Архитектура Аудит Военная наука Иностранные языки Медицина Металлургия Метрология
Образование Политология Производство Психология Стандартизация Технологии


Дзіцячая літаратура пачатку XX стагоддзя



Заснавальнiкам беларускага i ўсходнеславянскага кнiгадрукавання прызнаны вучоны i пiсьменнiк, доктар фiласофii i медыцыны з Полацка Францыск Скарына (каля 1490 – каля 1551). Яго першая кнiга «Псалтыр» выйшла ў 1517 г. у Празе. Выкарыстоўвалi доўгi час для навучання дзяцей (i дарослых) грамаце.

Прадаўжальнiкамi культурна-асветнiцкiх традыцый Скарыны былi Сымон Будны, Л.Крышкоўскi i М. Кавячынскi, намаганнямi якiх у 1562 г. у Нясвiжскай друкарнi была выдадзена першая кнiга па-старабеларуску на тэрыторыi Беларусi – «Катэхiзiс», створаная для таго, каб «деток своих научали».

Вялiкую ролю ў пашырэннi асветы (i адпаведна кнiг для дзяцей) на Беларусi адыгрывалi брацкiя школы i адчыненыя пры iх друкарнi, якiя дзейнiчалi ў Вiльнi, Еўі, Магiлёве i iнш. Быў надрукаваны першы буквар Лаўрэнцiя Зiзанiя «Наука ку читаню и розуменю письма словенского» 1596, якi складаўся з лемантара (азбукi), катэхiзiса i лексiка. Мялецiя Сматрыцкага «Евангелле вучыцельнае» (1616, Еўе) i самая вядомая з беларускiх граматык – «Грамматики словенския правильное синтагма» (1619).

Адметную ролю ў культурным жыццi таго часу адыграў вядомы магiляўчанiн Спiрыдон Собаль, яго намаганнямi былi адчынены 2 друкарнi. Ён на беларускай мове выдаў «Малiтвы паўсядзённыя», «Буквар» 1631, «Часаслоў» 1632. У 1635 пачалi працаваць друкарнi ў Буйнiчах.

З iмем С. Полацкага звязаны першыя старонкi беларускай дзiцячай паэзii, нараджэнню якой спрыяла яго дзейнасць. Зборнiкi вершаў: «Псалтыр рыфматворная» (з дадаткам вершаванага «Месяцаслова»), «Вертоград многоцветный» («Сад шматколерны»).

Лiтаратурная традыцыя, закладзеная паэтамi 16–17 ст, была перапынена ў сувязi з забаронай да ўжывання беларускай мовы.

У пачатку 20 ст. з’яўляюцца шматлiкiя выдавецкiя суполкi, дзе выходзяць беларускiя чытанкi – «Беларускi лемантар, або Першая навука чытання», кнiгi Ластоўскага «Родныя зярняты: кнiжыца для школьнага чытання» i iнш.

Пецярбургская выдавецкая суполка «Загляне сонца ў акенца» выдала ў 1906 г. «Беларускi лемантар, або Першая навука чытання». Задачай падручнiка было навучыць дзяцей чытаць па-беларуску. За аснову навучання грамаце ўзяты складовы метад: спачатку вывучалiся галосныя лiтары, затым склады з iмi, а потым ётавыя. Пасля азбукi змяшчалiся тэксты для чытання.

Другой дзiцячай кнiгай было «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткi (1906). 

Падзейна-мастацкiм падмуркам для «Першага чытання…» з’явiлiся народныя апавяданнi, песнi, казкi, прымаўкi – усе яны былi апрацаваныя Цёткай, адаптаваныя да дзiцячага ўспрымання. Хрэстаматыя падзяляецца на дзве часткi, якiя маюць асобныя раздзелы. У першай частцы прадстаўлены наступныя лiтаратурныя формы:

– кароткiя апавядальныя эпiзоды этнаграфiчнага зместу («Нядзеля», «Наша гаспадарка», «Цыган»). Героi вядомыя дзiцяцi: сяляне-бацькi, сялянскiя дзецi; падзеi тасама знаёмыя – звесткi з побыту сялянскай сям´i. У апавяданнi «Цыган» паказаны гультаяватасць, жаданне спажыць чужое. Аўтар вядзе чытача па шляху пазнавальнасцi народных уяўленняў аб прадстаўнiках іншых этнасаў;

– апавяданнi з казачным сюжэтам («Сварба», «Гутарка асота з крапiвою»). Лiтаратурныя героi вядомы дзецям: вясна i зiма, асот i крапiва;

– казкi («Журавель i чапля», «Курыца i пятух»). У iх прадстаўлены займальны матэрыял для фармiравання ўмення чытання. Выкарыстоўваюцца паўторы дыялогаў па нарастаючай iх колькасцi, дазваляюць дзецям вучыцца чытаць бегла;

– апавядальныя эпiзоды-iлюстрацыi да народных выслоўяў («Пакуль не ў руках, не кажы, што тваё», «З прыску ды ў агонь»). Сюды адносiцца i верш «Сынок маленькi» ў падагульняючым кантэксце выкарыстоўваецца народнае выслоўе «Абяцанка-цацанка, а дурному радасць, // Часта абяцаюць, рэдка датрываюць».

Матэрыялы другой часткi хрэстаматыi вызначаюцца ўскладненасцю iх зместу: прыродаапiсальнай (вершы «Мой сад», «Лес», апавяданне «Пчолы»), сацыяльнай (апавяданнi «Мая вёска», «Сiрата»), патрыятычнай (верш «Родная вёска»).

Творы гэтай часткi хрэстаматыi пераклiкаюцца памiж сабой iдэйным гучаннем.

Акрамя арыгiнальных твораў, у другой частцы хрэстаматыi змешчаны i фальклорныя: прыпеўкi, прыказкi, загадкi. Згрупаваны ў адпаведных частках.

Цётка ў гэтым жа годзе выдае яшчэ адну кнiгу «Гасцiнец для малых дзяцей». У зборнiк увайшлi розныя паводле жанравага вызначэння творы. У канцы 1909 г. суполка «Загляне сонца ў акенца» разам з вiленскiм таварыствам «Наша хата» выдала падручнiк Я. Коласа «Другое чытанне для дзяцей беларусаў».

З 1922 г. i пасля выдадзены вучэбныя дапаможнiкi «Лемантар», «Роднае слова: Першая кнiга» С. Некрашэвiча; чытанка «Родны край» Л. Чарняўскай; хрэстаматыя «Наша крынiца» Я. Лёсiка і iнш.

Многiя iдэi i традыцыi выдатных метадыстаў пачатку 20 ст. з поспехам выкарыстоўваюць складальнiкi сучасных падручнiкаў i чытанак для школьнiкаў.

Тэматычная разнастайнасць твораў М. Багдановiча, якiя ўваходзяць у дзiцячае чытанне

Адметнае месца ў творчасцi М. Багдановiча займае пейзажная лiрыка. Асэнсаванне дзецьмi вобразаў пейзажнай лiрыкi – эфектыўны сродак фармiравання iх эстэтычна-мастацкага густу.

У вершы «Зiмовая дарога» Багдановiч стварае паэтычныя карцiны зiмовай ночы, паказвае яе прыгажосць i таямнiчасць. У вершы «Зiмой» паказвае карцiну зiмовага вечара, у якой усё жыве, рухаецца, да чагосьцi iмкнецца. Верш «Кiнь вечны плач свой аб старонцы!» паэт даводзiць, што i ў змрочным жыццi ёсць светлае, важна толькi ўбачыць яго. Верыць, што ясны дзень настане, бо як за зiмой прыходзiць вясна, так i лепшае прыходзiць за горшым.

Казкi М. Багдановiча «Сон-трава», «Музыка», «Мушка-зелянушка i камарык – насаты тварык».

Паэма-казка «Мушка-зелянушка i камарык – насаты тварык» мае пазнавальнае значэнне для дзяцей. У аснову твора пакладзена беларуская народная песня пра няўдалую жаніцьбу камара. У казцы сустракаем насякомых, вонкавы выгляд якіх і паводзіны адпавядаюць біялагічным. У творы адноўлены народныя сямейна-бытавыя абрады (сватанне, заручыны, вяселле, пахаванне, скарга). Паэма-казка вызначаецца пазнавальнасцю маральнага зместу (не заўсёды за прыгожымi i нiбыта шчырымi словамi стаяць прыгожыя ўчынкi).

У лiрыцы М. Багдановiча адбываецца паэтызацыя духоўнай спадчыны, нацыянальных традыцый. У вершах «Слуцкiя ткачыхi», «Перапiсчык», «Летапiсец» i iншых узнаўляюцца эпiзоды стварэння духоўных каштоўнасцей нашымi продкамi. Апавяданні М. Багдановiча «Катыш», «Марына», «Апокрыф» вызначаюцца вобразнасцю, адпавядаюць дзiцячым уяўленням i псiхалагiчнай матываванасцю паводзiн дзяцей.

У апавяданнi «Катыш» Багдановiч умела перадае стан душы хлопчыка, якi жадае перамагчы ў гульнi катання велiкодных яек i баiцца прайграць свой незвычайны «катыш».

У творы «Марына» адлюстраваны эпiзоды знаёмства i сяброўства апавядальнiка i маленькай дзяўчынкi.

Творы М. Багдановiча для дзяцей i пра дзяцей вызначаюцца аб’ёмнасцю вобразаў, псiхалагiчнай матываванасцю ўчынкаў лiтаратурных герояў i эстэтычнай глыбiнёй.

 

3. Дзіцячая літаратура ў 20-я гг. XX стагоддзя

Беларуская лiтаратура пачатку ХХ ст. развiвалася ў рэчышчы адраджэнскага руху. У пачатку ХХ ст. была знята афiцыйная забарона з беларускага друкаванага слова, пачала развiвацца кнiгавыдавецкая справа, у беларускую лiтаратуру прыйшло новае пакаленне пiсьменнiкаў. У гэты час узнiкаюць розныя культурна-асветнiцкiя i выдавецкiя таварыствы, гурткi, самадзейныя калектывы, нацыянальны тэатр, беларускiя школы. Актыўны ўдзел у адраджэнскiм працэсе пачатку 20 ст. прымалi такiя пiсьменнiкi, як Я. Колас, М. Багдановiч, Цётка, М. Гарэцкi, В. Ластоўскi, С. Палуян i iнш.

Вядучым жанрам было апавяданне, пачала развівацца аповесць.

Дзіцячая літатарутра развівала наступную тэматыку:

– творы грамадзянскага, патрыятычнага зместу («Пагоня» М. Багдановiча, «Арлянятам», «Пiянерскае» Я. Купалы i iнш.);

– творы сацыяльнага, сямейна-побытавага зместу (апавяданнi «Мiхаська» Цёткi, «Сiрата Юрка» Я. Коласа; вершы «Над калыскай», «Сiрочая доля» Я. Купалы, «Кiнь вечны плач…» М. Багдановiча i iнш.);

– творы рэвалюцыйнага зместу, аб грамадскiх зменах новага часу (аповесць «На прасторах жыцця» Я. Коласа i iнш.);

– творы аб дзiцячых прыгодах, захапленнях, свеце дзiцячых уяўленняў (апавяданнi «Катыш» М. Багдановiча, «Кот Знайдзён» Л. Чарняўскай i iнш.);

– творы прыродазнаўчага зместу (вершы «Лета», «Восень» Цёткi, «Зiмовая дарога» М. Багдановiча i iнш.);

– творы арнiталагiчнага, прыродаапiсальна-анiмалiстычнага i анiмалiстычнага зместу (вершы «Верабей» К. Лейкi, «Мароз» Я. Купалы; апавяданне «Гутаркi аб птушках» Цёткі і iнш.);

– творы тапанiмiчна-гiстарычнага зместу (легенды);

– творы з гiстарычным зместам (вершы «Перапiсчык», «Летапiсец» М. Багдановiча; апавяданне «Князёўна Рагнеда» В. Ластоўскага і iнш.);

– творы эстэтычна-выхаваўчага i эстэтычнага зместу (п´есы «Снатворны мак» К. Лейкi, «Жывыя казкi» А. Гаруна i iнш.);

– творы навучальна-пазнавальнага зместу (апавяданне «Аб сытой свiннi» В. Ластоўскага i iнш.).

У 1920 г. выходзіць зборнік п’ес для дзіцячага тэатра А. Гаруна «Жывыя казкі».

1921–1922 гг. часопіс «Зоркі».

У 1924 г. пачаў выдавацца часопіс «Беларускі піянер», які ў 1929 г. атрымаў назву «Іскры Ільіча».

 

Тэматычная разнастайнасць вершаў i апавяданняў Цёткi.

Творы Цёткi маюць пазнавальнае i выхаваўчае значэнне для дзяцей дашкольнага ўзросту. Творы Цёткi напоўнены матывамi дабра, спачування, справядлiвасцi.

У апавяданні «Міхаська» ўздымаецца тэма сіроцкага дзяцінства. Лёс хлопчыка нібы прадвызначаны: нараджаўся доўга, маці памірае, непрыгожы, адзінокі, нелюбімы. Шкодлівым яго зрабіла адзінота, тое, што ён быў зацюканы ўсімі, ад мачахі да пастухоў, ад якіх ён адасобіўся, пасучы кароў. Міхаська змяніўся, калі выратаваў жорава, змяніліся і адносіны да яго мачыхі, хлапчукоў. Аднак хлопчык памірае. Аўтарка паказвае адсутнасць будучыні ў гэтага дзіцяці.

У сваiх лiрычных творах Цётка давала ўзоры вобразнага, аб´ёмнага бачання праяў жыцця, навакольнага i сацыяльнага, у цесным iх перапляценнi. Яе вершы «Лета», «Восень», «Скора прыйдзе вясна» i iнш. У вершах побач з прыгожымi карцiнамi прыроды падаюцца i паэтычныя абразкi побытавага, сацыяльнага зместу; імкненне лiрычнага героя да сялянскай працы – верш «Лета». У вершы «Скора прыйдзе вясна» вясна – гэта не толькi сiмвал i вобраз прыгажосцi, а яшчэ i сiмвал стваральнай працы.

Цётка прынесла ў беларускую паэзію магутную стыхію лірызму, пачуццёвасці, на новым узроўні скарыстаўшы ў творчых мэтах фальклорную паэтыку. У прозе яна паказала адметную жанрава-стылявую разнастайнасць, стварыўшы ўзоры сацыяльна-бытавога, алегарычнага, псіхалагічнага, сатырычнага апавядання.

У 1914 г. у Мiнску выходзiў у свет лiтаратурна-мастацкi i навукова-папулярны часопiс для беларускай моладзi «Лучына». Цётка была лiтаратурным рэдактарам гэтага часопiса. На яго старонках яна друкавала свае творы i пiсала артыкулы.

У апавяданні «Гутаркi аб птушках» прыродныя факты падаюцца ў займальнай сюжэтнай форме. Гэта апавяданне ўяўляе сабой спалучэнне эпiзодаў, важнасць якiх заключаецца не ў падзейнасцi, а ў пазнавальнасцi iх зместу: усё тут развiваецца вакол чакання Марыляй, Настай i Казюком прылёту жаваранка i чарговага дзедавага аповеду аб гэтай птушцы. Твор выконвае не толькi пазнавальную функцыю, але i развiвае фантазiю.

У гэтым апавяданнi можна вылучыць наступныя прыкметы белетрызацыi прыродных фактаў:

1. Наяўнасць фабулы, выкарыстанне аўтарам эпiтэтаў, метафар, параўнанняў, перанясенне казачных вобразаў у рэальную жыццёвую сiтуацыю, выкарыстанне элементаў загадак.

2. Ускоснае правядзенне вобразных аналогiй памiж жыццём чалавека, характарыстыкамi людзей i асаблiвасцямi жаваранкавай сям´i.

3. Працэс пазнання разгортваецца ў адпаведнасцi з фабульным прынцыпам двойчы: у мастацкiм свеце апавядання i рэальнай рэцэпцыйнай сiтуацыi.

Аб вытворчым працэсе здабывання «газы (керасiна)». Цяжкасцi такой працы, пераапрацоўцы здабытага прадукта, аб паказчыках месцазнаходжання i аб тым, «з чаго неачышчаная газа паўстала» апавядаецца ў артыкуле «Газа».

Мемуары «З дарогі» – успаміны аб вандроўцы ў Фінляндыю можна лічыць грунтоўным этнаграфічным нарысам з жыцця фінаў, а таксама гімнам фінскаму культурна-гістарычнаму адраджэнню, за якім паралеллю праглядваецца запаветная мара Цёткі аб адраджэнні беларусаў.

4. Дзіцячая літаратура ў 30-я гг. XX стагоддзя

У творах для дзяцей распавядаецца пра далёкую і сумную мінуўшчыну, якой проціпастаўляюцца сённяшні дзень і вялікія перспектывы будучыні.

У літаратуры з’яўляюцца новыя тэмы:

– творы пра жыццё ў Заходняй Беларусі,

– творы пра грамадзянскую вайну,

– прыгодніцкія аповесці,

– паэтызацыя рэвалюцыйнай дзейнасці.  

Прыгодніцкая аповесць трывала замацавалася ў літаратуры як жанр. З’явіліся героіка-рамантычная аповесць («Міколка-паравоз» М. Лынькова), аповесць падарожжаў («Палескія рабінзоны» Янкі Маўра), школьная, бытавая («ТВТ» Янкі Маўра») і інш.                                                                        

Праблема гераiчнага ў аповесцi-казцы «Пра смелага ваяку Мiшку i яго слаўных таварышаў» (1937) Мiхася Лынькова

Галоўныя героi – жывёлы. Яна адлюстроўвае жыццё мядзведзя ад маленства да сталасцi. Дзецi пазнаюць свет разам з героем аповесцi. Дзе жывуць i чым сiлкуюцца мядзведзi. Адлюстраваны ў аповесцi норавы i звычкi мядзведзяў. Мядзведзiца выхоўвае свайго сына так, як i iншая мацi. Калi трэба i кухталёў надае за дрэнныя паводзiны, i кормiць, i баронiць яго ад сярдзiтага бацькi, мые яго. Мядзведзь вельмi любiць мёд i малiны. Ι вось смачныя духмяныя ягады i Мiшкава непаслушэнства сталi прычынай яго прыгод. Ён вырашыў без мацi схадзiць паесцi ягад i сустрэў Барадатага. Казёл гэты жыў у батальоне чырвонаармейцаў. Казёл i сабака Жук былi да некаторай ступенi вайсковымi асобамi. Байцы 3-га батальона забiраюць мядзведзя да сябе, ён становiцца вайскоўцам. У творы з гумарам апiсваюцца прыгоды сяброў i на вайне, i ў час кароткiх адпачынкаў. Сабака, казёл i мядзведзь весялiлi чырвонаармейцаў, асабiва Мiшка. Калi Мiшку хацелi апрануць ва ўланскую кавалерскую амунiцыю, ён прыняў толькi мундзiр, а штаны з залатымi лампасамi разадраў на 2 палавiны. Гэта нелюбоў да генеральскiх штаноў дапамагла Мiшку здзейснiць гераiчны ўчынак. Ён, седзячы на дрэве, убачыў коннiка ў такiх штанах. Скочыў унiз проста на каня ззаду кавалерыста, якi аказаўся камандзiрам польскiх уланаў, i стаў «шкуматаць» штаны. Былi i такiя подзвiгi: Мiшка падносiў кулямётныя ленты ў час бою. Выцягнуў плот з байцамi i кулямётам, якi ледзь не патануў пры пераправе. А аднойчы ў якасцi трафея «прыгнаў» польскi самалёт. Аднак i свавольнiчаў Мiшка таксама. Мiшка сцягнуў вулей, у якiм былi пчолы, яны так добра закусалi мядзведзя, шіо ён ускочыў у рэчку. Байцы выратавалi сваiх артыстаў, бо любілі іх. З-за свайго захаплення салодкiм Мiшка з´еў амаль не ўвесь мех цукру, байцы занепакоiлiся адсутнасцю апетыту ў Мiшкi i паклiкалi да яго доктара, а той i не ведаў, як лячыць пацыента. Барадаты вельмi любiў махорку. Аднойчы Мiшка скармiў яму пачкi з тытунём. Тут паказваецца, якая шкода можа быць ад нiкацiну.

У аповесцi шмат выхаваўчых момантаў: Мiшка не паслухаўся мацi, адышоў ад бярлогi i згубiўся, палез за пчоламi – i яны яго пакусалi.

Мiшка, Жук i Барадаты думаюць i разважаюць. Паводзяць сябе зусiм як людзi.

Спецыфiка адлюстравання свету дзяцей у апавяданнях Мiхася Лынькова

У любым творы М. Лынькова прысутнiчае дзiця, пiсаў спецыяльна для дзяцей. Яго творы адлюстроўваюць асобу дзiцяцi. Апавяданнi «Янка-парашутыст», «Ядвiсiн дуб», «Пра хлопчыка Яську», «Астап», «Васiлькi», «Салют», «Дзiцячы башмачок» i iнш.

У апавяданні «Янка-парашутыст» пра прыгоды хлопчыка расказвае дарослы, якi жыве з iм у адным двары. Янка ў творы паказаны дапытлiвым, смелым, праўдзiвым i добрым хлопчыкам. Янка добра ведае пра самалёты i пра лётчыкаў i спрачаецца з бабкай Арынай. Бацька ў Янкi таксама лётчык. Мацi ў Янкi памерла i яго расцiла бабуля. Янка захапiўся авiацыяй i парашутнай справай, калi яму было яшчэ 8 год. Гумарыстычна апiсваецца, як дзецi з Янкам спрабавалi скакаць са старой грушы, з лiхтарнага слупа, з прыбярэжнай кручы над Дняпром. Як дзецi ў якасцi парашута выкарыстоўвалi бабчын парасон з ручкай з сапраўднай слановай косцi. Гонар скакаць першым дастаўся Янку, але гэты палёт быў няўдалым. Янка разарваў штаны i звалiўся ў крапiву. Потым хлопцы спрабавалi рабiць парашуты. Хлопцы спусцiлi з парашутам ката ў якасцi эксперымента. Кот асоба легендарная i гераiчная. Ката пасадзiлi ў клетку i запусцiлi на паветраным змеi, вяроўка абарвалася, але ўсё скончылася добра, бо паветраны змей спланiраваў на пасажырскi параход, на якiм плыў з камандзiроўкi бацька Янкi. Пасля гэтага бацька ўзяў Янку на аэрадром i ён паказаў сябе там працавiтым, склаў 500 парашутаў, трэнiраваўся скакаць з вышкi, быў на спецыяльных падрыхтоўчых палётах. Ι вось начальнiк школы даў дазвол на самастойны скачок з самалёта. У час скачка адбылося нечаканае, Янка рана таргануў за кольца парашута, палотнiшча яго пераблыталася са стропамi, а яны зачапiлiся за крыло самалёта. Начальнiк парашутнай справы кiнуўся на дапамогу. Усё нарэшце скончылася добра. У канцы апавядання аўтар адзначае, што дзецi выраслi i рыхтуюцца стаць парашутыстамi, лётчыкамi.

У апавяданні «Ядвiсiн дуб» расказваецца пра дзяўчынку-сiрату. Яна нават не ведае свайго iмя i адказвае, «то мы з Выгодаў…» У яе цяжкi лёс: мацi памерла, потым загiнуў i дзед, служба ў панскiм двары, дзе злыя людзi называлi яе сабачым недаедкам. Праз прыклад дрэнных i добрых учынкаў можа адбывацца фармiраванне асобы дзяцей.

Шмат апавяданняў, у якiх паказаны трагiчны лёс дзяцей у час вайны на акупiраванай тэрыторыi.

У апавяданні «Дзiцячы башмачок» расказваецца пра сямiгадовага яўрэйскага хлопчыка Барыса, які бег да сваёй мацi i быў застрэлены немцам.

У апавяданні «Васiлькi» 2 часткi. Першая – шчаслiвая: хлопчык Мiколка з сябрамi ў лесе збiраў грыбы, i сарваў для хворай сястрычкi васiлькi. Калi вярталiся дамоў, Мiколка заўважыў, што бусел паляцеў ад гнязда, якое было ля яго хаты. Хлопчык бачыць забiтых мацi i сястру. Маленства для Мiколкi скончылася, пачалося дарослае жыццё. Мiколка вырашыў адпомсцiць. Ён узрывае аўтамабiль з нямецкiмi афiцэрамi i гiне сам.

 

Янка Купала

Тэматычная разнастайнасць твораў Янкi Купалы, якiя ўваходзяць у дзiцячае чытанне

Вершы Я. Купалы для дзяцей i ў дзiцячым чытаннi, створаныя ў розныя перыяды творчасцi, можна прадставiць у наступных тэматычных группах.

Дакастрычнiцкi перыяд:

– творы сацыяльнага, сямейна-побытавага зместу: «Над калыскай», «Сiрочая доля» i iнш. Тут адбываецца асэнсаванне лёсу чалавека. Лiтаратурныя героi твораў – мацi, дзiця, сiрата. Форма гэтых вершаў – калыханка, песня, яна спрыяе больш глыбокаму разуменню iх сэнсу;

– творы пазнавальна-выхаваўчага зместу (белетрызаваныя «Задачкi»).

Савецкi перыяд:

– творы грамадзянскага, патрыятычнага зместу: «Арлянятам», «Пiянерскае». Купала накiроўвае погляд моладзi на памяць гiсторыi: у ёй утрымлiваецца наказ працягваць змаганне продкаў за волю;

– творы сацыяльнага, сямейна-побытавага зместу: «Сын i мацi», «Алеся» i iнш.

– творы аб дзiцячых захапленнях, свеце дзiцячых уяўленняў: «Кароль», «Хлопчык i лётчык» i iнш. У вершы «Кароль» адлюстраваны вобразныя ўяўленнi хлопчыка-пастушка, што бачыць сябе каралём прасторы, а ў вершы «Хлопчык i лётчык» маленькi хлопчык марыць стаць лётчыкам;

– прыродазнаўчы змест – верш-аповед «Мароз», у iм створаны карцiны зiмовай казкi;

– эстэтычны змест – верш «Песня i казка», дзе паэтычна вызначаюцца асаблiвасцi ўздзеяння казачна-песеннага свету на свядомасць дзiцяцi;

– павучальна-пазнавальны змест – верш-забаўлянка «Бай». Казачны персанаж – апавядальнiк-Бай гутарыць з дзiцём, каб пазабаўляць.

Якуб Колас

«Другое чытанне для дзяцей беларусаў» (1909) Якуба Коласа: асаблiвасцi кампазiцыi, тэматыка i выхаваўча-пазнавальнае значэнне мастацкiх твораў

Кнiга ўяўляе сабой хрэстаматыю для вучняў 2 класа.

Падручнiк складаецца з 7 раздзелаў: першыя чатыры прысвечаны порам года; тром апошнiм раздзелам аўтар даў адпаведна наступныя назвы: «Родныя вобразы», «Вершы i байкi», «Казкi». Першыя 4 раздзелы пiсьменнiк вылучыў паводле тэматычнага прынцыпу, а два апошнiя – паводле жанравага.

Малюнкi прыроды, апiсаныя Коласам у чытанцы, маляўнiчыя. На фоне прыродных з´яў даволi часта адлюстраваны забавы дзяцей, праца дарослых.

Першыя чатыры раздзелы чытанкi маюць цыклiчную структуру. Аўтар паступова прасочвае пачатак кожнай пары года – з´яўленне новых прыкмет i пераход яе ў наступную. Пачынаецца кнiга апiсаннямi змен у прыродзе, якiя прыносiць вясна, бо гэтая пара года – асаблiва важны этап у жыццi прыроды.

Пры дапамозе алегорыi аўтар стварае непаўторныя вобразы лесу, сонца, ветру, марозу, ночы. У апавяданнi «Ручай» праз мову кропелек ручайка аўтар прапаноўвае дзецям тлумачэннi, як утвараюцца ручайкi i нават пра з´яву кругазвароту вады ў прыродзе. Апавяданне «Дуб i чароцiна» вучыць дзяцей быць вынослiвымi, мужнымi, рашучымi, упэўненымi, непахiснымi ў дасягненнi сваёй мэты. Выхаваўчыя iдэi многiх твораў арганiчна спалучаюцца з адукацыйным матэрыялам. Кожнага свайго героя пiсьменнiк iмкнецца надзялiць iндывiдуальнымi рысамi: сялянскага хлапчука з чулым сэрцам («Ластаўкi»), з уражлiвай i паэтычнай душой («Прылёт птушак»), цiкаўнага i дапытлiвага («Школа»), некаторыя з яго герояў не супраць паласавацца яблыкамi з чужога саду («Чужы сад»), не заўсёды могуць вырашыць спрэчку мiрным шляхам («За што пабiлiся хлопцы»).

У апошнiм раздзеле Я. Колас змясцiў 11 апрацаваных iм беларускiх казак. Тут прадстаўлены казкi дзвюх разнавiднасцей: казкi пра жывёл i сацыяльна-бытавыя. Казкi пра жывёл невялiкiя па сваiх памерах, адпавядаюць узроставым асаблiвасцям дзяцей 5–7 год, у iх выразна выяўляецца выхаваўчая скiраванасць: высмейваецца зайздрасць, сквапнасць, абмежаванасць, палахлiвасць («Воўк-дурань», «Леў i воўк», «Два зайцы»). Казкi сацыяльна-бытавога зместу давалi магчымасць Я. Коласу сцвердзiць маральную перавагу простага мужыка над прадстаўнiкамi iншых сацыяльных групп («Мужык i цыган», «Два маразы», «Мужык i пан»).

«Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я. Коласа стала важным этапам у развіцці беларускай навучальнай кнігі.

Гуманiстычны пафас празаiчных i вершаваных твораў Якуба Коласа для дзяцей i пра дзяцей («У старых дубах», «Дзеравеншчына», «Першы заработак», «Савось-распуснiк» i iнш.)

Я. Колас значную ўвагу надаваў апiсанню жыцця беларускiх сялянскiх дзяцей. У апавяданнях «Дзеравеншчына», «Сiрата Юрка» пiсьменнiк паказвае тыя ўмовы, у якiх узнiкае дзiцячая беспрытульнасць, беднасць, пакуты i адзiнота, звяртае ўвагу на маральны свет неўладкаванасцi дзiцячага жыцця.

У апавяданнi «Дзеравеншчына» пачуццi, уражаннi, успамiны i мары галоўнага героя Мiхаськi складаюць асноўны змест твора. Міхаська – сiрата, яго забiрае жыць у горад старэйшы брат, але ў горадзе яму ўсё чужое, ён iмкнецца ў родныя мясцiны. Слова «дзеравеншчына» ацэначнае. Гэта зняважлiвая ацэнка даецца Мiхалку з боку брата i яго жонкi. Сям´я брата лiчаць сябе за гарадскую i культурную, бо яны валодаюць рускай мовай, п´юць гарбату з самавара, трымаюць служанку. Брат забыў, што ён сялянскага паходжання, так аўтар падымае праблему страты сувязяў з родным краем. У творы яскрава адлюстравана дзіцячая псіхалогія, якая раскрываецца праз учынкі, думкі героя.

Апавяданнi вучаць адказнасцi не толькi за свае ўчынкi, але i за словы, якiя могуць выклiкаць боль i крыўду, вучаць суперажываць, вучаць пачуццям спагады i мiласэрнасцi.

У апавяданнi «Сiрата Юрка» хлопчык рана застаўся без мацi, зведаў усе пакуты сiротства: грубасць i абыякавасць бацькi, нянавiсць мачыхi, адчужэнне аднагодкаў. Ён часта хадзiў да цёткi Тарэсы. Хадзiў з ёй у лес збiраць зёлкi. Вобразу хвойкi надаецца асаблiвае значэнне. З´явiлася на свет маленькае дрэўца, а праз 12 год нарадзiўся Юрка. Першая сустрэча з хвойкай адбываецца вясною, калi Юрка баяўся, што на яго будуць сварыцца за тое, што ён абярнуў збан малака. Хлопчык верыць у тое, што яго мацi ператварылася ў хвойку. Ι ў сне Юрка бачыць у вобразе хвойкi родную мацi. Хвойку ссеклi злыя людзi, хлопчык памiрае, не супрацiўляючыся хваробе.

У апавяданні «У старых дубах» аўтар раскрывае прыгожосць прыроды, на фоне якой фарміруецца ўнутраны свет галоўных герояў. У хлапчукоў роднасныя душы: яны любяць прыроду, умеюць бачыць прыгожае i таямнiчае ў простым i звычайным. Распавядаецца і пра выпадак з жыцця вясковых дзяцей, якi ледзь не закончыўся трагедыяй: Грышка напалохаў свайго сябра Базыля, якi сядзеў на дубовым коранi і паляцеў у Нёман. Людзi яго выратавалi. Аўтар твора iмкнецца перасцерагчы дзяцей ад такiх бяскрыўдных учынкаў, такiя выпадкi ў жыццi могуць прывесцi да сапраўднай трагедыi.

У зборнiк «Казкi жыцця» Коласа ўвайшлi апавяданнi з патрыятычным пафасам, у якiх гучыць актуальная думка аб адданасцi Радзiме («Хмарка», «На чужым грунце», «Крынiца», «Даль»). Бесклапотная хмарка пасля доўгiх блуканняў вяртаецца ў той край, адкуль выйшла, каб «заплакаць халоднымi слязьмi над роднымi палямi», бо «ў сваiм родным кутку работы досыць для кожнага». Лiпавае насенне, апынуўшыся ў цудоўнай далi, «куды прасiлася душа», ужо не заўважае прыгажосцi гэтага прывабнага краю. Прысуд кропелькам расы гучыць у словах гары-мацi: «За тое, што вы не паслухалi свае маткi i кiнулi сваю радзiму, вы будзеце вечна кружыцца па свеце i нiколi не збудзеце сваёй жальбы па родных кутках, i нiдзе не будзеце мець вы прытулку на свеце».

Верш «Савось-распуснiк» гумарыстычны, яго выхаваўчае значэнне ў тым, што за ўсiмi дрэннымi ўчынкамi абавязкова iдзе расплата.

Тэматычная разнастайнасць лiрычных твораў Якуба Коласа, якiя ўваходзяць у дзiцячае чытанне

Тэма прыроды. Верш «Вясна» (Сонца грэе прыпякае) Колас напiсаў у 12-цi гадовым узросце. Вясна – самая любiмая пара года паэта. Колас не перастае складаць у яе гонар узнёслыя гiмны. У вершы «Дзед-госць» спалучаецца лiрычнасць i казачнасць. У вершы «На лузе» паэт адлюстраваў прыроду ў час дзённай спёкi. Пейзажныя вершы Я. Коласа ўяўляюць гармонiю гукаў, фарбаў, святла роднай прыроды.

Тэма дзяцiнства. У вершах паэт перадае велiзарнае iмкненне сялянскiх дзяцей у дарэвалюцыйны час да навукi. У вершы «Дронiк» Я. Колас перадае перажываннi хлопчыка Мiхася. Хлопчык шчыра змагаецца за жыццё дроздзiка з пакалечаным крылом, але птушаня памiрае. Гэта сапраўдная трагедыя для дзiцяцi, якое робiць сябру труну i хавае яго ў садку. У вершы «Спатканне i знаёмства» паэт паказвае сварлiвае знаёмства Грышкi са сваiм равеснiкам Петрусём, якое паступова перарастае ў сяброўства.

Гумарыстычныя сюжэты. У вершы «Грушы-сапяжанкi» браты Костусь i Алесь вырашылi натрэсцi груш у садзе дзядзькi Петруся. Ι пакуль адзiн з хлапчукоў паўзе да дзядзькавай грушы, другi просiць у Бога лiтасцi i дапамогi: «Божа лiтасцiвы / Памажы нам, памажы! / Каб запоўз Алесь шчаслiва / каб натрос ён сапяжанак…». У вершы «Юрка i кот» галоўны герой Юрка за свае дрэнныя паводзiны быў ашуканы коцiкам.

Змітрок Бядуля

Тэматычная разнастайнасць i гуманiстычны пафас апавяданняў i вершаў Змiтрака Бядулi, якiя ўваходзяць у дзiцячае чытанне

У апавяданнях З. Бядулi выразна прасочваюцца 2 кiрункi: 1) тэма загубленага дзяцiнства («Малыя дрывасекi», «Пяць лыжак зацiркi»), у гэтых апавяданнях адчуваецца пратэст пiсьменнiка супраць бязрадаснага дзяцiнства i сацыяльна-грамадскiх умоў, якiя пазбаўляюць дзяцей шчасця; 2) творы, у якiх З. Бядуля iмкнецца пранiкнуць ва ўнутраны свет маленькага чалавека, раскрыць яго псiхалогiю, паказаць яго здольнасцi i таленты («Велiкодныя яйкi», «Дзе канец свету»).

Апавяданне «Пяць лыжак зацiркi» падымае праблему жыцця вёскі. На прыкладзе сям’і хворага Антося i Агаты можна прасачыць становішча большасці сялян. Падзеі адбываюцца вясною, калі па вёсках пануе галадуха. Агаце пашанцавала выенчыць фунт мукi ў суседа i прыгатаванае снеданне стала вялiкiм святам для шчаслiвай у той момант сям’i. Вялiкiм няшчасцем стаў прыход не менш галоднай суседкi Сцёпчыхi, якая з’ела 5 лыжак зацiркi.

Апавяданне «Малыя дрывасекi» падымае праблему масавага абеззямельвання сялян, з-за якой яны вымушаны былі наймацца на лесараспрацоўкі. Галоўныя героi – 2 браты. Старэйшаму Цiшку – 10 гадоў, а меншаму, Халiмону – 8. Бацька iх працаваць не мог, ён быў кульгавы. Ι хлопчыкi вымушаны iсцi ў лес на заробкi. Калi ўзнялася завея, усе дрывасекi разбеглiся па дамам, а Цiшка i Халiмон засталiся, баялiся, каб бацька не наракаў, што зарана прыйшлi з лесу. А калi вырашылi ўсё ж пайсцi, то заблудзiлiся i замерзлi. Яны бачылi сон, у якім збылося iх жаданне, адно на дваiх: «Сядзяць яны за сталом, матка i бацька рады, што яны прыйшлi. Яны пад’елi i на печы паснулi». Аўтар яскрава паказаў, што, выконваючы дарослую працу, псіхалагічна хлопчыкі заставаліся дзецьмі і менавіта таму не вытрымалі і загінулі.

Апавяданне «Велiкодныя яйкi» – галоўны герой Сцяпанка па мянушцы Пяцкун захапляўся маляваннем. Нiхто яго не разумеў. Толькi на Вялiкдзень яму куплялi фарбы i дазвалялi фарбаваць яйкi. Калi загiнуў бацька, то мацi не змагла купiць сыну фарбы. Ι тады хлопчык на велiкодных яйках сваёй крывёю намаляваў партрэт бацькi, забiтага на вайне. Заканчваецца апавяданне аптымiстычнымi спадзяваннямi на лепшую будучыню мастака. Чутку аб дзiўных велiкодных яйках пачулi студэнты з суседняй вёскi i падарылi Сцяпанку скрыначку з рознымi фарбамi. Яны абяцалi яго вучыць i ў горад забраць, гаварылі, што з яго выйдзе вялiкi чалавек.

Апавяданне «Дзе канец свету» адлюстроўвае ўнутраны свет хлопчыка Янкі, які ўвесь час разважае, фантазiруе, захапляецца таямнiцамi навакольнай прыроды. Але больш за ўсё яго хвалюе пытанне: Дзе канец свету? Дарослыя не даюць яму адказа (бацька працуе i яму няма часу, баба Аўдоцця не ведае, дзядзька Арцём смяецца з яго пытанняў). Аднойчы хлопчык вырашае, што сонейка ведае, дзе канец свету, ён пакiдае свой статак гусей i бяжыць услед за iм. Заканчваецца апавяданне тым, што Янка разважае: «Увосенi ў школу пайду, вучыцца буду i аб усiм даведаюся».

У лiрычных творах паказана незвычайна яркая прырода. Паэт апісвае абуджэнне прыроды пасля ночы, зiмы («Вунь бярэзнiк на пагорку»). Вершы лiрычныя, мiлагучныя, напеўныя. Вершы «Мае забавы», «Гаспадарка» абуджаюць фантазiю дзяцей. Сваiмi вершамi З. Бядуля вучыць дзяцей з любоўю, паэтычна глядзець на свет, адчуваць музыкальнасць роднага слова, садзейнiчае развiццю назіральнасцi.

У сваiх творах З. Бядуля закранае пытаннi, якiя хвалююць маленькага чытача i дапамагаюць яму разабрацца ў жыццёвых праблемах.

Большасць казак З. Бядулi створана на аснове фальклорных матываў, пiсьменнiк напаўняў казкi новым зместам i ўзбагачаў iх мастацкiя асаблiвасцi («Ιванка-прастачок» i iнш.).

У казцы «Скарб» галоўны герой наслухаўся дзедавых казак аб багатых скарбах i адпраўляецца iх шукаць у купальскую ноч. У лесе хлопчык сустракаецца з хохлiкам, якi паказвае яму свае падземныя скарбы i знаёмiць са сваёй сям’ёй, дзе кожны заняты сваёй працай. Хлопчык зразумеў, што «матка-зямля мае шмат багацця. Яна шчодрая да тых, хто любiць працаваць». У вобразе хлопчыка Саўкi праяўляюцца тыповыя для яго ўзросту рысы характару (цiкаўнасць, спалох, задзiрыстасць).

У казцы «Мурашка-Палашка» ўзнята тэма калектыўнай працы, неабходнасцi абароны свайго дому. Дабро ў казцы звязана з вобразам Палашкi. Зло – у вобразе мядзведзя. Ён дужы i самаўпэўнены, ён гвалтаўнiк-прыгнятальнiк. Адмоўныя героi i воўк з лiсой, яны прыслужваюць прыгнятальнiку працоўных. Мурашкi працавiтыя, воўк жорсткi, лiса хiтрая.

У аснову сюжэта аповесці-казкі «Сярэбраная табакерка» пакладзена народная казка аб паланеннi палешуком смерцi, якую ён пасадзiў у табакерку, на зямлi перастала гнiць усё жывое. Казка падобна да фальклорнай (жывёлы размаўляюць i дзейнiчаюць як людзi). Адметнасць кампазiцыi казкi заключаецца ў спалучэннi рэалiстычна-бытавога плана з казачна-фантастычным. Першыя старонкi твора гэта рэалiстычная карцiна вячэры звычайнай сям’i зайчыкаў, дзе, акрамя бацькоў, прысутнічае стары дзед. Дзед расказвае гiсторыю аб тым, як апынулася гэта табакерка ў прадзеда сям’i леснiка. I ад iмя дзеда пачынае казку пра смерць, якая трапiла ў табакерку iх далёкага продка Дзiда-дзеда, i што з гэтага атрымалася.

Фантастычны план уключаецца ў дзеянне непасрэдна з апавядання старога казачнiка. Тут адбываюцца дзiвосныя пераўтварэннi i незвычайныя прыгоды з героямi казкi. Дзiда-дзед – заяц, ажывае такая мiстычная iстота, як смерць, сарока ператвараецца ў каралеву Лялю, кардынал Банiфацый пераапранаецца прафесарам Джыованнi Чарэнца, аптэкар Савiцкi стварае мясныя буракi, якiя растуць на градках, i сонныя парашкi, што ўсыпляюць людзей і г.д. Сюжэт аповесцi-казкi пабудаваны на барацьбе памiж Дзiда-дзедам, яго сябрамi (дзяўчынка Люсенька, шавец Юрка Дратва, паляўнiчы Саўка, аптэкар Савiцкi, скамарохi) i памагатымi Смерцi (панi Сарачынская, кароль Пінг-Понг, кардынал Банiфацый, папа Кiй дзясяты). Смерць iмкнецца вырвацца з дзедавай табакеркi.

Пазнавальна-выхаваўчае значэнне аповесцi-казкi «Сярэбраная табакерка» ў тым, што ў творы ярка i вобразна паказана чалавечае жыццё i адносiны памiж людзьмi, створаны незабыўныя малюнкi роднай прыроды, якiя выхоўваюць патрыятычныя i эстэтычныя пачуцці ў чалавеку.

8. Янка Маўр

Напiсаны ў 20-я гады апавяданнi пра далёкiя краiны: «Слёзы Тубi», «Незвычайная прынада», «Лацаронi» i iнш.

Апавяданне «Слёзы Тубi» трагiчнае. Сюжэт гэтага твора Я. Маўру падказала легенда (жэмчуг – гэта скамянелыя божыя слёзы). Герой – хлопчык Тубi з вострава Цэйлон. Тубi – маленькi шукальнiк жэмчугу, ён быў уважлiвым да бацькоў i таварышаў, любiў мора. У апавяданнi жэмчуг асацыiруецца са слязамі пакутнiкаў, якiя для багатых белых паноў ныраюць за тымi чарапашкамi аж на дно мора. Тубі з 12 гадоў, каб пракарміць сям’ю, вымушаны ныраць у марскiя глыбiнi па дзiвосныя жамчужыны. Тубi з’ела акула. Акулу злавiлi, разрэзалi ёй бруха i там знайшлi беднага Тубi з яго кошыкам. Жамчужыну ацанiлi ў 50 000 рупiй, таму мацi заплацiлi за ўвесь месяц i дадалі яшчэ 100 рупiй. Кульмінацыйным з’яўляецца момант, калі супрацьпастаўляюцца жыццё чалавека і прага да грошай. 

Апавяданне «Незвычайная прынада» таксама трагiчнае. Супрацьпастаўляюцца ўмовы жыцця простых людзей і каланізатараў. Ιндыя была ў той час англiйскай калонiяй. Мiстэр Блэнсдорф i Гопкiнс выкарысталi ў якасцi прынады пры паляванні на кракадзiлаў дзяцей. Голад прымушаў простых людзей рызыкаваць жыццём сваіх дзяцей. Асан спачатку абурыўся такой прапанове, але… калi не скарыстаць гэты выпадак, то ўсё роўна загiне сын, ды i яны ўсе разам. Жонцы ён нiчога не сказаў. Асан прывёў свайго 10-гадовага сына Сiдры (сярод 8 дзяцей) у якасці прынады для кракадзiлаў. Яму абяцалi, што з хлопчыкам нiчога дрэннага не здарыцца, аднак здарылася нечаканае, i хлопчык застаўся калекам, страцiў нагу. За гэту нагу сям’я кармiлася некалькi месяцаў. А потым зажылi як раней.

Апавяданне «Лацаронi» паказвае два Неапалі: уладкаваны і беспрытульны. Галоўны герой, хлопчык Джузэпе, ловiць манеткi, якiя паны кiдаюць у ваду. Аўтар паказвае адваротны бок прыгажосці горада, таксама падымаецца праблема фашызму.

Аповесці Янкi Маўра «Чалавек iдзе», «У краiне райскай птушкi», «Сын вады»

У аповесці «Чалавек ідзе» Я. Маўр зазірнуў у глыбіні стагоддзяў, звярнуўся да жыцця першабытнага чалавека на той стадыі яго развіцця, калі чалавек толькі станавіўся на ногі, нічога яшчэ не ўмеў, не вырабляў прылад, не ствараў новых рэчаў, а толькі вучыўся карыстацца гатовымі, прыроднымі, не валодаў агнём, не ўмеў ні смяяцца, ні плакаць, ні гаварыць. У аснову сюжэта аповесці пакладзены сам працэс развіцця чалавека. Аўтар фіксуе ўвагу на найбольш драматычных, напружаных момантах жыцця: смерць старога дзядулі, жанчыны з дзіцем, выратаванне чалавека з багны, авалоданне вялікай сілай прыроды – агнём, з якім звязваецца радасць і гора першабытнага чалавека. З'яўляюцца ў аповесці і дзеючыя асобы – Краг, дзяўчына Агу, хлопчык Ра, хоць у той час чалавек, член гурту, яшчэ не вылучаў сябе з навакольнай прыроды і асяроддзя. Для абвастрэння чытацкай увагі аўтар выкарыстоўвае элементы прыгодніцтва, таямнічыя і загадкавыя загалоўкі раздзелаў, казачны зачын, які надае апісанню каларыт сівой даўніны: «Гэта было даўно-даўно... Можа мільён гадоў назад».

У аповесці «У краіне райскай птушкі» дзеянне адбываецца на Новай Гвінеі, на тых астравах Ціхага акіяна, на якіх пабываў выдатны падарожнік і вучоны Міклуха-Маклай, апантаны заступнік мясцовых жыхароў-папуасаў. Аповесць пабудавана на адкрыта сацыяльным канфлікце дзвюх варагуючых сіл – падняволеных і гаспадароў-каланізаратаў. Вобраз 22-гадовага папуаса-мiсiянера Саку – разважлiвага, стрыманага, высакароднага. Ён хлопчыкам трапiў у мiсiянерскую школу. Ён шчыра паверыў у хрысцiянскую iдэю ўсеагульнай любовi i даравання, стаў самаадданым прапаведнiкам яе, вучыў сваiх братоў-папуасаў паслухмянасцi, заклiкаў iх шанаваць i любiць белых паноў. Аднак ён усё ж пераканаўся, што самi каланiзатары груба парушаюць святыя запаветы хрысцiянства. Ιх жорсткасць, бесчалавечнасць бязмежныя.

Аповесць «Сын вады». Дзеянне адбываецца вельмi далёка, ля берагоў Вогненай Зямлi ў Магеланавай пратоцы. Там на лодках жылi дзецi прыроды – фуiджынцы. Галоўны герой 19-цi гадовы сын вады Манг – смелы, дужы, спрытны, які хацеў пра ўсё даведацца. Асаблiва цiкавiлi яго белыя людзi, што зрэдку праязджалi. Ι вось Манг вырашыў вырвацца ў шырокi свет. У час буры ён выратаваў ад смерцi англiйскую арыстакратку мiс Грэт, i назваў яе белай птушкай. Ιх узаемаадносiны заснаваны на прынцыпе эмацыйнага кантрасту. Але Манг увесь час заставаўся шчырым, гатовым у любы час на самаахвярнасць дзеля «белай птушкi». Мiс Грэт спачатку баялася дзiкуна, а потым пачала адносiцца да яго як да слугi. Яна ўзяла Манга з сабой, але хутка забылася пра яго, i Манг апынуўся сярод тысяч беспрацоўных. Вобраз Манга садзейнiчае выхаванню ў чытача дабрынi, спагады, павагi да iншых народаў.

Спасцiжэнне дзiцячай душы ў псiхалагiчных эцюдах i апавяданнях пра Вялiкую Айчынную вайну («Шчасце», «Бярозавы конь», «Максiмка», «Дом пры дарозе», «Завошта» i iнш.)

Апавяданне «Бярозавы конь» (1938). Раскрыта казачная здольнасць дзiцячай фантазii ператварыць бярозавы дубчык у iмклiвага каня. Як на сапраўдным канi гарцуе Толя (6 г.)

Апавяданне «Завошта?» (1944). Аўтар дасягае агульначалавечага асэнсавання ў гэтым апавяданнi: людзi неарыйскага паходжання не вiнаватыя ў тым, што паводле фашысцкай iдэалогii лiчацца за народ нiжэйшага гатунку. Малы Мiхаська не зусiм разумеў трагiчнасць сiтуацыi, ён верыў, што мама абаронiць яго ад усiх бедаў, як гэта было i раней. Я. Маўр перадае адчуваннi дзяцей: хлопчык не можа зразумець, чаму ён павiнен адмовiцца ад роднага чалавека. Таму i не вытрымлiвае пры арышце мацi, кiдаецца да яе, у вынiку гiне разам з ёй у гета.

Апавяданне «Дом пры дарозе» (1945). Васiлёк разам з мацi апынуўся на працоўнай катарзе ў мясцовага прускага баўэра. Старэйшыя з сям’i баўэра i малы Макс адносяцца да Васiлька, як да рэчы, цацкi. Прынiжэнне i здзек панавалi, пакуль не пачало наблiжацца савецкае войска. Нi маці Васiлька Арына, нi настаўнiца, якая таксама апынулася разам з iмi, не помсцяць за здзекі i крыўды сваiм гаспадарам.

Апавяданне «Шчасце». Радасцю поўняцца сэрцы герояў апавядання: дарослы i хлопчык 8 г. Яны сустрэлiся на мосце. Дарослы бачыў, што хлопчык быў радасны, але гэту радасць ён зразумеў па-свойму. Аказалася, што добры настрой хлопчыка тлумачыўся не толькi хараством i пяшчотай летняга дня, а на галаве ў яго была новая шапка. Хлопчыку вельмi хацелася, каб дарослы заўважыў тую шапку. А ён не бачыў, бо для дарослага новая рэч – справа такая звычайная. Хлопчык не вытрымаў. З крыўдай, папрокам прагучаў яго крык: «Дзядзя! Шапка!» Ι даросламу адразу ўсё стала зразумела, i ён паспяшыўся выправiць памылку. Эцюд заканчваецца тым, што шчаслiвыя героi «разышлiся кожны сваiм шляхам».

Апавяданне «Максiмка» (1946) Герой Максімка – ахвяра вайны. Пісьменнiк звяртае ўвагу, што грамадства павiнна клапацiцца пра сiрот, а найлепш гэта можа адлюстравацца ва ўсынаўленнi такiх дзяцей, каб даць iм сям’ю, замянiць загiнуўшых бацькоў. Максiмка ўспрымае афiцэра сваiм бацькам. Дарослыя не могуць знiшчыць даверлiвасцi дзiцяцi i прымаюць рашэнне аб усынаўленнi.

Апавяданне «Падарожжа вакол дома». (1947) Ιрачцы крыху больш за 1 г. Аўтар расказвае, што гэта той узрост, калi пачынаецца актыўны працэс пазнання дзецьмi навакольнага, калi да ўсяго мiжволi цягнуцца дзiцячыя ручкi, хочацца ўсё паглядзець, а калi магчыма, дык i пакаштаваць. Ιрынка паспрабавала на смак кавалачак бялюткай шкарлупкi ад яйка. Рэч цудоўная, а на смак нiчога добрага, ды яшчэ ў роце колецца. Давялося выплюнуць. Потым у ручках аказалася саломiнка. Паспрабавала ёю пясок капаць, а саломiнка зламалася. Потым Ιрынка пераключылася на «добры каменчык», а потым на жалезны крук. На кожным кроку – новая загадка i адкрыццё. Таму падарожжа маленькай Ιрачкi вакол дома дало ёй столькi ўражанняў, колькi не кожны дарослы вынес бы з падарожжа вакол свету.

У апавяданні «Запiска» раскрываецца тэма загубленага дзяцiнства, у iм ушаноўваецца памяць 13-гадовага беларускага пiянера-героя Алёшы Патапчыка. У аснове яго сапраўдны факт i iмя. 

Значэнне творчасці Янкі Маўра:

1. з прыходам пісьменніка ў літаратуру дзіцячая літратура выходзіць на самастойны шлях развіцця,

2. заснавальнік навукова-пазнавальнай аповесці,

3. першы пачаў пісаць пра замежныя краіны,

4. заснавальнік прыгодніцкай аповесці,

5. заснавальнік школьнай аповесці,

6. пашырыў жанрава-тэматычныя абсягі беларускай дзіцячай літаратуры.

 


Поделиться:



Последнее изменение этой страницы: 2019-03-31; Просмотров: 5171; Нарушение авторского права страницы


lektsia.com 2007 - 2024 год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! (0.096 с.)
Главная | Случайная страница | Обратная связь