад мяне», - пісаў Лялевель.

Другі этап - «этыялогіка». Гісторыя не роўназначна фактаграфіі. Гісторыя ў шырокім сэнсе гэтага слова азначае сінтэз, г. зн. крытычнае, філасофскі асэнсаванае і абагульненне мінулага. Паколькі з’явы ў гісторыі не аднолькавыя, таму даследчык павінен вылучыць толькі галоўныя: «У прыродзе і лісце дрэў адрозніваецца адзін ад аднаго, - я заўсёды аб гэтым помніў і затраціў шмат сіл на вызначэнне адрозненняў у з’явах». Важнай задачай этыялогікі Лялевель лічыў раскрыццё прычын і наступстваў гістарычных падзей па схеме: прычыны – падзея – наступствы.

У цэнтр гістарычнага працэса даследчык паставіў чалавека, які з’яўляецца часткай грамадства і дзейнічае ў яго межах. Чалавек па-за грамадствам не можа быць аб’ектам вывучэння «філасофскай» гісторыі, толькі народ як комплекс грамадскіх груп. Кожны народ мае свой спецыфічны «дух», які з’яўляецца рухавіком гістарычнага працэса і прагрэса.

Трэці этап гістарычнага даследавання ёсць непасрэдна гістарыяграфія - «мастацтва пісаць гісторыю», уменне растлумачыць ўсе бакі грамадскага жыцця. Пры гэтым вялікая ўвага павінна надавацца стылю твора. Гісторык павінен быць «і паэтам, і мастаком».

Відавочна, што аснову рамантычнай гістарыяграфіі складала ідэя «нацыянальнага духа», «патокаў культуры» і інш. духоўных з’яў, якія вызначаюць лёс народа. У кнізе «Гісторыя Польшчы да смерці Стэфана Баторыя» (1813 г.) Лялевель вызначыў «нацыянальны дух» палякаў у схільнасці да свабоды, мужнасці, адкрытасці, імкненні захаваць старажытныя славянскія свабоды, дапоўніўшы іх рэспубліканскімі інстытутамі. Польскую мову ён лічыў самай багацейшай за іншыя славянскія мовы, паколькі ў ёй адсутнічаюць паняцці «дэспатызм», «самадзяржаўе». Таму гісторыя Польшчы – гэта гісторыя самаразвіцця, узвышэння і заняпаду «нацыянальнага духа» польскага народа.

Падобны падыход адлюстроўваў погляды дробнай шляхты і прагрэсіўнай інтэлігенцыі рэспубліканскага накірунку. Рускі гісторык М.І.Карэеў адзначаў: «трагічны лёс роднай зямлі заставіў іх (палякаў) перанясці свае сімпатыі ў мінулае і, параўноваючы з ім крыўднае сучаснае, зрабіць з гэтага мінулага прадмет паўрэлігіёзнага культу… У гэту эпоху прадстаўнікі нацыі адчулі крыўду, спачуванне да саміх сабе, жаль аб страчаным палітычным існаванні, і ўсё гэта павінна было адбіцца на гістарыяграфіі пачаткам ідэалізацыі былой Рэчы Паспалітай».

Свае погляды на гісторыю ВКЛ і Русі Лялевель раскрыў у манаграфіі «Гісторыя Літвы і Русі да Люблінскай уніі з Польшчай 1569 года» (1839 г.). У сваёй працы ён паспрабаваў даць комплексную панарамную характарыстыку іх унутранага развіцця, дзяржаўна-палітычных адносін, знешніх фактараў, у т. л. дзяржаўных і царкоўных уній з Польшчай. Лялевель крытычна ацаніў развіццё гістарычнай думкі ад узнікнення рускага летапісання да пачатку ХІХ ст. Упершыню ў гістарыяграфіі даследчык вывучыў польскія крыніцы па гісторыі Расіі.

Лялевель адобрыў перыядызацыю расійскай гісторыі, прапанаваную Карамзіным, але быў супраць вылучэння вялікіх храналагічных перыядаў. У рускай гісторыі даследчыка зацікавілі нарманская тэорыя і роля нарманаў у стварэнні Старажытнарускай дзяржавы, грамадска-палітычнае развіццё Маскоўскага княства і стварэнне Рускай цэнтралізаванай дзяржавы, гісторыя Ноўгарада, руска-польскія адносіны. Лялевель адным з першых пачаў даказываць магчымасць сяброўскіх адносін народаў Расіі і Польшчы. Праўда, ён ідэалізаваў знешнюю палітыку Рэчы Паспалітай, сцвярджаў, што яна не думала аб захопах і пашырэнні сваёй тэрыторыі, як гэта рабілі рускія манархі.  

Гісторыя ВКЛ пачынаецца з часоў Кіеўскай Русі і заканчваецца Люблінскай уніяй. На думку даследчыка, Княства было асноўным пераемнікам гістарычнай, традыцыйнай і культурнай спадчыны Кіеўскай Русі, што садзейнічала яго ўнутранаму развіццю і знешняй адпорнасці. «Гаспадарства ўзнікла на рыштаваннях тагачаснай Русі, - пісаў Лялевель, - і прыстасаванні да ніх наезднічай Літвы». Рэспубліканскія погляды Лялевеля адбіліся ў яго ідэалізацыі абшчынных парадкаў, «гмінаўладства», свабоды і роўнасці, у крытыцы феадальных парадкаў у ВКЛ, самаўпраўства і панавання арыстакратыі, у прыхільнасці да саслоўна-прадстаўнічага (шляхецкага) дзяржаўнага ладу. Праца Лялевеля ахоплівала розныя бакі этнічнай, царкоўна-рэлігійнай, грамадскай, эканамічнай гісторыі Літвы і Русі. Аўтар прытрымліваўся класавай ацэнкі сацыяльных працэсаў, ускладваў гістарычныя надзеі на дзейнасць сярэдніх і ніжэйшых пластоў грамадства, з улікам знешніх фактараў шукаў унутраныя прычыны для тлумачэння буйных палітычных рухаў, дзяржаўных і царкоўных уній.

Па сваёй рознабаковасці, этнічнай і палітычнай талерантасці ў асвятленні самага значнага перыяду фарміравання і развіцця ВКЛ і па сваёй галоўнай тэматыцы, звязаўшай Русь і Літву у адным дзяржаўна-палітычным рэчышчы, - кніга Лялевеля засталася ўнікальнай з’явай у гісторыі польска-літоўскай гістарыяграфіі. Па сутнасці гэта першы сінтэтычны абагульняючы агляд «літоўска-рускай» дзяржаўнасці. Усе наступныя абагульняючыя працы польскіх і літоўскіх гісторыкаў былі абмежаваны або адасобленай гісторыяй Літвы ці Русі або гісторыяй Літвы і Польшчы, Літвы і ВКЛ, ці разглядалі больш вузкія сферы. Ацэньваючы перспектывы нацыянальна-вызваленчых рухаў, Лялевель спадзяваўся на падтрымку падняволенага царызмам рускага народу.

У канцы XVIII ст. узрастае прэстыж гісторыі ў шляхецкім асяродку, што было выклікана пашырэннем грамадска-палітычнага руху. Згодна ўяўленням паланізаванай беларускай шляхецкай інтэлігенцыі гісторыя павінна служыць барацьбе за захаванне нацыянальнай культуры. Таму мясцовая інтэлігенцыя праяўляла схільнасць да гістарычнай праблематыкі і гістарычных даследаванняў. Д.У.Караў назваў гэты працэс «крыніцавым бумам». Попыт нараджаў прапанову, а практыка прыватнага калекцыяніравання патрабавала рацыянальнага аналіза крыніц.

У першай трэці ХІХ ст. у Вільні сфарміравалася група даследчыкаў-гісторыкаў, якія стаялі ля вытокаў не толькі беларусазнаўства, але і беларускай нацыянальнай ідэі. Яны асвятлялі гісторыю ВКЛ з патрыятычных, літоўска-беларускіх пазіцый, выказываліся за аднаўленне самастойнасці ВКЛ і вяртанне дзяржаўнага статуса старабеларускай пісьмовай мове. 

Ігнат Мікалаевіч Даніловіч (1788 – 1843 гг.) паходзіў з сям’і ўніяцкага святара. Выпускнік, а затым прафесар Віленскага універсітэта. Атрымаў добрую падрыхтоўку ў галіне заканадаўства ў Варшаве і Пецярбургу. Пасля разгрому тайных таварыстваў філаматаў і філарэтаў быў накіраваны ў Харкаўскі універсітэт прафесарам расійскага і правінцыяльнага права (1825 г.). У 1835 – 1842 гг. выкладаў крымінальнае права ў Кіеўскім і Маскоўскім універсітэтах. Першы дэкан юрыдычнага факультэта Кіеўскага універсітэта. Памёр у Графенбергу, дзе праходзіў курс лячэння ад псіхічнай хваробы.

Працуючы ў Віленскім універсітэце, Даніловіч пачаў займацца зборам, вывучэннем і публікацыяй пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы. Даследчык сам праводзіў археаграфічныя пошукі матэрыялаў у архівах Пецярбурга, Варшавы, Масквы. У бібліятэцы графа М.П.Румянцава ён знайшоў Судзебнік Казіміра ІV 1468 г., а ў Супрасльскім манастыры – Супрасльскі летапіс. Віленскія студэнты прывозілі свайму прафесару пергаментныя рукапісы пераважна з уніяцкіх цэркваў і манастыроў. Зборы рукапісаў ён класіфіцыраваў і крытычна разбіраў.

З прыездам у Вільню Лялевеля І.Даніловіч разам з М.К.Баброўскім пачаў рыхтаваць праект выдання помнікаў заканадаўства ВКЛ. Пры Віленскім універсітэце ў 1821 г. быў створаны спецыяльны камітэт для выдання Статутаў ВКЛ. Першы Статут 1529 г., падрыхтаваны да друку Даніловічам, быў апублікаваны ў 1841 г. У працы «Гістарычны агляд літоўскага заканадаўства» (1837 г.) ён зрабіў агляд гісторыі права ў Беларусі і Літве. Аўтар паказаў, што права ВКЛ мела адзіную крыніцу са старажытнарускім правам, лічыў «Рускую праўду» помнікам гарадскога права, які не ахопліваў усіх бакоў народнага жыцця Русі.

Цікавым фактам з яго жыцця з’яўляецца супрацоўніцтва з М.М.Сперанскім у Пецярбургу, куды гісторык быў накіраваны ў 1830 г. Ён атрымаў даручэнне скласці «Звод мясцовых правоў заходніх губерняў». Але пасля паўстання 1830 – 1831 гг. на тэрыторыі Беларусі і Літвы распаўсюджваецца агульнарасійскае заканадаўства, таму гэты праект не быў рэалізаваны.

Даніловіч адным з першых пачаў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання. Ён разам з М.К.Баброўскім у 1827 г. апублікаваў Супрасльскі летапіс пад назвай «Летапісец Літвы і Руская хроніка». Фактычна гэта першае выданне беларуска-літоўскага летапіса 1446 г. Працы І.Даніловіча «Пра літоўскія летапісы» (1840 г.), «Паведамленне пра сапраўдных літоўскіх летапісцаў» (1841 г.) далі пачатак навуковаму вывучэнню беларуска-літоўскага летапісання.

Археаграфічная дзейнасць вучонага знайшла адлюстраванне ў зборніку пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы «Скарбніца грамат», які быў выдадзены Я.Тышкевічам у 1860 – 1862 гг. Зборнік уключае 2500 дакументаў ад выпісак з Герадота да актаў 1569 г., апісаных Даніловічам. Вядомы расійскі даследчык права М.Ф.Уладзімірскі-Буданаў назваў яго «патрыётам-ліцвінам, ... грамадзянінам ВКЛ».

Ігнат Сымонавіч Анацэвіч (1780 – 1845 гг.), псеўданім Жэгота, паходзіць з Гродзеншчыны, з сям’і ўніяцкага святара. Скончыў Кёнігсбергскі і Віленскі універсітэты. Працаваў выкладчыкам у Беластоцкай гімназіі, затым ад’юнктам і прафесарам статыстыкі Віленскага універсітэта. Але канфлікт з рэктарам і абвінавачванне ва ўдзеле ў студэнцкай арганізацыі «Племя сарматаў» спынілі навуковую дзейнасць у Беларусі. З 1834 г. працаваў у Пецярбургу памочнікам бібліятэкара Румянцаўскага музея і членам Археаграфічнай камісіі.

Гістарычная спадчына гэтага вядомага даследчыка вывучана недастаткова поўна. Праблемным застаецца пытанне прыналежнасці аўтара да пэўнай нацыянальнай гістарыяграфіі, а таксама яго метадалагічны падыход да гістарычнага працэсу, гістарыясофская аснова і крыніцавая база даследаванняў.

       Часткова адказ на пастаўленыя пытанні можна знайсці ў працы Анацэвіча «Заўвагі да ўсеагульнай гісторыі». Аўтар прыйшоў да высновы, што гісторыя – гэта рэальная частка працэса пазнання свету, «архіў роду людскога». На яго думку, гісторыя ствараецца для народа, а «народ, калі не слухае голасу гэтай навукі, будзе асуджаны і ў доўгай чарадзе паразаў будзе дарэмна аплакваць сваю невідушчнасць». Як і Лялевель, Анацэвіч пад прадметам гістарычнай навукі разумеў вывучэнне дзейнасці не толькі ўрада, паліцыі, палітыкі, промысла, гандлю, войн, але і «звычаяў, характару народа, яго выхавання, правой, рэлігійных абрадаў».

Пазіцыя даследчыка ў супрацьвагу тэалагічнай гістарыяграфіі мае асветніцкі характар, што збліжае Анацэвіча з гістарычнай школай Нарушэвіча. Аўтар лічыць, што гісторыя – свецкая навука, якой прысутны пазнавальныя і маральныя функцыі: «гісторыя з’яўляецца найвышэйшым трыбуналам справядлівасці, перад якім усе ўчынкі народаў і людзей вырашаюцца канчаткова і непрадузята». Ён згодны з антычным тэзісам «historia – est magistra vitae». «Гісторыя як філасофія ў прыкладах, святло праўды, жыццё памяці, настаўніца звычаяў» «…захоўвае помнікі дзеяў і думак людскіх, гэта паходня праўды, якая вынішчае памылкі, забабоны, гэта дакладнае люстэрка адышоўшых стагоддзяў, якое можа служыць невычэрпнай крыніцай перасцярог, навукі, маральнасці будучым стагоддзям», - пісаў аўтар. Праўда, Анацэвіч дапускаў пэўныя ваганні з прычыны прызнання Бога і ролі рэлігіі ў грамадскім і духоўным жыцці. На яго думку, гісторыя павінна падрыхтаваць «род людскі да шанавання канонаў рэлігіі і беззаганнага выканання сваіх абавязкаў».

Анацэвіч пашырыў крыніцазнаўчую базу гістарычнай навукі за кошт іншых гістарычных дысцыплін: геаграфіі, храналогіі, генеалогіі, геральдыкі, дыпламатыкі, нумізматыкі, эпіграфікі, статыстыкі, міфалогіі і археалогіі. Геаграфію і храналогію ён залічыў да навук, маючых «непадзельную сувязь з гісторыяй», а астатнія – да дапаможных. Аўтар паказаў не толькі добрае веданне даследчыкаў і іх прац па кожнай дапаможнай навуцы, але і зрабіў іх крытычны аналіз. На першае месца ён паставіў геаграфію і храналогію, бо яны адказваюць на пытанне, «калі і дзе здарылася» гістарычная падзея. Асобна выдзелены К.Вырвіч і Я.Снядэцкі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё «палітычнай і эканамічнай геаграфіі» у Рэчы Паспалітай. Анацэвіч прадэманстраваў крытычнае стаўленне да гістарычных крыніц па усеагульнай гісторыі, вызначыў правілы аўтэнтычнасці старажытных манет.

Анацэвіч прапанаваў навуковыя прыёмы крытыкі гістарычных крыніц. Ён прытрымліваўся пазіцыі, згодна якой даследчык павінен дакладна і поўна адлюстроўваць падзеі мінулага. Адпаведна працэс гістарычнага пазнання, згодна аўтару, складаецца з трох этапаў. Першы этап прадугледжвае аналіз або «крытыку» самаго даследчыка, г. зн. умоў яго жыцця, каб высветліць магчымасць праўдзівага асвятлення гісторыі. Другі – пошук «крыніц фактаў» з мэтай іх наступнай ацэнкі, а трэці – аналітычны, які ставіў сваёй мэтай аналіз гістарычных падзей: «трэба найперш зрабіць самы сціслы аналіз пануючай думкі, народнага характару, рэлігійнага ўплыву і палітычнага кіравання, перад тым, як адно асудзіць, а іншае пахваліць».

Гісторык заклікае сучасных яму і будучых даследчыкаў «засцерагацца прымаць прыблізнае непадабенства за абсалютнае», рабіць «розніцу паміж цудам і дзівам». На думку аўтара, любы гістарычны факт мае разнастайныя прычыны, а яго доказ залежыць не толькі ад колькасці крыніц, але і іх каштоўнасці.

Сусветную гісторыю даследчык падзяляў на чатыры перыяды: старажытны ( да 476 г.), сярэднія вякі (да 1492 г. – адкрыцця Амерыкі), новы (да 1789 г. – Вялікай французскай буржуазнай рэвалюцыі), навейшы (з канца ХVIII – пачатку ХІХ ст.). Відавочна супадзенне дзвух першых перыядаў з сучасным падыходам да перыядызацыі сусветна-гістарычнага працэсу.

У працы «Заўвагі да ўсеагульнай гісторыі» асобны раздзел прысвечаны «крытычнай Гісторыі Гісторыі» альбо гістарыяграфіі. Гэта сведчыць аб выкарыстанні аўтарам гісторыка-параўнальнага метада, пераходу ад апісальнасці мінулага да яго крытычнага аналізу. Услед за Лялевелем, Анацэвіч лічыў, што «гісторык павінен быць філосафам, палітыкам, чыноўнікам і гледачом».

Умоўна гістарыяграфію сусветнай гісторыі, прапанаваную аўтарам можна падзяліць на тры перыяды: антычны, сярэдневяковы і новы. Самы першы перыяд напісання ўсеагульнай гісторыі Анацэвіч звязвае з гісторыкамі Старажытнай Грэцыі і Рыма. Ён вызначыў іх характэрную асаблівасць – выкарыстанне маналогаў («каб пахваліцца талентам красамоўства) і скупасць звестак аб сацыяльна-эканамічным жыццці грамадства, у прыватнасці, аб «заканадаўстве і палітычнай эканоміцы».

Анацэвіч ставіў старажытнарымскую гістарыяграфію на больш нізкую ступень за старажытнагрэчаскую, лічыў яе водгукам дзеепісьменства Грэцыі. «Пераможаныя (грэкі – В.Б.) пісалі пераможцам (рымлянам – В.Б.) гісторыю дзеля славы сваёй болей, чым для праўды». Таму з рымскіх аўтараў пад увазу даследчыка папалі Трог Пампей за Гістарычную анталогію і Ціт Лівій за Гісторыю ў 14 частках.

Сярэдневяковы перыяд гістарыяграфіі ўсеагульнай гісторыі Анацэвіч лічыў «найсмутнейшым часам для ўсіх навук і для гісторыі». Гэта звязана, найперш, са знішчэннем антычных пісьмовых крыніц «фанатычнымі першымі хрысціянамі». Па-другое, непісьменнасцю большай часткі насельніцтва, бо навукамі займалася «выключна толькі духоўнае саслоўе». Гісторык адзначыў хроніку Эўзэбія як аснову ўсеагульнай гісторыі для сярэдневяковых кампілятараў. Таксама аўтар выказаў сваё сумненне ў аб’ектыўнасці арабскіх крыніц. Пры гэтым ён заўважаў, што сярэдневяковыя творы могуць быць важнымі крыніцамі па ўсеагульнай гісторыі, бо перапісчыкі-манахі старанна перапісывалі тэксты, пазбягаючы каментарыяў і аналітыкі.

Ужо ў ХVII – XVIII ст. у некаторых еўрапейскіх універсітэтах пачынаецца выкладанне ўсеагульнай гісторыі. Езуіт Дыянісій Петавій у працы «Пералік часоў» першым раскрыў падзеі ўсеагульнай гісторыі, за ім – біскуп з Меакса Басуэт. Анацэвіч указаў на асаблівасць гэтых гістарычных прац – метад правідэнцыялізму («Абачнасць Божую, што кіруе стырнам свету»).

Развіццё гарадоў Паўночнай Італіі і актывізацыя ў іх гарадскога саслоўя, на думку Анацэвіча, прадвызначыла рост цікавасці да свецкіх ведаў і, несумненна, гісторыі. На этапе Адраджэння італьянцы распаўсюджвалі творы антычных аўтараў, таму «Грэцыя другі раз, пры садзеянні італьянцаў, выратавала Еўропу ад цемры варварства». Адным з першых прыкладаў «гістарычнай прагматычнасці» стала праца М.Макіявелі «Гісторыя Фларэнцыі». Затым І.Анацэвіч называе «Гісторыю Італіі» Ф.Гуікардзіні і інш. працы. 

Відавочна глыбокае і грунтоўнае веданне Анацэвічам гістарыяграфіі ўсеагульнай гісторыі. Гэта дало яму падставу зрабіць аналічны яе агляд і прапанаваць уласную перыядызацыю гісторыі гістарычнай думкі. А метадалагічныя падыходы аўтара сведчаць аб яго набліжанасці да гістарыяграфічных школ Нарушэвіча і Лялевеля.

Гісторыя ВКЛ разглядалася І.Анацэвічам у спецыяльным курсе, а не пры вывучэнні ўсеагульнай гісторыі. Лекцыі карысталіся папулярнасцю сярод студэнтаў. Гісторык планаваў напісаць абагульняючую працу, але не атрымалася. Ужо пасля смерці выйшлі артыкулы на польскай мове «Погляд на першапачатковую гісторыю Літвы» (1846 г.), «Погляд на гісторыю Вялікага княства Літоўскага» (1849 – 1850 гг.). ёсць меркаванне, што рукапіс сваёй «Гісторыі Літвы» вучоны перадаў Ігнату Крашэўскаму.

У гістарычнай канцэпцыі Анацэвіч зыходзіў з паходжання літоўцаў ад герулаў (германскіх плямён), якія падзяліліся «на ліцвінаў, прусаў, яцвягаў, жмудзінаў, куронаў, лівонаў і крывічоў». Назву «крывічы» ён выводзіў ад старажытнабалцкага «архікаплана Крыве». Гісторыю ВКЛ даследчык падзяляў на пяць перыядаў: 1) 1009 – 1183 гг. – міфічная гісторыя ад першага летапіснага ўспаміну аб Літве; 2) 1183 – 1240 гг. – няпэўная гісторыя ад паходаў Літвы на Русь да княжання Міндоўга; 3) 1240 – 1386 гг. – больш пэўная гісторыя ад Міндоўга да хрысціянізацыі Літвы; 4) 1386 – 1447 гг. – магутнасць Літвы; 5) 1447 – 1569 гг. – завяршэнне асобнай гісторыі Літвы, яе далучэнне да гісторыі Польшчы.

Іосіф Бенядзіктавіч Ярашэвіч (1793 – 1860 гг.) – сын судовага пісара з Бельска (Польшча). Скончыў Беластоцкую гімназію, маральна-палітычны факультэт Віленскага універсітэта. Выкладаў у Крамянецкім юрыдычным ліцэі, затым стаў прафесарам крымінальнага і грамадзянскага права Віленскага універсітэта.

Ярашэвіч актыўна займаўся даследаваннем старажытнай гісторыі ВКЛ і крыніцазнаўствам. Вялікі ўплыў на яго аказаў загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі Лялевель, з якім вучоны ў 1817 – 1830 гг. вёў інтэнсіўную перапіску.

Дакладнае вывучэнне гістарычных крыніц дазволіла Ярашэвічу падрыхтаваць фундаментальнае выданне «Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца ХVІІІ ст.», якое выйшла ў трох тамах (830 старонак) у 1844 – 1845 гг. Гэтае даследаванне стала адлюстраваннем істотнага прагрэсу ў развіцці гістарычнай навукі Беларусі і Літвы. Ярашэвіч першым у айчыннай гістарыяграфіі стаў разумець гістарычную навуку як цывілізацыйны закон развіцця асветы грамадства. 

Першы том змяшчае інфармацыю аб жыцці і побыце балцкіх плямён да хрысціянізацыі Літвы. Другі том пачынаецца з увядзення каталіцызма ў ВКЛ да Рэфармацыі. Трэці том аўтар прысвяціў дзейнасці ордэна езуітаў, раскрыў рэформы А.Тызенгаўза. Перыядызацыя Ярашэвіча для першай паловы ХІХ ст. была новай з’явай – амаль усе даследчыкі завяршалі асвятленне гісторыі ВКЛ Люблінскай уніяй або прывілеем Ягайлы аб хрышчэнні Літвы.

Аўтар прызнаваў літоўцаў аўтахтонным насельніцтвам з ІІІ ст. н. э. Але ён памылкова адносіў іх да плямёнаў Паўночнай Еўропы. Ярашэвіч крытыкаваў польскага храніста В.Кадлубка і гісторыка А.Нарушэвіча за іх погляд на язычніцкую Літву як на варварскі перыяд. Ён адзначаў, што людзі, якія «займаюцца жывёлагадоўляй і земляробствам не могуць быць на нізкім узроўні развіцця». Гісторык прааналізаваў спрэчныя думкі вакол асобы Крыва-Крывэйтэ. У гісторыка выклікаў скептычную ўсмешку факт беднасці старажытных літоўцаў, якія, быццам бы нават даніну плацілі рускім князям бярозавымі венікамі.

Ярашэвіч вельмі асцярожна адносіўся да некаторых звестак «Хронікі Быхаўца». Паданне пра Палямона, яго сыноў і ўнукаў ён апусціў. Відаць, лічыў, што гэта легендарная частка летапіса. Гісторык не пагаджаецца з назвамі мясцін, дзе адбыліся бітвы літоўскіх войск на чале з князем літоўскім Міндоўгам з татарамі.

 Адным з першых у гістарыяграфіі Польшчы, Беларусі і Літвы Ярашэвіч выдвінуў канцэпцыю існавання феадальнага ладу ў ВКЛ. На яго думку, феномен феадалізму ў гэтым рэгіёне мае ўнутраныя прычыны, а не знешнія. Феадалізм аўтар вызначаў з ХІ ст. і звязываў яго з імем князя Эрдзвіла Манцівілавіча. На яго думку, узнікненне феадалізму выклікана ленным правам атрымання зямлі.

Аўтар вызначыў ролю праваслаўя ў гісторыі ВКЛ. Ён лічыў, што некаторыя літоўскія князі прымалі праваслаўную веру «дзеля сваіх палітычных інтарэсаў». Уключэнне беларускіх зямель у склад Княства ацэньваецца ў развіцці літоўскай цывілізацыі станоўча, таму што яны знаходзіліся на больш высокай ступені развіцця. Прыняцце каталіцызму дапамагло стварыць бяспеку ад крыжацкай агрэсіі і захаваць раўнавагу паміж рознымі цывілізацыямі, якія аказывалі ўплыў на ВКЛ. Агульны канфесійны стан краіны да канца ХVI ст. ацэньваецца як талеранты, але з царкоўнай уніі пачынаюцца рэлігійныя ганенні.

Ярашэвічу належаць працы «Пра ўплыў хрысціянскай рэлігіі на цывілізацыю славян» (1826 г.) і «Пра стан цывілізацыі Літвы перад і пасля заснавання акадэміі» (сяр. 40-х гг.). У апошняй ён негатыўна ставіцца да езуітаў – лічыў, што яны затрымалі развіццё культуры ў ВКЛ. На думку вучонага для ордэна езуітаў асвета была «не мэтай, а сродкам правядзення сваіх рэакцыйных планаў у жыццё».

Гістарычную каштоўнасць мае кніга «Матэрыялы да статыстыкі і геаграфіі Гродзенскай губерні: Бельскі павет», выдадзеная ў 1848 г. У ёй даецца этнаграфічная характарыстыка розных груп насельніцтва Бельскага павета, у якім назіралася надзвычай вялікая стракатасць яго па нацыянальнаму складу. Беларусаў Бельскага павета аўтар называе «рускім племенем». Многа месца адводзіцца параўнанню быту беларусаў і палякаў. У нарысе змешчаны каштоўны матэрыял аб размяшчэнні, занятках жыллі, адзенні, ежы і фальклоры беларусаў.   

Міхаіл Кірылавіч Баброўскі (1784 – 1848 гг.) – вядомы славіст, багаслоў, палеограф, гісторык славянскай культуры, збіральнік славянскіх старажытнасцей. Нарадзіўся ў в. Вулькі Бельскага павета ў шляхецкай сям’і ўніяцкага святара. Скончыў Драгічынскае вучылішча, Беластоцкую гімназію, Галоўную Духоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце. Атрымаў ступень магістра багаслоўя і высокіх мастацтваў, а ў 1814 г. магістра грамадзянскага і крымінальнага права Віленскага універсітэта. З 1816 г. дацэнт Галоўнай Духоўнай семінарыі, выкладчык экзегетыкі. Пасля замежнай вандроўкі па Еўропе ўзначаліў кафедру Свяшчэннага Пісання і стаў выкладаць арабскую мову. У 1823 г. атрымаў ступень доктара багаслоўя і быў прызначаны ардзінарным прафесарам экзегетыкі і герменеўтыкі Віленскага універсітэта. Памёр ад халеры ў м. Шэрашава (Пружанскі раён).

На працягу ўсяго свайго жыцця Баброўскі займаўся пошукам гістарычных крыніц. У прыватнасці, падчас знаходжання ў Заходняй Еўропе ён вывучаў старажытнаславянскія рукапісы Ватыканскага архіва, рабіў іх копіі ў Парыжы. У сховішчах Еўропы было назапашана багата навуковых матэрыялаў. Камандзіроўкі прыводзілі да трывалых сувязей з пэўным асяродкам еўрапейскіх вучоных, прызнаных аўтарытэтаў у галіне вывучэння крыніц. Падобныя паездкі патрабавалі значных срод-каў і былі немагчымы без падтрымкі мецэнатаў. Напрыклад, за дзейнасцю М.К.Баброўскага сачыў Адам Чартарыскі, папячыцель Віленскай навучальнай акругі.

Летам 1823 і 1824 гг. даследчык разам з Даніловічам зддзейсніў археаграфічныя экспедыцыі па манастырам і архівам Падляшша і Заходняй Беларусі. Менавіта тады быў знойдзены і атрыбутаваны «Хранограф» і Супрасльскі летапіс. У 1825 г. на старонках «Библиографических листов» з’явіўся «Супрасльскі рукапіс», палімпсест з Барберынскай бібліятэкі Ватыкана. Апошні быў укладам М.К.Баброўскага ў развіццё айчыннай археаграфіі, вынікам яго доўгіх археаграфічных шуканняў.

Матэрыялы часопісаў дазваляюць прасачыць метады навуковай працы. Баброўскі рабіў запісы слоў «для памяці» ў карчме вёскі Куніца, пачутых ім ад простых жанчын-прачак. У бібліятэцы ў Герліцы ён выпісваў загалоўкі рукапісаў і друкаваных крыніц, якія датычылі славянскай мовы лужыцкіх сербаў. Пры гэтым ён карыстаўся слоўнікам X.Генінга 1705 г. Цікавіўся саманазвай «славяне», вывучаў мясцовыя славянскія варыянты мовы, суадносіў граматыкі і слоўнікі. Усё гэта дапамагала арыентацыі ў бязмежным рукапісным багацці Ватыкана, Вены, Парыжа.

Высокі ўзровень адукацыі дазволіў М.К.Баброўскаму прыняць удзел у стварэнні каталога славянскіх рукапісаў А.Мее. У перапісцы Баброўскага і І.М.Лабойкі за 1825 г. значыцца тэрмін «гравіраваныя здымкі» старажытных славянскіх літар. Гэта таксама крыніца тэрміналогіі археаграфічных даследаванняў. Такім чынам паступова ўваходзіла ў айчынную грамадскую думку новая галіна ведаў.

Пасля ссылкі ў Жыровіцкі манастыр (1824 – 1826 гг.) гісторык распрацаваў курсы біблейскай археалогіі, герменеўтыкі, славянскай бібліяграфіі, апісаў калекцыі медалёў і манетаў ВКЛ. З гэтых лекцый паступова склаўся «Курс славянскай бібліяграфіі» - фундаментальная праца (у рукапісу), у якой даваўся поўны разбор славянскіх помнікаў кірылічнага пісьма.

Працы і дзейнасць Баброўскага сталі пачаткам сусветнага славяназнаўства. Ён спрыяў узнікненню асобнага накірунку ў гуманітарных навуках – беларусазнаўства. Па сённяшні дзень не вывучаны лёс яго збору рукапісаў і кніг. Каля дзвух тысяч кніг яшчэ ў 1824 г. набыла Галоўная Духоўная семінарыя, але найбольш каштоўныя рукапісы засталіся ў вучонага да смерці. У 1848 г. яны дасталіся вядомаму бібліёграфу Трэнбіцкаму, а праз яго – у кнігасховішчы графаў Замойскіх. Частка збору разыйшлася сярод мясцовыў калекцыянераў. Аднак большая іх частка загінула ў гады Другой сусветнай вайны. Таму навуковая дзейнасць М.К.Баброўскага не знайшла адпаведнага гістарыяграфічнага вывучэння.

Шырокую дапамогу і матэрыяльную падтрымку мясцовым даследчыкам-гісторыкам аказаў граф Мікалай Пятровіч Румянцаў (1754 – 1826 гг.) – вядомы дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі – старшыня Дзяржаўнага Савета, міністр замежных спраў, канцлер. Пасля адстаўкі ў 1814 г. жыў у Гомелі. Румянцаў збіраў рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, дакументы, якія затым склалі аснову Румянцаўскага музея ў Пецярбургу, а з 1861 г. – «Маскоўскага публічнага музеума», а з 1926 г. – Дзяржаўнай бібліятэкі імя Леніна СССР. Мецэнат арганізаваў гурток, у які ўвайшлі вядомыя гісторыкі, мовазнаўцы, археографы.

Членам Румянцаўскага гуртка з’яўляўся Ігнат Мікалаевіч Лабойка (1786 – 1861 гг.) – прафесар расійскай славеснасці Віленскага універсітэта. Ён перыядычна чытаў курсы гісторыі Расіі. Вучоны скончыў Харкаўскі універсітэт, быў добразычлівым кантактным чалавекам. Лабойка хутка ўсталяваў сяброўскія адносіны з мясцовай інтэлігенцыяй, рэкамендаваў графу Румянцаву многіх знаўцаў «літоўскай» старыны. Акрамя сваёй выкладчыцкай дзейнасці, ён энергічна займаўся палеяграфіяй, археалогіяй, пошукам помнікаў славянскай пісьменнасці. Пад яго кіраўніцтвам студэнты універсітэта склалі апісанне 80 мястэчак і гарадоў Заходняй Беларусі і Літвы. Сам І.Лабойка аставіў шэраг гістарычных прац: «Апісанне польскіх і літоўскіх гарадоў», «Даследаванне аб Літве», «Аб важнейшых выданнях Герберштэйна».

Пансіянерам графа М.Румянцава з’яўляўся Іван Грыгаровіч.

Іван Іванавіч Грыгаровіч (1790(1792) – 1852 гг.) нарадзіўся ў Прапойску (Слаўгарадзе) Магілёўскай губерні ў шматдзетнай сям’і праваслаўнага святара. Маці – пляменніца вядомага беларускага архіепіскапа Г.Каніскага. Пасля заканчэння Магілёўскай духоўнай семінарыі працаваў выкладчыкам у Магілёўскім духоўным вучылішчы. З 1820 г. саборны протаіерэй, рэктар Гомельскага духоўнага вучылішча. На сродкі графа М.Румянцава атрымаў адукацыю ў Духоўнай акадэміі Пецярбурга. У 1829 г. прызначаны рэктарам мясцовых навучальных устаноў у Віцебску. З 1831 г. жыў у Пецярбургу і служыў пры царкве лейб-гвардыі Фінляндскага палка, з 1838 г. пры царкве Анічкава палаца. Пахаваны на Волкавых могілках у Пецярбургу.

Навуковай дзейнасцю Грыгаровіч пачаў займацца ў час навучання ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Па даручэнню свайго апекуна ён шукаў у бібліятэках і архівах рэдкія творы, прапаноўваў іх да выдання, збіраў звесткі ў рукапісах, перакладаў дакументы з лацінскай і польскай моў, апісываў рукапісныя кнігі з Румянцаўскай бібліятэкі. У прыватнасці, ім складзена апісанне Дабрылава евангелля 1164 г., Кормчай кнігі і Служэбніка ХІV ст., Лаўрышаўскага евангелля ХІІІ ст.

Знойдзеныя матэрыялы сталі асновай для зборніка «Беларускі архіў старажытных грамат» - першага ў беларускай навуцы археаграфічнага зборніка. Першая частка была выдадзена на сродкі Румянцава ў 1824 г. Выданне ўключала 57 старажытных актаў, у асноўным з гісторыі Магілёва ХV – XVIII ст. У прадмове аўтар падкрэсліваў, што гэтыя дакументы «з’яўляюцца крыніцай па гісторыі Беларусі, царкоўнай і грамадзянскай, і ў гэтых адносінах змяшчаюць у сабе шмат вартага і цікавага». Пры ўсім станоўчым значэнні гэтага выдання для развіцця айчыннай гістарыяграфіі нельга не адзначыць яго ідэалагічны характар. Зборнік «выяўляў», на думку гісторыка, «дух папізма» і той уціск ад яго, які прыйшлося вынесці праваслаўным у Беларусі. З гэтым згаджаўся і сам М.Румянцаў.

У Гомелі Грыгаровіч падрыхтаваў кандыдацкую дысертацыю пра наўгародскіх пасаднікаў («Исторический и хронологический опыт о Посадниках Новгородских: Из древних русских летописей»), за што атрымаў ступень кандыдата багаслоўя. Знаходзячыся ў Віцебску, гісторык зрабіў першую спробу навуковага апісання Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку («Вести о древнем храме Христа Спасителя, построеннога в ХІІ в. преподобной Ефросиньей вблизи Полоцка»).

Пецярбургскі перыяд навуковай творчасці даследчыка звязаны з працай над другой і трэцяй часткамі «Беларускага архіва старажытных грамат». Збіраць дакументы яму дапамагалі супрацоўнікі графа М.Румянцава. Але другая частка зборніка засталася ў рукапісу. Спробы Грыгаровіча зацівіць выданнем мітрапаліта Балхавіцінава, Акадэмію навук, прадаць права на публікацыю ці сабраць грошы праз падпіску не прынеслі поспеху. Частку матэрыялаў вучоны выкарыстаў пры падрыхтоўцы «Актов, относя щихся к истории Западной России» Археаграфічнай камісіяй, членам якой ён з’яўляўся з 1837 г.

У апошнія гады жыцця па прапанове міністра народнай асветы П.А.Шырынскага-Шыхматава Грыгаровіч займаўся складаннем слоўніка беларускай мовы. Свой падыход да гэтай грунтоўнай працы ён вызначыў наступным чынам: «Складальнік слоўніка, як праўдзівы летапісец, павінен запісаць усе словы, якія ўжывае народ у сваім хатнім побыце, у служэнні і ў сваіх малітвах да Бога і ў сваіх законах. Слоўнік ёсць летапіс мовы, і ў гэты летапіс павінны быць унесены ўсе факты, якія былі і ёсць». Але закончыць працу аўтар не паспеў. Захаваліся рукапісы толькі на літары А, Б, В.

Пра сэнс навуковай дзейнасці І.Грыгаровіч пісаў брату Васілю: «… і наша Беларусь не зусім знікне з твару зямлі, але хай ведае свет, што былі часы, калі яна была больш слаўная і дабрачынная, чым зараз». Дарэчы, дзеці напісалі на яго надмагіллі - «Ne frustra videar vixisse» («Мне здаецца, што недарэмна пражыў»).

Апякунствам Румянцава карыстаўся гродзенскі калекцыянер археаграфічных матэрыялаў Антоній Глябовіч, які пасля і сам стаў вывучаць старажытнасці.

Антоній Баляслаў Глябовіч (1801 – 1847 гг.) скончыў Віленскі універсітэт са ступенню кандыдата філасофіі. Член таварыства філарэтаў. З 1823 г. працаваў у Пецярбургу ў Міністэрстве народнай адукацыі, быў сакратаром графа М. Румянцава. З 1830 г. займаўся педагагічнай дзейнасцю ў Варшаве.

У 1821 г. пад кіраўніцтвам Анацэвіча ён напісаў «Кароткі нарыс жыцця Вітаўта» - першую навуковую біяграфію вялікага князя літоўскага, прысвечаную галоўным чынам яго знешнепалітычным акцыям. Кніга пабудавана на Хроніцы Быхаўца, хроніках Я.Длугаша, М.Стрыйкоўскага, «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.М.Карамзіна.  

Глябовіч займаўся сістэматызацыяй рукапісных матэрыялаў, сабраных Догелем, якія зберагліся ў бібліятэцы Віленскага універсітэта. Знойдзеныя там лісты персідскіх шахаў да Жыгімонта ІІІ Вазы і артыкул «Гісторыя булгараў», ён апублікаваў у газеце «Віленскі дзённік». На жаль, многае з яго збораў бяследна страчана.

Заснавальнікам навуковай археалогіі ў Беларусі лічыцца Адам Чарноцкі (Зарыян Даленга-Хадакоўскі).

Зарыян Якаўлевіч Даленга-Хадакоўскі (1784 – 1825 гг.) нарадзіўся ў фальварку Падгайная на Лагойшчыне ў шляхецкай сям’і. Вучыўся ў слуцкім каталіцкім вучылішчы і Крамянецкім юрыдычным ліцэі. Працаваў хатнім настаўнікам, прыватным адвакатам, упраўляючым маёнтка графа Ю.Несялоўскага. За падтрымку Напалеона лішыўся шляхецтва, быў разжалаваны ў салдаты. Уцёк з планам Бабруйскай крэпасці ў Варшаву. Пасля 1812 г. узяў псеўданім – Даленга-Хадакоўскі. 

Вучоны падтрымліваў сувязі з «Таварыствам аматараў навук» у Варшаве, дасылаў туды свае нататкі па розных праблемах старажытнай гісторыі, этнаграфіі і фальклору. Амаль адначаосва ён прапанаваў свае паслугі пецярбургскаму «Вольнаму таварыству аматараў расійскай славеснасці». У 1819 г., калі кіраўніком таварыства стаў дзекабрыст Фёдар Мікалаевіч Глінка, Даленга-Хадакоўскі ўвайшоў у яго склад.

У час падарожжаў па Беларусі і Украіне даследчык адчуў цяжкасці ў зборы навуковага матэрыялу з-за адсутнасці адпаведных дакументаў. Таму ў снежні 1818 г. З. Даленга-Хадакоўскі упершыню на Беларусі атрымаў ад Віленскага універсітэта дазвол (адкрыты ліст) на правядзенне раскопак. Даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім павеце, каля Брэста, Гомеля, Магілёва, рабіў запісы фальклору, абрадаў, мясцовых дыялектаў.

У найбольш значнай працы «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818 г.) упершыню зрабіў спробу паказаць старажытнаславянскі побыт, культуру і народную творчасць у дахрысціянскі перыяд. Таксама крытыкаваў некаторыя палажэнні М.М. Карамзіна і ўдакладняў факты з гісторыі Беларусі ў кнізе «Даследаванні адносна рускай гісторыі» (1819 г.). 

Ён склаў чатырохтомны «Слоўнік назваў гарадзішчаў і ўрочышчаў» (1844 г.). Па звестках Г.А.Каханоўскага, у ім налічваецца каля 200 пунктаў на тэрыторыі Беларусі.

Даленга-Хадакоўскі лічыцца заснавальнікам гістарычнай геаграфіі ў Беларусі. Ён першым пачаў складаць «Славянскую геаграфію». Таксама даследчык першым узяўся за вывучэнне старажытных шляхоў зносін. Са спасылкай на гістарычныя крыніцы прасачыў на беларускіх землях перавалачныя дарогі з Кіева ў Полацк, Прыпяцкі водны шлях.

Даленга-Хадакоўскі ў працах «Праект вучонага падарожжа па Расіі для вытлумачэння старажытнай славянскай гісторыі» (1820 г.), «Гістарычная сістэма Хадакоўскага» (1838 г.) абгрунтаваў археалагічную тэорыю гарадзішчаў, вызначыў прынцыпы збору фальклору і дыялектнай лексікі, паказаў тэрыторыю пашырэння беларускай мовы, упершыню ў славістыкі прадэманстраваў ролю тапанімікі ў гістарычных даследаваннях. Л.А.Малаш-Аксамітава назвала даследчыка «першым беларускім мовазнаўцам, фалькларыстам, археолагам і этнографам». Фальклорны архіў З. Даленгі-Хадакоўскага паралельна са зборам серба Вука Караджыча – першы і самы багаты збор фальклору славянскіх народаў па колькасці запісаў і па велічыні ахопленай тэрыторыі.

5. Гістарычныя звесткі пра Беларусь у працах рускіх гісторыкаў і археографаў XVIIІ – пачатку ХІХ ст. Адным з першых расійскіх даследчыкаў, які прааналізаваў гістарычныя падзеі на Беларусі, з’яўляецца Васіль Тацішчаў.

Васіль Мікітавіч Тацішчаў (1686 – 1750 гг.) паходзіць з роду беларускіх князёў Саламярэцкіх. Актыўны ўдзельнік ІІ-й Паўночнай вайны: у 1710 г. на чале ваеннага атрада прайшоў ад Пінска да Кіева, быў паранены пад Палтавай. Заснавальнік расійскай гістарычнай навукі, хаця сам не з’яўляўся прафесійным гісторыкам. Галоўная праца – «Гісторыя Расійская» (1768 – 1848 гг.) у пяці кнігах. Упершыню ў расійскай гістарыяграфіі паспрабаваў знайсці заканамернасці ў гістарычным развіцці Расіі. З яго імем звязаны працэс пераўтварэння гістарычных ведаў у навуку.

Вядома, што В.М.Тацішчаў чытаў і выкарыстаў у сваёй « Истории Российской» Полацкі летапіс. Таму яго праца з’яўляецца каштоўнай крыніцай, на аснове якой удакладняюцца многія падзеі з гісторыі Беларусі. У прыватнасці, аўтар вызначыў прычыну нападу наўгародскага князя Уладзіміра Святаславіча на Полацк у 980 г. – паход Рагвалода на Наўгародскія землі, раскрыў намер менскага князя Глеба Усяславіча заваяваць Наўгародскія і Смаленскія землі. Тацішчаў лічыў, што горад Навагрудак заснаваны князем Яраславам Мудрым падчас яго пахода на Літву ў 1044 г., што полацкі князь Усяслаў Брачыславіч здзейсніў ваенную акцыю не на Ноўгарад, а на Навагрудак (памылкова). Бітву на Нямізе даследчык лакалізаваў на Нёмане 10 сакавіка 1067 г. Таксама аўтар паказаў акалічнасці ўтварэння ВКЛ, апісаў помсту Войшалка забойцам Міндоўга і інш.

Тацішчаў адным з першых зрабіў спробу перыядызацыі гісторыі Полацкага княства, вызначыўшы тры перыяды: мясцовае княжанне, вечавы, у складзе ВКЛ. Ён упершыню даследаваў пытанне паходжання і геаграфічнага значэння тэрміна «Белая Русь». Даследчык лічыў, што гэтая назва ўзнікла ў ХІІ ст. у дачыненні да Растова-Суздальскіх зямель. Традыцыю Тацішчава прадоўжыў вядомы расійскі вучоны-прыродазнавец, паэт, мастак Міхаіл Васільевіч Ламаносаў (1711 – 1765 гг.), які стаяў на пазіцыі аўтахтоннасці Русі, у склад якой ён адносіў і беларускія землі.

У ХVIII ст. пачынаецца навуковая публікацыя крыніц па гісторыі Беларусі, распачатая Герардам Мілерам.

Герард-Фрыдрых Мілер (1705 –1783 гг.) – гістарыёграф і акадэмік. Нарадзіўся ў Вестфаліі ў сям’і рэктара гімназіі, вучыўся ў Рынтэльскім і Лейпцыгскім універсітэтах. У 1725 г. быў запрошаны імператарам Пятром І для працы ў Пецярбургскай Акадэміі навук. З 1731 г. – прафесар. Аўтар нарманскай тэорыі паходжання Русі. Распрацаваў праграму вывучэння і выдання крыніц па гісторыі Расіі.

З 1732 г. Мілер стаў выпускаць часопіс «Собрание русской истории ». У шасці нумарах за гэты год у перакладзе на нямецкую мову ён апублікаваў частку Радзівілаўскага летапіса (падзеі з 860 па 1175 гг.). Поўны тэкст быў выдадзены ў апошняй трэці ХVIII ст.

У канцы ХVIII ст. былі апублікаваны і іншыя летапісы, у якіх асноўная ўвага надавалася падзеям палітычнай, ваеннай гісторыі і гісторыка-геаграфічнаму матэрыялу. Напрыклад, у Васкрасенскім летапісу прадстаўлены спіс гарадоў, якія падзяляліся на польскія, кіеўскія, валынскія і літоўскія. У кожнай групе былі названы і беларускія гарады. Таксама ўвагу летапісца прыцягнуў факт з’яўлення бесаў на вуліцах Полацка, узгаданы пад 1092 г.

Акрамя летапісаў у апошняй трэці ХVIII ст. пачынаецца публікацыя дакументаў справаводства. Заслуга ў гэтай справе належыць Мікалаю Іванавічу Новікаву (1744 – 1818 гг.). У 1772 г. ён выдаў у Пецярбургу «Опыт исторического словаря о российских писателях», які стаў першай спробай даць гістарыяграфічную ацэнку прадстаўнікам рускай грамадска-гістарычнай думкі. Новікаў першым пачаў публікацыю крыніц па генеалогіі і біяграфістыцы, аб чым сведчыць «Древняя Российчкая Вивлиофика» (1773 – 1775 гг.) у дзесяці кнігах. У ёй мы знаходзім два тыпа крыніц, якія ўтрымліваюць звесткі пра Беларусь. Першы тып – гэта дакументы, звязаныя з руска-польскімі перамовамі 1582 – 1583 гг. па вынікам Лівонскай вайны (пытанні аб межах, палонных, дзейнасці на рускай тэрыторыі ваяводы С. Паца). Другі тып – граматы, якія рускія баяры даслалі каралю Польшчы Жыгімонту ІІ Аўгусту і гетману ВКЛ Я.Хадкевічу ў 1567 г. у адказ на «напрасное, его короля, склонение их в польское к нему подданство». Таксама Новікаў выдаў « Бархатную книгу», у якой улічаны полацкія князі і некаторыя магнацкія роды ВКЛ.

Звесткі пра Беларусь можна атрымаць у дакументальных дадатках да працы князя Міхаіла Міхайлавіча Шчарбатава (1733 – 1790 гг.) «История Российская». Гэта, найперш скаргавыя спісы пятнаццатага стагоддзя аб нападах на гандляроў і падарожнікаў з Вялікага княства Маскоўскага, дакументы пра перамовы аб перамір’і ў гады Лівонскай вайны, дакументы пра ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў перыяд ІІ-й Паўночнай вайны 1700 – 1721 гг.

У 1773 г. у Маскве ва ўніверсітэцкай друкарні быў выдадзены першы рускі «Географический словарь Российской державы», падрыхтаваны калежскім асэсарам Ф.А.Палуніным і гістарыёграфам, акадэмікам Імператарскай Пецярбургскай Акадэміі навук Г.Ф.Мілерам. Расійскі чытач упершыню атрымаў якасную інфармацыю пра беларускія землі. Мілер дастаткова падрабязна вызначыў абставіны і час з’яўлення назваў «Вялікая», «Малая», «Белая» і «Чырвоная» Расія. Ён лічыў, што назвы «Малая» і «Белая» Расія ўзніклі адначасова для адрознення ўласна рускіх зямель ад тэрыторый, якія адыйшлі падчас падзелаў ад Рэчы Паспалітай у склад Расійскай імперыі. Аўтар прааналізаваў гіпотэзы паходжання назвы «Белая Русь».

Прапанаваная Мілерам канцэпцыя гісторыі беларускіх зямель носіць стрыманы характар. Але ў ёй праяўляецца тэндэнцыя да абаснавання права Расіі на ўключанныя тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Каштоўнасць выдання – у апісанні каля 30 беларускіх гарадоў: Полацка, Себежа, Віцебска, Магілёва, Быхава, Шклова, Рагачова і інш.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай фактычна да 30-х гг. ХІХ ст. Беларусь не разглядалася ні царскім урадам, ні расійскай дваранскай гістарыяграфіяй як асобная этнічная адзінка. Беларусь лічылася часткай Заходняга краю, Заходняй Русі, Літвы, або «губерніямі, вернутымі ад Польшчы». «Белай Руссю» традыцыйна называлася тэрыторыя ад Смаленска да Беразіны. Палажэнне аб тым, што мова жыхароў Беларусі з’яўляецца несамастойнай, прамежкавай паміж рускай і польскай, дамінавала ў навуковых колах да сярэдзіны ХІХ ст.

Вялікаруская і вялікапольская канцэпцыі мелі пад сабой палітычна-ідэалагічную аснову: дзеячы польскага грамадскага руху імкнуліся даказаць польскі характар далучаных зямель, а расійскія ўрадавыя колы – рускі характар. Кацярына ІІ у перыяд падзелаў Рэчы Паспалітай выказала жаданне, каб паміж Беларуссю і Расіяй «исчезла грань инородия», каб гэтыя «древнерусские» землі сталі «русскими не только по названию, но и душой, и сердцем».

Відавочна, што праблема русіфікацыі моцна хвалявала расійскую імператрыцу. Аб гэтым сведчыць адна з першых рускіх кніг пра Беларусь – афіцыйны шляхаўказальнік, які быў выдадзены да прыбыцця ў 1780 г. Кацярыны ІІ у Беларусь. Гістарычны лёс краю ў ім трактуецца своеасабліва: некалі гэта краіна належала рускім князям, але потым Расія была разрабавана на часткі. Пачынаючы з Івана ІІІ, цары пачалі збіраць краіну, і ў 1772 г. усё страчанае вярнулася ў дзяржаву Кацярыны ІІ.

У гэты час на ніве гісторыі плённа працаваў рускі дваранскі гісторык Мікалай Бантыш-Каменскі.

Мікалай Мікалаевіч Бантыш-Каменскі (1737 – 1814 гг.) нарадзіўся ў г. Нежыне. Вучыўся ў Кіеўскай і Маскоўскай акадэміях, затым у Маскоўскім універсітэце. У 1765 г. прызначаны памочнікам гістарыёграфа Г.Ф.Мілера. Пад яго кіраўніцтвам займаўся разборам і апісаннем старажытных актаў. Падрыхтаваў шэраг зборнікаў дыпламатычных дакументаў, сярод якіх « Дипломатическое собрание дел между российским и польским дворами, с самого оных начала по 1700 год».

У 1794 г. Кацярына ІІ праз обер-пракурора Сінода графа Мусіна-Пушкіна даручыла Бантыш-Каменскаму падрыхтаваць падрабязныя звесткі пра «уніятаў польскіх». Вынікам праведзенага даследавання стала кніга «Исторические сведения о возникшей в Польше унии…», выдадзеная ў Маскве ў 1805 г. Аўтар сцвярджаў, што ўнія выражала інтарэсы папства, была сродкам дзяржаўнай палітыкі і вынікам кампраміснай пазіцыі праваслаўных іерархаў. Усё гэта выклікала шырокае народнае супраціўленне. Расійскі імператар Аляксандр І узнагародзіў гісторыка дыяментавым пярсцёнкам.

З ураджэнцаў Беларусі ў канцы ХVIII ст. шырокую вядомасць атрымаў Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч.

Станіслаў Іванавіч Богуш-Сестранцэвіч (1731 – 1826 гг.) нарадзіўся ў в. Занкі Свіслацкага раёна ў сям’і пратэстанцкага шляхціца. Вучыўся ва ўніверсітэтах Кёнігсберга, Франкфурта, Амстэрдама, Лондана. Служыў у прускім гусарскім палку, у Літоўскай гвардыі. Быў выхавацелем дзяцей князя Радзівіла, у доме якога прыняў каталіцызм. З 1782 г. архіепіскап Беларускай каталіцкай епархіі. З 1813 г. прэзідэнт Вольнага эканамічнага таварыства, член Расійскай АН і Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі.

Кола навуковых інтарэсаў Богуш-Сестранцэвіча было звязана з праблемай паходжання славян, прапагандай ідэй Асветніцтва і гуманізму. Асаблівую ўвагу надаваў вывучэнню Беларусі. Яго галоўнай працай з’яўляецца кніга «Аб Заходняй Расіі», выдадзеная ў Магілёўскай друкарні ў 1793 г. У ёй аўтар даследаваў пытанні гісторыі ўсходнеславянскіх народаў, абгрунтаваў гістарычнае адзінства беларусаў, украінцаў і рускіх. Ёсць звесткі, што Богуш-Сестранцэвіч напісаў «Граматыку літоўскую», але рукапіс не быў апублікаваны.

 

Праверачны тэст

 


Поделиться:



Последнее изменение этой страницы: 2019-04-10; Просмотров: 267; Нарушение авторского права страницы


lektsia.com 2007 - 2024 год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! (0.304 с.)
Главная | Случайная страница | Обратная связь