Архитектура Аудит Военная наука Иностранные языки Медицина Металлургия Метрология
Образование Политология Производство Психология Стандартизация Технологии


Сучасны стан стылістыкі як лінгвістычнай дысцыпліны



4. Асноўныя напрамкі стылістычных даследаванняў. На сучасным этапе стылістыка разглядаецца як лінгвістычная навука, што вывучае сродкі моўнай выразнасці і заканамернасці іх функцыяніравання, абумоўленыя найбольш мэтазгодным і мэтанакіраваным выкарыстаннем у залежнасці ад зместу выказвання, мэтаў, сітуацыі і сацыяльнай сферы зносін.

У межах стылістыкі гістарычна склаліся і развіваюцца тры асноўныя напрамкі: 1) стылістыка мовы, або «стылістыка рэсурсаў». Гэта найбольш традыцыйны напрамак, які займаецца апісаннем і характарыстыкай стылістычна афарбаваных (маркіраваных) сродкаў мовы, выяўленчых магчымасцей і семантыка-функцыянальных адценняў слоў, форм і канструкцый. Цэнтральны аб'ект гэтай стылістыкі — сінанімія моўных сродкаў у шырокім значэнні дадзенага паняцця; 2) стылістыка маўлення, або функ­циональная стылістыка. Гэта адзін з цэнтральных і вельмі перспектыўных напрамкаў сучаснай стылістыкі. Даследуюцца заканамернасці функцыяніравання мовы ў розных сферах зносін. У яе задачы ўваходзіць вывучэнне рэалізацыі патэнцыяльных стылістычных магчымасцей мовы ў залежнасці ад мэтаў і задач зносін, ад характару, зме­сту і жанравых форм выказвання; 3) стылістыка мастацкай літаратуры, якая вывучае асаблівасці функцыяніравання мовы ў творах слоўнага мастацтва і пытанні індывідуальнага стылю мастакоў слова.

Першыя два напрамкі аб'ядноўваюцца тэрмінам «лінгвастылістыка», трэці лічыцца аб'ектам «літаратуразнаўчай стылістыкі».

У 70-я гады ў галіне стылістычных даследаванняў з'явіліся два новых напрамкі семіятычнага плана — стылістыка тэксту і стылістыка ўспрымання (дэкадзіравання). Найбольш прадуктыўна развіваецца зараз стылістыка тэксту. З'яўляючыся састаўной часткай стылістыкі маўлення (функцыянальнай стылістыкі), стылістыка тэксту разглядае складаныя моўна-стылістычныя струк­туры, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе камунікацыі для выражэння пэўнага зместу. Яна заклікана ў першую чаргу садзейнічаць поўнаму і глыбокаму разумению моўнага твора. У адрозненне ад стылістыкі мовы стылістыка тэксту звяртае асаблівую ўвагу гіе толькі і нават не столькі на моўныя факты самі па сабе, а пераважна на спосабы іх арганізацыі, іх сувязі ў межах пэўнага тэксту. Пры такім стылістычным аналізе ў цэнтр увагі ставяцца структурныя прынцыпы тэксту, прыёмы яго арганізацыі. Гэта асабліва важна пры аналізе твораў мастацкай літаратуры і публіцыстыкі.

Пад стылістыкай дэкадзіравання (стылістыкай успрымання) разумеецца напрамак стылістычных даследаванняў, які разглядае спосабы тлумачэння мастацкага тэксту на аснове аналізу структуры самога тэксту і ўзаемаад-носін яго састаўных частак. Тэрмін «стылістыка дэкадзіравання» быў прапанаваны амерыканскім філолагам Майклам Рыфатэрам. Зыходзячы з пазіцый тэорыі інфармацыі, стылістыка дэкадзіравання абгрунтоўвае свае метадалагічныя прынцыпы наступным чынам. У працэсе зносін чалавек адбірае некаторыя элементы інфармацыі, перапрацоўвае, кадзіруе і перадае іншым людзям, карыстаючыся якім-небудзь каналам сувязі. Адпаведна і пісь-меннік адбірае тое, што здаецца яму асабліва важным і што ён хоча перадаць чытачам, кадзіруе гэту інфармацыю ў выглядзе вобразаў пры дапамозе моўных сродкаў і стварае мастацкі твор. Задача даследчыка (і чытача)— правільна ўспрыняць твор на аснове ведання кода і прынцыпаў кадзіравання, якімі карыстаецца аўтар.

5. Стылістыка лінгвістычная і стылістыка літаратуразнаўчая.

Некаторыя філолагі лічаць, што павінна быць адзіная, сінкрэтычная стылістыка, якая ахоплівала б усе стылі літаратурнай мовы. Такая стылістыка павінна быць створана агульнымі намаганнямі мовазнаўцаў і літаратуразнаўцаў. У свой час такога погляду трымаўся вядомы аўстрыйскі стыліст Леа Шпіцэр, які заяўляў, што пры камбінаванні літаратуразнаўчага і лінгвістычнага даследавання «ў канчатковым рахунку не мае значэння, з'явілася якое-небудзь назіранне першапачаткова з таго ці іншага боку... Навошта нам зноў раз'ядноўваць варожых братоў, якія толькі што памірыліся з такой цяжкасцю»

Прыхільнікамі аб'яднанай стылістыкі з'яўляюцца А. I. Яфімаў, П. Р. Пуставойт, Э. Г. Рызель, А. В. Сцяпанаў, М. Д. Кузнец, Ю. М. Скрабнёў, Р. В. Шкраба, А. С. Яскевіч і іншыя вучоныя. «Стылістыка адзіная як у адносінах аб'еета вывучэння, так і задач,— піша А. I. Яфімаў,— выдзяленне ж з яе і супрацьпастаўленне дзвюх стылістык штучнае і гістарычна не апраўдана». «Лінгвістычная стылістыка не толькі павінна смялей заходзіць ва ўладанні літаратуры, а наогул аб'яднацца з літаратуразнаўчай стылістыкай, бо паасобку кожная з іх пачынае заходзіць у тупік, не паспеўшы развіцца»,— адзначае А. С. Яскевіч. Аднак у апошні час усё больш настойліва выказваецца думка аб размежаванні дзвюх стылістык — лінгвістычнай і літаратуразнаўчай.

Лінгвіст і літаратуразнаўца, якія займаюцца стылем, вядома, даследуюць адзін аб'ект — мову. Таму і ўзнікае ілюзія агульнасці прадмета вывучэння і задач даследавання. Але ў тым і справа, што прадметы вывучэння лінгвіста і літаратуразнаўцы супадаць не могуць. Аб'ект вывучэння і прадмет вывучэння — гэта не адно і тое ж. Аб'ект вывучэння — гэта матэрыял, які даследуецца; прадмет вывучэння — гэта аспект вывучэння, даследаванне таго ці іншага матэрыялу (аб'екта) з пэўнага пункту гледжання.

Большасць сучасных даследчыкаў, аднаўляючы лепшыя традыцыі рускай філалогіі XIX ст., адносяць стылістыку мастацкай літаратуры да літаратуразнаўства, да агульнай тэорыі літаратуры і эстэтыкі слова, г. зн. раз-мяжоўваюць сферы лінгвістычнай і літаратуразнаўчай стылістыкі (В. У. Вінаградаў, В. М. Жырмунскі, А. М. Сакалоў, Д. С. Ліхачоў і інш.). 3 зарубежных лінгвістаў думку аб неабходнасці размежавання дзвюх стылі-стык найбольш паслядоўна праводзяць Л. Долежал і К. Гаўсенблас.

Такім чынам, лінгвістычная і літаратуразнаўчая стылістыкі адрозніваюцца як аб'ёмам вывучаемага матэрыялу (аб'екта), так і падыходам да вывучэння гэтага матэрыя­лу. «Асноўным, зыходным палажэннем для размежа­вання двух напрамкаў стылістыкі (або дзвюх стылістык)...— піша М. М. Кожына,— павінна быць вызначэнне мовы як з'явы грамадскай у адрозненне ад індыві-дуальнай яе праявы» .

Лінгвістычная стылістыка вывучае ўсю агульнанацыянальную літаратурную мову — усе яе стылі, формы і тыпы, уключаючы і мову мастацкай літаратуры. Аналізуючы моўныя факты ў іх суадносінах з агульнанацыянальнай нормай, лінгвістычная стылістыка выяўляе раз-настайныя магчымасці арганізацыі маўлення ў залежнасці ад абстаноўкі, мэты і зместу выказвання.

Літаратуразнаўчая стылістыка вывучае толькі мову літаратурна-мастацкага твора ў яе суадносінах з вобразнай структурай і ідэйна-тэматычным зместам твора. Мова мастацкай літаратуры можа быць аб'ектам выву­чэння і лінгвістычнай стылістыкі і літаратуразнаўчай, але сферы дзеяння абедзвюх стылістык у дадзеным выпадку строга размежаваны. Літаратуразнаўчая стылістыка аналізуе мову мастацкай літаратуры як эстэтычную катэгорыю, як асноўны матэрыял «слоўнага мастацтва». Слова разглядаецца тут як галоўны сродак стварэння вобраза, як сродак увасаблення мастацкай задумы аўтара. Такі аналіз мовы мастацкай літаратуры вымагае ведання норм літаратурнай мовы, тэндэнцый іх развіцця. Агульналітаратурная норма — гэта тая мерка, без якой немагчыма правільна зразумець і ацаніць мастацкую своеасаблівасць мовы літаратуры.

Такім чынам, лінгвіст і літаратуразнаўца вывучаюць мову мастацкай літаратуры з розных пунктаў гледжання, у розных аспектах. Разам з тым літаратуразнаўца павінен ведаць мовазнаўства, а лінгвіст, які вывучае мову мастацкай літаратуры, павінен ведаць літаратуразнаўства. Гэта тым больш зразумела, што літаратурна-мастацкі твор уяўляе сабой, з аднаго боку, помнік літаратурнай мовы, з другога — помнік слоўнага мастацтва.

У поглядах на задачы лінгвістычнай стылістыкі сярод мовазнаўцаў няма агульнага пункту гледжання. Некаторыя даследчыкі абмяжоўваюць задачы лінгвастылістыкі толькі вывучэннем моўных з'яў з боку дадатковых эма-цыянальна-экспрэсіўных адценняў, якія накладваюцца на іх сэнсавы змест, семантыку. Такой думкі прытрымліваліся Ш. Балі, В. Порцыг, X. Касарэс, А. Сэшээ. 3 рускіх даследчыкаў да іх далучаюцца/ М. Д. Кузнец, Ю. М. Скрабнёў, В. С. Ахманава і інш. «Вызначэнне стылістыкі як навукі аб тых элементах мовы, якія далучаюцца да ўласнага выражэння думкі, суправаджаюць уласна семантычны змест выказвання, г. зн. навукі аб рознага роду экспрэсіўна-эмацыянальна-ацэначных момантах у мове, з'яўляецца правільным»,— піша В. С. Ах­манава. Аднак такое вызначэнне вельмі вузкае. Сучасная лінгвістычная стылістыка сваім предметам лічыць шырокія і рознабаковыя моўныя з'явы, што выходзяць сваім зместам далека за межы экспрэсіўнага «ўпрыгожвання» тэксту.

Пад лінгвістычнай стылістыкай трэба разумець раздзел мовазнаўства, які «займаецца вывучэннем стылістычна-спецыялізаваных моўных сродкаў для спецыфічнага моўнага вуснага або пісьмовага выражэння розныхвідаў 1 форм чалавечай дзейнасці ў розных сферах грамадскага жыцця». Сучасная лінгвістычная стылістыка вывучае: 1) стылістычную афарбоўку моўных сродкаў — функцыянальна-моўную і эмацыянальна-экспрэсіўную; 2) формы і тыпы (стылі) маўлення; 3) выяўленчыя сродкі мовы (тропы, фігуры); 4) суадноснасць сродкаў выражэння са зместам і жанрам выказвання; 5) сінаніміку ў самым шырокім аб'ёме і значэнні.

 

6. Стылістыка мовы і стылістыка маўлення. Ідэю размежавання мовы і маўлення, якую цяпер прызнаюць амаль усе лінгвісты, упершыню развіў вядомы швейцарскі лінгвіст, зачынальнік структуралізму Ф. дэ Сасюр. Ен вызначыў тры аб'екты лінгвістычных даследаванняў: мову (langua) як сацыяльную з'яву; маўленне (parole) як індывідуальную з'яву; моўную дзейнасць (langage), якая адрознівае чалавека ад астатняга свету.

У савецкім мовазнаўстве пытанне аб узаемадзеянні мовы і маўлення атрымала глыбокае асвятленне ў працах Л. У. Шчэрбы, В. В. Валошынава, А. I. Смірніцкага, А. М. Гвоздзева, У. А. Звегінцава, В. У. Вінаградава, А. А. Лявонцьева і іншых вучоных, якія прызнаюць дыялектычнае адзінства мовы і маўлення. З'явы гэтыя адзіныя, але не тоесныя.

Мова — гэта сукупнасць і сістэма моўных адзінак, якія існуюць як аб'ектыўная рэальнасць. Калі б моўныя адзінкі і катэгорыі не былі аб'ектыўнай рэальнасцю, нельга было б ужываць іх кожны раз для выражэння новага зместу і для новай будовы маўлення. Існуюць, напрыклад, так званыя «мёртвыя» мовы — старабеларуская, стараславянская, лацінская і інш., якімі зараз не карыстаюцца, і ўсё ж сістэмы іх ёсць і дагэтуль вывучаюцца як аб'ектыўная рэальнасць, дадзеная нам у абстракцыі.

Іншая справа — маўленне. Гэта — функцыяніраванне мовы, ужыванне яе людзьмі ў працэсе зносін, камунікацыі. Маўленне — арганізаваны па законах мовы паслядоўны ланцуг моўных адзінак, які служыць для выражэння пэў-нага зместу.

Такім чынам, мова — сістэма фанетычных, граматычных, лексічных, стылістычных адзінак у патэнцыі, у іх схаваных магчымасцях, маўленне — тыя ж элементы мовы ў дзеянні, у дынаміцы, у канкрэтным іх ужытку. Інакш кажучы, мова — гэта сродак зносін, а маўленне — працэс зносін.

Паміж моваю і маўленнем існуе двухбаковая дыялектычная сувязь.

Усё, што ёсць у мове, можа ўжывацца як факт маўлення, але не ўсё, што ёсць у маўленні, можа стаць фактам мовы; асобныя з'явы маўлення могуць «знікнуць» ужо на ўзроўні маўлення. Так, напрыклад, многія індывідуальна-аўтарскія неалагізмы ўтвараюцца на падставе ўнутраных патэнцыяльных магчымасцей мовы, г. зн. па аб'ектыўна існуючых у мове мадэлях. Але яны застаюцца толькі фактам маўлення, фактам адзінкавай, канкрэтнай праявы і не ўваходзяць у агульную сістэму нацыянальнай мовы, напрыклад: Што ні дзень — сандзень. Можна й пасандзеніцца! (Р. Б.)

Прадстаўнікі структурнай лінгвістыкі лічаць мову пэўнай абстрактнай сістэмай, сістэмай «чыстых, унутраных адносін», сістэмай «іманентных суадносін». На думку структуралістаў, мова — «чысты канструкт», пазбаўлены ўсякай семантычнай напоўненасці. У асобных выпадках мова, вядома, можа быць зведзена да нейкай мадэлі, г. зн. абстрагавана і прадстаўлена як нейкая самастойная сутнасць. 3 пэўнымі мэтамі мадэляванне мовы апраўданае і нават неабходнае. Але такая абстракцыя мовы не дае магчымасці поўнасцю адлюстраваць яе аб'ектыўную спецыфіку і ўяўляецца нам аднабаковай. Многія моўныя з'явы не паддаюцца мадэляванню, кадзіраванню, таму што яны заснаваны не на фармальных, а на семантычных прыметах. Мова — з'ява шматпланавая і шматаспектная. Таму спроба структуралістаў адарваць мову ад яе носьбітаў, ад змястоўнага ўзроўню выклікае ў апошні час усё больш рашучае пярэчанне, расцэньваецца як звы-чайны фармалізм .

Гаворачы пра маўленне, пра яго канкрэтныя праявы, часта ўжываюць паняцці «моўны жанр», «жанр маўлення, «твор маўлення», «кампазіцыйны тып маўлення» і інш. Гэтыя лінгвістычныя паняцці нельга блытаць з літа-ратуразнаўчымі паняццямі «літаратурны жанр», «газетны жанр», «жанр паэзіі» і падобнымі; яны належаць да розных філалагічных планаў, хоць часта і суадносяцца паміж сабою . У паняцце «маўленне», адзначае В. У. Вінаградаў, павінны ўключацца не толькі асобныя кантэксты, канкрэтныя «творы» маўлення, а перш за ўсё «нейкія кампазіцыйныя сістэмы ў коле асноўных жанраў або канструкцыйных разнавіднасцей грамадскага маўлення».

Мова і маўленне знаходзяцца паміж сабою ў складаных узаемаадносінах, якія не вычэрпваюцца толькі адносінамі паміж агульным і прыватным, сутнасцю і з'явай. Некаторыя сучасныя даследчыкі знаходзяць паміж мовай і маўленнем больш істотнае, якаснае адрозненне: у маўленні мацней выяўляецца сувязь мовы і мыслення, бо маўленне ў процівагу мове «заўсёды мэтанакіраванае і сітуацыйна прывязанае». Часам, як адзначае У. А. Зве-гінцаў, «з пункту гледжання «сэнсу» тое, што з'яўляецца «правільным» і, такім чынам, асэнсаваным для мовы, з'яўляецца памылковым і, такім чынам, бяссэнсавым для маўлення. Так, выказванне «Я пайду сёння ў кіно», бяс-спрэчнае ў моўных адносінах, аказваецца цалкам бяссэн­савым у маўленні, калі яно з'яўляецца адказам на пытанне «Які горад з'яўляецца сталіцай Грузіі?». Аднак асноўным, цэнтральным ва ўзаемасувязі мовы і маўлення ўсё ж застаецца той факт, што мова і маўленне не ўтвараюць нейкіх асобных сфер, а часцей за ўсё выражаюць адну і тую ж з'яву, якая ў выніку свайго дыялектычнага двуадзінства вывучаецца з розных пунктаў гледжання.

Калі падысці з гэтых пазіцый да пытання аб тым, што такое стыль (факт мовы ці факт маўлення?), то можна зрабіць вывад, што гэта адначасова і факт мовы, і факт маўлення. Таму імкненне некаторых даследчыкаў супраць-паставіць стылістыку мовы і стылістыку маўлення як дзве асобныя лінгвістычныя дысцыпліны здаецца спрэчным і малаабгрунтаваным. Сапраўды, цяжка, напрыклад, вызначыць істотную розніцу паміж навуковым стылем мовы і навуковым стылем маўлення. Даследчыкі толькі адзначаюць як недахоп блытаніну тэрмінаў «стыль мовы» і «стыль маўлення», аднак нават у апошніх даследаваннях па стылістыцы ў пытанні аб тым, што такое «стыль мовы» І «стыль маўлення», няма яснасці і дакладнасці.

7. Стылістычная афарбоўка моўных адзінак. Большасці моўных адзінак уласціва акрамя асноўнага, прадметна-лагічнага значэння тая ці іншая стылістычная афарбоўка, танальнасць, якую прынята цяпер называць тэрмінам канатацыя (ад лац. con — разам, notare — адзначаць). Стылістычная канатацыя — адно з централь­ных паняццяў стылістыкі. Пад ёю разумеюцца дадатковыя да прадметналагічнага і граматычнага значэнняў эмацыянальна-экспрэсіўныя або функцыянальныя асаблівасці семантыкі, якія «абмяжоўваюць магчымасці ўжывання гэтай адзінкі пэўнымі сферамі і ўмовамі зносін і тым са­мым нясуць стылістычную інфармацыю».

Звычайна адрозніваюць два віды стылістычных афарбовак (канатацый): 1) эмацыянальна-экспрэсіўную і 2) функцыянальна-стылістычную.

Эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка — гэта такія дадатковыя якасці моўных адзінак, якія накладваюцца на іх прадметналагічнае значэнне. Звычайна вылучаюць тры разнавіднасці эмацыянальна-экспрэсіўных афарбо-вак. Да першай з іх адносяцца словы і выразы, само значэнне якіх утрымлівае элемент ацэнкі. Функцыя чыста намінатыўная ўскладняецца тут ацэначнасцю, адносінамі аўтара. Так, напрыклад, словы разява, лайдак, гарладзёр, пустабрэх, мазіла, валадар, усемагутны ўжо самі па сабе, у сваёй семантыцы нясуць эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку. Словы гэтай групы звычайна адназначныя, ярка выражаная адмоўная або станоўчая экспрэсія не дае магчымасці ўжываць іх у іншых значэннях. Да другой групы адносяцца мнагазначныя словы, якія ў сваім прамым значэнні стылістычна нейтральныя. Так, напрыклад, пра чалавека гавораць мядзведзь, дуб, варона, слон, арол; у пераносным, метафарычным значэнні ўжываюцца дзеясловы піліць, грызці, капаць, міргаць і інш. Трэцюю групу складаюць словы, у якіх стылістычная канатацыя дасягаецца афіксацыяй, звычайна суфіксамі: мамуся, бабуля, галубок, сонейка, кветачка.

Функцыянальна-стылістычная афарбоўка моўных сродкаў адлюстроўвае іх прыналежнасць да пэўнай сферы маўлення — стылю, тыпу або формы маўлення. Вылучаюцца агульнаўжывальныя моўныя адзінкі і моўныя адзінкі функцыянальна абмежаванага выкарыстання.

Першыя свабодна ўжываюцца ва ўсіх стылях, тыпах або формах маўлення, другія — абмежавана, параўн.: вывучаць — даследаваць, прымета — сімптом, недахоп — дэфіцыт, карніз — гзымс. Лексічныя значэнні ў кожнай пары амаль аднолькавыя, але першыя (вывучаць, прымета, недахоп, карніз) могуць выкарыстоўвацца ва ўсіх стылях, а другія — у навуковым, афіцыйна-дзелавым або размоўным.

Моўныя сродкі функцыянальна абмежаванага ўжывання падзяляюцца на тыя ці іншыя групы ў залежнасці ад іх выкарыстання ў пэўнай сферы маўлення: паэтычныя, афіцыйна-дзелавыя, публіцыстычныя, тэхнічныя, спецыяльныя і інш.

Такім чынам, экспрэсіўна-эмацыянальныя моўныя сродкі супрацьпастаўлены нейтральным моўным сродкам, а функцыянальна-стылістычныя — агульнаўжывальным. Таму тэрмін «нейтральны» трэба адрозніваць ад тэрміна «агульнаўжывальны», або «міжстылявы», «агульнастылявы», г. зн. такі, што ўжываецца ва ўсіх стылях, тыпах і формах маўлення. Так, напрыклад, спецыяльная і тэрміналагічная лексіка нейтральная ў эмацыянальна-экспрэсіўных адносінах, але яна не агульнаўжывальная. Агульнаўжывальныя моўныя сродкі нейтральный таксама ў эмацыянальна-экспрэсіўных адносінах. Да іх адносіцца найбольш ужывальная лексіка, у тым ліку амаль усе службовыя словы, многія граматычныя сродкі.

Эмацыянальна-экспрэсіўная і функцыянальна-стылістычная афарбоўкі моўных сродкаў шчыльна звязаны паміж сабой, прынамсі іх вельмі цяжка бывае аддзяліць адну ад адной, бо яны часта сумяшчаюцца. Так, словы велічны, форум, кагорта, жыццяпіс, дойлід, доблесны, штандар, славуты не толькі маюць эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку ўрачыстасці, узвышанасці; адначасова гэта словы, уласцівыя, як правіла, пісьмовай мове. Вэрхал, змікіціць, вырадак, падхалім, плявузгаць па эмацыянальных якасцях зніжаныя, па стылістычных уласцівасцях яны — прыналежнасць вусна-размоўнага маўлення.

Паміж двума адзначанымі тыпамі стылістычнай афарбоўкі ёсць яшчэ і такая залежнасць: чым ярчэй эмацыя-нальна-экспрэсіўная афарбоўка слова, тым вузейшае кола яго ўжывання, і чым слова менш эмацыянальна-экспрэсіўнае, тым шырэйшая сфера яго ўжывання, параўн.: галава — кумпал, піць — жлукціць.

Найбольш ужывальныя ў мове тыя словы, якія складаюць яе лексічнае ядро. Яны звычайна нейтральныя з эмацыянальна-экспрэсіўнага пункту гледжання і агульна-ўжывальныя — з функцыянальна-стылістычнага.

Частка слоў характарызуецца аботолькі эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкай, або толькі «замацаванасцю» за пэўным стылем, тыпам, формай маўлення, г. зн. функцыянальна-стылістычнай афарбоўкай. Напрыклад, любоў, нянавісць, пагарда — эмацыянальна-экспрэсіўныя словы, але ім не ўласціва функцыянальна-стылістычная афарбоў-ка. Уся тэрміналагічная лексіка мае характэрныя функцыянальна-стылістычныя асаблівасці, але ў эмацыянальна-экспрэсіўных адносінах яна нейтральная.

Функцыянальна-стылістычная афарбоўка слоў абумоўлена самой сістэмай мовы, яе грамадскім характарам, звязана з пастаянным ужываннем слова ў пэўнай сферы маўлення — вуснай ці пісьмовай, у якім-небудзь функцыя-нальным стылі, у дыялекце і г. д. Пастаяннае ўжыванне слова становіцца звычайным, як бы нормай у такой сту­пень што само слова атрымлівае стылістычнае адценне кантэксту, зліваецца з ім і захоўвае гэтыя якасці нават тады, калі яно вырвана з кантэксту. Напрыклад, у сказе Дэфіцыт плацёжнага балансу краін стэрлінгавай зоны значна павялічыўся (з газеты) ужыты словы дэфіцыт, плацёжны баланс, стэрлінгавая зона, характэрныя для дзелавога і публіцыстычнага стыляў, але яны захоўваюць гэту стылістычную афарбоўку і без кантэксту.

Функцыянальна-стылістычная афарбоўка моўнага эле­мента ў звычайным для яго слоўным асяроддзі можа часам і не адчувацца. Аднак у кантэксце, які не ўласцівы гэтаму элементу па сваіх стылістычных якасцях, такая афарбоўка выяўляецца асабліва выразна, напрыклад: 3 лесам,— кажу,— цётачка, цяпер у нас вялікі дыфінц т. Будуйцеся з мясцовых матэрыялаў: з цэглы, з саману (Б.).

Такім чынам, вылучэнне разнавіднасцей мовы і функцыянальных стыляў магчыма менавіта дзякуючы аднароднай стылістычнай афарбоўцы моўных адзінак, якія ўжываюцца ў кожнай канкрэтнай разнавіднасці маўлення. Аднароднасць стылістычнай афарбоўкі моўных сродкаў і з'яўляецца асноўным прынцыпам адбору і выкарыстання іх у тым ці іншым стылі. Стылістычная афарбоўка не залежыць ад кантэксту, яна ўваходзіць у сэнсавую струк­туру адзінак мовы, з'яўляецца такой жа пастаяннай якасцю слоў, як іх значэнне, і таму рэгіструецца ў слоўніках так званымі стылістычнымі паметамі.

Некаторыя сучасныя даследчыкі прапануюць адрозніваць стылістычныя функцыі моўных адзінак як пастаянныя ад стылявых функцый, у якіх яны выступаюць толькі ў спецыфічна арганізаваных кантэкстах. Так, напрыклад, у рускай мове лексіка стараславянскага паходжання гістарычна склалася як сродак стварэння патэтычнай, урачыстай, узвышанай танальнасці (страж, врата, град і інш.). Гэта стылістычная яе функция. Аднак тая ж лексіка выка-рыстоўваецца як сродак іроніі, гумару. Гэта ўжо другасная, стылявая функцыя стараславянізмаў. Шматлікія прафесіяналізмы і тэрміны, якія ў звычайнай для іх стылістычнай абстаноўцы (навуковае, дзелавое маўленне) з'яўляюцца нейтральными, пры ўжыванні ў пераносным значэнні становяцца сродкам сатыры і гумару.

Стылявая функцыя (афарбоўка) магчыма толькі на базе стылістычнай, пастаяннай функцыі і ў стылістычную структуру самого слова не ўваходзіць.   Стылістычная ж функцыя — гэта дадатковае адценне самой моўнай адзінкі, незалежнае ад кантэксту.

У слоўніках літаратурнай мовы стылістычныя паметы характарызуюць іменна пастаянныя функцыі моўных адзінак, выкарыстанне якіх па тых ці іншых прычынах абмежавана. Абмежаванні маюць розны характар і розную падставу. Адны з іх абумоўлены прыналежнасцю слова да тых пластоў лексікі, якія знаходзяцца па-за межамі літаратурнай мовы або стаяць на яе мяжы. Гэта, напрыклад, словы абласныя (у слоўніках пазначаны паметай абл.): валахаты, гайно, кіяхі, кандыба, майткі, панцак, рала, сталюга; прастамоўныя (праст.): плявузгаць, дойла, глюга, валацуга, кірпа і інш. Другія абмежаванні абумоўлены вузка спецыяльным характарам тэрмінаў навукі, тэхнікі, мастацтва і г. д. (у слоўніках — мат., астр., анат., лінгв., гіст., геал., спец. і інш.), трэція тым, што тое ці іншае слова можа быць ужыта толькі ў пэўным стылі літаратурнай мо­вы або мае спецыфічную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку (разм., кніжн., уст., жарт., іран. і г. д.). Часам пры адным слове можа быць не адна, а дзве стылістычныя паметы.

Пытанне аб стылістычных паметах у слоўніках, як і наогул пытанне аб стылістычнай дыферэнцыяцыі сродкаў беларускай мовы, распрацавана вельмі слаба. Нават самі тэрміны і паняцці «размоўны», «прастамоўны» і некаторыя іншыя надзвычай няпэўныя. Таму часам ацэнка таго ці іншага слова з боку яго стылістычнай афарбоўкі мае эмпірычны і нават суб'ектыўны характар, абапіраецца на вельмі хісткае і не зусім надзейнае «моўнае чуццё» складальніка слоўніка. Гэты факт адзначаюць многія даследчыкі беларускай лексікалогіі.

Сярод некаторай часткі людзей распаўсюджана перакананне, што стылістычная памета — гэта свайго роду «табу», забарона ўжываць гэтае слова ў літаратурнай мове. Вось характэрнае разважанне: «У нашых апошніх слоўніках некаторыя звычайныя словы неабгрунтавана адгароджаны ад нас усялякімі засцярогамі накшталт: абласное, прастамоўнае, устарэлае. I сапраўды, калі пасля таго ці іншага слова, якое хацелася б ужыць, стаіць вось такая засцярога, чалавека ахоплівае нейкая баязлівасць, і міжволі пачынаеш шукаць заменніка ці сіноніма, якія часта бываюць куды горшыя». Такі пункт погляду няправільны. Наяўнасць стылістычных памет у слоўніках трэба разглядаць як паказчык развітасці мовы, як сведчанне яе функцыянальна-стылістычнай дыферэнцыяцыі. «Па сутнасці памета, скажам, «абласное» служыць не указанием на нелітаратурнасць слова і поўную забарону яго ўжываць у літаратурным маўленні (як памылкова мяркуе А. Югаў), а, наадварот, дазволам выкарыстоўваць яго, залічэннем яго ў літаратурны канон з нату­ральным функцыянальна-стылістычным абмежаваннем, указанием на сферу рэкамендуемага ўжывання. Ва ўсякім разе, паметы тыпу «абл.», «спец.» — сведчанне таго, што словы, якімі яны суправаджаюцца, натуральна ўжываюцца ў маўленні носьбітаў літаратурнай мовы і нават узор­ных аўтараў».

 

8. Стылістыка і культура маўлення. Межы гэтых лінгвістычных дысцыплін не вызначаны дакладна. Звычайна пад культурай маўлення (арталогіяй) разумеецца пэўная сту­пень валодання нормамі нацыянальнай літаратурнай мо­вы. Аднак у паняцце культуры маўлення часта ўключаецца таксама і ступень валодання выразнымі, экспрэсіўнымі сродкамі мовы, а гэта ўжо, як вядома, кампетэнцыя стылістыкі.

Культура маўлення як тэарэтычная і практычная дысцыпліна немагчыма без дасягненняў стылістыкі; яна абапіраецца на яе вывады, зыходзіць з іх і кіруецца імі. Бо калі мы, напрыклад, гаворым пра культуру маўлення, маем на ўвазе не наогул абстрактнае валоданне мовай, а выкарыстанне яе з улікам абстаноўкі, зместу і мэтаў выказвання, з улікам таго, як камунікатыўныя якасці маўлення праяўляюцца ў тым ці іншым функцыянальным стылі .

Можна адзначыць, што ў стылістыцы і культуры маўлення маецца больш момантаў супольнасці, чым разыходжання. Разам з тым адзначаныя дысцыпліны маюць і свае, чыста спецыфічныя праблемы. Такім спецыфічным для стылістыкі пытаннем з'яўляецца вучэнне аб функцыя-нальных стылях мовы, якім культура мовы спецыяльна не займаецца. Цэнтральная праблема культуры маўлення — праблема граматычнай нормы, г. зн. наколькі ўжыванне моўных сродкаў адпавядае патрабаванням фане-тычнай, арфаграфічнай, сінтаксічнай і г. д. правільнасці маўлення, а таксама пытанне выбару моўнага сродку з улікам таго, наколькі ён адпавядае патрабаванням-якасцям добрага маўлення: дакладнасці, лагічнасці, выразнасці, разнастайнасці, чыстаце, дарэчнасці, сцісласці (лаканічнасці) .

У кампетэнцыю культуры маўлення ўваходзіць шырокае кола пытанняў, звязаных з захоўваннем норм на ўсіх узроўнях мовы, шмат актуальных лінгвасацыялагічных і лінгвапсіхалагічных праблем, такіх як культура мовы і грамадства, сутнасць моўных норм, ступень распаўсюджання той ці іншай моўнай з'явы ў моўнай практыцы народа, шляхі ўздзеяння на моўную практыку, моўная палітыка і інш.

 

9. Тэрміны «культура мовы» і «культура маўлення».

Да гэтага часу ў лінгвістычнай літаратуры ўжываюцца два сінанімічныя тэрміны «культура мовы» і «куль­тура маўлення». Многія даследчыкі лічаць неправамерным выкарыстанне дублетаў і аддаюць перавагу тэрміну «куль­тура маўлення». Яны зыходзяць з таго, што пра мову як «сістэму сістэм» нельга гаварыць — культурная яна ці не культурная, правільная ці няправільная. У дачыненні да мовы звычайна аналізуюцца яе развітасць, багацце і г. д. Адзначаюць таксама і тое, што выкарыстанне тэрміна «культура мовы» можа прывесці да непажаданага і неапраўданага проціпастаўлення — па эстэтычнай значымасці — адных моў (як культурных) другім мовам (як мала культурным) .

Думаецца, што ў дачыненні тэрмінаў «культура мовы» і «культура маўлення» трэба падыходзіць з тых жа пазіцый, што і да ацэнкі паняццяў «стылістыка мовы» і «стылістыка маўлення» (гл. §6). Калі мы ўжываем тэрмін «культура мовы», маем на ўвазе дыялектычнае адзінства мовы — маўлення, разумеючы мову як дынамічную, функцыяніруючую сістэму моўных сродкаў, якія рэалізуюцца ва ўзорных тэкстах пісьменнасці, сведчачы аб патэнцыяльных магчымасцях мовы. Калі мы гаворым «культура маўлення», маем на ўвазе ў першую чаргу захоўванне носьбітамі мовы яе камунікатыўных якасцей у паўсядзённым ужыванні.

Такім чынам знімаецца і праблема проціпастаўлення тэрмінаў «культура мовы» і «культура маўлення».


Поделиться:



Последнее изменение этой страницы: 2019-04-19; Просмотров: 656; Нарушение авторского права страницы


lektsia.com 2007 - 2024 год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! (0.04 с.)
Главная | Случайная страница | Обратная связь