Архитектура Аудит Военная наука Иностранные языки Медицина Металлургия Метрология
Образование Политология Производство Психология Стандартизация Технологии


Я гг. ХІХ – пачатку ХХ ст.



 

План

 

1. Русіфікатарская палітыка ўрада пасля паўстання 1863 г. Дзейнасць Віленскай археаграфічнай камісіі.

2. «Заходнерусізм» і яго прадстаўнікі ў расійскай гістарыяграфіі.

3. Ліберальны накірунак у расійскай, украінскай і беларускай гістарыяграфіі.

4. Гісторыя Беларусі ў даследаваннях польскіх гісторыкаў.

 

Літаратура

 

1. Булахов М.Г. Е.Ф.Карский: Жизнь, научная и общественная деятельность / Под ред. В.И.Бобковского. – Мн.: Изд-во БГУ, 1981. – 271 с.

2. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. – Мн.:БелЭн, 2005. – 688 с.

3. Гулак А.А. Ідэі заходнерусізму ў «Гісторыі беларускага краю» Пятра Бяссонава // Беларускі гістарычны часопіс. – 2004. - № 4. – С. 34 – 37.

4. Историография истории южных и западных славян: Учеб. пособие для студ. высш. учеб. заведений. – М.: Изд-во МГУ, 1987. – С. 50 – 65.

5. Карев Д.В. Академик М.К.Любавский. Судьба и наследие // Наш радавод. – Гродна, 1994. – Кн. 6. – Ч. 3. – С. 450 – 619.

6. Карев Д.В. Белорусская историография во второй половине ХІХ – начале ХХ в. // Очерки истории науки и культуры Беларуси ІХ – начала ХХ в. / П.Т.Петриков, Д.В.Карев, А.А.Гусак и др. – Мн.: Наука и техника, 1996. – С. 40 – 47.

7. Карев Д.В. Белорусская историография в эпоху капитализма (1861 – 1917 гг.) // Наш радавод. – Кн. 3. – Ч. 1. – Гродно, 1991. – С. 49 – 115.

8. Копысский З.Ю., Чепко В.В. Историография БССР (эпоха феодализма): Учеб. пособие. – Мн.: Университетское, 1986. – С. 20 – 62.

9. Коялович М.О. История русского самосознания по историческим памятникам и научным сочинениям. – Мн.: Лучи Софии, 1997 . – 688 с.

10. Кушнер В. Стваральнік канцэпцыі беларускай нацыянальнай гісторыі // Беларускі гістарычны часопіс. – 2004. - № 9. – С. 53 – 59.

11. Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада: Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ – ХХ ст. – Спб.: Неўскі прасцяг, 2003. – С. 70 – 146.

12. Литвинский А., Карев Д. Западноруссизм в российской историографии второй половины ХIХ – начала ХХ веков // Стэфан Баторый у гістарычнай памяці народаў Усходняй Еўропы. – Гродна: ГЦДУЕ, 2004. – С. 195 – 324.

13. Новік Н.Я. Выкладанне гісторыі ў навучальных установах дарэвалюцыйнай Беларусі // Гісторыя: праблемы выкладання. – 2001. - № 1. – С. 39 – 51.

14. Цвікевіч А. «Западнорусизм»: Нарысы з гісторыі грамадскай мысьлі на Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст. – Мн.: Навука і тэхніка, 1993. – 352 с.

15. Цыхун А.П. Акадэмік з вёскі Лаша. Я.Ф.Карскі: краязнаўча-біяграфічны нарыс. – Гродна, 1992. – 76.

16. Черепица В.Н. М.О.Коялович. История жизни и творчества. – Гродно: ГрГУ, 1988. – 328 с.

17. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. – Мн.: БелЭн, 1993. – Т. 3. – С. 19 – 21.

18. Яцкевіч З. Віленская археаграфічная // Беларуская мінуўшчына. – 1994. - № 2. – С. 32.

 

Тэматыка рэфератаў

 

1. Падрыхтоўка і выданне гістарычных крыніц па гісторыі Беларусі ў 60-я гг. ХІХ – пачатку ХХ ст.

2. Заходнеруская гістарыяграфія ў пачатку ХХ ст. (1905 – 1915 гг.).

3. Я.Ф.Карскі – прадстаўнік ліберальнай гістарыяграфіі канца ХІХ – пачатку ХХ ст.

4. Гістарычная школа М.К.Любаўскага.

5. Уплыў гістарычнай школы У.Б.Антановіча на гістарыяграфію гісторыі Беларусі ў 60-я гг. ХІХ – пачатку ХХ ст.

 

1. Русіфікатарская палітыка ўрада пасля паўстання 1863 г. Дзейнасць Віленскай археаграфічнай камісіі. Моцны ўплыў на развіццё айчыннай гістарыяграфіі парэформеннага часу аказала паўстанне 1863 г. у Польшчы, Літве і Беларусі. Яно зноў звярнула ўвагу ўрада і расійскага грамадства, у цэлым, на заходні рэгіён краіны, заставіла нанава адкрыць Беларусь і яе гісторыю. Каб абвергнуць польскія прэтэнзіі на Беларусь і Літву, царскі ўрад пачаў актыўна даказываць рускі характар «заходняга края» імперыі. Дзеля гэтага былі выдадзены два гістарычныя атласы.

Першы атлас з шасці карт падрыхтаваў палкоўнік Р.Ф.Эркерт (1863 г.). Выданне раскрывае арэал рассялення ў «заходнім краі» рускіх, палякаў, літоўцаў, латышоў, немцаў і яўрэяў. Зразумела, што ўкраінцы і беларусы былі аднесены да рускага этнасу. Першае выданне атласа выйшла на французскай мове і прадназначалася для еўрапейскай дыпламатыі ў адказ на падзеі 1863 г.

У 1864 г. выйшаў атлас, складзены падпалкоўнікам А.Ф.Рыціхам пад кіраўніцтвам Пампея Бáцюшкава.

Пампей Мікалаевіч Бацюшкаў (1811 – 1892 гг.) скончыў артылерыйскае вучылішча ў Пецярбургу, у 1832 – 1840 гг. афіцэр рускай арміі. З 1850 г . – віцэ-губернатар Ковенскай губерні, затым памочнік папячыцеля Віленскай навучальнай акругі, у 1856 – 1857 гг. – віцэ-дырэкіар дэпартамента духоўных спраў іншаземных веравызнанняў. Кіраваў будаўніцтвам Храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве, праводзіў палітыку русіфікацыі: садзейнічаў пабудове больш за 2 тыс. праваслаўных храмаў на тэрыторыі Беларусі і Украіны. Спрабаваў перавесці богаслужэнне ў касцёлах Мінскай губерні з польскай на рускую мову. Гістарычнае развіццё Беларусі зводзіў да гісторыі праваслаўнай царквы і палітычнай дзейнасці князёў. Галоўная праца - «Белорусс ия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края » (1890 г.).

У 1864 г. падпалкоўнік А.Ф.Рыціх пачаў збор матэрыялаў для складання атласа. За аснову ён узяў дадзеныя, атрыманыя з МУС і чыноўнікаў, якія спецыяльна былі накіраваны ў заходнія губерні для агляду стана праваслаўных цэркваў і манастыроў. Дзесяць карт атласа раскрываюць геаграфію рассялення рускіх, пад якімі разумеліся ўсе праваслаўныя, і палякаў (усе католікі).

Актыўную падтрымку ўраду аказалі прадстаўнікі позняга расійскага славянафільства і ліберальная інтэлігенцыя, аб чым сведчаць публікацыі ў славянафільскіх выданнях «День», «Москва», «Русь». Да супрацоўніцтва з імі быў запрошаны прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі, ідэолаг заходнерусізма М.В.Каяловіч, які звярнуўся з заклікам да расійскіх газет размяшчаць этнаграфічныя і гістарычныя матэрыялы аб «Заходняй Расіі». Погляды М.В. Каяловіча вабілі славянафілаў сваёй палонафобіяй: на гістарычных прыкладах даследчык паказаў, колькі зла «заходнерускаму народу» прынёс Захад, Польшча і каталіцызм. Таксама ён выдвінуў тэзіс пра сапсаванасць «лацінскага свету» і яго несумяшчальнасць з праваслаўным светам. Газета «Московские ведомости» абвясціла аб неабходнасці «духоўнага заваявання заходняга края Расіі».

Пазіцыя М.В.Каяловіча знайшла падтрымку ў віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва. Ён разумеў усю карысць гісторыі ў працэсе фарміравання грамадскай самасвядомасці жыхароў заходніх губерняў. Генерал-губернатар, акрамя русіфікацыі мясцовай адміністрацыі, прапанаваў імператару Аляксандру ІІ правесці рэформу школ і радыкальна змяніць змест гістарычнай адукацыі: «Необходимо всем и постоянно разъяснить, что край Северо-Западный всегда был и есть русский, и что польский элемент есть временный, заброшенный в эпоху польского владычества».

У пачатку 1864 г. Мураўёў задумаў выданне кнігі пра падзеі 1863 года. Гродзенскаму і ковенскаму губернатарам ён накіраваў даручэнне скласці «Очерк о начале и ходе бывшего мятежа по губернии и о польской революционной организации, которая существовала в ней». Падобныя прадпісанні атрымалі начальнік інфлянцкіх паветаў Віцебскай губерні, віленскі, віцебскі, магілёўскі губернатары, старшыні следчых камісій. Восенню 1864 г. у канцылярыю Мураўёва сталі паступаць першыя нарысы. Іх абагульненнем займаўся са сваімі памочнікамі генерал-маёр Васіль Фёдаравіч Ратч (1816 – 1870 гг.). Вынікам стала двухтомная праца, выдадзеная ў 1867 – 1868 гг., « Сведения о польском мятеже 1863 года в Северо-Западном крае». Затым  кнігу пераклалі на французскую мову і выдалі ў Парыжы.

Для прапаганды ўрадавай палітыкі М.М.Мураўёў запрасіў у Вільню Ксенафонта Гаворскага.

Ксенафонт Антонавіч Гаворскі (1821 – 1871 гг.) нарадзіўся ў Кіеве ў сям’і ўніяцкага святара з Віцебшчыны. Скончыў грэка-уніяцкую семінарыю ў Полацку, Пецярбургскую духоўную акадэмію. Выкладаў у Полацкай семінарыі, у т.л. гісторыю і археалогію. Праводзіў раскопкі курганаў каля Полацка, апісаў старажытную «альгердаву дарогу» з Вільні ў Полацк.

У 1857 – 1858 гг. Гаворскі з’яўляўся рэдактарам неафіцыйнай часткі «Віцебскіх губернскіх ведамасцей». Яго заўважылі расійскія славянафілы, увялі ў навуковыя сталічныя салоны і зрабілі вядучым спецыялістам па «польскаму» пытанню. Прафесар М.В.Каяловіч садзейнічаў прызначэнню Гаворскага рэдактарам часопіса «Вестник Юго-Западной и Западной России», які выдаваўся з 1862 г. у Кіеве. Часопіс быў эклектычным – у ім друкаваліся дакументы з Кіеўскай археаграфічнай камісіі па гісторыі рэлігіі і царквы, матэрыялы па гісторыі Украіны і Беларусі. Выданне падтрымлівалі Сінод, МУС, Міністэрства народнай асветы, Пецярбургская духоўная акадэмія. Але ў Кіеве часопіс быў непапулярным, і ў хуткім часе яго зачынілі.

Па просьбе Мураўёва і папячыцеля Віленскай навучальнай акругі І.П.Карнілава выданне з 1864 г. перанеслі ў Вільню пад назвай «Вестник Западной России». Па тэматыцы публікацый часопіс быў гісторыка-літаратурным, але, з другога боку, ён з’яўляўся выразнікам афіцыйных поглядаў на палітыку, навуку, публіцыстыку. Аўтары змешчаных у ім артыкулаў аддавалі пашану праваслаўю, якое вызваліла Беларусь ад іга паланізма і лацінізма. Часопіс выходзіў пад дэвізам – «Калі Польшча не загінула, хай загіне – мы так хочам!». Уся гісторыя Беларусі падавалася аўтарамі «польскай інтрыгай» і «каталіцкім прымусам».

Тэндэнцыйнасць выдання прадвызначыла яго непапулярнасць і ў Вільні. Сітуацыю не выправіла нават абавязковая падпіска для духавенства і чыноўнікаў. У 1871 г. часопіс зачынілі.

Каб пераарыентаваць гістарычную свядомасць насельніцтва Беларусі і Літвы па прыкладу Пецярбурга і Кіева ў Вільні з 29 красавіка 1864 г. пачала дзейнічаць Віленская археаграфічная камісія. Выбар Вільні быў заканамерным. Там размяшчаліся багатыя архіўныя зборы (Архіў Галоўнага Трыбунала, Архіў Скарбавага трыбунала, справы Троксага архіва, архівы Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губерняў, архіў Сапег), кніжныя сховішчы, друкарні. Вільня з’яўлялася цэнтрам генерал-губернатарства, таму вельмі зручна было кантраляваць і накіроўваць працу камісіі.

Перад членамі Археаграфічнай камісіі былі пастаўлены наступныя задачы: «а) доказать фактически, что Западный край никогда не был счастлив под польским правительством; б) что цивилизация Польши, а с нею и Западного края далеко отставала от той степени совершенства, на которую ставили ее поляки; в) что только под русским правительством Западный край забыл свои страдания, исцелил прежние раны и начал свое историко-политическое существование». У цэлым камісія павінна быда гісторыка-дакументальна даказаць, што Беларусь мае праваслаўную і рускую прыроду.

Адразу ад камісіі запатрабавалі працу ў вялікім аб’ёме, хаця ўмовы для гэтага створаны не былі. Само сховішча размяшчалася ў двух паўпадвальных памяшканнях Віленскага універсітэта. З чатырох сябраў камісіі, уключаючы старшыню, працаваць з першакрыніцамі мог толькі адзін – архіварыўс (загадчык) архіва, кандыдат філасофска-тэалагічных навук Мікіта Іванавіч Гарбачэўскі (1804 – 1879 гг.). Ён зрабіў велізарнейшую чарнавую працу, склаўшы «Каталог старажытным актавым кнігам губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай…» (1872 г.), выдаў «Слоўнік старажытнай актавай мовы» (1874 г.). Плённа працаваў выпускнік Рыжскай духоўнай семінарыі Іван Якаўлевіч Спрогіс (1833 – 1918 гг.). За некаторыя гады ён прачытываў ад 20 да 60 тыс. рукапісных лістоў, напісаў прадмовы да 11 тамоў. Даследчык таксама склаў геаграфічныя паказальнікі па дакументам архіва.

Вынік працы Віленскай археаграфічнай камісіі ўражвае. За 1865 – 1915 гг. было выдадзена 39 тамоў «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі». Разам з Віленскай навучальнай акругай супрацоўнікі камісіі выпусцілі 14 тамоў «Археаграфічнага зборніка дакументаў па гісторыі Паўночна-Заходняй Русі» (1867 – 1904 гг.). Агульны аб’ём выдадзеных крыніц склаў каля 29 тыс. старонак. Камісія апублікавала матэрыялы копных і земскіх судоў, дакументы гродскіх судоў і магістратаў, інвентары старостваў і маёнткаў, магістрацкія акты, матэрыялы пра руска-польскую вайну 1654 – 1667 гг., вайну 1812 г., царкоўную унію. Негледзячы на тэндэнцыйнасць у рабоце камісіі, яе выданні з’яўляюцца каштоўнай крыніцай вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры Беларусі, гісторыі беларускай мовы.

У другой паловы XIX – пачатку XX ст. гісторыя выкладалася ва ўсіх ніжэйшых і сярэдніх навучальных установах Беларусі. У курс уваходзілі сусветная і руская гісторыя з элементамі мясцовай гісторыі Паўночна-Заходняга краю. Расійская адміністрацыя, у тым ліку і кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі, імкнулася пашырыць рускі ўплыў у заходніх губерніях.

З 1877 г. руская і сусветная гісторыя выкладаліся ў рамках адзінага курса, у якім матэрыял па рускай гісторыі ўключаўся паміж адпаведнымі раздзеламі сусветнай гісторыі. З 1913 г. руская гісторыя была вылучана ў самастойны курс. На аснове тыпавых міністэрскіх праграм настаўнік складаў рабочую праграму і прадстаўляў яе на разгляд педагагічнага савета.

Праграмы сведчаць аб наяўнасці ў курсе гісторыі некаторых сюжэтаў з мясцовай гісторыі, напрыклад, «Літоўскія плямёны, іх побыт, норавы і рамёствы, першыя літоўскія князі (Міндоўг, Гедзімін, Альгерд, Кейстут)». У рамках курсу гісторыі даваліся характарыстыкі Ягайле, Вітаўту, Крэўскай уніі. У рамках пытання «Маскоўская і Літоўская Русь» разглядаліся ўзаемаадносіны ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы. У падраздзеле «Заходняя Русь у XVI – XVIII стст.» даваліся звесткі пра Люблінскую ўнію, пранікненне езуітаў, Берасцейскую царкоўную унію, прычым акцэнт рабіўся на рэлігійныя праследванні праваслаўных у Рэчы Паспалітай, дзейнасць праваслаўных брацтваў. Перыяд падзелаў Рэчы Паспалітай у праграме быў адлюстраваны ў наступнай фармулёўцы: «Умяшальніцтва Кацярыны II у польскія справы. Польская выбарчая сістэма. Пытанне аб дысідэнтах. Барская канфедэрацыя. Паўстанне на Украіне. I-ы падзел Польшчы і становішча пасля яго. Канстытуцыя 3 мая і Таргавіцкая канфедэрацыя. II-і падзел Польшчы. Паўстанне ў Польшчы і III-ці падзел». Курс гісторыі закранаў і падзеі XIX ст. Навучэнцы вывучалі такія пытані як «Змова дзекабрыстаў», «Паўстанне ў Польшчы 1830 г.», «Мяцеж у Польшчы 1863 г.».

Працэс выкладання гісторыі быў забяспечаны падручнікамі і вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі, у тым ліку і створанымі выкладчыкамі навучальных устаноў Беларусі. Сярод іх – А.Турцэвіч, П.Аляксандраў, В.Ярмаловіч і інш. У навучальных установах Беларусі набыла распаўсюджанне «Кніга для чытання па рускай гісторыі» (пад рэдакцыяй М.В.Доўнар-Запольскага), якая выйшла ў Маскве ў 1904 г. На думку складальнікаў, гэтае выданне павінна было стаць карысным для выкладчыкаў, навучэнцаў, для ўсіх тых, хто цікавіцца гісторыяй. Кожны артыкул уяўляў сабой самастойны нарыс і быў напісаны спецыяльна для дапаможніка. Аўтары не пазбягалі дыскусійных пытанняў, аднак імкнуліся зрабіць дапаможнік даступным для чытача як па зместу, так і па аб'ёму асобных артыкулаў. Дапаможнік мог быць выкарыстаны для класнага і хатняга чытання.

Аналіз праграм, падручнікаў, навучальных дапаможнікаў сведчыць, што яны змяшчалі даволі значны пласт падзей гісторыі Беларусі, прычым аб'ём фактычнага матэрыялу перавышаў той, што выкарыстоўваўся пры выкладанні беларускай гісторыі ў сярэдніх школах у савецкі час. Аднак трэба мець на ўвазе, што вывучэнне гісторыі Беларусі ў дарэвалюцыйных навучальных установах было накіравана на дасягненне ідэалагічнай мэты – абгрунтаваць гістарычную прыналежнасць Паўночна-Заходняга краю да Расіі, выхаваць у навучэнцаў вялікадзяржаўныя патрыятычныя пачуцці.

2. «Заходнерусізм» і яго прадстаўнікі ў расійскай гістарыяграфіі. Заходнерусізм – гэта канцэпцыя, якая адмаўляла гістарычнасць беларусаў як самастойнай і самабытнай этнічнай адзінкі, атаясамлівала іх з вялікарускім этнасам. У заходнерусізме вылучалася дзве плыні: кансерватыўная (К.А.Гаворскі) і ліберальная (М.В.Каяловіч). Прадстаўнікі першага накірунку лічылі, што этнічныя асаблівасці беларусаў з’яўляюцца вынікам уплыву польска-каталіцкай экспансіі, таму заходняму краю неабходна вярнуць рускі характар. Прадстаўнікі ліберальнай плыні прызнавалі пэўную гісторыка-этнічную адметнасць Беларусі, але выключалі магчымасць яе нацыянальна-культурнага самавызначэння.

А.У.Літвінскі вызначыў два перыяды ў развіцці заходнерусізма. Першы перыяд (60 – 80-я гг. ХІХ ст.) падзяляецца на тры этапы: 60-я гг. – час актывізацыі публіцыстаў і гісторыкаў заходнерускай плыні з мэтай выкрыцця «польскай інтрыгі»; 70-я гг. – аслабленне заходнерускай тэндэнцыі ў сувязі з «патапаўшчынай» (курс віленскага генерал-губернатара А.Л.Патапава, накіраваны на замірэнне царызма з польскім дваранствам), смерцю Гаворскага і пераходам Каяловіча да грунтоўнай навуковай дзейнасці; 80-я гг. – пашырэнне цікавасці да заходнерусізма з боку ўрада (Аляксандра ІІ, Сінода і інш.).

Другі перыяд ахоплівае 90-я гг. ХІХ ст. – да 1917 г. Ён падзяляецца на два этапы: першы (90-я гг. ХІХ ст. – 1905 г.) – аслабленне заходнерускай тэндэнцыі ў гістарыяграфіі па прычыне афармлення ліберальнай плыні ў развіцці гістарычнай думкі і смерці Каяловіча; другі (1905 – 1917 гг.) – барацьба з польскім і беларускім нацыянальным рухам, калі заходнерусізм не атрымаў навуковага акадэмічнага накірунку, а меў публіцыстычны характар. 

Канцэпцыя заходнерусізма была выклікана актывізацыяй польскага нацыянальна-вызваленчага руху ў першай палове ХІХ ст. Менавіта тады ўзнікла патрэба стварыць супрацьвагу для шляхецкай ідэалогіі, якая ставіла мэтай аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г. Паўстанне 1863 г. стала тым штуршком, які заставіў урад зрабіць заходнерусізм галоўным ідэалагічным накірункам афіцыйнай палітыкі ў заходніх губернях краіны.

Ідэйна заходнерусізм узыходзіць да славянафільства – філасофскай дактрыны, якая сфарміравалася ў адказ на нямецкую класічную філасофію і часткова нямецкую гістарычную думку з місіяй абароны славянскага свету. Прадстаўнікі расійскага славянафільства зыходзілі з трох асноўных пастулатаў: 1) праваслаўны Усход супрацьстаіць каталіцкаму Захаду; 2) праваслаўе мае духоўную перавагу над каталіцызмам; 3) Расія – лідэр славянства і перашкода на шляху сацыялізма і рэвалюцый, якія маюць заходняе паходжанне. Заходнерусісты поўнасцю падзялялі гэтыя погляды. М.В.Каяловіч пісаў: «…Я находил такой русский субъективизм, который и больше всех других обнимает фактическую часть русской истории и лучше других освещает действительные и существенные его стороны. Такой русский субъективизм я находил и нахожу в сочинениях… славянофилов. Он лучше других и в народном и в научном смысле…».

Афармленне заходнерусізма як гістарыяграфічнага накірунка было немагчымым без дзейнасці мясцовых даследчыкаў, г.зн. гісторыкаў Беларусі і Літвы, якія гуртаваліся вакол Віленскага універсітэта, а пазней вакол віленскіх перыядычных выданняў. Яны заклалі крыніцазнаўчую аснову ў вывучэнні мінулага рэгіёна, паставілі пытанне аб рухаючых сілах мясцовай гісторыі, стварылі атмасферу навуковага пошуку. Арганізацыйнае афармленне гэтага накірунка адбылося ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі, а гістарыяграфічнае афармленне заходнерусізма звязана з працамі Міхаіла Каяловіча. Ён пашырыў і ў значнай ступені ўдакладніў гістарычныя погляды М.Г.Устралава. Яго канцэпцыя была панрасійскай славянафільскай і антыпольскай.

Міхаіл Восіпавіч Каяловіч (1828 – 1891 гг.) нарадзіўся ў м. Кузніца Сакольскага павета Гродзенскай губерні ў сям’і ўніяцкага святара. Скончыў Супрасльскае духоўнае вучылішча, Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні, Пецярбургскую духоўную акадэмію. Выкладаў у Рыжскай і Пецярбургскай семінарыях. Меў выдатныя здольнасці да навукі і ў 31 год стаў прафесарам Духоўнай акадэміі (1862 г.). З 1869 г. загадчык кафедры рускай гісторыі. Ганаровы член Пецярбургскага славянскага дабрачыннага таварыства, Гродзенскага царкоўна-археалагічнага камітэта, Археаграфічнай камісіі.

Свае метадалагічныя погляды Каяловіч раскрыў у кнізе «История русского самосознания» (1884 г.), якая стала буйной гістарыяграфічнай падзеяй – першай абагульняючай гістарыяграфічнай працай у Расіі. Даследчык прааналізаваў шырокае кола пытанняў па гісторыі гістарычнай навукі ад рускага летапісання па сучасныя яму працы.

Гісторык лічыў, што гістарычнае даследаванне не можа быць аб’ектыўным, таму вучоны павінен адмовіцца ад пошуку абсалютнай ісціны праз выбар прымальнай для яго пазіцыі. Сам М.В.Каяловіч выбраў для сябе т. зв. «рускі» суб’ектывізм славянафільскага характара. Аднак даследчык выступаў супраць адвольнага выкарыстання гістарычных крыніц, указываў на неабходнасць ацэнкі іх аб’ектыўных звестак. Ён размяжоўваў навуковы і літаратурны падыходы да гісторыі, не прызнаваў гістарычнай белетрыстыкі. Каяловіч адмоўна ацаніў крыніцазнаўчую дзейнасць Даніловіча і Нарбута, таму што яны друкавалі летапісы лацінскім шрыфтам, а не аўтэнтычнай кірыліцай.

Сам гісторык абапіраўся на традыцыі расійскай дваранскай гістарыяграфіі, спасылаўся на працы М.М.Бантыш-Каменскага, М.М.Карамзіна, М.Г.Устралава, М.В.Без-Карніловіча і інш. Але адзначым, што да Каяловіча гісторыя ВКЛ і Рэчы Паспалітай не з’яўлялася прадметам асобнага даследавання для расійскіх гісторыкў.

Асноўныя працы прысвечаны гісторыі Беларусі, Польшчы і Расіі. У магістэрскай дысертацыі « Литовская церковная уния» (апублікавана ў 1859 – 1861 гг.) і доктарскай дысертацыі « История воссоединения западнорусских униатов старых времен (до 1800 г.)» (апублікавана ў 1873 г.) М.В.Каяловіч звярнуўся да вывучэння праблемы Берасцейскай царкоўнай уніі. Аўтар адным з першых звярнуў увагу на працэс лацінізацыі уніі праз дзейнасць базыльянскага ордэна, рашэнні Замойскага сабора, паставіў пытанне аб крызісе ўніяцкай царквы.

З сінтэтычных абагульняючых прац, якія атрымалі грамадскае гучанне, можна назваць «Лекции по русской истории» (1862 – 1864 гг.), якія мелі чатыры выданні, і « Чтения по истории Западной России» (1884 г.). У іх Каяловіч прапанаваў уласную гістарычную канцэпцыю гісторыі Заходняй Расіі. Ён зыходзіў з вяршэнства праваслаўя ў гістарычным мінулым Беларусі, адзінстве інтарэсаў мясцовага насельніцтва з рускай арыстакратыяй. Гісторыю Беларусі аўтар зводзіў да нацыянальна-канфесійнага пытання, а сацыяльна-эканамічныя праблемы не закранаў.

Гістарыяграфічны падыход Каяловіча грунтаваўся на пазіцыі, што Заходняя Расія – гэта «западная Русь», якая ахоплівала «Белоруссию, западную Малороссию, или т. н. Украину, и Литву в собственном смысле слова». Дзяржаўнасць спачатку сфарміравалася ў межах рускага арэала «заходняй Русі», а потым пад націскам перасяленцкіх працэсаў была ўспрынята суседнімі літоўцамі. Да гэтага аб’яднальнага працэсу пад пагрозай крыжакоў з часам далучыліся жэмайты, якія ўжо ў ХІІІ ст. мелі свае дзяржаўныя формы.

Фактарам гістарычнага развіцця ён лічыў барацьбу «дзвух сіл»: рускай і польскай. Гісторыя Заходняй Русі да канца ХVІІІ ст., сцвярджаў Каяловіч, была прасякнута барацьбой польска-каталіцкай і русскай праваслаўнай цывілізацый. Задача даследчыка заключаецца ў вывучэнні крыніц і прычын «польскага трыумфа». Польскі ўплыў сапсаваў заходнерускае грамадства, садзейнічаў яго расколу. Каяловіч адзначаў, што «польская, езуіцкая» цывілізацыя - «вельмі дурная цывілізацыя», якая не прынесла народам Заходняй Расіі нічога карыснага (нават прыгоннае права прыйшло адтуль), бо палякі былі прасякнуты «духам лацінства», абсалютна не прымальнага славянамі. Збліжэнне з Польшчай, Люблінская і Берасцейская уніі дэфармавалі духоўнае жыццё у ВКЛ, апалячылі, акаталічылі значную частку заходнерускай шляхты, але асноўныя пласты народа нязменна цягнуліся да Расіі, бо адчувалі з ёю сваё племянное, культурнае, моўнае і рэлігійнае адзінства. Асноўнай апорай Русі з часоў фарміравання маскоўскага самадзяржаўя з яго земскімі саборамі, народным прызнаннем і праваслаўем аўтар лічыў цэнтральныя землі Расіі, якія захоўвалі сваю аб’яднаўчую, матэрыяльную, духоўна-цывілізацыйную і абарончую ролю і ў сярэдзіне ХІХ ст. Гісторык адзначаў безальтэрнатыўнасць і прадвызначанасць гістарычнага лёсу Рэчы Паспалітай, падзелы гэтай краіны садзейнічалі ўз’яднанню заходнерускіх зямель з Расіяй, іх духоўнаму адраджэнню.

Свае меркаванні Каяловіч падмацоўваў прыкладамі і характарыстыкай шырокага кола гістарычных крыніц. У яго публікацыях выкарыстоўваліся і некаторыя іншыя аргументы: прэтэнзіі Польшчы на землі Беларусі і Украіны ў межах 1772 г. не мелі пад сабой падстаў; само разуменне народа сярод прыхільнікаў тэорыі афіцыйнай народнасці (з галоўнай апорай на сялянства) прыкметна адрознівалася ад поглядаў апазіцыйнай польскай гістарыяграфіі з яе акцэнтацыяй на палітычную роль шляхты.

У гісторыі Заходняй Расіі Каяловіч вылучаў пяць этапаў на падставе знешнепалітычнага становішча края: 1) падзел рускага народа на дзве палавіны і спробы Заходняй Расіі ўтварыць свой цэнтр; 2) злучэнне Заходняй Расіі з Літвой; 3) злучэнне Літоўска-Заходнерускага княства з Польшчай праз знешні саюз; 4) зліццё Заходняй Расіі з Польшчай і распад Руска-Польскай дзяржавы; 5) анамальнае развіццё руска-польскага пытання (у складзе Расійскай імперыі).

Даследчык займаўся і гісторыка-этнаграфічным вывучэннем Беларусі, аб чым сведчаць працы «О расселении племен Западного края России», «Об этнографическом атласе западных губерний», «Об этнографической границе между Западной Россией и Польшей» і інш. Каяловіч лічыў, што беларуская народнасць склалася ў Х – ХІ ст. з плямён крывічоў і дрыгавічоў і раднілася па веры, мове і традыцыях з рускімі і украінцамі. Пэўную розніцу паміж заходнімі і ўсходнімі беларусамі гісторык выводзіў ад міжэтнічных кантактаў з літоўцамі і палякамі ў ХІV – ХVІІІ ст., а таксама палітыкі паланізацыі і акаталічвання ў Рэчы Паспалітай.

Вядомы ўклад М.В.Каяловіча ў выданне крыніц па гісторыі Беларусі. Па даручэнню археаграфічнай камісіі ў 1865 г. ён апублікаваў «Документы, объясняющие историю Западной России и ее отношение к Восточной России и Польше», у 1867 г. – «Летопись осады Пскова Стефаном Баторием», «Дневник последнего похода Стефана Батория», у 1869 г. – «Дневник Люблинского сейма 1569 г.».

Канцэпцыя Каяловіча ўпісалася ў афіцыйную расійскую гістарыяграфію і публіцыстыку. На спрошчаным узроўні яна была размножана ў шматлікіх вучэбных, асветніцкіх і палемічных публікацыях. Кантрасная выключна адмоўная ацэнка яго поглядаў была дадзена з боку дэмакратычнай ліберальнай грамадскасці другой паловы ХІХ ст. і панегірычная – з боку афіцыйных і царкоўных колаў. У навейшай гістарыяграфіі погляды Каяловіча былі раскрытыкованы У.І.Пічэтам («прекрасный показатель того, как не нужно изучать исторические явления»), а таксама адным з заснавальнікаў савецкай канцэпцыі ўтварэння ВКЛ У.Ц.Пашутам, М.М.Улашчыкам, Д.У.Каравым і інш.

У Пецярбургскай духоўнай акадэміі М.В.Каяловіч стварыў заходнерускую гістарычную школу, заснаваную на ідэях вялікадзяржаўнасці і манархізма. Але яе прадстаўнікі ўлічвалі ўплыў ліберальнай гістарыяграфіі, таму большую ўвагу сталі надаваць сацыяльнаму кантэксту ў гісторыі канфесійных адносін.

Адным з вядомых прадстаўнікоў заходнерускай гістарычнай плыні і вучняў Каяловіча з'яўляўся Платон Жуковіч.

Платон Мікалаевіч Жуковіч (1857 – 1919 гг.) нарадзіўся ў м. Пружаны ў сям'і праваслаўнага святара. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію. Выкладаў у Полацкім духоўным вучылішчы, навучальных установах Вільні, а з 1891 г. у Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Прафесар (1894 г.), доктар царкоўнай гісторыі (1901 г.). Пасля закрыцця Акадэміі працаваў у Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя М.Я.Салтыкова-Шчадрына.

Жуковіч стаў вядомы пасля выхаду ў 1892 г. працы « Кардинал Гозий и польская церковь его времени». Яна сведчыла аб далейшым, пасля М.В. Каяловіча, даследаванні гісторыі рэлігійных адносін у Рэчы Паспалітай. Цэнтральная месца па-ранейшаму займала царкоўная унія, аб чым гавораць наступныя працы: « Борьба против унии на современных ей польско-литовских сеймах (1595 – 1660 гг.)» (1897 г.), «Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией» (1901 – 1912 гг.).

Жуковіч, як і Каяловіч, лічыў Берасцейскую царкоўную унію большым злом для насельніцтва Заходняй Расіі, чым Люблінскую. Прычыну царкоўнай уніі ён бачыў у імкненні праваслаўных іерархаў усталяваць кантроль над праваслаўнымі брацтвамі, у імкненні папскай курыі пашырыць свой уплыў на Усходзе за кошт Маскоўскай дзяржавы і інш. Даследчык указаў на адсутнасць падтрымкі ўніі з боку насельніцтва і яе накіраванасці ў бок каталіцкай царквы. Праўда, у адрозненне ад Каяловіча, Жуковіч займаў больш стрыманую пазіцыю ў ацэнцы сквапнасці праваслаўных іерархаў ВКЛ, паказаў альтэрнатывы развіцця канфесійнага пытання ў Рэчы Паспалітай. Новым падыходам можна назваць раскрыццё ўнутрыпалітычных падзей у Рэчы Паспалітай на шырокім міжнародным фоне.

Жуковіч з'яўляецца адзіным прадстаўніком заходнерускай гістарыяграфіі, які звярнуўся да пытанняў сацыяльна-эканамічнай гісторыі, найперш, аграрнай гісторыі Беларусі канца ХVІІІ – сярэдзіны ХІХ ст. У 1895 г. ён выдаў працу «О русском землевладении в Северо-Западном крае от времени присоединения его к России». З аднаго боку, аўтар зыходзіў з канонаў заходнерусізма і ўсхваляў працэс уз’яднання «Заходняга края» з Расіяй. З другога боку, ён заўважыў, што на тэрыторыі Беларусі дазвалялася прадаваць сялян без зямлі, што раздача дзяржаўных маёнткаў рускім памешчыкам праводзілася не на падставе ідэалагічных матываў, што ў гісторыі Заходняй Русі было дзве важныя падзеі: 1839 г. (рэформа П.Д.Кісялёва) і 1861 г. (адмена прыгоннага права). Аўтар пісаў аб заслугах віленскага генерал-губернатара М.М. Мураўёва перад мясцовымі сялянамі – у арганізацыі рускіх пасяленняў.

Напрыканцы жыцця Жуковіч звярнуўся да аналізу салоўнага складу насельніцтва Заходняй Расіі ў перыяд Кацярыны ІІ. Раскрываючы стан рэгіёна пры Паўле І, даследчык вызначыў аграрнае пытанне ў якасці галоўнага, а не ўніяцкае. Гэта сведчыла аб пэўнай эвалюцыі поглядаў аўтара ў ліберальным накірунку.

Да старэйшых выкладчыкаў школы Каяловіча адносіцца Канстанцін Харламповіч.

Канстанцін Васілевіч Харламповіч (1870 – 1932 гг.) нарадзіўся ў в. Рагачы Брэсцкага павета ў сям’і праваслаўнага святара. Скончыў Віленскае духоўнае вучылішча, Літоўскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію. З 1909 г. прафесар Казанскага універсітэта. Член-карэспандэнт Петраградскай АН (1916 г.), акадэмік АН Украіны (1919 г.).

Навуковыя працы Харламповіча прысвечаны культуралагічнай праблематыцы ў кантэксце гісторыі праваслаўнай царквы: «К истории западнорусского просвещения. Виленская братская школа в первые полвека своего существования» (1897 г.), «Острожская православная школа» (1897 г.), «Западнорусские церковные братства и их просветительская деятельность в конце ХVI и начале ХVII в.» (1899 г.). Галоўнай працай яго жыцця стала кніга «Западнорусские православные школы ХVI и начале ХVII в. …» (1899 г.), за якую ён атрымаў Увараўскую і Карпаўскую прэміі. Аўтар упершыню разглядзеў рэлігійныя адносіны ў ВКЛ з пазіцый ліберальнай гістарыяграфіі, увёў у навуковы зварот значны і каштоўны факталагічны матэрыял. Харламповіч вельмі падрабязна, а гэта асаблівасць ягонага стылю, параўноўваў каталіцкую, праваслаўную і пратэстанцкую сістэмы навучання, раскрыў уплыў польскай культуры на заходнерускае насельніцтва.

Яркім прадстаўніком заходнерускай гістарыяграфіі з’яўляецца рускі гісторык- славянафіл, археограф Іван Бяляеў.

Іван Дзмітрыевіч Бяляеў (1810 – 1873 гг.) скончыў Маскоўскі універсітэт. Працаваў у Маскоўскай канторы Сінода, затым – у архівах. З 1858 г. прафесар Маскоўскага універсітэта. Сакратар Маскоўскага і член Адескага таварыстваў гісторыі і старажытнасцей расійскіх, Археаграфічнай камісіі. Адным з першых у расійскай гістарыяграфіі пачаў вывучаць гісторыю сялянства.

Бяляеў даследаваў гісторыю Беларусі да сярэдзіны ХVІ ст. У працы «Очерк истории Северо-Западного края России» (1867 г.) ён прасачыў гістарычнае развіццё Беларусі са старажытнасці да Крэўскай уніі 1385 г. Як і Каяловіч, разглядаў мінулае праз прызму барацьбы праваслаўнага насельніцтва супраць «націску лацінства і Нямеччыны». Аўтар падкрэсліваў, што яго кніга павінна «способствовать развитию у учащихся верных понятий в исконном господстве православия и русской народности…».

У « Истории Полотска или Северо-Западной Руси от древнейших времен до Люблинской унии», якая была надрукавана ў 1872 г., Бяляеў прааналізаваў сацыяльны і нацыянальны склад насельніцтва, гісторыю царквы, адміністрацыі Кіеўскай Русі і ВКЛ. Па сутнасці, аўтар паспрабаваў стварыць этнічную мадэль Полацкай зямлі. Вучоны лічыў, што тэрыторыя паміж Прыпяццю і Заходняй Дзвіной, Дняпром і Нёманам, Літва, землі суседніх прыбалтыйскіх плямён былі аб’яднаны ў працэсе славянскай каланізацыі ў адну Полацкую дзяржаву. Увесь разгляд гісторыі Полаччыны ў яго пабудаваны на прынцыпе аналогіі сацыяльнага жыцця Полацка і Ноўгарада (вечавыя сходы гараджан, арганізацыя купецтва і інш.) як вынік славянскай каланізацыі Полацка з Ноўгарада. Даследчык выказаў ідэю бесканфіктнай садружнасці ўлады і народа, першы з рускіх гісторыкаў зрабіў этнаграфічнае апісанне беларусаў, якіх лічыў крывічамі.

Найбольш выразна заходнеруская гістарыяграфічная пазіцыя прасочваецца ў працах рускага гісторыка Паўла Бранцава.

Павел Дзмітрыевіч Бранцаў (1845 - ?) працаваў выкладчыкам мужчынскай гімназіі ў Сімферопалі, затым выкладаў гісторыю і геаграфію ў Віленскім рэальным вучылішчы, да 1906 г. дырэктар народных вучылішчаў Курляндскай губерні. У 90-я гг. ХІХ ст. супрацоўнічаў у «Виленском календаре» і «Виленском вестнике».

Кнігі Бранцава («История Литовского государства с древнейших времен» (1889 г.), «Польский мятеж 1863 г.» (1891 г.), «Очерк древней Литвы и Западной России» (1896 г.) і інш.) паказывалі добратворны ўплыў на лёс «Заходняга краю» усяго праваслаўнага і рускага і адмоўны ўплыў усяго каталіцкага і польскага: «…после Люблинской унии было реализовано усиленное стремление поляков к окончательному уничтожению… самостоятельности Литовского государства». На яго думку, заслугай беларускіх князёў з'яўлялася іх барацьба за абарону праваслаўя. Рускія цары вызвалілі беларусаў ад літоўскай і польскай асіміляцыі. Аўтар станоўча ацэньваў дзейнасць віленскага генерал-губернатара М.М.Мураўёва, накіраваную на ліквідацыю паўстання 1863 г.

Адным з першых выкарыстаў тэрмін «Заходняя Русь» прадстаўнік позняга заходнерусізма І.П.Філевіч, які ў 1896 г. апублікаваў «Историю древней Руси». У сваім даследаванні аўтар паказаў негатыўны ўплыў Ягайлы на лёс Беларусі, раскрыў складванне мясцовай спецыфікі пад уплывам каталіцызму і нямецкага права, што прывяло да гістарычнай несамастойнасці Заходняй Русі ў параўнанні з Масквой, патрабаваў уніфікаваць «рускае» жыццё рэгіёна па маскоўскаму ўзору.

Прапагандысцка-публіцыстычны накірунак у заходнерускай гістарыяграфіі прадстаўляў Іван Карнілаў.

Іван Пятровіч Карнілаў (1811 – 1901 гг.) у 1864 – 1868 гг. займаў пасаду папячыцеля Віленскай навучальнай акругі. Заснаваў у Вільні Паўночна-Заходняе аддзяленне Рускага геаграфічнага таварыства. Кіраваў дзейнасцю Віленскай археаграфічнай камісіі. Цесна супрацоўнічаў з М.М.Мураўёвым у справе русіфікацыі Беларусі і Літвы.

У 1901 г. Карнілаў выдаў « Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в муравьевскую эпоху». Аўтар у прадмове раскрыў свой погляд на гісторыю Беларусі і Літвы, найперш, у ХІХ ст. Ён лічыў, што «Западный край, это наша древнейшая коренная страна, оплот православия и русской народности…». Аўтар ухваляў дзейнасць віленскага генерал-губернатара Мураўёва па знішчэнню польскага ўплыву ў гэтым рэгіёне, крытыкаваў пазіцыю А.Патапава, называў рускіх лібералаў ворагамі Заходняй Расіі.

Працы Карнілава, не гледзячы на іх нізкі навуковы ўзровень і суб’ектывізм цікавы тым, што абвяргаюць тэзіс аб выключнай аўтаномнасці заходнерусізма як грамадска-палітычнай і навукова-гістарычнай думкі. Яны сведчаць аб зацікаўленасці ўрадавых колаў у яго развіцці.

Прыхільнікі заходнерусізма з русафільскіх і палонафобскіх пазіцый вялі барацьбу з беларускім нацыянальна-культурным рухам, лічылі яго «польскай інтрыгай», а дзеячоў называлі «белаляхамі». З другога боку, заходнерусісты супрацьстаялі польскаму ўплыву на Беларусі, які стаў узмацняцца пасля рэвалюцыі 1905 – 1907 гг.

3. Ліберальны накірунак у расійскай, украінскай і беларускай гістарыяграфіі. Пад уплывам пазітывізму ў другой палове ХІХ ст. у расійскай гістарыяграфіі сфарміравалася дзяржаўная або дзяржаўна-прававая школа, ля вытокаў якой знаходзіліся К.Д.Кавелін, Б.М.Чычэрын, С.М.Салаўёў. Гісторыкі праяўлялі зацікаўленасць да філасофіі гісторыі Гегеля, яго дыялектычнаму метаду, сфармулявалі канцэпцыю гістарычнага развіцця расійскай дзяржаўнасці, яе інстытутаў і прававых норм. Дзяржава разглядалася імі як суб’ект і рухавік гістарычнага прагрэсу.

Да другога пакалення прадстаўнікоў дзяржаўна-прававой школы адносяцца Міхаіл Уладзімірскі-Буданаў, Федар Леантовіч.

Міхаіл Флягонтавіч Уладзімірскі-Буданаў (1838 – 1916 гг.) скончыў Тульскую духоўную семінарыю, Кіеўскі універсітэт. У 1869 – 1874 гг. выкладаў гісторыю рускага права ў Дзямідаўскім ліцэі Яраслаўля, з 1875 г. прафесар Кіеўскага універсітэта. Займаў пасаду галоўнага рэдактара кіеўскай Часовай камісіі для разбору старажытных актаў, старшыні гістарычнага таварыства Нестара-летапісца. Вывучаў гісторыю права Расіі, Украіны, Беларусі, Літвы і Польшчы.  

У сваіх працах (« Немецкое право в Польше и Литве» (1868 г.), «Население Юго-Западной России от пол. ХIII до пол. ХVIII в.» (1886 г.)) Уладзімірскі-Буданаў аснову гістарычнага развіцця Вялікага княства Літоўскага бачыў у развіцці заканадаўчых норм краіны. Праўда, крыніцы і інстытуты права ён лічыў рускімі. Пагаршэнне становішча сялян тлумачыў тым, што нормы звычаёвага права былі выцеснены дзяржаўным правам, напрыклад «Уставай на валокі» Жыгімонта ІІ Аўгуста.

Уладзімірскі-Буданаў распрацаваў тэорыю «абшчыннага права» як «поўнага, вечнага і спадчыннага ўладання землямі нараўне з зямянамі і баярамі ў ХVІ ст.», якая пазней была абвергнута М.К.Любаўскім.

Зыходзячы з пазіцый прававога ідэалізму, даследчык лічыў, што магдэбургскае права, прынесенае ў ВКЛ з Польшчы разам з феадалізмам, стала прычынай заняпаду не толькі гарадоў Рэчы Паспалітай, але і краіны ў цэлым. Адзначым панславянскую пазіцыю Уладзімірскага-Буданава, які выступаў з ідэяй аб'яднання славянскіх народаў пад эгідай Расіі.

Фёдар Іванавіч Леантовіч (1833 – 1910 гг.) скончыў Кіеўскі універсітэт. Пасля працаваў там прыват-дацэнтам, а з 1865 г. у Новарасійскім універсітэце (г. Адеса): да 1884 гг. прафесар, рэктар, дэкан юрыдычнага факультэта, прарэктар. У 1892 – 1902 гг. чытаў курс рускага права ў Варшаўскім універсітэце. Даследаваў гісторыю дзяржаўных устаноў і права Старажытнай Русі. Лаўрэат Увараўскай прэміі (1895 г.).

У манаграфіях «Очерки истории литовско-русского права» (1894 г.), «Сословный тип территориально-административного состава Литовского государства и его причины» (1895 г.) Леантовіч прааналізаваў працэс утварэння ВКЛ (аўтар сфармуліраваў тэзіс аб добраахвотным аб’яднанні Русі з Літвой дзеля вызвалення ад татара-мангольскага іга), ахарактарызаваў сацыяльны стан беларускіх зямель у складзе гэтай краіны, прававое становішча розных катэгорый сялянства ВКЛ, класіфікаваў сялянскія павіннасці. Даследчык развіваў тэорыю абшчыннага паходжання Рускай дзяржавы.

Аўтарам шырокага гістарычнага сінтэзу, складзенага на падставе лекцыйнага курсу ў Маскоўскім універсітэце, стаў выдатны прадстаўнік ліберальнай гістарыяграфіі рускі гісторык Мацей Любаўскі.

Мацей Кузьміч Любаўскі (1860 – 1934 гг.) скончыў Рязанскую духоўную семінарыю і гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага універсітэта. Вучань В.В.Ключэўскага. Абараніў у 1894 г. магістарскую дысертацыю «Абласны падзел і мясцовае кіраванне Літоўска-Рускай дзяржавы да часу выдання першага Літоўскага статута», у 1901 г. – доктарскую дысертацыю «Літоўска-рускі сейм». З 1894 г. прыват-дацэнт, з 1901 г. прафесар, у 1911 – 1917 гг. рэктар Маскоўскага універсітэта, у 1913 – 1929 гг. старшыня Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Пасля «Платонаўскай справы» у 1930 г. высланы ў Уфу, дзе працаваў навуковым супрацоўнікам Башкірскага навукова-даследчага інстытута нацыянальнай культуры. 

На працягу трох дзесяцігоддзяў Любаўскі чытаў у Маскоўскім універсітэце спецкурс па гісторыі Вялікага княства Літоўскага, вёў семінары па крыніцазнаўству ВКЛ. Але рукапісы і матэрыялы даследчыка дайшлі да нас у нязначнай колькасці – у аб’ёме каля 200 старонак.

Найбольш значная абагульняючая работа па гісторыі ВКЛ – «Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно» (1910 г.). Выданне падобнай сінтэзнай працы аўтар растлумачыў адсутнасцю даступных абагульняючых дапаможнікаў, а ў навуковым сэнсе – вывучэннем парадаксальна розных шляхоў гістарычнага равіцця «Літоўскай» і Паўночна-Усходняй Русі» і тым самым для лепшага разумення станаўлення і эвалюцыя апошняй. Любаўскі стаў пачынальнікам тыпалагічна-параўнальнага метада ў вывучэнні гісторыі ВКЛ. У гістарыяграфіі традыцыйна залічваюць аўтара ў групу пазітывістаў гісторыкаў дзяржаўна-прававой школы, што патрабуе значнай карэктыроўкі. Ён імкнуўся да шырокага асвятлення гісторыі ВКЛ і толькі недахоп сур’ёзных культуралагічных і сацыяльна-эканамічных прац перашкодзілі яму ў ажыццяўленні ягоных планаў.

Манаграфія стала абагульненнем магістэрскай і доктарскай работ аўтара. На падставе папярэдняй гістарыяграфічнай традыцыі Любаўскі раскрыў сацыяльна-палітычную эвалюцыю ВКЛ у ХІІІ – ХVІ ст. Даследчык прыйшоў да новых высноў: 1) ВКЛ – легітымная дзяржава – спадкаемца Кіеўскай Русі; 2) ВКЛ – дэмакратычная альтэрнатыва Маскве; 3) феадальнае грамадства ВКЛ ідэнтычнае заходнееўрапейскаму.

 Значная ўвага адводзілася характарыстыцы дзяржаўнага ладу, зменам дзяржаўна-адміністрацыйнай сістэмы, развіццю сацыяльна-палітычных рухаў, цэнтральнаму і мясцоваму кіраванню, прывілегіям пануючага саслоўя, землеўладанню, становішчу сялянства і мяшчанства. Прычынамі своеасаблівай палітычнай эвалюцыі ВКЛ і збліжэння з Польшчай у ХІV – ХVІ ст. аўтар лічыў слабую цэнтралізацыю дзяржаўнага ладу, што часткова тлумачыцца даволі працяглым захаваннем палітычнай спадчыны з часоў Кіеўскай Русі, супярэчнасці паміж Літвой і «літоўскай Руссю» з яе неагляднай тэрыторыяй, насельніцтвам, гаспадарчымі і ваенна-палітычнымі магчымасцямі, ўласныя інтарэсы магнатаў і шляхты, ціскам з боку Ордэна, а з канца ХV ст. Маскоўскай Русі і Польшчы. Люблінскую унію 1596 г. аўтар ацаніў як канец самастойнай гісторыі ВКЛ.

 Навуковай падставай для Любаўскага служылі яго ўласныя папярэднія працы («Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута» (1892 г.), «Литовско-Русский сейм» (1900 г.), «К вопросу об удельных князьях и местном самоуправлении в Литовско-Русском государстве» (1894 г.), «О распределении владений и об отношениях между великими и другими князьями Гедиминова рода» (1896 г.)), а таксама «Гісторыя Украіны-Русі» М.С.Грушэўскага, работы польскага гісторыка права С.Кутшэбы і інш. У дадатку да кнігі аўтар змясціў тэксты асноўных агульназемскіх і абласных прывілеяў.

 Прычынай своеасаблівасці дзяржаўнага ладу ВКЛ, яго палітычнай слабасці аўтар лічыў старажытную карнявую аселасць мясцовога насельніцтва Літвы і Заходняй Русі, - ад сялян, што спакон веку жылі тут «племяннымі гнёздамі», да князёў, паноў і баяр, якія стагоддзямі захоўвалі свае ўладанні. Гэта «вячыстая» устойлівая землеўласнасць мясцовых баяр (у адрозненне ад маскоўскіх, што жылі гасударавым «жалаваннем») разам з такімі ж старадаўнімі «вячыстымі» гарадамі забяспечылі (не характэрную для Маскоўскай дзяржавы) устойлівасць мясцовых саюзаў землеўласнікаў, гараджан, сялян, палітычных аб'яднанняў. Над усім гэтым моцна арганізаваным грамадствам можна было б надстроіць уплывовую цэнтральную ўладу, калі б вялікія князі праяўлялі «больш творчай волі і разума», а не абмяжоўваліся нязначнымі зменамі і рэформамі па прынцыпу «мы старыны не рушым, а навін не ўводзім».

 Другой галоўнай прычынай аўтар лічыў уплыў Польшчы. Ужо першая ўнія дала землеўласнікам польскія правы і вольнасці, асабліва важнае права выбіраць вялікага князя, садзейнічала пашырэнню саслоўных і палітычных набыткаў землеўласнікаў (што яшчэ больш абмяжоўвала вярхоўную ўладу), развіццю феадалізму, які разлажыў дзяржаву і прывёў да росту абласнога і вотчыннага патрыятызму замест агульнадзяржаўнага.

 Высновы Любаўскага заслугоўваюць увагі, але яны далёка не поўныя, да таго ж недакладныя. Перабольшана не толькі ступень аселасці насельніцтва (бо ужо з ХІІІ ст. на яе ўздзейнічала масавая міграцыя з поўдня пад уплывам мангола-татарскага нашесця і татарскіх набегаў, войны, перасяленні сялян у гарады, каланізацыйныя працэсы), але і рэальныя магчымасці вярхоўнай улады. Пры тым раскладзе дэмаграфічных, матэрыяльных і інш. рэсурсаў у Літве і «літоўскай Русі» варыянт абсалютнай манархіі (аналагічнай маскоўскаму самаўладдзю) быў немагчымы. Спрэчнай з’яўляецца і трактоўка працэса ўзнікнення буйной зямельнай уласнасці ў «літоўскай Русі», які быў звязаны не толькі са шматпакаленнай аселасцю баярства, але і з асаблівасцямі фарміравання шляхецкага саслоў’я ў ХV – ХVІ ст., інтарэсамі і палітыкай вярхоўнай улады і пануючага асяроддзя.

Аб высокім узроўні рускай гістарыяграфіі гісторыі ВКЛ у пачатку ХХ ст. сведчыць праца прафесара Пецярбургскага універсітэта А.Е.Праснякова « Лекции по русской истории (читанные автором в 1908—1910 гг.)» (1939 г.), які фактычна стаяў на глебе эканамічнага матэрыялізма. Сацыяльна-эканамічныя інтарэсы вярхоўнай улады, мясцовых князёў з іх вотчынамі, розных іншых пластоў насельніцтва знаходзяцца ў цэнтры яго абагульняючай працы пры апісанні ўсіх унутраных і знешнепалітычных працэсаў і сацыяльна-палітычных рухаў. Храналагічна курс лекцый ахоплівае перыяд ад часоў Кіеўскай Русі да Люблінскай уніі і панавання Стэфана Баторыя. Упершыню ў навуковых і дыдактычных працах такога узроўню гісторыя Заходняй Русі – Беларусі і Украіны – прадстаўлена самастойным аб’ектам даследавання і ў пэўнай ступені суб’ектам уласнай гісторыі і тэматычна выдзелена з агульнай гісторыі «Літоўска-Рускай» дзяржавы. Нямала месца адведзена характарыстыцы нацыянальна-канфесійных адносін, дзяржаўнага ладу, палітычнай кансалідацыі шляхты, запрыгоньванню сялянства.

 Праснякоў сфармуляваў дзве новыя канцэпцыі, якім была суджана доўгая дыскусійная гісторыя ў пазнейшай гістарыяграфіі: 1) Кіеўская Русь, на яго думку, стала асновай зараджэння трох народнасцей – беларускай, украінскай і рускай; 2) у адрозненне ад Любаўскага, задоўга да манаграфіі І.І.Лапы, аўтар прыйшоў да высновы, што дзяржаўнасць ВКЛ захоўвалася і пасля Люблінскай уніі. Лекцыі Праснякова былі апублікаваны толькі ў 1939 г., а ў пачатку ХХ ст. былі вядомы толькі абмежаванаму колу студэнцкай моладзі.

У другой палове ХІХ ст. фарміруецца ліберальная плынь ва ўкраінскай гістарыяграфіі, прадстаўленая «кіеўскай школай» У.Б.Антановіча. Погляды яе прадстаўнікоў на «літоўскі» перыяд у развіцці ўкраінскіх і беларускіх зямель былі прынцыпова рознымі, але падыходы і метадалогія даследавання насілі дэмакратычны характар. Яны не прымалі пазіцыю расійскай афіцыйнай гістарыяграфіі аб супадзенні дзяржаўнай і народнай гісторыі. У работах Антановіча і яго навуковага апанента М.П.Дашкевіча падкрэсліваўся пераважна мірны характар фарміравання ВКЛ у ХІІІ – ХІV ст., захаванне традыцый старога палітычнага ладу, узаемадзеянне дзвюх пануючых этнаграфічных і культурна-бытавых стыхій. У адрозненне ад Антановіча, які лічыў, што саперніцтва літоўскай і «рускай» народнасцей у палітычным і духоўным жыцці ВКЛ мела драматычныя вынікі ўжо на ранніх этапах яго гісторыі, Дашкевіч меркаваў, што гэты працэс пачаўся пасля уніі з Польшчай у 1386 г. Абодва даследчыкі адзначалі вялікі ўплыў «рускіх» дзяржаўных інстытутаў, матэрыяльных і дэмаграфічных рэсурсаў, духоўнай і пісьмовай культуры на Літву, пры чым, па слушнай заўваге У.Ц.Пашуты, Дашкевіч у працы «Заметки по истории Литовско-Русского государства» (1885 г.) першым паставіў пытанне аб сінтэзе некаторых літоўскіх і рускіх элементаў у грамадскіх, палітычных і культурных адносінах ВКЛ

 Сярод даследчыкаў «кіеўскай школы» вылучаецца арганізатар акадэмічнай гістарычнай навукі ва Украіне Міхаіл Грушэўскі.

Міхаіл Сяргеевіч Грушэўскі (1866 – 1934 гг.) скончыў Тыфліскую гімназію, гісторыка-філалагічны факультэт Кіеўскага універсітэта. Вучань У.Б.Антановіча. У 1894 – 1914 гг. узначальваў кафедру ўсеагульнай гісторыі Львоўскага універсітэта. Рэарганізатар і кіраўнік Навуковага таварыства імя Шаўчэнкі ў Львове. Дэпутат І-й Дзяржаўнай думы, старшыня Украінскай Цэнтральнай Рады, прэзідэнт УНР. З 1919 г. у эміграцыі. У 1924 г. вярнуўся ў Кіеў. Арыштаваны ў 1931 г. па справе «Украінскага нацыянальнага цэнтра». Вызвалены з правам жыць і працаваць у Маскве. Памёр у Кіславодску.

Грушэўскі ўпершыню ва ўкраінскай гістарыяграфіі напісаў абагульняючую 10-томную працу «Історія України-Руси» (1898 – 1936 гг.). Некалькі кніг (Т. ІV – «ХІV – ХVІ віки – відносини політічни», т. V – грамадска-палітычна эвалюцыя украінскіх зямель «під литовським і польским режімом (ХІV – ХVІІ вік.)»; т. VІ – эканамічнае жыццё, культурныя і нацыянальныя адносіны) асвятляюць перыяд станаўлення і развіцця ВКЛ.

Як ідэолаг самастойнасці ўкраінскага народа, асобнай яго гісторыі, Грушэўскі адмаўляў пазіцыю, што гісторыя ўкраінскага народа з’яўляецца часткай агульнарасійскай гісторыі. Ён лічыў «агульнарускую народнасць» і «агульнарускую» гісторыю міфам. На яго думку, ад «украінска-рускай» народнасці пайшла Кіеўская Русь, а ад «вялікарускай» - Уладзіміра-Маскоўскае княства. Аўтар не бачыў гістарычнай сувязі апошняга са Старажытнарускай дзяржавай. У метадалагічным плане для прац Грушэўскага характэрны этнацэнтрызм – падыход, згодна якога гісторыю кожнага народа неабходна вывучаць паасобна. Ён прытрымліваўся комплекснага падыходу да ацэнкі гістарычных з’яў і падзей. Нацыянальную гісторыю даследчык трактаваў як гісторыю ўсіх пластоў народа (княжацкіх дынастый, паноў, шляхты, магнатаў, сялянства, мяшчанства, казацтва). Шмат увагі ён надаваў дзяржаўна-палітычнаму ладу, сацыяльным аспектам, царкоўна-рэлігійным адносінам, «культурна-нацыянальным» рухам.

У гісторыі ВКЛ даследчык галоўнае месца адводзіў пастаяннай барацьбе да сярэдзіны ХV ст. паміж літоўскімі каталіцкімі і рускімі (украінска-беларускімі) маганатамі і шляхтай. На яго думку, літоўская народнасць трапіла пад уплыў славянскіх дзяржаўных і грамадскіх форм, рэлігіі, быту, пісьменнасці, беларуская мова мела дзяржаўны статус. Таму літоўская дынастыя абрусела, і частка князёў прыняла праваслаўе.

Гісторыя Беларусі закранаецца ў творах М.С.Грушэўскага галоўным чынам пры даследаванні агульнагістарычных працэсаў, што развіваліся ў ВКЛ, або асабліва аб’ядноўвалі украінскія і беларускія землі (грамадска-палітычныя традыцыі, духоўнае жыццё, царква, брацтвы і інш.). Аўтар вызначыў асобную ролю беларускіх зямель у палітычным і духоўным развіцці ВКЛ, абгрунтоўваў гэта іх геапалітычным становішчам і больш доўгім знаходжаннем у яго складзе.

Даследчык неправамерна лічыў украінскімі па характару Берасцейскую зямлю, Турава-Пінскае Палессе, творы Ф.Скарыны. Ён шкадаваў, што «слава і заслуга ўкраінскага народа не раскрыта перад еўрапейскай гісторыяй».

Сугучна М.С.Грушэўскаму пазіцыя яго брата, вядомага ўкраінскага гісторыка, прафесара Аляксандра Сяргеевіча Грушэўскага (1877 – 1943 гг.). У першай частцы кнігі «Пинское Полесье» (1901 г.) ён раскрыў летапісныя звесткі пра гарады і князёў Турава-Пінскай зямлі, іх сувязі з Кіевам. Даследчык паказаў гаспадарчае і сацыяльнае становішча насельніцтва, прааналізаваў працэс хрысціянізацыі Турава, развіцця культуры. У другой частцы (1903 г.) на падставе матэрыялаў Літоўскай Метрыкі гісторык разглядзеў мінулае гэтага рэгіёна ў складзе ВКЛ.

Таксама А.С.Грушэўскі займаўся вывучэннем гісторыі гарадоў Вялікага княства Літоўскага. У 1918 г. ён выдаў манаграфію «Города Великого княжества Литовского в ХIV – ХVI вв.: Старина и борьба за старину», у якой паўтарыў канцэпцыю Уладзімірскага-Буданава аб негатыўным уплыве магдэбургскага права на гарады ВКЛ. Аўтар лічыў, што асновай развіцця гарадскіх паселішчаў з’яўлялася адзінства горада і воласці. А.С.Грушэўскі раскрыў сутнасць гарадскога кіравання, сацыяльнае жыццё мяшчан, падатковую сістэму, параўноўваў становішча дзяржаўных і прыватных гарадоў.

Да гісторыі цэхавой арганізацыі ў гарадах Беларусі і Літвы звяртаўся Ф.В.Кліменка. У кнізе «Западноруские цехи Х VI – Х VIII вв.» ён прааналізаваў праблему развіцця рамеснай вытворчасці і яе арганізацыі ў гарадскіх паселішчах ВКЛ. Даследчык лічыў, што ўзнікненне цэхаў было выклікана ўнутранымі сацыяльна-эканамічнымі зменамі, а не знешнім фактарам (уніямі з Польшчай). Гэта пазіцыя адзяляла аўтара ад заходнерусістаў, якія разглядалі цэхі як форму царкоўна-рэлігійнага саюза. Праўда, Кліменка не раскрыў прычыны іх з'яўлення, механічна пераносіў рысы арганізацыі цэхаў ХVІІІ ст. на ХV – ХVІІ ст., а нормы цэхаў г. Вільні – на усе гарады Беларусі.

Ліберальная традыцыя ў вывучэнні гісторыі Беларусі ў беларускай гістарыяграфіі звязана з прозвішчамі Яўхіма Карскага, Івана Лапы, Арсена Турцевіча, якія зыходзілі з самабытнага характару беларускай гісторыі.

Яўхім Фёдаравіч Карскі (1861 – 1931 гг.) нарадзіўся ў в. Лаша Гродзенскага павета. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут. Выкладаў у Віленскай гімназіі, у Варшаўскім, Растоўскім-на-Доне універсітэтах. З 1917 г. прафесар Петраградскага універсітэта, з 1918 г. прафесар Мінскага педагагічнага інстытута. Аўтар больш за 700 навуковых прац па славістыкі, беларусістыкі і русістыкі. Узнагароджаны вялікім Залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства (1894 г.) за працы па беларусазнаўству, малой Ламаносаўскай прэміяй (1901 г.) за працы ў галіне палеаграфіі. Член Археаграфічнай камісіі Маскоўскага археалагічнага таварыства, Таварыства аматараў старажытнага пісьменства. Акадэмік Пецярбургскай АН, Чэшскай АН.

«Энцыклапедыяй беларусазнаўства» стала фундаментальная праца Карскага «Беларусы», якая выйшла ў сямі выпусках (трох тамах) з 1903 па 1922 гг. На аснове комплекснага параўнальна-гістарычнага абагульнення разнастайных пісьмовых і этнаграфічных крыніц даследчык абгрунтаваў нацыянальную самабытнасць беларусаў як самастойнага славянскага народа, маючага сваю багатую і арыгінальную культуру, старажытныя традыцыі.

У першым томе «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» аўтар даследаваў паходжанне беларускага народа. Прарадзімай славян Карскі лічыў Палессе (басейн Прыпяці, верхняга Нёмана і ніжняй Бярэзіны), вызначыў час фарміравання беларускай народнасці – у ХІІІ – ХV ст. Гісторык сцвярджаў, што аснову беларускай народнасці склалі плямёны дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў, прыйшоў да высновы аб іх аўтахтоннасці на тэрыторыі Беларусі. У навуковым артыкуле, апублікаваным у «Магілёўскіх губернскіх ведамасцях» (1902 г.), Карскі вызначыў тэрытарыяльныя межы распаўсюджвання беларускай мовы. Карта была надрукавана ў 1917 г.

З крыніцазнаўчых прац Карскага можна вызначыць « Два памятника старого западнорусского наречия: 1) «Лютеранский катехезис 1562 г.» и 2) «Католический катехезис» 1585 г.» (1893 г.), «О языке так называемых литовских летописей» (1894 г.), «Западнорусские переводы псалтыря в Х V – ХVII вв.» (1896 г.). Да 1908 г. яго даследаванні ў галіне палеаграфіі былі адзінымі вучэбнымі работамі (« Из лекций по славянской кириллической палеографии», «Образцы славянского кирилловского письма с Х по ХVIII вв.», «Очерк славянской кирилловской палеографии»).

Навуковая спадчына Карскага не страціла сваёй значнасці па сённяшні дзень і з’яўляецца асновай для далейшай распрацоўкі беларусазнаўства.

Іван Іванавіч Лапа (1869 – 1944 гг.) нарадзіўся ў Віцебскай губерні. Скончыў Пецярбургскі універсітэт. У 1905 – 1919 гг. прафесар Юр’еўскага універсітэта. З 1921 г. працаваў у Празе, з 1933 г. прафесар Каўнаскага, у 1941 г. Вільнюскага універсітэтаў.

Асноўныя працы Лапы прысвечаны сацыяльна-палітычнай гісторыі ВКЛ у ХVI ст.: «В еликое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569 – 1586). Опыт исследования политического и общественного строя» (1901 г.), «Великое княжество Литовское во второй половине ХVI ст. Литовско-русский повет и его сеймик» (1911 г.), «Западная Россия и ее соединение с Польшей в их историческом прошлом: Исторические очерки» (1924 г.).

Лапа ў сваіх даследаваннях прйшоў да высновы аб федэратыўнай пабудове Рэчы Паспалітай. Ён лічыў, што пасля Люблінскай уніі 1569 г. ВКЛ захоўвала дзяржаўную самастойнасць ад Польшчы. Гісторык глыбока вывучыў асаблівасці сацыяльна-палітычнай структуры ВКЛ на двух узроўнях: макраструктуры (сацыяльныя і палітычныя інстытуты ВКЛ) і мікраструктуры (мясцовыя органы ўлады і «рэгіянальны» воблік шляхты). Відавочна блізкасць аўтара да гісторыкаў дзяржаўна-прававой школы.

Арсен Восіпавіч Турцэвіч (1848 – 1915 гг.) нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара Мінскай губерні. Скончыў Пецярбургскі універсітэт. Выкладаў у сярэдніх навучальных установах Літвы (Шаўлі, Вільня), а з 1901 г. працаваў у Віленскай археаграфічнай камісіі.

Турцэвіч уяўляе сабою прыклад эвалюцыі ў гістарыяграфіі: ад кансерватыўнай да ліберальнай пазіцыі. Даследчык напісаў падручнік «Руская гісторыя (у сувязі з гісторыяй Вялікага княства Літоўскага)» для гімназій, які меў 13 перавыданняў. Раздзелы падручніка, дзе раскрывалася гісторыя ВКЛ, лічыліся неабавязковымі для настаўнікаў. Але Турцэвіч настойліва рэкамендаваў сваім калегам не ігнараваць іх, паколькі «заходнеруская» гісторыя мае такое ж вялікае значэнне як і «паўночнаруская» гісторыя.

У кнізе маюцца 26 тэм, тры з іх цалкам прысвечаны гісторыі Заходняга краю («Вялікае княства Літоўскае», «Заходняя Русь у XVI – першай палове XVII ст.», «Уз'яднанне Заходняй Русі»). У некаторых тэмах таксама змешчаны звесткі па заходнерускай гісторыі.

Падручнік А.В.Турцэвіча быў забяспечаны метадычным апаратам: у ім меліся пытанні для паўтарэння, радаслоўная і храналагічная табліцы, каляровыя гістарычныя карты, а таксама ілюстрацыі. Тэкст падручніка падзяляўся на асноўны і дадатковы. Дадатковы матэрыял, на думку аўтара, меў другароднае значэнне, аднак ён раіў выкладчыкам звяртаць увагу на гэты матэрыял пры вывучэнні тэм па заходнерускай гісторыі. Варта адзначыць, што падручнік напісаны даступнай, вобразнай мовай.

Турцэвіч акрамя падручніка стаў складальнікам і навучальнага дапаможніка «Хрэстаматыя па гісторыі Заходняй Расіі». У хрэстаматыі, якая ўбачыла свет у 1892 г., былі падабраны артыкулы вядомых гісторыкаў таго часу, прысвечаныя некаторым праблемам гісторыі Паўночна-Заходняга краю. Навучальны дапаможнік прызначаўся для навучэнцаў сярэдніх класаў мужчынскіх і жаночых навучальных устаноў.

Пасля 1905 г. погляды гісторыка набываюць ліберальны характар. У манаграфіі « Русские крестьяне под владычеством Литвы и Польши» (1911 г.) аўтар прыйшоў да «скандальнай» высновы аб пагаршэнні становішча сялян пасля ўваходжання Беларусі ў склад Расіі.

Неабходна канстатаваць, што уплыў беларускіх гісторыкаў ліберальнага накірунку быў нязначным у параўнанні з уплывам рускіх і ўкраінскіх даследчыкаў.

4. Гісторыя Беларусі ў даследаваннях польскіх гісторыкаў. На рубяжы ХІХ – ХХ ст. узрастае цікавасць польскіх даследчыкаў да гісторыі Беларусі, што было абумоўлена патрэбамі польскага нацыянальнага руху, каб абгрунтаваць права Польшчы на «крэсы ўсходнія».

У польскай гістарыяграфіі склаліся дзве асноўныя гістарыяграфічныя школы па вывучэнню мінулага Беларусі і Літвы: кракаўская і варшаўская. Але нямецкі даследчык Р.Лінднэр іх вызначыў чатыры, дадаўшы познаньскую і кансерватыўную.

Прадстаўнікі кракаўскай школы (Валер’ян Калінка, Юзэф Шуйскі, Міхал Бабжыньскі, Станіслаў Смолька) у супрацьвагу Лялевелю лічылі, што ля вытокаў Польшчы знаходзілася не народная дэмакратыя, а княжацкі абсалютызм. Яны выступалі з пазіцыі моцнай улады па ўзору Аўстра-Венгрыі, лічылі шкоднымі ідэі Асветніцтва, пісалі аб станоўчай ролі каталіцкай царквы на тэрыторыі Ўкраіны і Беларусі. Прафесар Кракаўскага універсітэта М.Бабжыньскі прапагандаваў цывілізатарскую місію Польшчы на ўсходзе. У 1912 – 1914 гг. лідэр ППС Леон Васілеўскі апублікаваў кнігу «Літва і Беларусь». Аўтар бачыў галоўную тэндэнцыю гістарычнага развіцця Літвы і Беларусі ў збліжэнні з Польшчай. Уніі тлумачыліся як прагрэсіўныя акты па сацыяльнаму ўраўнанню ВКЛ і Кароны. Даследчык лічыў, што польская культура на ўсходзе і паланізацыя шляхты садзейнічалі дэмакратызацыі ВКЛ. Статус беларускай мовы ацэньваўся як пераходны. Л.Васілеўскі і іншыя польскія даследчыкі вымушаны былі прызнаць, што палякі яшчэ ў часы Вітаўта пачалі асядаць на былых яцвяжскіх землях, а ў літоўскіх гарадах пачалі сяліцца польскія рамеснікі. Дробная шляхта знаходзіла службу ў магнатаў, а пасля Люблінскай уніі 1569 г. шырэй пачала перасяляцца на землі ВКЛ і займаць афіцыйныя пасады. Сучасная польская гістарыяграфія лічыць гэта перабольшаннем, адзначаючы, што польскі ўплыў адбываўся не шляхам дэмаграфічных змен насельніцтва, а ў выніку культурна-цывілізацыйнага ўзаемадзеяння.

Гісторыкі варшаўскай школы (Тадэвуш Корзан, Уладзіслаў Смаленьскі) зыходзілі з «ягелонскай ідэі» безгістарычнасці народаў: калі народ не мае сваёй уласнай дзяржавы, то ён не мае сваёй гісторыі. Адпаведна беларусы - «безгістарычны» народ. Упершыню тэрмін «ягелонская ідэя» увёў у навуковы зварот Фелікс Канечны – аўтар кнігі «Ягайла і Вілаўт падчас Крэўскай уніі». Падобны падыход дамінаваў у польскай гістарыяграфіі да Першай сусветнай вайны. Оскар Галецкі ў манаграфіі «Літва, Русь і Жмудзь як часткі ВКЛ» (1916 г.) адзначыў самастойнасць Княства ад Маскоўскай Русі, але ўсю гісторыю Беларусі зводзіў да збліжэння з Польшчай.

Даследчыкі пазнаньскай школы (Іаахім Лялевель, Анджэй Марачэўскі) на падставе асветніцкай ідэалогіі сцвярджалі аб мірным і легальным заваяванні Польшчай Заходняй Русі і Галіцыі яшчэ з ХІ ст. А гісторыкі кансерватыўнага накірунку (Бібіяна Марачэўская, Валер’ян Урублеўскі) абвінавачвалі вышэйшыя колы ўкраінскага грамадства ў палонафобіі, у непрыманні цывілізатарскай місіі Польшчы і «праўдзівага» хрысціянства.

 Польскія даследчыкі не разглядалі ВКЛ у якасці самастойнага суб’екта ўнутранай і знешняй палітыкі. Яны зыходзілі з таго, што Беларусь і Літва – пэрыферыйная правінцыя Польшчы.

На ІІІ-м з’ездзе польскіх гісторыкаў (1900 г.) канчаткова распаўся лагер пазітывісцкіх гісторыкаў. Вызначыліся новыя накірункі ў гістарыяграфіі: гісторыка-юрыдычны, неарамантычны і эканамічны.

Гісторыка-юрыдычную плынь прадстаўляў прафесар Кракаўскага універсітэта Станіслаў Кутшэба (1876 – 1946 гг.), аўтар двухтомнай «Гісторыі дзяржаўнага ладу Польшчы» (1914 г.). У другім томе «Літва» паказана сувязь дзяржаўных устаноў і права з грамадскім ладам і класавай структурай грамадства. Аўтар разглядаў гісторыю ВКЛ да 1791 г. як самастойнае дзяржаўнае ўтварэнне.

Неараманскі накірунак вызначылі працы Станіслава Закшэўскага (1873 – 1936 гг.), які сталі новым словам у метадалогіі. У 1908 г. ён выдаў манаграфію «Гістарычныя праблемы», у якой адзначыў вялікую ролю інтуіцыі ў гістарычным даследаванні, прапанаваў гераічную канцэпцыю, згодна якой гісторыю ажыццяўляюць «моцныя асобы». Прадстаўнікі неарамантызму імкнуліся суаднесці гістарычныя з’явы з ідэаламі барацьбы за незалежнасць.

Эканамічны накірунак прадстаўлялі Уладзіслаў Грабскі (1874 – 1938 гг.), Францішак Буяк (1875 – 1953 гг.), Ян Руткоўскі (1886 – 1949 гг.), якія сталі выкарыстоўваць новыя крыніцы і звяртацца да эканамічных сюжэтаў польскай гісторыі.

У канцы XIX – пачатку XX ст. у польскай гістарыяграфіі змяніліся прыярытэты ў адносінах да праблемы беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі. Пасля публікацыі матэрыялаў Віленскай археаграфічнай камісіі і вынікаў Усерасійскага перапісу насельніцтва 1897 г. польскія гісторыкі сталі больш асцярожна выказвацца аб колькасці палякаў на тэрыторыі Беларусі, іх паходжанні, этнічных межах беларусаў. Польскія гісторыкі выводзілі колькасць палякаў на тэрыторыі Беларусі не па этнічнай прыкмеце, а па веравызнанню – лічылі ўсіх католікаў палякамі. Гэта дазволіла ім павысіць колькасць палякаў у Беларусі з 2,4 % да 13 – 13,5 % па веравызнанню.

Пад уплывам работ Я.Ф.Карскага некаторыя польскія гісторыкі (Л.Васілеўскі і інш.) вымушаны былі значна пашырыць межы рассялення беларусаў. Яны прызналі, што заходняя граніца беларускага этнасу праходзіць уздоўж р. Нараў і Сураж, паўднёвая – выключае з беларускай этнічнай тэрыторыі Палессе на карысць украінцаў (як у Карскага), усходняя – у Смаленскай, Арлоўскай, Калужскай, Цвярской і Пскоўскай губернях. Адначасова яны адзначалі пярэстасць этнічнага складу насельніцтва Гродзенскай і паўднёвай часткі Віленскай губерняў, польска-літоўскія анклавы на іх тэрыторыі.

Гэтыя змены ў ацэнцы становішча беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі сведчаць аб больш гнуткіх падыходах польскай гістарыяграфіі да гістарычнага мінулага Беларусі.

 

Праверачны тэст

 


Поделиться:



Последнее изменение этой страницы: 2019-04-10; Просмотров: 291; Нарушение авторского права страницы


lektsia.com 2007 - 2024 год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! (0.123 с.)
Главная | Случайная страница | Обратная связь