Архитектура Аудит Военная наука Иностранные языки Медицина Металлургия Метрология Образование Политология Производство Психология Стандартизация Технологии |
Тэма 2. Гісторыя міфалогіі як навукі
План лекцыі:
1. Узнікненне міфалогіі як навукі. 2. Асноўныя тэорыі Платона, важныя для фарміравання міфалогіі як навукі. 3. Значэнне Арыстоцеля для міфалогіі як навукі і ў цэлым для філалогіі. 4. Этапы развіцця міфалагічнай навукі. 5. Сучасныя міфалагічныя школы. Леў Талстой некалі гаварыў: “Не тое важна, што Зямля круглая, а важна ведаць, як дайшлі да разумення гэтага”. Інакш кажучы, каб усвядоміць сутнасць з’явы, неабходна ведаць яе генезіс, яе гісторыю. Каб зразумець сэнс і значэнне нейкай навукі, неабходна ведаць гісторыю гэтай навукі. Дарэчы, гэта і важнейшы пастулат міфалогіі: каб зразумець сутнасць рэчы, неабходна ведаць яе паходжанне. Уласна філалогія ўзнікла ў VII ст. да н.э. у Старажытнай Індыі як каментарый да Ведаў – свяшчэнных тэкстаў арыйцаў, што прыйшлі ў Індыю і ў Іран у ІІ тыс. да н.э. Так што філалогія народжана міфалогіяй, лепш сказаць, яны ўзніклі і развіваліся разам. Сучасная заходняя навука мае вытокі ў навуцы Антычнай Грэцыі. Гэта тычыцца і міфалогіі як навукі. Грэчаская міфалогія таму найбольш распрацаваная і прыведзеная ў сістэму (у адрозненне ад славянскай), што ёю займаліся вялікія грэчаскія вучоныя і пісьменнікі, пачынаючы з VІІІ ст.да н.э. (з Гамера і Гесіёда). Яны не толькі збіралі, запісвалі і класіфікавалі міфы, але і стварылі міфалогію як навуку. У многіх антычных працах міфы паўстаюць або як персаніфікацыя прыродных сіл і стыхій (школа сафістаў), або як алегарычныя інтэрпрэтацыі меўшых месца гістарычных падзей (александрыйская школа). Напрыклад, рэальная гістарычная асоба Аляксандр Македонскі быў абагоўлены нават яшчэ пры сваім жыцці. Кітайскія філосафы, і першы з іх – вялікі Канфуцый (VI ст.да н.э.), гэтак жа трактавалі міфы, падыходзячы да іх залішне рацыяналістычна. Затое выключна містычнай паўстае індыйская (арыйская) міфалогія. Яна ж, таксама, як і грэчаская, – выключна багатая і найбольш глыбокая, філасафічная. Вяртаючыся да антычнасці, адзначу самых выдатных філосафаў той эпохі, якія і стварылі, уласна, міфалогію як навуку, – Платона і Арыстоцеля (V-ІV стст.да н.э.). Найбольш важныя тэорыі, вылучаныя Платонам, наступныя: 1. Ідэя аднаго Бога, якога філосаф называў Абсалютнай Ідэяй. Яго паслядоўнікі ўжывалі і іншыя паняцці: Універсальны Розум, Сусветная Душа, Логас. У прынцыпе ідэю адзінага Бога-Універсума, Стваральніка Свету, грэкі пазычылі ў егіпцян. Яшчэ ў ХІV ст. да н.э. егіпецкі фараон-рэфарматар Эхнатон правёў першую ў гісторыю рэлігійную рэформу, замяніўшы шматбожжа, культ 2000 багоў, на ідэю аднаго бога – АТОНА-СОНЦА. Вобраз і ідэя Бога сустракаецца ва ўсіх народаў свету. З Ім, паколькі Ён Творца, звязаны самыя яркія перажыванні людзей, магчымасці разумення сябе і навакольнай рэчаіснасці. А выспяванне такога кшталту ідэі, відаць, звязана з тым, што чалавек інтуітыўна адчуваў кіруючую ролю ў сваім арганізме мозга. Міфалагічны свет – гэта сукупнасць уяўленняў пра нейкую Надрэальнасць, якая кіруе ўсім існым. Яна і ўвасоблена ў ідэі Бога. 2. Ідэя бессмяротнасці чалавечай душы. Але што адбываецца з душою ў іншасвеце – гэта вялікая таямніца антычнай рэлігіі. Яе адкрывалі толькі тым, хто прайшоў праз пэўныя, часам вельмі складаныя, выпрабаванні – ініцыяцыю (таксама адно з важнейшых паняццяў міфалогіі як навукі). Таямнічыя рытуалы, што з’яўляліся ініцыяцыяй, атрымалі назву Элеўсінскіх містэрый. Той, хто прайшоў праз іспыты, пачынаў называцца “містэс” – “містык” (літаральнае значэнне слова – “відушчы”; “той, хто знаходзіць дарогу ў тумане”). Інакш такіх людзей называлі Пасвячонымі. Характэрная іх асаблівасць – яны не баяліся смерці, ведаючы, што іх чакае пасля яе. Праз удзел у Элеўсінскіх містэрыях за паўтары тысячы гадоў прайшлі сотні тысяч людзей, але ніхто не расказаў пра сакрэтныя абрады і веды, атрыманыя ў выніку складаных іспытаў. І толькі Платон, таксама Пасвячоны, у сваіх філасофскіх працах алегарычна, зашыфравана выклаў сэнс пасвячэння ў Элеўсінскія містэрыі. Міфы непарыўна звязаны з містэрыямі, з рытуаламі, з якіх паходзяць усе відовішчныя віды мастацтва (тэатр). Міф як бы тлумачыў абрад, каменціраваў яго. Тлумачэнне міфа геніем, якім з’яўляўся Платон, стала надзвычай глыбокай філасофіяй, якая на працягу вось ужо двух з паловай тысяч гадоў жывіць, насычае філасофскую думку Еўропы і ўсяго свету. 3. Платон адным з першых выклаў міф пра Атлантыду – магчыма, самы вядомы на сённяшні дзень міф чалавецтва, які цесна звязаны з цэнтральным біблейскім міфам, – пра Сусветны Патоп. Сучасныя вучоныя даказалі праўдзівасць як Бібліі, так і Платона: Патоп быў, і нават не адзін! Глабальныя катастрофы ў гісторыі чалавецтва здараліся, як мінімум, чатыры разы. Так, ва ўсялякім разе, сведчаць старажытныя міфы розных народаў. Усепланетныя катаклізмы маглі адбыцца ад розных прычын: узрыва планеты Фаэтон; падыходу блізка да Зямлі планеты Немезіды (у шумераў яна называлася Нібуру), які здараецца раз у 3600 гадоў; сутыкнення з асцяроідам (пра асцяроідную небяспеку для зямлян апошнім часам пачалі пісаць асабліва актыўна); уваходжання Зямлі ў хвост каметы; змены геаграфічных палюсоў, калі наша планета як бы “куляецца”; зруху зямной кары з мяккага подсцілу пад яе – астэнасферы і г.д. Атлантыда загінула ў Х тыс.да н.э. Сёння гэта даказалі некалькі дзясяткаў навук, і толькі акадэмічная філалогія не заўважае выдатных дасягненняў у навуцы ХХ і ХХІ стст. Катастрофа мела фенаменальныя наступствы (загінула ўся матэрыяльная культура, людзей засталося вельмі мала – у гарах). Пачаўся зусім новы перыяд зямной гісторыі. Але гаворачы пра міфы, мы пастаянна будзем звяртацца да дапатопнай эпохі, бо міфы, магчыма, захавалі памяць пра іншы стан зямнога існавання людзей. З Патопам звязаны міфы пра Рай, а таксама дэміургічныя і эсхаталагічныя міфы (інакш кажучы, міфы пра стварэнне свету і пра яго канец). Міф пра Атлантыду Платона стымуляваў развіццё шматлікіх навук. Магчыма, і іншыя міфы маюць пад сабою рэальную аснову. 4. Яшчэ адзін міф Платона стаў хутчэй глабальнай метафарай. Справа ў тым, што Платон адным з першых распрацаваў тэорыю кахання. Выклаў ён яе з дапамогаю міфа пра андрагінаў. Андрагіны – далюдзі, роўныя багам, яны сумяшчалі ў сабе – кожны – мужчынскі і жаночы пачаткі, былі надзвычай разумныя і вельмі хутка развіваліся. Багі, як быццам, спалохаліся канкурэнцыі, і ЗЕЎС рассёк цела кожнага на дзве часткі, перамяшаўшы іх. З таго часу палавінкі шукаюць адна адну і, знайшоўшы, прагнуць зноў да злучэння ў адно цэлае. Сапраўды, каханне, як і мастацтва, міфалагічнае па сваёй сутнасці, па сваёй прыродзе. А ідэю палавінак зафіксавала нават руская мова – у слове “пол”: мужчынскі і жаночы. Сапраўды, мужчына ці жанчына – гэта яшчэ не чалавек: толькі ўдваіх, у пары, у шлюбе, яны ўяўляюць сабою цэласнага чалавека. Іншая справа, што чалавецтва ў працэсе сваёй гісторыі сказіла такую глыбокую, такую важную ідэю. Але чалавек, які па-сапраўднаму кахае, ясна адчувае ў сваім пачуцці, у сваім стане незямны кампанент. Платон якраз па-філасофску сцвердзіў існаванне цудоўнага ў свеце, незямнога, сакральнага – “запредельного”. Сёння ў філасофіі Платона знаходзяць усё большыя глыбіні. Сапраўды, ён распрацаваў фундаментальныя ідэі: Бога, душы, гісторыі Зямлі і паходжання чалавека. Яшчэ адзін геній Антычнасці – Арыстоцель – быў вучнем Платона. Дарэчы, яны заснавалі два тыпы навуковых і вучэбных устаноў, што існуюць і сёння: Платон – Акадэмію, а Арыстоцель – Ліцэй. Арыстоцель быў большым рацыяналістам, чым Платон-містык, шукаў у асноўным зямныя прычыны розных з’яў, хоць і прызнаваў існаванне Вышэйшага Розуму. Праўда, ён не верыў у Атлантыду, сказаўшы вядомую фразу: “З Платонам мы сябры, але ісціна для мяне – даражэй за ўсё”. Важнейшы твор Арыстоцеля ў вобласці філалогіі – “Паэтыка”. Ён і сёння – падмурак літаратуразнаўства. Менавіта Арыстоцель распрацаваў тэорыю родаў, відаў, жанраў, іншых літаратуразнаўчых катэгорый. Тое, што мы лічым сюжэтам, Арыстоцель прама называў міфам: у аснове кожнага твора – міф. Сучасныя даследчыкі згодны з Арыстоцелем: міф – абсалютна натуральны змест мастацкага твора. Не ў сэнсе звычайнай, выкладзенай ў пэўнай сістэме, гісторыі, а ў сэнсе ўнутранай формы тэксту, якая ствараецца шляхам суаднесенасці метафары з трансцэндэнтальным гарантам культуры – Богам. Культура прасякнута ідэяй Божаскага, сакральнага, звышнатуральнага, само слова “культура” – ад культу. Гэта ўвесь час неабходна мець на ўвазе, гаворачы пра міф. Новая эра – новая эпоха: хрысціянства. Хрыстос падараваў таемныя веды не асобным Пасвячоным-містыкам, а ўсім (хто здадны да ўспрыняцця іх). Гэта рэлігія універсальная. Праўда, яна настолькі глыбокая, што чалавечыя мазгі да яе дараслі, можа быць, толькі ў наш час. Антычны чалавек жыў у гармоніі з прыродай, і гэта давала яму шчасце. Хрыстос хацеў, каб чалавек быў шчаслівы і ў соцыуме. Таму і абвясціў асновай усяго любоў. Жыццё Хрыста і яго смерць на Галгофе – таксама містэрыя, але адбываецца яна не ў таемных падземных храмах Элеўсіны (паблізу Афінаў), а ў рэальнай прасторы вялікага, шумнага горада Ерусаліма, на вачах у тысяч простых людзей. Яшчэ нядаўна лічылася, што хрысціянства – таксама глабальны міф і перанасычана міфамі. Але ў ХХІ ст. міфы ўсё часцей прызнаюцца за рэальнасць, адкрыцці археалогіі, пісьменнасці даказваюць іх сапраўднасць. Напрыклад, сёння ўжо ніхто не аспрэчвае таго факту, што апостал Андрэй, брат апостала Пятра, сапраўды наведваў у І ст.н.э. славянскія землі; зусім верагодна, што і цяперашнюю Беларусь. Наступны важны этап у развіцці міфалогіі як навукі – эпоха Рэнесансу (ХІV-ХVІ стст.), калі адрадзілася цікавасць да антычнай культуры. Тут найбольш вядомы даследчык – Д. Віко. Міфы ён тлумачыць як маральныя паэтычныя катэгорыі, як выяўленне псіхалогіі асобы. Надзвычай глыбокая заўвага Віко пра тое, што кожная метафара ёсць па сутнасці маленькі міф, стала асновай развіцця міфапаэтыкі. Яшчэ адзін важны этап у развіцці навукі – эпоха рамантызму пачатку ХІХст. Менавіта ў гэты час узнікла першая школа ў заходнім літаратуразнаўстве: яна так і называлася – “міфалагічная”. Яе заснавальнікі – выдатныя сыны нямецкага народа Якоб і Вільгельм Грымы. Мы ведаем іх па цудоўнаму зборніку казак, якія браты збіралі па ўсёй Еўропе і затым апрацоўвалі. Іх паслядоўнікам у Расіі быў даследчык А.М. Афанасьеў. Яго праца “Паэтычныя погляды славян на прыроду” ў 3-х тамах застаецца асновай не толькі расійскай, але і айчыннай навукі. Рамантыкі звярталі асаблівую ўвагу на сімвалізм міфалогіі. На іх думку, міфы сімвалізуюць вечныя каштоўнасці і з’яўляюцца матэрыялам для ўсяго мастацтва. Менавіта беларуска-польскія рамантыкі (А. Міцкевіч, Я. Чачот, Я.Баршчэўскі) першыя пачалі збіраць багацці фальклору і ўвасабляць яго сюжэты ў сваёй творчасці. (Міфалогія пасля хрысціянізацыі Старажытнай Русі амаль цалкам “перацякла” ў фальклор.) У ХІХ-ХХ стст. аформіліся іншыя аўтарытэтныя школы ў літаратуразнаўстве, у лінгвістыцы, у фалькларыстыцы, часам на сумежжы з нефілалагічнымі навукамі: з філасофіяй, з этнаграфіяй, з археалогіяй, у ХХ ст. – асабліва з псіхалогіяй. У Расіі ў ХІХ ст. працавалі выдатныя, надзвычай рознабаковыя філолагі – менавіта філолагі, а не проста лінгвісты ці літаратуразнаўцы: А. Буслаеў, А. Патабня, М. Весялоўскі. Яны вывучалі тэкст комплексна, улічваючы і міфалагічную кампаненту. Фалькларыстычна-лінгвалітаратуразнаўчыя заходнія школы глыбока вывучалі сутнасць міфалагічнага мыслення. Галоўныя з гэтых школ школ наступныя: антрапалагічная (Д. Тэйлар), рытуальна-міфалагічная (Д.Д. Фрэзер, М.Фрай), функцыянальная (М. Эліадэ), псіхааналітычная (З. Фрэйд, К.Г.Юнг), структуралісцкая (К. Леві-Строс, Р. Барт). Міфалагічная мысленне абумоўлена самой структурай нашага мозгу, яго раздзяленнем на дзве палавіны: левае паўшар’е, якое адказвае за логіку, рацыянальнае пазнанне, мову, і правае, адказнае за прасторава-часавае, музычнае, вобразнае ўспрыняцце, фантазію. І больш за тое: ёсць свядомасць і ёсць падсвядомасць. Свядомасць звязана з асабістым вопытам чалавека, падсвядомасць – з калектыўным, які нейкім дзіўным чынам перадаецца нам ад нашчадкаў і назапашваецца. У падсвядомасці захоўваюцца і асабістыя ўражанні чалавека, якія звычайна выкідваюцца з аператыўнай памяці. Ні адзін псіхічны акт не праходзіць без удзелу падсвядомасці. Яно і нараджае з сябе сімвалы (у снах, у фантазіях), якія маюць, як высветлілі карыфеі псіхааналітычнай школы, нейкае дзіўнае падабенства да міфаў. Сімвалы-матрыцы К.Г. Юнг назваў архетыпамі. Важная заўвага: з пункту гледжання псіхааналітычнай школы, усе літаратурныя творы ў аснове сваёй міфалагічныя, бо ў любым з іх знаходзяць сваё выяўленне архетыпы (напрыклад, архетып маці ці архетып крыві), прадстаўленыя ў розных вобразах, сімвалах. Так жа шырока тлумачыць міфалогію і апошняя па часе ўзнікнення структуралісцкая школа. Міф, на думку структуралістаў, – гэта лагічны інструмент вырашэння любых супярэчнасцей. Сапраўды, аснову міфалагем складаюць так званыя бінарныя апазіцыі: час-прастора, дабро-зло, зямля-неба, дзень-ноч, прырода-культура, чалавек-жывёла, мужчына-жанчына і пад. Пры дапамозе апазіцый, а таксама сімвалаў і сістэмы лейтматываў міфалагізм з’яўляецца інструментам структуравання тэксту. Структуралісты сцвярджаюць, што міфам можа быць літаральна ўсё. Кожны прадмет нашага свету можа перайсці ў знак і, значыць, зрабіцца міфам. Праўда, у эпоху архаікі міфалагізаваліся ў асноўным з’явы і аб’екты прыроды, у наш час – сацыяльнае жыццё. Напрыклад, ідэалогія і палітыка кожнай дзяржавы амаль цалкам грунтуецца на міфах. Ёсць сярод іх шкодныя, з дапамогай якіх намі кіруюць, але ёсць і надзвычай каштоўныя. Жыццё насычана міфалагічнымі сімваламі і сэнсамі, і ўсе яны – найбольш важкая частка чалавечай культуры. Некаторыя міфы знікаюць і замяняюцца новымі, але сам прынцып міфалагічнага мыслення застаецца нязменна дзейсным. Часам яго выкарыстоўваюць у карыслівых мэтах несумленныя палітыкі і гандляры, але нярэдка яно працуе і на дабро людзям і прыродзе. Адзін з апошніх прыкладаў: у ЗША ёсць унікальны прыродны запаведнік акамянелых дрэў – сучаснікаў дыназаўраў. Запаведнік наведваюць тысячы турыстаў, і кожны да нядаўняга часу імкнуўся адсекчы кавалачак такога дрэва. Супрацоўнікі запаведніка што толькі ні рабілі: і арыштоўвалі, і бралі вялікі штраф – нічога не дапамагала. Тады ў бліжэйшых вёсках яны распаўсюдзілі чутку, што акамянеласці прыносяць няшчасце, і тут жа знішчэнне унікальных прыродных рэдкасцяў спынілася; больш за тое, поштай папрысылалі тое, што да таго ўкралі. Значыць, забабоннасць аказалася мацней за пісаныя законы – і гэта ў заходняй краіне, дзе грамадзяне такія законапаслухмяныя! Але тое, што мы называем забабоннасцю, і ёсць праяўленне міфалагічнага мыслення. Міф – вечнае люстэрка, у якім мы бачым саміх сябе. Ён заўсёды можа сказаць што-небудзь кожнаму чалавеку і пра кожнага. Міф – паўсюль вакол нас, толькі неабходна ўгадаць яго.
Пытанні для засваення і самакантролю:
1.Калі ўзнікла міфалагічная навука? У чым асаблівасці розных школ міфалогіі? 2.У чым значэнне Платона для развіцця міфалогіі і філасофіі? 3.У чым значэнне Арыстоцеля для развіцця навукі? 4.Назавіце асноўныя этапы развіцця міфалогіі як навукі. У чым значэнне эпохі рамантызму для развіцця міфалогіі і філалогіі? 5.Назавіце асноўныя сучасныя міфалагічныя школы.
Лекцыя 2 |
Последнее изменение этой страницы: 2019-04-21; Просмотров: 227; Нарушение авторского права страницы