Архитектура Аудит Военная наука Иностранные языки Медицина Металлургия Метрология
Образование Политология Производство Психология Стандартизация Технологии


Пачатак фарміравання беларускай нацыянальнай



гістарыяграфічнай канцэпцыі ў ХІХ – пачатку ХХ ст.

 

План

 

1. Станаўленне беларусазнаўства як асновы беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі.

2. Погляды К.Каліноўскага і беларускіх народнікаў на мінулае беларускага народа.

3. Этнаграфічнае і археалагічнае вывучэнне Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.

4. Роля беларускай літаратуры другой паловы ХІХ ст. у станаўленні беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі.

5. Гістарычная публіцыстыка «Нашай долі» і «Нашай нівы».

6. Станаўленне дэмакратычнай плыні беларускай гістарыяграфіі.

 

Літаратура

 

1. Алексеев Л. В. Археология и краеведение Беларуси ХУІ в. – 30-е годы ХХ в. – Мн.: Беларуская навука, 1996. – С. 81 – 173.

2. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 1. – Мн.: БелЭн, 2005. – 768 с.

3. Беларусы: У 8 т. Т. 3: Гісторыя этналагічнага вывучэння. – Мн.: Беларуская навука, 1999. – С. 51 – 256.

4. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. – Мн.:БелЭн, 2005. – 688 с.

5. Гануш А.Г., Кручок П.С. Мітрафан Доўнар-Запольскі / Пад рэд. В.Ф.Кушнера. – Мн., 1995.

6. Довнар-Запольский М. В. История Белоруссии. – Мн.: Беларусь, 2003. – 680 с.

7. Карев Д. В. Белорусская историография во второй половине ХІХ – начале ХХ в. // Очерки истории науки и культуры Беларуси ІХ – начала ХХ в. / П.Т.Петриков, Д.В.Карев, А.А.Гусак и др. – Мн.: Наука и техника, 1996. С. 40 – 47.

8. Карев Д. В. Белорусская историография в эпоху капитализма (1861 – 1917 гг.) // Наш радавод. – Кн. 3. – Ч. 1. – Гродно, 1991. – С. 49 – 115.

9. Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХVІ – ХІХ стст. – Мн: Навука і тэхніка, 1984. – С. 73 – 77.

10. Копысский З. Ю., Чепко В. В. Историография БССР (эпоха феодализма): Учеб. пособие. – Мн.: Университетское, 1986. – С. 20 – 62.

11. Кушнер В. Стваральнік канцэпцыі беларускай нацыянальнай гісторыі // Беларускі гістарычны часопіс. – 2004. - № 9. – С. 53 – 59; № 10. – С. 53 – 60.

12. Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі. – Мн.: Універсітэцкае, 1993. – 126 с.

13. Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада: Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ – ХХ ст. – СПб.: Неўскі прасцяг, 2003. – С. 70 – 146.

14. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік. – Мн.: БелЭн., 1995. – 671 с.

15. Турук Ф. Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов. – М.: Типография Под/отдела Инвалидов, 1921. – 141 с.

16. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. – Мн.: БелЭН, 1993. – Т. 3. – С. 19 – 21.

 

Тэматыка рэфератаў

 

1. Роля «мясцовага» дваранства ў фарміраванні беларусазнаўства.

2. Адозвы беларускіх народнікаў.

3. Археалагічнае вывучэнне Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.

4. Дзейнасць Рускага геаграфічнага таварыства па вывучэнню «заходніх губерняў».

5. М.В.Доўнар-Запольскі як заснавальнік эканамічнай гісторыі Беларусі.

 

1. Станаўленне беларусазнаўства як асновы беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі. Асаблівасцю гістарыяграфіі Беларусі з’яўляецца працяглае панаванне ў ёй дзвух канцэпцый – велікапольскай і велікарускай, якія адмаўлялі сам факт існавання беларускага этнасу, яго мовы, культуры, прызнавалі Беларусь часткай Польшчы ці Расіі, а беларусаў – галіной адпаведна польскага або рускага народаў. Панаванне іншанацыянальных канцэпцый у нацыянальнай гістарыяграфіі – сведчанне прыгнечанага становішча адпаведнай краіны. У суверэнных дзяржавах такая з’ява немагчымая. Кожны цывілізаваны народ мае сваю нацыянальную гістарыяграфію, якая адлюстроўвае менавіта яго гістарычную памяць, яго погляд на ўласны гістарычны шлях, а таксама на гісторыю суседніх народаў, сусветную гісторыю ў цэлым. Менавіта нацыянальная гістарыяграфія з’яўляецца апорай нацыянальнай самасвядомасці кожнага народа.

Станаўленне нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі цесна звязана з развіццём навуковых ведаў пра Беларусь і беларускі народ – беларусазнаўствам. У канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. Беларусь у навуковых адносінах заставалася амаль зусім не вывучаным рэгіёнам. Адсутнічалі даследаванні аб мове, вуснай народнай творчасці, матэрыяльнай культуры, этнічных межах рассялення беларусаў, гісторыі краю. Не існавала адзінай назвы народа і краіны. Назва «Беларусь» на той час замацавалася толькі за ўсходнімі губернямі – Віцебскай і Магілёўскай. У асобных публікацыях да Беларусі далучалася Смаленская губерня (яе цэнтральная і заходняя часткі). Мінская, Гродзенская і Віленская губерні называліся Літвою, а іх насельніцтва – ліцвінамі або літоўцамі. Сацыяльныя вярхі грамадства і інтэлігенцыя былі паланізаваны. У грамадска-культурным жыцці краю панавала польская мова. Таму многімі прадстаўнікамі расійскай інтэлігенцыі Беларусь успрымалася як частка Польшчы.

На развіццё этнічнай самасвядомасці беларускага народа адмоўна ўплываў яго раскол па веравызнанні на праваслаўных і католікаў. Праваслаўе ўспрымалася як «руская» вера, каталіцызм – як «польская». Адпаведную прапаганду вялі царква і касцёл. Веравызнаннем вызначалася этнічная прыналежнасць не толькі ў свядомасці селяніна, але і ў разуменні інтэлігенцыі, нават вучоных.

Расійская афіцыйная навука ўзброіла Кацярыну II дэвізам «Отторженная возвратих», які зыходзіў з вялікадзяржаўнага погляду на Беларусь як гістарычнае ўладанне расійскіх манархаў, і на беларусаў як частку рускага народа, «сапсаваную» польска-каталіцкім ўплывам. З другога боку, польскія вучоныя (А.Нарушэвіч, Т.Чацкі, С.Ліндэ і інш.) імкнуліся тэарэтычна абгрунтаваць погляды польскай і апалячанай шляхты на Беларусь як частку Польшчы і разглядалі беларусаў этнаграфічнай групай польскага народа. Супраць вялікадзяржаўных расійскіх і польскіх поглядаў на Літву-Беларусь і яе гісторыю ў пачатку ХІХ ст. выступала група прафесараў славістыкі, гісторыі і права Віленскага універсітэта: М.К.Баброўскі, І.Даніловіч, І.Ярашэвіч і інш. Яны асвятлялі гісторыю ВКЛ з патрыятычных пазіцый, выказываліся за аднаўленне самастойнасці ВКЛ і вяртанне дзяржаўнага статуса старабеларускай пісьмовай мове, лічылі уніяцтва нацыянальнай верай беларускага народа і звязывалі з ёю магчымасць пераадолення супрацьстаяння на Беларусі праваслаўя і каталіцызму.

Паступова разгортваліся этнаграфічныя і археалагічныя даследаванні Беларусі, вынікі якіх публікаваліся ў польскіх і расійскіх перыядычных выданнях. У 1837 – 1846 гг. Ян Чачот выдаў у Вільні шэсць фальклорных зборнікаў «Вясковых песень», сабраных ім на Беларусі. У прадмове да апошняга зборніка ён прааналізаваў асаблівасці беларускай лексікі і граматычнага ладу беларускай мовы, якую называў «славяна-крывіцкай». Даследчык выказаў пэўныя сумненні ў яе далейшым лёсе, але адназначна заявіў пра неабходнасць складання граматыкі і слоўніка беларускай мовы і заклікаў да гэтай работы прадстаўнікоў малодшага пакалення інтэлігенцыі. Знаўцам старажытнай гісторыі славян, пачынальнікам беларускай археалогіі, фалькларыстыкі і мовазнаўства быў З.Я.Даленга-Хадакоўскі. Каштоўныя дакументы па гісторыі Беларусі ў 9-ці тамах выдаў у 40-я гг. І.І.Грыгаровіч. Ён таксама склаў два слоўнікі беларускай мовы. Значны ўклад у гістарычнае краязнаўства Беларусі братоў Тышкевічаў. Шмат зрабіў для развіцця культуры і навукі Беларусі А.Кіркор. У 1850 – 1860-я гг. вакол яго літаратурнага гуртка ў Вільні групавалася беларуская, польская і літоўская інтэлігенцыя.

У папулярызацыі ведаў пра Беларусь і беларускі народ у розных пецярбургскіх выданнях значную ролю адыгралі шматлікія публікацыі П.М.Шпілеўскага. Ён склаў слоўнік і граматыку беларускай мовы. Аднак Расійская Акадэмія навук адхіліла апошнюю, спаслаўшыся на тое, што «дыялекты не могуць мець уласных граматычных катэгорый».

Складальнікі расійскіх этнаграфічных атласаў у 60 – 70-я гг. ХІХ ст. пры вызначэнні этнічнай прыналежнасці насельніцтва Беларусі зыходзілі з веравызнання і ўсіх беларусаў-католікаў запісывалі ў палякі. Адным з першых супраць такога ненавуковага падыходу гісторык і этнограф П.В.Баброўскі. У сваім даследаванні «Материалы для зеографии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Гродненская губерния» (1863 г.) ён зрабіў апісанне жылля і гаспадарчых будынкаў, адзення і страў, хатняга і сямейнага побыту, вераванняў, абрадаў і звычаяў, працоўнай дзейнасці беларусаў. Крытэрыем вызначэння этнасаў Баброўскі лічыў мову, якая ўжывалася ў штодзённай гутарцы, песнях і прымаўках. З мовай ён звязываў асаблівасці нацыянальнага характару, мыслення, норм маралі, традыцый і звычаяў народа. П.В.Баброўскі адзначаў, што «беларус-селянін ці будзе ён праваслаўны, ці католік, мае свае перакананні, сваю маральную філасофію і перадае гэта разам з мовай сваім дзецям і ўнукам». Адсутнасць этнічнай самасвядомасці ў большасці беларусаў у сярэдзіне ХІХ ст. і нават тое, што яны не называлі сябе беларусамі, на думку Баброўскага, не мела істотнага значэння.

У 30 – 50-я гг. ХІХ ст. сярод прагрэсіўных вучоных, найперш расійскіх і ўкраінскіх, шырылася прызнанне факта існавання самастойнага беларускага этнасу. Сярод іх былі расійскія рэвалюцыянеры-дэмакраты А.І.Герцэн, М.А.Бакунін, М.П.Агароў, М.А.Дабралюбаў. У сваіх праграмах стварэння славянскай федэрацыі яны вызначалі для Беларусі статус, раўнапраўны з Расіяй, Украінай, Польшчай, Чэхіяй.

2. Погляды К.Каліноўскага і беларускіх народнікаў на мінулае беларускага народа. Справе абуджэння беларускага народа прысвяціў сваё жыццё Кастусь Каліноўскі.

Погляды Каліноўскага па беларускаму пытанню былі наступнымі: 1) адрозніваў сваю радзіму – Літву-Беларусь – ад Польшчы і Расіі і выступаў за ўтварэнне самастойнай Літоўска-Беларускай рэспублікі; 2) прапагандаваў у «Мужыцкай праўдзе» рэвалюцыйна-дэмакратычныя шляхі вырашэння аграрнага і агульнапалітычнага пытанняў; 3) паказываў істотнае пагаршэнне становішча беларускага сялянства пасля далучэння да Расійскай імперыі; 4) даваў негатыўную ацэнку далучэнню уніятаў да праваслаўя. К.Каліноўскі ацэньваў унію як нацыянальную веру беларускага народа.

У канцы 70 – першай палове 80-х гг. ХІХ ст. істотную ролю ў беларускім нацыянальным руху, распрацоўцы нацыянальнай канцэпцыі гісторыі адыгралі народнікі. У нацыянальным пытанні народнікі зыходзілі з агульных для рэвалюцыйнага народніцтва высноў, закладзеных у 50 – 60-я гг. ХІХ ст. А.І.Герцэнам. У сувязі з абвастрэннем «польскага пытання» ён адстойваў ідэю самавызначэння украінскага і беларускага народаў.

Удзел ураджэнцаў беларускіх губерняў у агульнарасійскім народніцкім руху паклала пачатак афармленню беларускай нацыянальнай ідэалогіі. Адозва «Да беларускай моладзі» (1881 г.) заяўляла пра законныя правы беларускага народа на самастойнае і раўнапраўнае становішча ў «агульнай славянскай сям’і». У 1882 г. выйшла гектаграфіраваная брашура «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае» Данілы Баравіка. Аўтар папракаў беларускую інтэлігенцыю ў няведанні ўласнага народа і заклікаў яе пайсці па прыкладу ўкраінскай, польскай і рускай інтэлігенцыі ў гэтай справе. Даніла Баравік адзначыў інэртнасць беларускай інтэлігенцыі, яе адставанне ад украінскай у справе нацыянальнага «абуджэння», цяжкае становішча беларускай нацыянальнай культуры і нацыянальнай самасвядомасці ў выніку польскага ўплыва. У брашуры раскрыта барацьба праваслаўных брацтваў супраць езуітаў, укараненне ўніі сярод народа. Аўтар палічыў ліквідацыю ўніяцкай царквы ў 1839 г. «абразай народнай душы», даў адмоўную ацэнку палітыцы русіфікацыі, праводзімай расійскім урадам. Выхад з гэтага становішча мог быць толькі ў абуджэнні ў народа нацыянальнай самасвядомасці.

Шэраг народніцкіх арганізацый (Гомель, Орша, семінарская народавольская група ў Мінску) лічылі нацыянальнае пытанне другасным перад задачай сялянскай рэвалюцыі. З іх асяродку выйшла «Пасланне да землякоў-беларусаў» Шчырага Беларуса (1884 г.), у якім вызначалася першачарговая задача народнікаў – вывучаць «народныя хваляванні і бунты, сацыяльную структуру і сацыяльныя адносіны».

Члены Беларускай сацыяльна-рэвалюцыйнай групы «Гоман» у 1884 г. выдалі два нумары гектаграфічнага часопіса «Гоман», дзе ўпершыню абвяшчалася існаванне самастойнага беларускага этнасу як «асобнай галіны славянскага племені» і давалася тэарэтычнае абгрунтаванне гэтага тэзіса. Невядомыя аўтары адзначылі спецыфічныя кліматычныя, прыродна-геаграфічныя ўмовы і асаблівасці беларусаў, у т. л. адметную мову, якія адрознівалі Беларусь ад Расіі, Польшчы і Украіны. Яны канстатавалі, што беларускі народ адчувае сваю арганічную еднасць і адрознівае свае інтарэсы ад інтарэсаў «польскіх і вялікарасійскіх», пратэставалі супраць русіфікацыі і паланізацыі беларусаў, выкрывалі рэакцыйнасць поглядаў на беларускі народ «як на нейкі матэрыял для ўсемагчымых эксперыментаў, а не як на жывую народнасць, здольную самастойна распараджацца сабою».

Прадстаўнікі Беларускай сацыяльна-рэвалюцыйнай групы адстойвалі права Беларусі на федэратыўную самастойнасць у сям’і іншых народаў Расіі на прынцыпе свабоднага пагаднення з імі. Становішча Беларусі ў Расійскай імперыі яны ацэньвалі як каланіяльнае, а палітыку царызму як рэжым выключных законаў, які адкрываў поўны прастор для свавольства мясцовай адміністрацыі. Часопіс «Гоман» паказываў імкненне беларускіх сялян атрымаць зямлю і волю, падцвярджаў гэта паведамленнямі аб іх выступленнях супраць памешчыкаў і ўлад.

3. Этнаграфічнае і археалагічнае вывучэнне Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. У сваіх высновах пра існаванне самастойнага беларускага этнасу аўтары «Гомана», Даніла Баравік, Шчыры Беларус і іх аднадумцы абапіраліся на шматлікія навуковыя даследаванні народнай культуры беларусаў, якія пры падтрымцы ўрада, Расійскай акадэміі навук і Рускага геаграфічнага таварыства шырока разгарнуліся ў 60 – 70-я гг. з мэтай абгрунтавання афіцыйных поглядаў на беларусаў як «заходнерусаў». Аднак аб’ектыўна гэтыя даследаванні часта насуперак намерам аўтараў падцвярджалі існаванне самастойнага беларускага этнасу, і менавіта такія высновы зрабілі беларускія народнікі ў сваіх падпісных выданнях. З 1886 г. падобныя ідэі ў завуаліраванай форме прапагандавала ліберальна-народніцкая інтэлігенцыя, што групавалася вакол легальнай газеты «Мінскі лісток».

Міхаіл Аляксеевіч Дзмітрыеў (1832 – 1873 гг.) нарадзіўся ў Пецярбургу. Скончыў Галоўны педагагічны інстытут. 3 1853 г. стаў працаваць настаўнікам дваранскага вучылішча, пазней дырэктарам гімназіі ў Навагрудку. У 1867 – 1873 гг. займаў пасаду інспектара, потым дырэктара Гродзенскай дырэкцыі народных вучылішчаў. Член Рускага геаграфічнага таварыства.

Займаўся збіраннем беларускай вусна-паэтычнай творчасці, асабліва тапанімічных і міфалагічных легенд, якія друкаваў у газетах «Виленский вестник», «Минские губернские ведомости», часопісах «Вестник Западной России» і «Вестник императорского Русского географического общества». Апісваў таксама народныя звычаі, абрады, сялянскі побыт, цікавіўся жывой беларускай мовай – спрабаваў скласці паказальнік слоў і выразаў Навагрудчыны. У архівах сабраў каштоўныя звесткі пра А.Міцкевіча. Выдаў зборнік беларускай народнай паэзіі «Вопыт збірання пе сень і казак сялян Паўночна-Заходнягакраю» (1868 г.) і «Збор песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-За ходняга краю» (1869 г.). У «Збор...» уключана 277 сямейна-бытавых, каляндарна-абрадавых і пазаабрадавых песень, 8 казак і апісанні абрадаў.

Юльян Фаміч Крачкоўскі (1840 – 1903 гг.) нарадзіўся ў в. Азяты Жабінкаўскага раёна. У 1861 г. скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію, працаваў настаўнікам рускай мовы ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, інспектарам народных вучылішчаў Віленскай навучальнай акругі, дырэктарам Полацкай настаўніцкай семінарыі і Віленскага настаўніцкага інстытута, Туркестанскай настаўніцкай семінарыі. Крачкоўскі ў 1888 – 1902 гг. з’яўляўся старшынёй Віленскай археаграфічнай камісіі. Укладальнік 16-га і 20-га тамоў, аўтар прадмоў да іх і да 25-га тома «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі». У 1900 – 1902 гг. пад яго рэдакцыяй і з яго прадмовамі выйшлі 12-ы і 13-ы тамы «Археаграфічнага зборніка дакументаў».

Крачкоўскі апублікаваў нарыс пра старажытную Вільню («Старая Вільня да канца XVII стагоддзя» (1893 г.) і зборнік дакументаў пра гісторыю Віленскай навучальнай акругі («Гіста рычны агляд дзейнасці Віленскай навучальнай акругі за першы перыяд яе існавання. 1803 – 1832» (1903 г.). Яму належыць аўтарства першага грунтоўнага даследавання пра радзінны абрад беларусаў і выхаванне дзіцяці («Нарысы быту заходнярускага селяніна» (1869 г.) і фальклорна-этнаграфічнага зборніка «Быт заходнярускага селяніна» (1874 г.), прысвечанага сямейным (пераважна вясельным) і каляндарна-аграрным абрадам беларусаў, у якім акрамя вядомых матэрыялаў выкарыстаны і новыя запісы.

Іван Іванавіч Насовіч (1788 – 1877 гг.) нарадзіўся ў в. Гразівец Быхаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Чавускі раён) у сям’і псаломшчыка. Адукацыю атрымаў у Магілёўскай гімназіі, потым у Магілёўскай духоўнай семінарыі. З 1812 г. Насовіч працаваў выкладчыкам рускай мовы і славеснасці вышэйшага аддзялення Аршанскага духоўнага вучылішча, выкладчыкам, рэктарам Мсціслаўскага духоўнага вучылішча, загадчыкам, наглядчыкам, выкладчыкам Дынабургскай гімназіі, Маладзечанскага, Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў.

Пераезды па службе, а таксама падарожжы па Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губерням далі яму магчымасць глыбока пазнаёміцца з народнай творчасцю, сабраць багаты лексічны, фразеалагічны і фальклорны матэрыял з розных рэгіёнаў Беларусі. Выйшаўшы ў 1843 г. у адстаўку і пасяліўшыся ў Мсціславе, ён заняўся навуковай работай. У выніку цеснага супрацоўніцтва з Археаграфічнай камісіяй, этнаграфічным аддзяленнем Рускага геаграфічнага таварыства, аддзяленнем рускай мовы і славеснасці Пецярбургскай Акадэміі навук ён распачаў падрыхтоўку першага гістарычнага слоўніка беларускай мовы «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі» (1853 г.). У ім ён даў тлумачэнне 13 тыс. слоў.

Здабыткам беларускай фалькларыстыкі сталі яго зборнікі «Беларускія прыказкі і пры маўкі» (1852 г.), «Беларускія прыказкі і загадкі» (1868 г.), «Зборнік беларускіх прыказак» (1867 г.). У апошнім ён змясціў каля 3500 прыказак, прымавак і блізкіх да іх прыгаворак, праклёнаў, скорагаворак і інш., тонка прааналізаваў змест і сэнс «маральна-практычнай філасофіі простага народа». У многіх выпадках ён высвятляў паходжанне, прыводзіў эквіваленты з рускай, а часам і іншых моў. За гэты зборнік яму прысуджаны залаты медаль Рускага геаграфічнага таварыства, ён быў абраны членам гэтага таварыства па аддзяленні этнаграфіі. У зборніку «Беларускія песні» (1873 г.), акрамя 350 тэкстаў песень, даследчык змясціў шэраг артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў.

Значную ўвагу надаваў Насовіч пытанням гісторыі, асабліва старажытнай гісторыі Беларусі. У гісторыка-лінгвістычным даследаванні «Аб плямёнах да ча соў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю» ён даводзіў, што назвы плямён «дрыгавічы», «радзімічы» і «крывічы» паходзяць ад беларускіх народных слоў. Ён пераклаў з лацінскай мовы 3-томную працу А.Тэйнера «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, гісторыя беларускіх зямель з 1217 па 1696 гг. Даследчык з’яўляецца аўтарам грунтоўнай (каля 1000 старонак) гісторыка-мемуарнай працы «Успаміны з майго жыцця», дзе прадстаўлена тагачаснае грамадства, раскрыты духоўныя інтарэсы і маральнае аблічча беларускай інтэлігенцыі з канца ХVІІІ да сярэдзіны ХІХ ст. Значнае месца ў гэтым творы адведзена педагагічным ідэям самога Насовіча, які больш як 30 гадоў працаваў на ніве асветы.

Асноўнае месца ў навуковай спадчыне Насовіча займае тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы», над якім ён працаваў 16 гадоў. Гэта самы поўны на той час збор лексікі і фразеалогіі жывой беларускай мовы, які ахоплівае больш за 30 тыс. слоў. У гэтым арыгінальным творы засведчаны ўзровень развіцця беларускай мовы сярэдзіны ХІХ ст. Матэрыялы для слоўніка аўтар браў з гаворак Магілёўшчыны, Міншчыны, Віцебшчыны, Гродзеншчыны, некаторых паветаў Прывіленскага краю – г.зн. усяго моўнага ландшафту тагачаснай Беларусі. Аўтар свядома не ўключаў словы, агульныя для беларускай і рускай моў. Для падцвярджэння ўжывальнасці слоў і дакладнасці тлумачэння іх семантыкі выкарыстоўваў самы народныя песні, прыказкі, выслоўі, фразеалагізмы. Многія словы ўзяты са старабеларускіх пісьмовых помнікаў. Усе значэнні слоў і словазлучэнняў раскрываюцца аўтарскімі тлумачэннямі і цытатамі з дыялектнай, фальклорнай ці агульналітаратурнай мовы; часам даецца этымалогія слоў. Такім чынам, у «Слоўніку...» шырока выкарыстана жывое народнае беларускае слова, да гэтага часу ён з'яўляецца унікальным творам у беларускай лексікаграфіі.

Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі (1845 – 1910 гг.) нарадзіўся ў в. Вымна на Віцебшчыне ў сям’і дзяка мясцовай царквы. Пачатковую адукацыю атрымаў у прыватнай сельскай школе. З 1855 г. вучыўся ў Віцебскім духоўным вучылішчы. У 1861 г. як лепшы вучань быў прыняты на казённае ўтрыманне ў Віцебскую духоўную семінарыю. Прапанову прадоўжыць адукацыю ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі не змог прыняць з-за адсутнасці сродкаў. Пасля перападрыхтоўкі ў кастрычніку 1867 г. прызначаны настаўнікам народнага вучылішча ў в. Лоўжа. Працаваў настаўнікам гімназіі ў Віцебску і Віцебскай губерні, у Свіслацкай і Маладзечанскай семінарыях. З’яўленне ў Віцебску этнографа П.В.Шэйна ўзмацніла цікавасць Я.Нікіфароўскага да вывучэння побыту, культуры і творчасці беларускага народа. Больш як дваццаць быў карэспандэнтам Шэйна, а з 90-х гг. выступаў з самастойнымі працамі. Апублікаваў каля 20 даследаванняў па этнаграфіі, фальклоры і гісторыі Віцебшчыны.

Грамадскаму побыту і сацыяльна-эканамічнаму становішчу розных слаёў і груп насельніцтва Віцебшчыны Нікіфароўскі прысвяціў серыю публікацый у часопісе «Этнографическое обозрение» пад агульнай назвай «Нарысы Віцеб скай Беларусі» (1892 – 1899 гг.): «Старцы», «Дудар і музыка», «Памагатыя жыхара», «Падданыя памагатыя», «Пітушчыя і прапойцы», «Гульні і гуляючыя», «Бабы, або жонкі», «Збегі, прочкі, вонкі, ухадалы». Пытанні грамадскага побыту насельніцтва закранаў у працы «Старонкі з нядаўняй мінуўшчыны горада Віцебска» (1899 г.).

Ён аўтар першай спецыяльнай працы па матэрыяльнай культуры і вытворчай дзейнасці сельскага насельніцтва «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку (Этнаграфічныя звесткі)» (1895 г.). У 1-м раздзеле гэтай кнігі «Ежа, едзіва, паядуха, прорава, жратва, момна» даў грунтоўную характарыстыку харчавання і класіфікацыю страў, іх прыгатаванне, гатункі хлеба; паказаў змены ў народнай кулінарыі пасля адмены прыгоннага права. У 2-м раздзеле разглядзеў адзенне і абутак, іх асобныя часткі, пакрой матэрыялаў, спосабаў нашэння ўпрыгожанняў і інш. Апісаў працоўныя працэсы ад апрацоўкі лёну да пашыву адзення. У 3-м раздзеле Нікіфароўскі грунтоўна апісаў сельскія паселішчы, сядзібы, жыллё і гаспадарчыя будынкі, іх будаўніцтва і прызначэнне, інтэр’еры жылых памяшканняў, жыццёвыя працэсы і побытавыя абставіны. У апошнім раздзеле даў характарыстыку земляробства, промыслаў і рамёстваў, прылад працы, прадметаў хатняга ўжытку і інш.

Сярод яго фальклорных збораў: «Беларускія песні-частушкі» (1911 г.), «Простанародныя загадкі» (1898 г.), «Напаўпрыказкі і напаўпры маўкі, якія ўжываюцца ў Віцебскай Бе ларусі» (1910 – 1913 гг.), «Напаўпрыказкі – напаўпрыслаўкі» (1928 г.). Пра вераванні, забабоны, абрады, паданні напісана ў працах: «Простанародныя прыкметы і павері, прымхлівыя абрады і звычаі, леген дарныя паданні пра асобы і мясціны» (1897 г.), «Нячысцікі: Збор простанародных у Віцебскай Беларусі паданняў пра нячыстую сілу» (1907 г.).

Павел Васілевіч Шэйн (1826 – 1900 гг.) нарадзіўся ў Магілёве. Вучыўся ў нямецкім вучылішчы пры лютэранскай царкве св. Міхаіла ў Маскве. З 1851 г. працаваў выкладчыкам у розных павятовых вучылішчах і гімназіях Тулы, Віцебска, Калугі і інш. З 1881 г. у Пецярбургу. Збіральніцкую дзейнасць пачаў у сярэдзіне 50-х гг. ХІХ ст.

Даследчык выдаў напісаную пад уплывам міфалагічнай школы «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці» (1867 г.) – адну з першых спецыяльных фальклорных праграм у Расіі – і разаслаў яе па Беларусі. Меў шырокую сетку карэспандэнтаў, сярод якіх былі А.Я.Багдановіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, Я.Лучына, М.Я.Нікіфароўскі, З.Ф.Радчанка і інш. Зрабіў некалькі вандровак па Беларусі, самую вялікую ў 1877 г. Найбольш поўны беларускі матэрыял прадстаўлены ў кнізе «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (1887 – 1902 гг.). У кнізе змешчаны апісанні хрэсьбін, калядных, масленічных, купальскіх, жніўных, вясельных, пахавальных абрадаў беларусаў з песнямі і фальклорнымі тэкстамі, міфалагічныя і бытавыя казкі пра жывёл, легенды, паданні, анекдоты, прыказкі, прымаўкі, загадкі, звесткі пра матэрыяльную культуру беларусаў (жыллё, адзенне, ежу, заняткі) і інш.

Шэйн з’яўляецца складальнікам зборнікаў «Рускія народныя песні» (1870 г.), «Бела рускія народныя песні...» (1874 г.), «Велікарос у сваіх песнях, абрадах, звычаях, вераваннях, казках, легендах і да т.п.» (т. 1, вып. 1-2, 1898 – 1902 гг.). Тэксты адметныя высокімі паэтычнымі якасцямі, многія вылучаюцца сацыяльнай вастрынёй.

Вядомым краязнаўцам Віцебшчыны быў Аляксандр Максімавіч Семянтоўскі-Курыла (1821 – 1893 гг.). Ен прыехаў на Падзвінне напярэдадні паўстання 1863 – 1864 гг. Лічыўся ў спісе давераных асоб Віцебскай губерні як капітан рускай арміі. Семянтоўскі вельмі актыўна стаў вывучаць край з пункту гледжання археалогіі, гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі, прыроды. Па просьбе Пецярбургскай Акадэміі навук ён выяўляў і вывучаў помнікі археалогіі, найперш зацікавіўся Барысаглебскім манастыром, яго архітэктурна-будаўнічымі асаблівасцямі. Сам даследчык раскопкамі не займаўся, але ён пільна сачыў за раскопкамі інш. археолагаў, фіксаваў помнікі для сваёй карты. Пры гэтым Семянтоўскі ўпершыню правёў класіфікацыю археалагічных аб’ектаў паводле іх колішняга прызначэння. Улік помнікаў вёў па кожным павеце Віцебскай губерні. Усяго даследчыкам апублікавана каля 150 навуковых прац, прысвечаных Беларусі. Найбольш грунтоўным даследаваннем з’яўляецца кніга «Беларус ские древности» (1890 г.) са змешчанымі ў ёй 106 малюнкамі розных прадметаў старажытнасцей.

У 70 –80-х гадах XIX ст. у галіне археалогіі і гістарычнага краязнаўства Беларусі пачынаюць з'яўляцца праблемныя і факталагічныя артыкулы новага пакалення вучоных, найперш Е.Р.Раманава, А.П.Сапунова, а таксама I.Ф.Завішы, Р.Г.Ігнацьева, М.М.Турбіна і інш.

З 17 гадоў Еўдакім Раманавіч Раманаў (1855 – 1922 гг.) захапіўся краязнаўствам. Яго зацікавіла прырода помнікаў археалогіі. Даследчык шмат вандраваў па Беларусі, каб сабраць пра іх звесткі, пачынаў класіфікаваць помнікі старажытнасці паводле іх даўняй прыналежнасці.

Раманаў вывучаў курганы. Ён прапанаваў свой метад раскопак: здыманне пластоў зямлі да палавіны насыпу, а пасля з паўночнага і паўднёвага бакоў на адлегласці аднаго аршына (0,7112 м) пракопвалі траншэі да мацерыка. Стоячы ў гэтых траншэях, рабочыя слаямі здымалі зямлю з астатняй часткі кургана да поўнага выяўлення астанкаў. Гэты спосаб не зусім адпавядае сучаснаму, але гэта была «раманаўская» навінка ў методыцы археалагічных даследаванняў, больш прагрэсіўная за раней вядомыя.

Раманаў адным з першых у Беларусі ўзяўся за стварэнне археалагічнай карты Магілёўскай губерні. На жаль, яна не была выдадзена, і яе рукапіс аказаўся ў Львоўскім гістарычным архіве. Раманаў стварыў аналагічныя карты Гродзенскай і Віцебскай губерняў. За сваё жыццё даследчык сабраў звесткі больш як пра 1 тыс. помнікаў археалогіі на тэрыторыі Беларусі.

У 1902 г. па ініцыятыве гэтага вучонага ў Магілёве было створана Таварыства па вывучэнні Беларускага краю і пры гэтым жа таварыстве быў арганізаваны гісторыка-этнаграфічны музей. Раманаў марыў пра мясцовы універсітэт.

Энцыклапедычнасцю ведаў вызначаўся віцебскі краязнавец і гісторык Аляксей Парфёнавіч Сапуноў (1851 – 1924 гг.). Ён прайшоў шлях ад радавога даследчыка да прафесара Маскоўскага археалагічнага інстытута. Поруч з педагагічнай працай Сапуноў вёў шырокую пошуковую работу старажытных архіўных матэрыялаў па гісторыі Віцебшчыны. Сабраныя дакументы ўвайшлі ў «В и тебскую старину», якое стала помнікам беларускай археаграфіі. Сабраны ім матэрыял дазволіў весці грунтоўныя краязнаўчыя даследаванні па гісторыі асобных населеных пунктаў, напрыклад, Віцебска, Полацка, Браслава, Лепеля, Чашнікаў і інш. Пры гэтым звярталася ўвага на помнікі археалогіі і архітэктуры. Многія з гэтых матэрыялаў увайшлі ў яго манаграфію «Река За падная Двина», пазней у «Исторический очерк Витебской Белоруссии », «Памятники времен древних и новейших в Витебской губернии ». Ва ўсіх гэтых працах ёсць краязнаўчы і археалагічны матэрыял. Сапуноў акрамя Віцебшчыны цікавіуся Магілёўшчынай. Ён жа складальнік і каментатар «Материалов по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов...». У гэтай кнізе таксама шмат ёсць звестак пра помнікі старажытнасці. Сапуноў быў ініцыятарам стварэння Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.

Пры падрыхтоўцы да IX Археалагічнага з’езда ў Вільні штогод праводзіў экспедыцыі ў Мінскай і Магілёўскай губернях Уладзімір Зянонавіч Завітневіч (1853 – 1927 гг.). Ён даследаваў 647 курганоў, упершыню ўзяўся грунтоўна вывучаць пахавальны абрад дрыгавічоў, лічыў тыповым пахаваннем насельнікаў гэтага племя пахаванне «на гарызонце». Археолаг праводзіў даследаванні ля Бабруйска, Мазыра, Рэчыцы. Цяжка было ў той час пісаць аб межах плямён, найперш дрыгавічоў. Завітневіч зрабіў такі крок першым .

Міхал Федароўскі (1853 – 1923 гг.) у гісторыю беларускай навукі ўвайшоў не толькі як фалькларыст і этнограф, але і як археолаг. Ён вёў археалагічныя раскопкі, пераважна ў заходняй частцы Беларусі, капаў курганы, умацаваныя паселішчы, могільнікі і інш. Федароўскі адным з першых на Беларусі зацікавіўся старажытнымі паселішчамі эпохі бронзы і нават неалітычнымі, т.зв. «крэмневымі стаянкамі». Большасць археалагічных зняходак ён дасылаў на працягу 15 гадоў (1877 – 1892 гг.) З.Глогеру ў яго маёнтак Яжэва, які таксама цікавіўся беларускімі старажытнасцямі. Усяго Федароўскі пераслаў Глогеру каля 11 тыс. прадметаў археалогіі. Некаторыя археалагічныя экспедыцыі Федароўскага той жа Глогер асвятляў у друку. Археалагічныя раскопкі Федароўскі праводзіў да 1902 г. У 1904 г. ён пакінуў Беларусь. Даследчык шмат выступаў у друку як краязнавец. Вядомы яго публікацыі пра Віцебск і яго ваколіцы, Пружаны, Слонім, Ваўкавыск, Навагрудчыну, Бераставіцу, Свіслач.

У 80 – 90-х гг. XIX ст. дзеля развіцця археалогіі і гістарычнага краязнаўства на Беларусі плённа працавалі В.А.Шукевіч, М.А.Янчук, А.П.Смародскі, I.Ф.Завіша, М.В.Доўнар-Запольскі, С.Ю.Чалоўскі, Ф.В.Пакроўскі, М.В.Фурсаў, Г.X.Татур, I.I.Далгоў, А.К.Марэль і інш. Адны з іх вялі раскопкі помнікаў розных археалагічных эпох, другія займаліся сістэматызацыяй выяўленых помнікаў і складалі карты асобных паветаў і цэлых губерняў. Да канца XIX ст. уся Беларусь была ахоплена археалагічным вывучэннем.

4. Роля беларускай літаратуры другой паловы ХІХ ст. у станаўленні беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі. Прынцыповае значэнне мела публікацыя ў першай палове 90-х гг. ХІХ ст. у Кракаве і Познані зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» Францішка Багушэвіча. У прадмове да «Дудкі беларускай» паэт абвясціў пра існаванне самастойнай і паўнацэннай беларускай мовы – не мужыцкай, а «такой жа людскай і панскай, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая», адзначаў шматлікасць беларусаў («Нас не жменька, а шэсць мільёнаў») і слаўнае мінулае Беларусі, калі яна з’яўлялася цэнтрам ВКЛ, акрэсліў прастору, на якой ужывалася беларуская мова («ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня»), папярэдзіў свой народ, што страціўшы родную мову ён як этнас загіне. «Дудка беларуская» абудзіла да творчай дзейнасці новае пакаленне нацыянальнай інтэлігенцыі, у т.л. А.Гурыновіча, Цётку, Я.Купалу і інш., заклала падмурак для развіцця сялянска-народніцкага накірунку ў беларускай літаратуры, які ў пачатку ХХ ст. стаў вызначальным.

Нацыянальна-дэмакратычнымі матывамі прасякнуты творы Каруся Каганца (Казіміра Кастравіцкага), напісаныя ў 90-я гг., але апублікаваныя значна пазней («Прамова», «Наш сымболь», «Згадка пра Галубка» і інш.). Пісьменніка глыбока трывожыў лёс роднай мовы і нацыянальнай культуры, існаванню якіх рэальна пагражала ўзмацненне працэсаў асіміляцыі беларусаў. Каганец імкнуўся адрадзіць гістарычную памяць, а на яе аснове – нацыянальную годнасць і свядомасць беларусаў. Дзеля гэтага асвятляў слаўнае мінулае беларускай мовы, забытых легендарных герояў, што вызначыліся ў змаганні за свабоду радзімы, заклікаў да нацыянальна-вызваленчай барацьбы («за родную краіну, звычай і мову, за веру груддзю ставайце»).

Беларускі нацыянальны рух, перш чым палітычна аформіцца, прайшоў літаратурную стадыю свайго развіцця. Адпаведна, першымі даследчыкамі гэтага працэсу былі паэты і пісьменнікі. Сярод іншых можна адзначыць М.Багдановіча. У працы «Белорусское возрождение» ён заўважыў, што «до сих пор в белорусской литературе, как это постоянно встречается у начинающих возрождаться народов, главную роль еще продолжает играть поэзия». Сапраўды, нельга не заўважыць гэтую акалічнасць на прыкладзе творчасці Ц.Гартнага, Я.Купалы, Я.Коласа. Вось чаму акцэнт у працы робіцца на развіцці беларускай літаратуры, асабліва паэзіі, дзейнасць БСГ разглядаецца праз прызму выдання ёй зваротаў на беларускай мове, значэнне рэвалюцыі 1905 г. ацэньваецца з пункту гледжання легальнага ўжывання беларускай мовы. Па словах аўтара, падчас рэвалюцыі з’явілася надзённая патрэба «…разобраться в окружающей жизни и …лихорадочный спрос на идеологические ценности». Таму на першае месца М.Багдановіч ставіць ролю беларускіх выдавецтваў: «Загляне сонца і ў наша аконца», «Наша хата», «Палачанін». Для беларусаў, якія прызвычаіліся да таго, што іх мова была хамская, было важна, што гэтая мова загучала са старонак «Нашай нівы». Гэты факт адыграў станоўчую ролю ў развіцці беларускага нацыянальнага руху.

Творчасць беларускіх літаратараў адыграла выключную ролю на завяршальным этапе станаўлення новай беларускай літаратурнай мовы, у самасцвярджэнні беларускай нацыі, прызнанні яе інш. народамі. Маладая беларуская літаратура раскрыла пачуцці забытага і прыніжанага «мужыцкага народа», яго імкненне да волі і шчасця, роўнасці. Пры гэтым шырока выкарыстоўваліся гістарычныя тэмы. Гісторыя роднага краю асэнсоўвалася з нацыянальных пазіцый, іншы раз, асабліва ў паэзіі, ідэалізавалася.

Я.Купала ў сваёй творчасці зыходзіў з аб’ектыўнасці працэсу ўтварэння народаў, якія фарміраваліся ў розных умовах бытавання на працягу многіх тысячагоддзяў – кожны са сваімі адвечнымі і адметнымі мовамі, звычаямі, парадкамі, нацыянальнымі праявамі. Народ ён параўноўваў з вялізнай сям’ёй-раднёй. Найбольш важнай адметнасцю народа лічыў мову, «якую вякі ўсвянцілі і ўкаранілі ў ім, на якой ён і яго продкі, з самага пачатку свайго паяўлення на зямлі, узраслі і ўзгадаваліся». Я.Купала не раз адзначаў, што ў гісторыі Беларусі быў перыяд, калі краіна жыла сваім незалежным жыццём, мела сваіх князёў, сваё веча. Пазней, паводле Купалы, Беларусь папала пад уладарства Літвы, але беларуская мова ў той жа час стала мовай «літоўскіх законаў», «урадавым словам». Народ не страціў дзяржаўнасць. ВКЛ Я.Купала называў «Вялікім Літоўска-Беларускім княствам». Заняпад Беларусі ён адносіў да часоў уніі ВКЛ з Польшчай, калі беларуская знаць, «каб заслужыцца на ласку ў польскім урадзе», здрадзіла свайму народу, прыняла польскую мову і культуру, «сталася чужацкай на сваёй беларускай зямлі». Панскі двор і сялянская вёска пачалі гаварыць на розных мовах. Класавыя супярэчнасці паміж панамі і сялянамі набылі нацыянальную афарбоўку. Паэт канстатаваў, што ў Расійскай імперыі на Беларусі да польска-панскага бізуна дабавілася «чыноўніцка-жандарская нагайка». Але народ, па словах Я.Купалы, «не зацёр сваёй асобнасці, свайго нацыянальнага духу..., хоць і валок на сабе ярмо колькі векавога чужога ўладарства», якое, праўда, надоўга затрымала яго нацыянальнае і культурнае развіццё. У артыкуле «Вера і нацыянальнасць» (газета «Наша ніва», 1914, № 27) Купала адзначаў неспрыяльнае ўздзеянне на працэс станаўлення беларускай нацыі каталіцкага касцёла і праваслаўнай царквы, іх змагання за душу беларуса. У артыкуле падкрэслівалася, што ў беларусаў-католікаў і беларусаў-праваслаўных «адна Бацькаўшчына – Беларусь, адна мова родная – беларуская, адны звычаі і абычаі, ад веку перадаваныя з пакалення ў пакаленне». Найцяжэйшыя часы гісторыі Беларусі паэт звязваў з чужацкім панаваннем і, зыходзячы з гэтага, рабіў выснову, што «толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу» (газета «Беларусь», 1919, № 33).

6. Гістарычная публіцыстыка «Нашай долі» і «Нашай нівы». Завяршальны этап барацьбы за прызнанне беларускай нацыі і яе права на самавызначэнне свайго лёсу звязаны з утварэннем і дзейнасцю першай нацыянальнай палітычнай партыі – Беларускай сацыялістычнай грамады (1903 – 1918 гг.). Пры гэтым важную ролю адыгралі навуковыя і навукова-папулярныя працы па гісторыі Беларусі, напісаныя з нацыянальных пазіцый. У 1905 – 1907 гг. пад кіраўніцтвам Грамады разгарнуўся шырокі нацыянальна-культурны адраджэнцкі рух, быў створаны нацыянальны перыядычны і кніжны друк.

У 1906 – 1915 гг. цэнтрам беларускага нацыянальна-адраджэнцкага руху з’яўляліся газеты «Наша доля» і «Наша ніва».

Першым легальным органам нелегальнай БСГ стала газета «Наша доля», якая выдавалася ў Вільні з верасня па снежань 1906 г. З шасці нумароў чатыры былі канфіскаваны паліцыяй. За першы, трэці і чацвёрты нумары газета была забаронена. Назва газеты сведчыла аб працяглай маргіналізацыі беларусаў і пасіўнасці свайму лёсу ніжэйшых слаёў грамадства і інтэлігенцыі.

У першым перадавым артыкуле «Да чытачоў» Івана Тукеркеса была абвешчана праграма «нацыянальнага абуджэння». Адсутнасць свабоды ў Расійскай імперыі прывяла да цемры і голаду беларускіх сялян. Паколькі свабода магла быць забяспечана толькі праз адукацыю і асвету, таму неабходна развіваць беларускае асветніцтва, «каб пазбавіцца нацыянальнай летаргіі».

Палітычны характар штотыднёвіка характарызуецца адзінствам палітычных і нацыянальных інтарэсаў яго выдаўцоў і рэдакцыйнай калегіі, што праявілася ў выкарыстанні тэрмінаў «беларускі народ», «беларуская нацыя». «Наша доля» вызначалася ўжываннем простай мовы, празрыстай структурай сказаў і дыялогаў.

Важнай тэмай, якая стала прадметам абмеркавання на старонках «Нашай долі», была дзейнасць І-й Дзяржаўнай думы. У артыкулах «Кандыдаты ад Вільні», «Якая будзе Дума?», «Што будзе?», «Авечы агітатар», «Пагром» раскрываліся думскія дэбаты і пазіцыя дэпутатаў ад беларускіх губерняў.

Агульны характар штотыднёвіка сведчыў аб сацыял-дэмакратычнай пазіцыі яе выдаўцоў і аўтараў. Яны выступалі за перадачу зямлі сялянам, арганізацыю рабочых саюзаў, лічылі неабходным стварыць супольнасці беднаты – «мужыцкія саюзы». Доля матэрыялаў, прысвечаных беларускай тэматыцы, складала невялікую частку ад агульнай колькасці публікацый. «Наша доля» была адрасавана адукаванай частцы гарадскога насельніцтва, якія маглі пераказаць змест артыкулаў непісьменным сялянам.

Пасля закрыцця ўладамі «Нашай долі» лідэры БСГ (браты І. і А.Луцкевічы, У.Уласаў, В.Іваноўскі, А.Пашкевіч і інш.) сталі выдаваць штотыднёвую газету «Наша ніва», якая друкавалася ў Вільні з лістапада 1906 г. да жніўня 1915 г. Выданне мела нацыянальна-асветніцкі характар, яе рэдактары імкнуліся «запаліць святло ў цемры» і «данесці навуку людзям». Змест штотыднёвіка складаўся з наступных рубрык: інфармацыя, спосабы правядзення вольнага часу, палітыка і культура, гісторыя і сучаснасць. Толькі за тры гады (1906 – 1909 гг.) у газеце было надрукавана 906 паведамленняў з 489 вёсак і мястэчак Беларусі. Але выданне нельга лічыць масавым – у 1911 г. тыраж складаў 3 тыс. экзэмпляраў.

Нацыянальная гісторыя з’яўлялася вядучай тэмай, якая дамінавала ва ўсіх нумарах штотыднёвіка. Ужо ў другім нумары на тытульнай старонцы на фоне руінаў Наваградскага замка рэдактары «Нашай нівы» пісалі пра каранацыю Міндоўга ў 1252 г., пра пачаткі ВКЛ, пра першую сталіцу гэтай дзяржавы. Цікава, што аўтары ўпаміналі вялікага «песняра нашага краю» Адама Міцкевіча.

Таксама ў газеце друкаваліся матэрыялы па ўсеагульнай гісторыі, гісторыі літаратуры, этнаграфіі, мастацтву, гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху. Напрыклад, ананімны артыкул «Сымон Канарскі» (1907 г.), нарысы А.Пагодзіна «Колькі слоў аб нацыянальным адраджэнні забытага народу» (1908 г.), «Владыслаў Сыракомля» (1908 г.), артыкулы Д.Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне» (1909 г.), Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор» (1911 г.), В.Ластоўскага «З мінуўшчыны горада Быхава» (1911 г.), «Людвіг Кандратовіч» (1912 г.), «Хроніка ВКЛ» (1914 г.).

 Аўтары гістарычных публікацый лічылі, што родная мова – самы кароткі шлях да культурнасці беларусаў, а ХІХ ст. і расійская ўлада не прынеслі ім нічога карыснага. Рэдактар-выдавец У.Уласаў выказаў у 1908 г. думку, якая стала ў наступным гістарыяграфічнай традыцыяй: «беларуская нацыя – зона перакрыжавання станоўчых рысаў памежных нацый». Негатыўныя іх якасці не знайшлі ўкаранення сярод беларусаў. Канцэпцыя атрымала распрацоўку ў працах Ігната Абдзіраловіча (1921 г.) і Уладзіміра Конана (1992 г.).

На старонках «Нашай нівы» публікавалася, а ў 1910 г. выйшла асобным выданнем «Кароткая гісторыя Беларусі» В.Ю.Ластоўскага – важная веха ў станаўленні нацыянальнай гістарыяграфіі. Пры рэдакцыі «Нашай нівы» намаганнямі І.Луцкевіча быў арганізаваны Беларускі музей. Дзякуючы штотыднёвіку раскрыліся літаратурныя таленты Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Гаруна, З.Бядулі, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага, К.Буйло і інш. беларускіх пісьменнікаў, публіцыстаў і крытыкаў.

 У цэлым, у развіцці беларускай палітычна-гістарычнай публіцыстыкі пачатку ХХ ст. можна вызначыць чатыры тэндэнцыі: 1) аналіз гісторыі беларусаў з пазіцый самаабароны. Мінулае разглядалася не ў форме працэса гістарычнага развіцця, а як выпакутаная з’ява. Праблемы нацыянальнага руху разглядаліся праз развіццё асветы. Галоўную задачу газета «Наша ніва» бачыла ў барацьбе за нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускага народа. Шмат увагі яна аддавала тэарэтычнаму і гістарычнаму абгрунтаванню права беларусаў на захаванне і развіццё сваёй мовы і нацыянальнай культуры. Газета паслядоўна выкрывала рэакцыйную палітыку царызму на Беларусі, пратэставала супраць падзелу яго па веравызнанні на «рускіх» і «палякаў». Яна настойліва патрабавала ўвядзення ў школу, царкву і касцёл на Беларусі беларускай мовы. 2) палітызацыя гісторыі Беларусі. Цікавасць да мінулага была выклікана не патрэбамі гістарычнай навукі, а палітычнай сітуацыяй. 3) адсутнасць у гістарычных даследаваннях агульнапрынятай тэрміналогіі, акрамя паняццяў «нацыя», «нацыяналізм», «патрыятызм». 4) гістарычна-філасофскай асновай гістарычнага працэса аўтары публікацый лічылі хрысціянскую тэалогію. Працэс развіцця беларускага народа параноўваўся з пакутніцкім шляхам Ісуса Хрыста.

7. Станаўленне дэмакратычнай плыні беларускай гістарыяграфіі. Пачынальнікам дэмакратычнай тэндэнцыі ў беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі лічыцца Мітрафан Доўнар-Запольскі.

Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі (1867 – 1934 гг.) нарадзіўся ў сям'і дробнага шляхціца Віктара Марцінавіча Доўнар-Запольскага ў г. Рэчыца Мазырскага павета Мінскай губерні. Скончыў народнае вучылішча ў Баранавічах, вучыўся ў Мінскай гімназіі, Мазырскай прагімназіі, Кіеўскай 1-й гімназіі, якую скончыў экстэрнам. Затым прадоўжыў адукацыю на гісторыка-філалагічным факультэце Кіеўскага універсітэта, які скончыў у 1894 г.

У студэнцкія гады Доўнар-Запольскі пачаў актыўна займацца этнаграфічнай дзейнасцю і супрацоўнічаць з ліберальнай газетай «Минский листок». Па вынікам экспедыцый на тэрыторыю Беларусі з’явіўся шэраг артыкулаў пад агульнай назвай «Белорусское прошлое» (1888 г.). Аўтар у іх вызначыў контуры канцэпцыі нацыянальнай гісторыі Беларусі: «беларускае племя» мае ўласную гісторыю, «беларускае племя» мае этнаграфічныя асаблівасці, «беларускае племя» – самы «чысты» тып славянства, беларуская гаворка паходзіць ад гаворкі крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў.

У 1891 г. выходзіць з друку праца Доўнар-Запольскага «Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца ХII столетия», у якой даследчык раскрыў працэс утварэння дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі на аснове каланізацыйнай тэорыі. Спецыфіку палітычнага развіцця крывіцка-дрыгавіцкіх зямель гісторык убачыў у іх ускраінным геаграфічным становішчы, што прывяло да фарміравання асобнай ад Кіеўскай Русі дзяржаўнасці.

У студэнцкія гады Доўнар-Запольскі надрукаваў больш за 40 артыкулаў, нататак, рэцэнзій, у асноўным па этнаграфіі беларусаў. Ён рэцэнзаваў навуковыя працы таікх вядомых даследчыкаў як М.Янчук, А.Семянтоўскі.

Ужо тады Доўнар-Запольскі робіць спробу стварэння «беларускага гуртка», выношвае ідэю выдання беларускага часопіса, арганізацыі навуковага таварыства, адкрыцця публічнай бібліятэкі ў Мінску і інш. У 1890 г. ён пазнаёміўся з Я.Ляцкім, у той час студэнтам Маскоўскага універсітэта, у будучым вядомым беларускім гісторыкам і этнографам, які пачаў весці агітацыю за стварэнне гуртка сярод студэнтаў-беларусаў у Маскве. Аднак справа практычна не зрушылася з месца. 26 студзеня 1894 г. Ляцкі пісаў М.В.Доўнар-Запольскаму з Масквы: «Да нашай мілай Беларусі тут нікому і справы няма. Навуковыя таварыствы робяць сваю кар’еру, часопісы і газеты ўяўляюць сабой па большай частцы акцыянерныя таварыствы на паях... Для грамадства Беларусь нейкая яўрэйска-польская краіна...».

У 1894 г. Доўнар-Запольскі заканчвае Кіеўскі універсітэт. Старшыня экзаменацыйнай камісіі прафесар Ф.Зялінскі адзначыў, што выпускнік «валодае рэдкасным для яго ўзросту аб’ёмам ведаў, выключнай працаздольнасцю і выключнымі прыроднымі здольнасцямі».

Пасля заканчэння універсітэта навуковы кіраўнік, загадчык кафедры рускай гісторыі, прафесар У.Б.Антановіч садзейнічаў накіраванню юнака для далейшай навуковай падрыхтоўкі ў Маскву са стыпендыяй 600 рублёў. У 1895 г. Доўнар-Запольскі пачынае працаваць пазаштатным памочнікам архіварыўса Маскоўскага архіва Міністэрства юстыцыі, а з 1898 г. – штатным памочнікам. Асноўную ўвагу ён канцэнтруе на вывучэнні дакументаў Літоўскай Метрыкі. Адначасова, каб здабыць сродкі для жыцця, ён працуе ў прыватнай жаночай гімназіі Ржэўскай, дае прыватныя ўрокі.

З гэтага часу пачынаецца дзейнасць Доўнар-Запольскага ў галіне археаграфіі і крыніцазнаўства. У 1897 г. выходзяць два тамы «Документов Московского архива Мини стерства юстиции», затым працы «Литовские упо минки татарским ордам: Скарбовая книга Метрики Литовской 1502-1509 гг.» (1898 г.), «Акты Литовско-Русского государства (ХІV – ХVІ ст.)» (1899 г.). У 1898 г. ён упершыню надрукаваў поўны тэкст Баркулабаўскай хронікі.

У Маскве даследчык садзейнічаў арганізацыі Археаграфічнай камісіі пры Маскоўскім археалагічным таварыстве, якім кіраваў пяць гадоў. Ён таксама працуе прыват-дацэнтам кафедры рускай гісторыі Маскоўскага універсітэта, якую ўзначальваў знакаміты гісторык В.В.Ключэўскі: чытае спецкурсы пра рэформы Аляксандра І, лекцыі па гісторыі дзекабрыстаў, вядзе практычныя заняткі па гісторыі Расіі ХVІІ ст.

Менавіта маскоўскі перыяд творчасці Доўнар-Запольскага прадвызначыў галоўны накірунак навуковых даследаванняў вучонага – эканамічную гісторыю. У 1901 г. ён абараніў у Кіеве магістэрскую дысертацыю «Государственное хозяйство ВКЛ при Ягеллонах». Яна пазней была выдадзена асобнай кнігай і атрымала прэмію імя П.Бацюшкава. Прафесарамі Кіеўскага універсітэта Антановічам і Галубоўскім праца была ацэнена як «вельмі каштоўны ўклад у навуку». Даследаванне сведчыла пра схільнасць гісторыка да эканамічнага матэрыялізму і пазітывісцкай канцэпцыі Антановіча.

У 1901 г. ён вяртаецца ў Кіеў. Сам даследчык пачаў працаваць прыват-дацэнтам, затым ардынарным прафесарам і загадчыкам кафедры рускай гісторыі Кіеўскага універсітэта.

Доўнар-Запольскі надаваў вялікую ўвагу вывучэнню гісторыі Беларусі. У 1905 г. у Санкт-Пецярбургу пад рэдакцыяй В.П.Сямёнава выходзіць дзевяты том працы «Россия: Полное географическое описание нашего отечества. Настольная и дорожная книга для русских людей». Тут змешчаны два вялікія артыкулы Доўнар-Запольскага і Шэндрыка «Исторические судьбы Верхнего Поднепровья и Белоруссии и культурные и х успехи» і «Распределение населения Верхнего Поднепровья и Белоруссии по территории, его эт нический состав, быт и культура». У тым жа годзе ў Маскве выходзяць два тамы «Русской истории в очерках и статьях» пад рэдакцыяй Доўнар-Запольскага, а ў Кіеве зборнік артыкулаў «Из истории общественных течений в России», дзе змешчаны шэраг яго прац.

У 1905 г. Доўнар-Запольскі абараніў доктарскую дысертацыю «Очерки по истории западнорусского крестьянства в ХVI в.», у якой галоўную ўвагу прысвяціў аграрнай рэформе Жыгімонта ІІ Аўгуста. Яна выходзіць асобным выданнем. Прафесар М.К.Любаўскі ў сваёй рэцэнзіі даў працы Доўнар-Запольскага высокую ацэнку.

У 1908 г. даследчык арганізуе ў Кіеве Камерцыйны інстытут. У ім было два аддзяленні: камерцыйнае і эканамічнае, з чатырохгадовым тэрмінам навучання і Музей таваразнаўства. Доўнар-Запольскі выкарыстаў вопыт работы камерцыйных навучальных устаноў Германіі, вышэйшых камерцыйных курсаў у Маскве.

У 1907 г. інстытут займаў невялікі будынак, а ў 1917 г. з’яўляўся ўласнікам некалькіх шматпавярховых будынкаў з вялікімі заламі і аўдыторыямі. Былі створаны багатая бібліятэка, кабінеты: фізічны, геалагічны і горназаводскай справы, статыстычны, чыгуначнай, страхавой справы, кабінет гігіены, працавалі лабараторыі сельскагаспадарчага таваразнаўства, хіміі і інш.

Вялікая ўвага ў інстытуце надавалася фундаментальнай падрыхтоўцы. Вывучэнне асноўных тэндэнцый развіцця Расійскай імперыі вялося ў кантэксце даследавання гісторыі еўрапейскай і сусветных цывілізацый. Вывучаліся англійская, нямецкая, французская мовы, мовы народаў Расійскай імперыі, а таксама сербская, турэцкая, кітайская, японская і інш. Студэнты разам з выкладчыкамі ажыццяўлялі экскурсіі ў прамысловыя цэнтры імперыі.

Наступныя работы Доўнар-Запольскага «Очерк экономического строя Древней Руси» (1909 г.), «История русского народного хозяйства» (1919 г.) заклалі аснову эканамічнай гісторыі ў рускай, беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі. Можна сцвярджаць, што даследчык з’яўляецца адным з пачынальнікаў выкладання эканамічнай гісторыі ў ВНУ Расійскай імперыі.

У 1910 г. выйшла першая сінтэтычная праца па айчыннай гісторыі, напісаная з пазіцый беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі, «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага.

Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі (1883 – 1938 гг.) нарадзіўся ў засценку Калеснікаў Дзісенскага павета Віленскай губерні. Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, філолаг, этнограф, публіцыст, пісьменнік, літаратуразнавец. Член-карэспандэнт Украінскай акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926 г.), акадэмік АН БССР (1928 г.). З 1902 г. член ППС на Літве, у 1906 – 1908 гг. член БСГ. Сакратар «Нашай Нівы» (1909 – 1914 гг.). Біяграфія В.Ластоўскага – тыповы шлях станаўлення беларускай інтэлігенцыі рубяжа ХІХ – ХХ ст. Ён не меў сярэдняй і вышэйшай адукацыі, але шляхам самаадукацыі кампенсаваў гэты недахоп.

У прадмове да кнігі Ластоўскі растлумачыў, чаму ён узяўся за гэтую працу. На яго думку, «гісторыя – гэта фундамэнт, на каторым будуецца жыцьцё народу». Праца адметна тым, што ўпершыню наша гісторыя падаецца не як гісторыя «усходніх крэсаў» Рэчы Паспалітай або Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі, а як гісторыя адметнай і самадастатковай Беларусі.

Аўтарам былі выкарыстаны даследаванні этнаграфічнага, гістарычнага і статыстычнага характару расійскіх, польскіх і беларускіх навукоўцаў, у тым ліку М.В.Каяловіча, Я.Ф.Карскага і М.В.Доўнар-Запольскага, апублікаваныя зборнікі дакументаў. За ўзор даследчык узяў невялікія па аб’ёму нацыянальныя гісторыі Польшчы і Украіны. Ластоўскі стварыў нацыянальную кампіляцыю гісторыі, змест якой вынікаў з палітычных патрэб і грунтаваўся на даследаваных гістарычных фактах.

Праца падзелена на пяць перыядаў: 1) ад старажытных часоў да ўцёкаў полацкіх князёў у Літву (1129 г.); 2) ад вяртання полацкіх князёў да смерці Вітаўта (1132 – 1430 гг.); 3) ад смерці Вітаўта да Люблінскай уніі (1430 – 1569 гг.); 4) ад Люблінскай уніі да падзелаў Польшчы; 5) Беларусь пад расійскім панаваннем.

Даследчыкі лічаць «Кароткую гісторыю Беларусі» «рамантызаванай» гісторыяй. Ластоўскі зыходзіў з пазіцыі бяскласавасці гістарычнага працэсу і спрадвечнай дэмакратычнасці беларускага грамадства. Гісторыя Беларусі ім ўспрымалася як гісторыя самаразвіцця грамадскай самасвядомасці, а гэта было звязана з рэлігійнасцю. Даследчык ідэалізаваў грамадскія структуры ХV – ХVІ ст., перабольшваў ролю інтэлігенцыі ў фарміраванні нацыі. Відавочна і пэўная мадэрнізацыя гістарычнага працэсу – пошук беларускай дзяржаўнасці ў старажытнарускі перыяд.

Для пачатковага перыяду беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі ў цэлым характэрны шэраг памылковых гістарычных палажэнняў. Нельга пагадзіцца з тэзісам Доўнар-Запольскага і Ластоўскага, што Полацкае княства ў ІХ – ХІІ ст. – было «зыходным пунктам беларускай дзяржаўнасці». Аўтары адмаўлялі прызванне нарманаў-варагаў на тэрыторыю Беларусі. Таксама Доўнар-Запольскі выказаў думку аб этнічнай «чысціні» крывічоў, якія не спазналі фінскага ўплыву.

Спрэчным з’яўляеццам тэзіс аб «дэмакратычным ладзе» Полацкага княства: быццам бы крывічы, дрыгавічы, радзімічы жылі ва ўзаемнай згодзе са сваімі князямі. У якасці доказу Ластоўскі прыводзіць прыклад шанавання Усяслава Брачыславіча мясцовым насельніцтвам, але не раскрывае летапіснае паведамленне аб «пралітай ім крыві».

Першыя нацыянальныя гісторыкі з сімпатыяй ставіліся да Міндоўга. Ластоўскі лічыў, што Рынгольт разам с сынам Міндоўгам былі выхадцамі з «Літоўска-Крывічанскага» княства са сталіцай у Навагародку. Гэта вызначалася этнічным складам мясцовых жыхароў – «ліцвінамі-крывічамі». ВКЛ успрымалася як «Руска-Літоўскае», дзе беларускі этнас меў спрыяльныя ўмовы для развіцця. Але беларуская самастойная гісторыя скончылася са смерцю Вітаўта. Асновай гістарычнай канцэпцыі Літвы стала тэорыя «залатога веку культуры»: 1517 – 1569 гг. (ад выдання ў Празе кніг Бібліі Ф.Скарынай да Люблінскай уніі).

Можна канстатаваць той факт, што беларуская нацыянальная гістарыяграфіі зарадзілася як гістарычная канцэпцыя заняпаду беларускага этнасу. Пачынаючы з ХVІІ ст., мінулае Беларусі падавалася як нацыянальная дэзінтэграцыя, спыненне паступовага развіцця і умацаванне чужародных для беларусаў элементаў грамадскага развіцця. Быў створаны вобраз народа-пакутніка.

Войны на тэрыторыі Беларусі ў ХVІІ – пачатку ХVІІІ ст. разглядаліся з негатыўных пазіцый, бо пасягалі на самастойнасць беларускага этнаса. Паланізацыя і русіфікацыя прывялі да стварэння вобраза ворага (Польшча, Расія), а гэта сведчыла аб моцнай палітызацыі айчыннай гісторыі.

 

Праверачны тэст

 


Поделиться:



Последнее изменение этой страницы: 2019-04-10; Просмотров: 260; Нарушение авторского права страницы


lektsia.com 2007 - 2024 год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! (0.094 с.)
Главная | Случайная страница | Обратная связь