Архитектура Аудит Военная наука Иностранные языки Медицина Металлургия Метрология Образование Политология Производство Психология Стандартизация Технологии |
Тэма 8. Міфы пра стварэнне свету. Розныя версіі светабудовы
План лекцыі: 1. Асноўныя версіі светабудовы. Паходжанне Космасу з Хаосу. 2. Стварэнне Свету з касмічнага Яечка. 3. Творчы акт Дэміурга.
Старажытныя людзі ў значна большай ступені, чым людзі ХХ і ХХІ стст. цікавіліся космасам, паходжаннем жыцця, розных прадметаў і з’яў, разумова злучалі мікракосмас і макракосмас, пакутліва ўзіраліся ў сваё месца ў Сусвеце. Касмаганічным міфам – міфам пра стварэнне свету, пра прасторава-часавыя параметры Космасу – належыла важнейшае месца ў міфалагічных сістэмах розных народаў. Асноўных версій стварэння свету ў розных народаў тры. 1.Паходжанне Космасу з Хаосу. Грэчаскае слова Хаос паходзіць ад кораня “cha”, які азначаў: “пастка”, “зеў”, “раскрытая, пустая прастора”. У Антычнай Грэцыі, знакамітай сваімі філосафамі і пісьменнікамі, – існавала некалькі канцэпцый Хаосу, у некаторай ступені паўтораных іншымі народамі, у тым ліку славянамі. Яшчэ Гесіёд (VІІІ ст.да н.э.), адзін з першых мысляроў Грэцыі, называе “першапатэнцыямі” ХАОС, ГЕЮ, ТАРТАР і ЭРАС. Калі перавесці яго тэрміны на сучасную навуковую мову, мы атрымаем: Касмічную прастору (вакуум), планету Зямлю, далей перыферыю Сонечнай сістэмы або Чорную Дзірку, што ўтварылася ў выніку калапсу зоркі, магчыма нават другога Сонца, якое было ў нашай сістэме (паняцце ТАРТАРУ дрэнна распрацавана ў міфалогіі грэкаў) і, нарэшце, вялікую сілу цягнення (ЭРАС), якая, уласна, стварыла Космас, вызначыла арбіты планетам, надала гравітацыю на Зямлі, садзейнічала жыццю, шлюбным стасункам жывых істот. Вялікія філосафы антычнасці Платон і Арыстоцель разумелі Хаос як пустую прастору (вакуум), якая ўмяшчае тыя ці іншыя фізічныя аб’екты. Аднак большасць іншых філосафаў Грэцыі класічнага перыяду лічылі Хаос бязладдзем, неарганізаванай матэрыяй, змяшэннем розных яе формаў. Прыкладна ў тым самым значэнні мы разумеем слова “хаос” і сёння, хоць у апошні час укладваем у паняцце больш сацыяльна-палітычны сэнс: непрацуючыя законы, некампетэнтныя чыноўнікі, атамаванне грамадства, развал эканомікі і культуры. Тут да месца ўспомніць, што і ў час агоніі Рымскай імперыі Хаос атаясамлівалі з Аідам, падземным царствам памерлых, бачылі ў ім тую страшэнную бездань, у якой разбураюцца ўсе формы, знішчаецца ўсё жывое. Прычым рымскія аўтары разумелі Хаос не толькі ў фізічным, міфалагічным сэнсе, але і перажывалі яго глыбока інтымна, змрочна і трагічна. Да такога пафасу далёка сучасным творцам постмадэрнізму, хоць амаль кожны з іх адчувае сябе і грамадства на краі абрыву. А вось грэкі з іх аптымістычным, жыццесцвярджальным светаадчуваннем не рэфлексавалі наконт будучага канца свету, а імкнуліся па-філасофску зразумець яго пачатак. І хоць яны не аспрэчвалі разуменне Хаосу, сапраўды, як бязладдзя і неўпарадкаванасці, як змяшэння асноўных натурфіласофскіх стыхіяў – зямлі, вады, агню і паветра, – усё ж бачылі ў ім у зародку ўсе рэчы і з’явы, якім належыць у будучым развіцца, разгарнуцца, праявіцца. Антычная думка зводзіла ў адно канцы і пачаткі, жыццё і смерць, інтуітыўна адчувала каласальную складанасць Космасу, у якім пастаянна ідуць працэсы нараджэння, абнаўлення і пагібелі-знішчэння, які ёсць адначасова і нуль (нішто), і бясконцасць. У рэшце рэшт Хаос паўстае як велічны, трагічны вобраз касмічнага першаадзінства, дзе расплаўлена ўсё быццё, дзе яно з’яўляецца і дзе яно гіне; таму Хаос ёсць універсальны прынцып суцэльнага і бясконцага станаўлення, развіцця. У той жа час ён – вечная смерць для ўсяго жывога. Такім чынам, Хаос – адзін з найбольш складаных вобразаў міфалогіі і паняццяў старажытнай філасофіі. Неабходна дадаць, што толькі надзвычай развітае мысленне здольнае стварыць такога кшталту канцэпцыю. Аўстралійскія абарыгены, напрыклад, не задумваліся пра гэта. І, наадварот, грэкі вельмі поўна і глыбока распрацавалі ідэю Хаосу – найлепш з усіх народаў старажытнасці. Пра існаванне дадзенага паняцця ў германскіх, балтыйскіх, славянскіх народаў сведчаць ускосныя дадзеныя, галоўным чынам абрады і фальклор. Можна меркаваць, што некаторыя вядомыя казкі – рэшткі касмічнага светаразумення. Напрыклад, “Воўк і сямёра казлят”: цёмныя сілы Хаосу паглынаюць Сонца, Месяц і планеты; або “Курка Рабка”: гіне адно з сонцаў двухзорнай сістэмы, якою была, можна меркаваць, раней наша Сонечная сістэма. Адна з філасофскіх школ Грэцыі – стоікі – аб’яўляла Хаос вадою. Многія іншыя міфапаэтычныя традыцыі, у тым ліку славянская, схіляліся да такой жа думкі. Штуршком для яе ўзнікнення было, відаць, знаёмства старажытных людзей з Акіянам, здзіўленне і страх перад яго бязмежнасцю, каласальнай сілаю, неўтаймаванасцю, таямнічасцю, дзіўнасцю яго насельнікаў. Гэты страх робіцца яшчэ больш зразумелы, калі прыняць версію Сусветнага Патопу, грандыёзнай паводкі на велізарнай тэрыторыі, можа быць, нават на большасці кантынентаў Зямлі. Сёння некалькі аўтарытэтных навук – біялогія, антрапалогія, батаніка, лінгвістыка, этнаграфія, міфалогія – усё больш аргументавана даказваюць існаванне вялікага матэрыка ў Атлантычным акіяне – Атлантыды. Вялікія астравы ці нават матэрыкі былі і ў Ціхім акіяне – Пацыфіда, у Індыйскім – Лемурыя і нават у Паўночна-Ледавітым – Гіпербарэя, прычым у апошнім яшчэ зусім нядаўна (Зямля Саннікава). Патапленне велізарных масіваў сушы, натуральна, выклікала ўзняцце вады і грандыёзны патоп, ад якога людзі выратаваліся толькі ў гарах ці на нашай бязмежнай раўніне, далёкай ад мора. Але ж на нашай тэрыторыі прыкладна ў Х тыс. да н.э. вельмі хутка растаяў ледавік, пасля чаго таксама ўзнік патоп, а затым шматлікія азёры, рэчкі ды балоты. У старажытных касмагоніях, дзе ўсе прыродныя з’явы пераводзіліся на вобразную мову, патоп лічыўся ДРАКОНАМ. Адсюль амаль у кожнага народа – міфы і казкі пра барацьбу сонечнага бога з ДРАКОНАМ, ЦМОКАМ – неўтаймаванай стыхіяй. Тэосафы (А. Блавацкая) мяркуюць, што ДРАКОН – таксама і ПАСЕЙДОН (у славянаў ВЯЛЕС), сімвал магіі Атлантыды. У грэчаскай міфалогіі класічнага перыяду панавалі тры вялікія багі- браты, сыны КРОНА (ХРОНАСА): ЗЕЎС, АІД, ПАСЕЙДОН. Пасейдон – бог мора, але яму і яго нашчадкам належыў і востраў Атлантыда, у далейшым знішчаны ЗЕЎСАМ. Калі браць у гістарычным плане, ПАСЕЙДОН узнік у свядомасці людзей раней за ЗЕЎСА: магчыма, у сувязі з Патопам, і тут тэосафы маюць рацыю. Напачатку бог з універсальнай уладай, пазней ён быў выцеснены ЗЕЎСАМ і яго дачкой АФІНАЙ (міф пра спрэчку ПАСЕЙДОНА і АФІНЫ за зямлю Грэцыі). ПАСЕЙДОН заўсёды знаходзіўся ў апазіцыі да Алімпа і яго багоў, якія сімвалізавалі сабою арганізаваны, упарадкаваны, гарманічны Космас. Пра тое, што ПАСЕЙДОН сімвалізаваў першабытны Хаос, гавораць і яго страшныя, пачварныя дзеці: ЦЫКЛОП, МІНАТАЎР (праўда, сынам яго быў таксама і крылаты конь ПЕГАС, які ўрэшце зрабіўся сімвалам творчага натхнення). Многія рысы ПАСЕЙДОНА, які быў і богам падземным (ён, у прыватнасці, утвараў землятрусы), уласцівыя славянскаму ВЯЛЕСУ, што часам уяўляўся змеепадобным. Такім чынам, вада – эквівалент Хаосу. Акіян, мора застаюцца самастойнай сферай, заўсёды небяспечнай для чалавецтва. У той жа час вада нараджае жыццё. Сёння вучоныя лічаць, што вада – самая таямнічая рэч на планеце, своеасаблівая жывая субстанцыя, найбольш каштоўнае з рэчываў. Многія жывыя істоты ў значнай ступені захавалі сувязь з вадою (земнаводныя). Хімічны састаў чалавечай крыві адпавядае саставу марской вады, пра што здагадваліся і нашы продкі. Таму ў многіх міфалагічных сістэмах свет нараджаецца з вады, напрыклад, у Ведах старажытных арыяў – з першабытнага акіяну. У рэканструяванай вучонымі беларускай эміграцыі крывіцкай міфалогіі таксама прысутнічае першабытны Хаос як “сівыя імгляныя прасторы” [А.Хмара] над бязмежным морам. Першабагіня ЖЫВА-КАЛЯДА апладняе бясплоднае мора, уносіць у яго жыццё. Магчыма, гэты матыў – дастаткова позняе запазычанне з Бібліі, дзе Дух Божы носіцца над зямлёю, дорачы ёй жыццё. Але ж і ў Кнізе Быцця выкарыстаны надзвычай старажытны матыў, распаўсюджаны, відаць, па вялізнай тэрыторыі Еўропы і Азіі, – матыў узнікнення жыцця, часам нават самой зямлі, з вады. Трывалы выраз “маці – сырая зямля” падкрэслівае непарыўную сувязь зямлі і вады і адначасова звязаны з жаночым пачаткам прыроды. У многіх міфалогіях зямля ўтвараецца або непасрэдна з вады шляхам яе як бы згушчэння, або падымаецца з дна мора. Прычым часта яе дастае адтуль нейкая водная птушка – лебедзь, вуціца, гусь: гэтак адбываецца ў рускай, беларускай, украінскай, угора-фінскай міфалогіях. Заўважым дарэчы, што ў іудзейскім арыгінале Кнігі Быцця дотык Духа Святога да вады адбываецца праз метафару птушкі, якая выседжвае яечка. Выдатны грэчаскі драматург Арыстафан разумеў птушынае царства як адзін з касмічных першапачаткаў (камедыя “Птушкі”). Адсюль вынікае найважнейшая роля птушак у казках і ў песнях усіх еўрапейскіх народаў. Так, у славянскіх казках часта згадваюцца кашулі з пер’яў як своеасаблівая вопратка дзяўчат, што пераўтварае іх у птушак. Магчыма, тут рэшткі татэмізму, а магчыма, уяўленні больш складаныя і паэтычныя. Несумненна, што калі вобразы імклівых, высокалётаючых арла, сокала былі звязаны з небам, сонцам, мужчынскім пачатакам (адсюль арол суправаджае ЗЕЎСА, ПЕРУНА, сокал персаніфікуе князя і адначасова Сонца ў “Слове пра паход Ігаравы”), дык птушкі водаплаваючыя – з зямлёю і адначасова з вадою. Таму лагічная сувязь прародзіцы-багіні ЖЫВЫ, зямлі і вады. Са слёз ЖЫВЫ (гэта паэтычнае дапушчэнне) узнікае востраў Рай, а на ім – Касмічнае Дрэва, якое ўзнімаецца да Неба. Дарэчы, востраў Вырай-Буян мог быць зусім не толькі ў зямным акіяне-моры, але і на небе. У рускіх захавалася цьмянае ўяўленне пра сем нябёсаў, якія абкружаюць Зямлю. Кожнае з іх мае нейкае прызначэнне: для Месяца, Сонца, вятроў, зорак... А сёмае з’яўляецца дном нябеснага Акіяну (у грэкаў быў адзін з першабагоў – АКІЯН). Там захоўваецца жывая вада, якая праліваецца на зямлю дажджом. Вяршыня Сусветнага Дрэва якраз узнімаецца над сёмым небам (у духоўных вершах яно называюцца “хлябямі нябеснымі”), і гэта ёсць, уласна, чароўны востраў Ірый ці Вырай, ці Буян. У беларускіх песнях і казках часта гаворыцца пра мора, пра раку Дунай. Можа быць, яны маюць на ўвазе і нябеснае мора, і нябесную раку Дунай? (Я лічу, што словам “Дунай” першапачаткова называлі раку ўвогуле або, хутчэй за ўсё, міфалагічную раку.) Дарэчы, усе старажытныя арыі верылі, што зямныя рэчкі бяруць пачатак на небе, а наконт свайго Ганга індусы думаюць так і цяпер. А ў Мазырскім раёне Беларусі ёсць возера Буян... Такім чынам, Акіян не толькі на зямлі, а і на небе. Увогуле першаславяне разумелі Хаос не толькі ў часавым плане – як пачатак Сусвету, а і ў прасторавым: у цэнтры свая, асвоеная зямля, космас, а на перыферыі застаецца хаос ці яго элементы, у тым ліку, вада. Для нашых продкаў славян дом, вёска, асвоеная тэрыторыя – тое ж, што космас, сваё, роднае. Ужо бліжэйшы лес нясе чужое, варожае, рысы хаосу. Яшчэ ў ХІХ ст. у некаторых рэгіёнах Беларусі аставаліся надзвычай старажытныя абрады кругавога баранавання або абыходжання цнатлівымі дзяўчатамі вакол вёскі з ручніком, вышытым за адзін дзень у поўным маўчанні. Такі абрад адпраўляўся ў асабліва важныя для грамады выпадкі, у драматычныя моманты жыцця. Рускія для спынення, напрыклад, эпідэміі будавалі царкву за адзін дзень, а беларусы, як бачым, рабілі магічны круг вакол роднай вёскі, аберагаючы яе ад сіл хаосу. Нельга вітацца за руку або перадаваць што-небудзь праз парог ці нежанатым садзіцца на парог, бо ён – мяжа паміж светам “сваім” і “чужым”. Перасячэнне мяжы заўсёды небяспечнае для чалавека: у далёкія часы да ўсіх межаў, як у прасторы, так і ў часе (Новы год, апоўдзень, апоўначы), ставіліся надзвычай сур’ёзна. Вікінгі хавалі злачынцаў у паласе прыбою – у месцы, якое не належыць ні сушы, ні мору, значыць, на мяжы, і гэта было пакараннем для грэшнай душы. У нашых продкаў важнай справай лічылася будаўніцтва дома, бо чалавек тут параўноўваўся ў багамі, якія стваралі сусвет. Чалавек таксама будаваў свой свет, ствараў нешта новае, упарадкоўваў быццё. Таму такое вялікае значэнне надавалася часу пачатку работы, выбару месца, будаўнічых матэрыялаў. Жыллё – асвоеная прастора, якая супрацьстаяла неасвоенай, чужой. Дом – важнейшы сімвал культуры, аналаг культурнага космасу, цэнтр чалавечага жыцця. У доме Покуць – зорка, столь – нябесны звод, бэлька – Млечны шлях. Чым далей ад дому, тым больш хаатычнасці, яшчэ не перапрацаванай дзеяннямі багоў ці людзей. Многія абрады нашых продкаў былі скіраваны на барацьбу з параджэннямі Хаосу ў выглядзе розных персаніфікаваных істот, напрыклад, у час Купалля патаплялі або палілі “русалку”, ці “відзьму”, ці “кастраму”. У чарадзейных казках герой адпраўляецца з дома некуды на перыферыю, у асабліва небяспечнае месца, дзе канцэнтруюцца злыя сілы, тыя, што яшчэ засталіся ад некасмізаванага хаосу. Некаторыя замовы дэманструюць дэталёва распрацаваны шлях з дома-цэнтра: з хаты праз дзверы (ужо мяжа) на двор, адтуль праз браму на ваколіцу, па дарозе праз поле (тут асабліва неабхода было сцерагчыся скрыжавання дарог), раку (вельмі сур’ёзная мяжа), лес, нарэшце, гару ці мора. Мора, як мы памятаем, аналаг Хаосу, часам яно нават разумелася як пастка страшэннай пачвары (пасля было заменена ЗМЕЕМ ці КІТОМ, што паўставалі з мора: так ДРАКОН выходзіў за АНДРАМЕДАЙ, выратаванай ПЕРСЕЕМ; КІТ глытаў біблейскага ІОНУ, а ў рускай казцы “Канёк-гарбунок” Пятра Яршова нават флатылію караблёў). Такім чынам, вада – сімвал Хаосу і ў той жа час тое ўлонне, чэрава, у якім нараджаецца жыццё. Востраў Буян на моры-акіяне – сакральны цэнтр Свету, самае прыгожае і шчаслівае месца. З мора нараджаюцца ўсе еўразійскія багіні прыгажосці і кахання: грэчаская АФРАДЫТА, рымская ВЕНЕРА, славянская МАЙЯ, індыйская ЛАКШМІ. Вада – эквівалент усіх жыццёвых сіл (адсюль “жывая вада” ў казках), вада ачышчае, пасля чаго чалавек як бы нараджаецца наноў (сімволіка хрысціянскага хрышчэння), гэта тое рэчыва, што мае дачыненне і да жыцця, і да смерці.
2. Свет нараджаецца з Яечка. У многіх народаў свет узнік з велізарнага Касмічнага Яечка. Касмічнае Яечка – адзін з найбольш архаічных касмалагічных архетыпаў. Сустракаецца ў індаеўрапейскіх, семіта-хаміцкіх, фіна-угорскіх, тунгуса-мангольскіх, кітайска-тыбецкіх, палінезійскіх, афрыканскіх, індзейскіх і іншых народаў. У еўрапейскай філасофіі гэтая канцэпцыя ў найбольш развітай форме прадстаўлена ў орфікаў – паслядоўнікаў легендарнага АРФЕЯ. У індусаў Яечка БРАХМЫ – гэта шар з зорак дыяметрам “18 квадрыліёнаў ёджан”, гэта значыць, прыкладна 4000 светавых год, што адпавядае памерам невялікай Галактыкі. БРАХМА – вярхоўны бог індуізму – нараджаецца ў Праяечку залатым зародкам, а далей сілаю сваёй думкі раздзяляе Яечка на дзве палавіны: з адной утвараецца Неба, а з другой – Зямля. Пра гэткую ж мадэль светабудовы можна прачытаць у народным эпасе угора-фінаў “Калевале”. Праславяне ўяўлялі Зямлю ў выглядзе жаўтка, абкружанага, як бялком, вадою з усіх бакоў. Але ў больш архаічных варыянтах Сусвет бачыўся залатым яечкам, што і адлюстравала вядомая дзіцячая казка “Курка-Рабка”. У казцы знік увесь міфалагічны антураж, застаўся толькі закадзіраваны вобраз-сімвал. Спробу расшыфраваць яго зрабіў вядомы рускі паэт Сярэбранага веку Максіміліян Валошын у эсэ “Апалон і мыш”. Паэт-даследчык даказаў, што ў Антычнай Грэцыі быў распаўсюджаны культ АПАЛОНА СМІНФЕЯ (МЫШЫНАГА), які ўвабраў памяць пра надзвычай старажытныя гістарычныя падзеі, сапраўдны сэнс якіх быў незразумелы ўжо нават ў часы Гамера (VІІІ ст.да н.э.). МЫШ – вобраз дэградаванага ДРАКОНА, і напачатку АПАЛОН-СОНЦА быў пераможаны ДРАКОНАМ-ХАОСАМ, а затым перамог яго сам. М.Валошын лічыў, што залатое яечка ў казцы цудоўнае, але мёртвае: жыццё з яго ўзнікнуць не можа. Яно разбіта мышшу і ператвараецца ў творчы сімвал – недзе там, на дне апалонаўскага мастацтва. Між тым простае яечка – гэта вечнае вяртанне жыцця, вечны выток адраджэння. Я дазволю сабе працягнуць разважанні знакамітага паэта-містыка. Разбітае залатое яечка – сімвал касмічнай катастрофы, у выніку якой загінула другое Сонца, што насіла назву Ра. Вось чаму ў народнай творчасці Касмічнае Яечка – і сімвал Космасу як такога, і сімвал Сонца. У адной з пяці стараегіпецкіх версій светабудовы Сонцабог ПТА каціць сваё яечка-сонца кожны дзень па небе. Цікава, што імя бога супадае з беларускім словам “птах”. Ва ўкраінскай казцы чалавек падчас вайны птушак і звяроў дапамог птушкам і як узнагароду атрымаў цудоўнае яечка, у якім заключаны цэлы свет. У многіх міфалогіях Касмічнае Яечка абавязкова звязанае з птушкамі. Сам БРАХМА насіў ўячэ адно імя – КАЛАХАНСА, што літаральна азначае “гусь-лебедзь”. З апошняй часткі “hansa” шляхам складаных трансфармацый ўзнікла наша “гусь” (у немцаў мужчынскае імя Ганс – гусь). Магчыма, адсюль паходзіць устойлівае злучэнне ў рускім фальклоры – “гусі-лебедзі”. Дарэчы, у індыйскай міфалогіі захавалася і назва першаснага Акіяна, у якім плавала Яечка БРАХМЫ. Ён называўся Нара (проста “вада”). Да гэтай асновы ўзыходзяць словы “пануры”, “нерпа”, “нарвал”, “нераст”, “неруш” (“Неруш” – назва філасофскага рамана беларускага пісьменніка Віктара Казько), а таксама гідронімы – рэчкі Нара ў Індыі, Нарва, Нарым і праславянская назва Дняпра – Непра, нашы беларускія рэчкі Нерайшанка, Нерасна, Нератоўка, азёры Неро, Нерыб. Заўважым, што функцыяй светабудовы валодалі ў асноўным водаплаваючыя птушкі: гусі, лебедзі, качкі. Яны дастаюць кавалачак зямлі з дна першаснага Акіяну і ствараюць Зямлю. Выява гэтага акту зафіксавана нават на фасадзе хрысціянскага Георгіеўскага сабора ў рускім горадзе Юр’еве-Польскім (ХІІІ ст.). Ва ўсіх індаеўрапейскіх народаў яечка як зародак будучага жыцця мела містычнае значэнне і па меры развіцця абрадавай культуры набывала ўсё больш і больш сэнсаў. Яго асноўныя абрадавыя функцыі наступныя: рытуальная ежа (вараныя яйкі на Вялікдзень, яешня на Сёмуху), абмен фарбаванымі яечкамі, гульні з імі. У старажытным Іране задоўга да нашай эры існаваў звычай вітаць адзін аднаго падарункамі-яечкамі, пафарбаванымі ў розны колер. На Вялікдзень славянскі селянін ставіў на стол талерку з зернем, што прызначалася для пасеву, і закопваў у яго фарбаванае яечка. Яшчэ нядаўна на Урале існаваў звычай насыпаць у міску горку з зямлі, густа абсыпаную прарослым зернем пшаніцы. Калі зерне прарастала даволі высока, зямлю абкладвалі яечкамі і ставілі на святочны стол. Падчас будаўніцтва дома яйкі замуроўвалі ў фундамент – яны бераглі дом і яго гаспадароў ад бяды. Па сведчаннях беларускіх фалькларыстаў, “вельмі важную ролю ва ўяўленнях сялян іграе велікоднае яйка, атрыманае ад каго-небудзь першым. Яно быццам бы не псуецца на працягу ўсяго года і мае цудадзейную сілу” [Земляробчы каляндар]. Закадзіраваная формула “свет-яечка” была настолькі міфалагічна трывалая, што перайшла ў хрысціянскую культуру. Яечка – важнейшы літургічны сімвал. Велікодная ноч адзначана весткаю перамогі над смерцю і нараджэннем новага свету. І гэту вестку, гэты дар жыцця ўвасабляе пасхальнае яечка. Язычніцкі сімвал нараджэння Космасу з Сусветнага Яечка набывае сэнс нараджэння выратаванага Хрыстом свету. Інакш кажучы, у народнай хрысціянскай свядомасці свет па-ранейшаму нараджаецца з яечка. Больш за тое, прасторава-часавы кантынуум нашага свету цыклічны. Матэматычна гэта – яечка. Семантыка яго – цела, што нараджае жыццё. Літургічна цела асвячаецца ў велікодную ноч. Пры гэтым асаблівае значэнне набывае афарбоўка яечка: раней заўсёды, а сёння пераважна – у чырвоны колер, які ў хрысціянскай сімволіцы звязаны з крывёю Хрыста. У апошні час фарбаваныя яечкі (у асноўным драўляныя) – важны від народнай і прафесійнай творчасці. На Украіне, дзе спрадвек існавала развітая тэхніка малявання яек, яны падзяляюцца на: а) крашанкі, б) крапанкі, в) маляванкі, г) пісанкі. У маляванках адбілася навакольная прырода – дрэвы, кветкі, жывёлы, птушкі, сімвалы веры – святыя, царкоўкі, крыжы. А вось у арнаментах пісанак адлюстраваны касмаганічныя ўяўленні народа, яго разуменне свету. Арнамент перадае знакі развіцця Космасу, знакі жыцця, мадэль светабудовы. Таму так цікава вывучаць разнастайнасць малюнкаў, арнаментаў фарбаваных яечак – вечнага сімвалу абнаўлення Прыроды, яе неўміручасці.
3. Творчы акт дэміурга. Слова “дэміург” азначае “стваральнік свету”. Напачатку гэта птушка – розная ў розных народаў. У амерыканскіх індзейцаў і ў якутаў Сібіры – ВОРАН, у некаторых еўрапейскіх народаў – СОКАЛ (дарэчы, сокал – татэм Рурыка, пачынальніка рода князёў і цароў Рурыкавічаў). Ва ўсходніх славян птушка-косматворца, як правіла, СЕЛЕЗЕНЬ ці ЛЕБЕДЗЬ. У сялян Заанеж’я ў ХІХ ст. запісана легенда, у якой адчуваецца змяшэнне яшчэ язычніцкіх вераванняў і хрысціянскіх: “По досюльному Окиан-морю плавало два гоголя: один бел-гоголь, а другой черен-гоголь. И тыми двумя гоголями плавали сам Господь Вседержатель и Сатана”. Яны абодва даставалі зямлю з дна, і Бог ствараў прыгожыя ландшафты, а Сатана – бездані, пустыні, пячоры. У Салавецкім манастыры захаваўся тэкст старажытнага апокрыфа, у якім дзеючымі асобамі аказваюцца два багі – хрысціянскі і дахрысціянскі, апошні – у выглядзе птушкі-гогаля. Аб’ект адлюстравання ў апокрыфе – свет да стварэння, калі не было нічога, акрамя вады – першаснага Касмічнага Акіяна. Дахрысціянскі бог-птушка зваўся ВЫШНІМ, што падобна да індуісцкага ВІШНУ. Ва ўсходнеславянскіх народаў у дэкаратыўным мастацтве захавалася трывалая традыцыя рабіць драўляныя каўшы для вады, віна, піва, мёда, кваса ў выглядзе качкі. У казках гераіня вельмі часта ператвараецца ў качку ці лебедзя. Вобраз птушкі-дэміурга выразна праглядае ў вобразе Святога Духа ў народным праваслаўі. Уласна і ў кананічнай Бібліі Дух Святы – у выглядзе голуба. Архаічная птушка-дэміург адбілася ў пазнейшых, але таксама надзвычай старажытных, вобразах міфалагічных птушак: ГАМАЮНА, СТРАЦІМ-ЛЕБЕДЗЯ, АЛКАНОСТА, СІРЫНА, ФЕНІКСА, ЖАР-ПТУШКІ. Лічыцца, што найбольш старажытная – птушка ГАМАЮН, з чалавечым тварам, вешчая. Імя ўтворана ад агульнаславянскага кораня “гам” (“шум-гам”), “гоман”. Гэта птушка – вястун старажытных язычніцкіх багоў, ахоўніца таямніцаў мінулага, сучаснага і будучага Зямлі і Космасу. У Аляксандра Блока ёсць верш “Гамаюн, птица вещая»: На гладях бесконечных вод, Закатом в пурпур облеченных, Она вещаем и поет, Не в силах крыл поднять смятенных… Вещает иго злых татар, Вещает казней ряд кровавых, И трус, и голод, и пожар, Злодеев силу, гибель правых… Предвечным ужасом объят Прекрасный лик горит любовью, Но вещей правдою звучат Уста, запекшиеся кровью!.. Самога А.Блока называлі “Гамаюн”, бо ён прадчуваў рэвалюцыю, будучыя сацыяльныя катаклізмы ХХ ст. У вобліку дэміургаў паўставалі і жывёлы. Напрыклад, адзін з татэмаў амерыканскіх індзейцаў з племені алкангінаў ЗАЯЦ стаў вышэйшай істотай у Віргініі, Паўднёвай Караліне, на ўзбярэжжы Гудзонава заліва. Вакол яго групаваліся міфы пра светабудову. У некаторых народаў дэміургі – жывёлы, якія ўсё больш антрапамарфуюцца, напрыклад, у Цэнтральнай Амерыцы – ЧАЛАВЕК-ЯГУАР. У развітых рэлігіях ДЭМІУРГ – БОГ, які не мае чалавечага вобліку – гэта чысты дух, але надзелены некаторымі чалавечымі рысамі, прычым спалучае ў сабе жаночы і мужчынскі пачаткі, напрыклад, РА ў егіпцян, БРАХМА ў індусаў, ЯХВЕ ў іудзеяў, можна меркаваць, што і СВАРОГ у славянаў. Найбольш грандыёзная і верагодная карціна Стварэння Свету паўстае ў Бібліі. Бог стварыў Свет за шэсць дзён – да кульмінацыйнага этапу Стварэння Чалавека. Не трэба разумець сказанае літаральна, бо ў Другім пасланні Пятра гаворыцца: “... У Бога адзін дзень, як тысяча гадоў, а тысяча гадоў, як адзін дзень...” [2 Пят., 3:8]. Інакш кажучы, “дзень” у Бога – не зямныя суткі, ды нават і не “тысяча” гадоў – гэта іншасказанне, увогуле характэрнае для Святога Пісання. Свет (Сонечная сістэма) ствараўся за даволі працяглы час, раздзелены на шэсць вялікіх перыядаў. Шэсць дзён стварэння падзяляюцца на два перыяды па тры дні, апісанне якіх канчаецца словамі: “І быў вечар, і была раніца: дзень першы... дзень другі... дзень трэці...” На сёмы дзень Бог адпачываў. Гармонія і дасканаласць свету праяўляюцца нават у лічбах – ужо вядомых нам свяшчэнных лічбах 3 і 7. Больш за тое, сучасныя вучоныя пацвярджаюць боганатхнёнасць Бібліі з дапамогай матэматыкі. “Стары Запавет, надыктаваны старажытнагабрэйскай мовай, і Святое Дабравесце, надыктаванае грэчаскай, – невярагодным чынам знітаваны лічбай 7, як, дарэчы, і ўвесь Сусвет... Першы сказ Старога Запавету (“На пачатку стварыў Бог неба і зямлю”) мае сем старажытнагабрэйскіх слоў, якія складаюцца з 28 (4х7) літар” [А.Вейнік]. Кожнае слова Бібліі поўніцца высокім сэнсам і вялікай таямніцаю. Безумоўна, не нам іх разгадваць. Але нельга не заўважыць сувязь Торы з больш раннімі ўяўленнямі еўразійскіх народаў: як ужо адзначалася, розумы чалавечыя рыхтаваліся да ўспрыняцця Свяшчэннай Гісторыі. Надзвычай складана зразумець сутнасць Бога. Першыя тэолагі хрысціянства, напрыклад Арыген, справядліва заўважалі, што Бог ёсць Дух (значыць, найперш – інфармацыя), Бог ёсць Святло (інакш кажучы, энергія): “Нашы вочы не могуць сузіраць саму прыроду святла, гэта значыць, субстанцыю Сонца, але, сузіраючы яго бляск, яго промні, мы можам уявіць, наколькі вялікі жар яго... Так і наш розум не можа спасцігнуць сутнасці Бога, але ўяўляе веліч Яго па прыгажосці і чароўнасці Сусвету” [Арыген]. Бога нельга бачыць, але яго можна спазнаць розумам. Розум чалавека (таксама нябачны) у многіх сэнсах роднасны паняццю Бога. У Дабравесці паводле Іаана Бог стварае Свет з дапамогай Слова: “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога спрадвеку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не было з таго, што сталася” [Іаан, І:1]. Словам стварае Свет і бог старажытнага Егіпта РА. А ўжо БРАХМА рабіў усё існае толькі сілаю думкі: дастаткова яму было падумаць пра прадметы ці з’явы, і яны ўтвараліся. Але на самай справе тое ж – у Бібліі: Слова і Думка тут – паняцці адзінасутныя (Логас). Але ж і Хрыстос – Логас. Кожны мастак у той ці іншай ступені, адпаведна свайму таленту, у акце творчасці падобны да Бога. Кніга, малюнак, скульптура, вышыўка ёсць бачнае адлюстраванне нябачнага таленту. Як і прырода, чалавек створаны нябачным Богам. Той пастулат Бібліі, паводле якога чалавек створаны падобна да вобраза Бога, азначае не што іншае, як нараджэнне чалавека-творцы. Чалавек падобны да Бога сваёй здольнасцю, магчымасцю ствараць, а таксама сваёй свабодай. Хаос і Космас. Жыццё і Смерць. Бог і Чалавек...
Пытанні для замацавання і самакантролю:
1. Якія вы ведаеце розныя версіі стварэння Светабудовы. Што такое Хаос? 2. Чаму ваду ўспрыймалі як Хаос? Якія багі персаніфікавалі ваду?. 3. Як ствараўся Свет з Касмічнага Яечка? 4. Паразважайце пра Яечка як міфалагічны і літургічны сімвал. 5. У якіх міфалогіях і ў якіх выглядах сустракаюцца багі-дэміургі?
Лекцыя 7 |
Последнее изменение этой страницы: 2019-04-21; Просмотров: 709; Нарушение авторского права страницы