Архитектура Аудит Военная наука Иностранные языки Медицина Металлургия Метрология
Образование Политология Производство Психология Стандартизация Технологии


Тэма 7. Крыж як варыянт Прадрэва



Біблейскімі варыянтамі Прадрэва з’яўляюцца Дрэва Жыцця і Дрэва Пазнання, якія, як было сказана, растуць з аднаго кораня. Цікава, што ў некаторых рэлігійных тэкстах Крыж Хрыста называюць Дрэвам Жыцця. У адным з апокрыфаў (свяшчэнных тэкстаў, што не ўвайшлі ў Біблію) гаворыцца, што Хрыстос быў раскрыжаваны менавіта на Дрэве Жыцця. Адбылося гэта такім чынам. Трэцяму бязгрэшнаму сыну АДАМА і ЕВЫ СІФУ было дазволена наведаць Рай, з якога ён вынес галінку Прадрэва і пасадзіў яе на магіле свайго бацькі. З дрэва, што вырасла на магіле АДАМА, цар Саламон зрабіў калоны (яны называліся Вааз і Іахін) ля ўвахода ў свой знакаміты храм. Калі вавілонскі цар Навухаданосар разбурыў храм, калоны кінулі ў ваду ракі Кедрон. Там яны і знаходзіліся больш за паўтысячы гадоў, пакуль рымскія ваяры не ўзялі іх для таго, каб зрабіць Крыж для Хрыста.

Крыж – сімвал надзвычай шматзначны. Усе промні і касмічныя палі перакрыжоўваюцца ў Космасе, як і паралелі, мерыдыяны на паверхні Зямлі. Перакрыжоўваецца мінулае, сучаснае і будучае; прастора і час; прырода і гісторыя; культура і цывілізацыя; перакрыжоўваюцца лёсы народаў і асобных людзей. Сам чалавек, стаўшы з разнятымі рукамі, падобны да крыжа. Крыж з’яўляецца і мадыфікацыяй дрэва.

Існуе два напрамкі чалавечых імкненняў: гарызантальны – у “свет дольні” (напрыклад, да падарожжаў), і вертыкальны – у “свет горні” (духоўныя парыванні і самаўдасканаленне). Сімвалам “дольняга” шляху (ад старажытнаславянскага слова “дол” – поле) з’яўляецца дарога і рака як дарога, сімвалам “горняга” – дрэва і храм. Іх перасячэнне – крыж.

Нацыянальны пейзаж беларусаў – разнастайны краявід, скрыжаванне гарызанталяў і вертыкаляў: поле, луг, рэчка, дарога – і курган, дрэва, лес, храм.

Многія народы свету неаднаразова перажывалі пачуццё дарогі. Падарожнічалі і нашы неалітычныя продкі – ішлі за жывёламі, але часцей – ратаваліся ад ворагаў, паўднёвых народаў, якія, як з нейкага генератара, праз кожныя 300-500 год, нібы вывяргаліся з Цэнтральнай Азіі. З цягам часу гарызантальны рух пачаў замяняцца вертыкальным – назапашваннем культурных дасягненняў у выніку прыняцця хрысціянства.

Праўда, крыж (ламаны, які як бы імкнецца ўпісацца ў круг) і да хрысціянізацыі існаваў у арыйскай культуры ў выглядзе свастыкі, што сімвалізавала рух сонца па небе, чатыры бакі свету з цэнтрам пасярэдзіне і шмат што іншае. У нашых еўрапейскіх продкаў крыж азначаў агонь, яднанне мужчынскага і жаночага пачаткаў, злучэнне зямлі і неба, увогуле быў знакам жыцця і любові, вечнага кругазвароту існага.

Відаў крыжа шмат. У першыя стагоддзі нашай эры крыж спалучаўся з манаграмай Хрыста. Чатырохканцовы крыж прыйшоў да нас разам з прыняццем хрысціянства. Шасціканцовы замацаваўся ў Вялікім княстве Літоўскім, што і адлюстраваў герб “Пагоня”. Шасціканцовая форма крыжа (крыж Еўфрасінні Полацкай) – самы дасканалы першавобраз Сусвету, сімвал прасторы і часу, шэсць промняў якога – шэсць дзён Тварэння. На Х-падобным крыжы раскрыжавалі Святога апостала Андрэя, пад апякунствам якога знаходзяцца ўсходнеславянскія землі. Існуюць і васьміканцовыя крыжы – папскі (каталіцкі) і патрыяршы (праваслаўны). Верхняя скарочаная перакладзіна ў васьміканцовым крыжы азначае дошку з першымі літарамі надпісу, зробленага рымскімі ваярамі: “Іісус Назаранін Цар Іудзейскі” (ІНЦІ або ІNRI). Ніжняя перакладзіна – месца апірышча ног Хрыста. У каталікоў яна прамая. У праваслаўных скошана: верхні канец – шлях у рай, ніжні – у пекла. Крыж – сімвал ахвяры Хрыста, сімвал Новага Запавету, сімвал перамогі над смерцю. Крыж любой формы (акрамя Т-падобнага) прызнаецца Царквою.

Усё развіццё цывілізацыі ішло да хрысціянства. Шматлікія міфалагічныя, рэлігійныя сістэмы не што іншае, як падрыхтоўка чалавечых мазгоў да прышэсця Хрыста. Момант нараджэння Хрыста і яго шлях на Зямлі – вызначальны момант гісторыі. Гэта самае галоўнае, што было ўвогуле ў жыцці чалавецтва. І да таго з’яўляліся вялікія прарокі – Зараастр, Маісей, Канфуцый, Буда, Лао Цзы, Ілья, але ўсе яны былі людзьмі, хоць іх вуснамі і гаварыў Бог. А Хрыстос – сам Бог (Логас), які сышоў на Зямлю. Хрыстос з’явіўся, каб даць новы штуршок духоўнаму развіццю чалавецтва. Яго будучы Другі Прыход будзе азначаць кардынальнае змяненне чалавечай эвалюцыі.

Такім чынам, першай мадэллю свету была жывёльная. Яна і сёння захавалася ў многіх сібірскіх народаў. Але ў індаеўрапейцаў была заменена расліннай (часта разам з гарою) як больш прагрэсіўнай. У некаторых народаў Прадрэва было і Дрэвам Лёсу, на кожным лісце якога зафіксаваны лёс усіх людзей планеты. Усе багі і героі арыйцаў імкнуліся да Касмічнага Дрэва, бо на яго лістах у выглядзе рун запісана ўся мудрасць свету. Але на шляху светлых, сонечных багоў заўсёды ляжыць ЗМЕЙ (ЦМОК), які сцеражэ Мудрасць рун. Багі індаеўрапейцаў – ОДЗІН, АПАЛОН, ІНДРА, ПЯРУН, ГЕОРГІЙ ПЕРАМОЖЦА – змагаюцца з пачварамі і перамагаюць. Толькі ў Бібліі перамог сатана, і людзей прагналі з Раю, пазбавілі Божаскай мудрасці. У гэтай міфалагеме заключаны глыбокі сэнс: людзі на нейкім этапе сваёй гісторыі згубілі адчуванне сваёй адзінасутнасці з Сусветам (гэта і ёсць Божаская мудрасць), а накіравалі прагу пазнання на іншае – на драбязу, знешняе, нязначнае. Для іх выратавання праз даволі працяглы час і быў накіраваны Сын БожыХрыстос. Ён быў раскрыжаваны на крыжы – Дрэве Жыцця. Крыж пасля таго стаў сімвалам як смерці, так і Уваскрэсення. Гэта адзін з самых багатых паводле зместу сімвалаў чалавецтва.

 

              Пытанні для замацавання і самакантролю:

1. Што такое мадэль свету?

2. Якія вы ведаеце свяшчэнныя горы чалавецтва або горы, што згадваюцца ў міфах? Ці будаваліся штучныя горы ў сакральных мэтах?

3. Чым абумоўлена багацце сімволікі Сусветнага Дрэва?

4. Пералічыце варыянты Сусветнага Дрэва ў міфах, казках і ў іншых жанрах фальклору.

5. Чаму Крыж – аналаг Сусветнага Дрэва? Пакажыце багацце яго сэнсу.

 

Лекцыя 6


Поделиться:



Последнее изменение этой страницы: 2019-04-21; Просмотров: 227; Нарушение авторского права страницы


lektsia.com 2007 - 2024 год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! (0.014 с.)
Главная | Случайная страница | Обратная связь