Архитектура Аудит Военная наука Иностранные языки Медицина Металлургия Метрология
Образование Политология Производство Психология Стандартизация Технологии


Тэма 4. Архаіка славянскай міфалогіі. Анімізм



Анімізм – вера ў існаванне духаў, адухаўленне сілаў прыроды, жывёл, раслінаў, прыпісванне ім розуму. Анімізм фарміраваўся паралельна з татэмізмам, арганічна вырастаў з яго, хоць некаторыя даследчыкі лічаць анімізм больш позняй з’явай.

Першабытныя людзі адухаўлялі літаральна ўсё: не толькі магутныя касмічныя сілы, прыродныя стыхіі, але і адметнасці рэльефу, дробныя прыродныя аб’екты – раўчукі, валуны, дрэвы. Усё мела душу, магло адчуваць і дзейнічаць – нават  знешне нежывыя, нерухомыя аб’екты. Рэшткі такіх уяўленняў трывала захаваліся ў фальклоры, напрыклад, вера ў тое, што на Купалле дрэвы размаўляюць і перамяшчаюцца. Але сёння і навука пацвярджае старажытныя меркаванні. Напрыклад, з дапамогай прыбораў даказалі, што расліны маюць своеасаблівую нярвовую сістэму, актыўна рэагуюць (нябачна для людзей) на знешнія раздражняльнікі. Жывымі з’яўляюцца крысталы. Вада – жывая і надзвычай інфармацыйна ўмяшчальная істота (у беларускіх замовах яна называецца ўласнымі імёнамі КАЦЯРЫНЫ ды УЛ’ЯНЫ). Больш за тое, сама планета Зямля, як пішуць сёння, – жывая істота, безумоўна, вельмі своеасаблівая. Яна помсціць за непачцівыя да яе адносіны, якія характэрны для людзей так званага “цывілізаванага грамадства”. А вось нашы продкі ставіліся да ўсіх праяў прыроднага жыцця з павагай, бераглі і ахоўвалі іх.

Кожны аб’ект прыроды мае душу – гэтым ён падобны да чалавека. У анімістычных уяўленнях рэалізуецца прынцып усеагульнай гармоніі, людзі адчуваюць сваю роднасць, скажам, з дрэвамі. Дрэвы, дарэчы, былі таксама татэмамі, напрыклад, у індзейцаў Амерыкі, у аўстралійскіх абарыгенаў. Уяўленні пра дрэва-продак захавалася ў міфах. Напрыклад, прыгажун АДОНІС, каханы багіні ВЕНЕРЫ, нарадзіўся ад ЗЕЎСА і дрэва МІРЫ. Было і наадварот: расліна – ад чалавека, бо ў яе пераходзіць яго душа (прыкладам, антычныя міфы пра самазакаханага НАРЦЫСА або пра німфу ДАФНУ, што адвергла каханне АПАЛОНА і ператварылася ў дрэва лаўр). Такога кшталту вераванні спрыялі пашырэнню сярод людзей імёнаў, якія паходзяць ад назваў дрэў, кветак (Міра, Ружана, Лілея, Маргарыта).

Сувязь паміж чалавекам і дрэвам ярка адбілася ў народнай культуры. У беларусаў быў звычай: калі бацькі аддавалі дачку замуж далёка ад дому, маці каля хаты саджала каліну і па яе росту, квітненню меркавала, як жывецца дачцы ў далёкай старонцы. Тэлефонаў жа тады не было, а дрэва нейкім таямнічым чынам перадавала інфармацыю. У народных казках і ў побыце нашых продкаў павялыя дрэвы, кветкі сведчылі, што герой ці гераіня памерлі або ім пагражае небяспека. У рускай культуры шырока вядомы такі факт: у сенатара і рэктара Акадэміі мастацтваў Аляксея Аленіна было некалькі сыноў і дачка Ганна (да яе сватаўся Аляксандр Пушкін, але яму адмовілі). Калі дзеці Аленіна нараджаліся, у іх гонар у падмаскоўным маёнтку сенатара саджалі дрэўцы. Дзеці ведалі, што гэта іх як бы браты, даглядалі іх, сачылі за ростам. Калі адзін з сыноў сенатара загінуў у вайне, дубок, яму прысвечаны, тут жа засох. Яшчэ не прыйшла вестка, а родныя ўжо ведалі пра трагічную падзею. У многіх народаў свету і па сёння жывы звычай саджаць дрэвы, каб ушанаваць нараджэнне дзіцяці: яблыню, грушу, каліну, кедр, сасну.

Анімізм аказаў велізарны ўплыў на метафарычнасць мовы, на фарміраванне паэтыкі фальклору, а затым і літаратуры. Большасць тропаў – параўнанняў, эпітэтаў, метафар – вынікаюць з адухаўлення прыроды. У аснове так званага паэтычнага паралелізму ў фальклоры – парнасць уяўленняў, звязаных па частках, па катэгорыях дзеяння, прыкметах і якасцях. Напрыклад:

Не белая лябёдачка

Ваду памуціла,

Няшчасную дзяўчыначку

Доля замуж заключыла.

Або ў рускай песні:

Ах, кабы на цветы не морозы,

И зимой бы цветы расцветали.

Ах, кабы на меня не кручина,

Ни о чем бы я не тужила.

Надзвычай вытанчаныя параўнанні ў кітайскай паэзіі:

Мы прощались с тобой,

И снег был похож на цветы,

Ты сегодня вернулся,

А цветы так похожи на снег.

Найбольш распаўсюджаны ў фальклоры двухсастаўны паралелізм. Але часты і аднастастаўны як вытворны ад двухсастаўнага. Як ён утвараецца? Некаторыя сімвалы сталі настолькі звыклыми, што тая частка, дзе распавядаецца пра чалавека, можа адсутнічаць: чытачы і слухачы і так зразумеюць, пра што гаворка. Прыкладам можа быць вядомая руская народная песня (у яе, праўда, ёсць аўтар – Іван Сурыкаў) пра рабіну, што хоча да дуба перабрацца, – ясна, што маюцца на ўвазе адзінокія людзі. Каліна ў беларускім фальклоры – сімвал цнатлівасці, чысціні, прыгажосці. Сокал, голуб, галубка, лебедзі ў вясельнай паэзіі – жаніх, нявеста. У кітайскай паэзіі сімвал расстання – адлятаючыя гусі.

Паралелізм як важнейшы прыём характэрны для ўсёй сусветнай паэзіі. Але ў кожнага народа свая сістэма параўнанняў, вывучэнне якой дае даволі поўнае ўяўленне пра светаадчуванне, псіхалогію таго ці іншага народа. Напрыклад, у беларускім фальклоры дзяўчына параўноўваецца з вярбой, калінай, рабінай, бярозай – дрэўцамі тонкімі, прыгожымі, як бы па самой сваёй прыродзе найбольш паэтычнымі, а з жывёльнага свету – з “лябёдушкай”, белізна якой сімвалізуе чысціню, або з зязюляй, што звязана з вясною, росквітам прыроды. У кітайскай паэзіі дзяўчына таксама параўноўваецца з іваю, а ў індыйскай – з кароваю як увасабленнем усёй прыроднай прыгажосці.

На паэтычным паралелізме пабудаваны ўсе загадкі, бо ў іх гаворыцца пра адно, а маецца на ўвазе іншае: “Белыя кветачкі ўвечар квітнеюць, а ранкам вянуць” (зоркі). У прыгожым пісьменстве Я. Колас любіў параўноўваць кветкі з зоркамі, а зоркі – з кветкамі – зусім у духу народнай паэзіі.

Тропы ў літаратуры таксама, як правіла, звязаны з адухаўленнем з’яў прыроды. Іх безліч. Напрыклад:

                  Чорныя хмары па небе плывуць –

                  Чорныя думы заснуць не даюць.

                                                                           Я.Купала

                  Сонца ціха скацілася з горкі.

                  Месяц белы заплаканы свеціць.

                                                                           М.Багдановіч

У сённяшніх маладых паэтаў гарадскога паходжання часам адбываецца замена паэтычных сродкаў – з прыродных на урбаністычныя, тэхнагенныя. Гэта не ў традыцыях беларускай паэзіі, але, безумоўна, неабходна для абнаўлення нацыянальнай паэтычнай лексікі.

Такім чынам, анімізм – выток паэтычнай вобразнасці фальклору і прыгожага пісьменства. Але ад анімізму паходзяць і рэлігійныя ўяўленні, перш за ўсё звязаныя ў паняццем душы. Тут працэс развіцця чалавечай свядомасці ішоў наступным чынам. Ад шчырага адухаўлення прыроды, ад надання чалавечых якасцяў раслінам ды жывёлам, ветру ды грому было недалёка да думкі, што дзеяннямі ўсіх прыродных з’яў кіруюць адпаведныя духі. Прасочым гэта на прыкладзе расліннага свету.

Спачатку дрэвы разглядаліся як самастойныя жывыя істоты, што маюць душу (на думку беларусаў, дрэвы ажываюць ў сакральны час – на Купалле). Затым дрэвы – жытло духаў, якія адтуль ужо свабодна выходзяць і зноў вяртаюцца дадому. У грэчаскай міфалогіі захаваліся імёны німфаў, дрыядаў як духаў пэўных з’яў прыроды, розных дрэў, напрыклад, німфа РЭХА – маці ЯМБА, у гонар якога названы паэтычны памер; ДАФНА, што адвергла самога бога АПАЛОНА, – дрэва лаўр. У славянскай міфалогіі РУСАЛКІ, МАЎКІ, ЛАСКАТУХІ, БАГІНКІ, САМАДЗІВЫ практычна ўжо згубілі сувязь з адпаведнымі аб’ектамі прыроды і разглядаюцца як самастойныя духі, для якіх увесь лес – храм. Але і над імі ёсць уладары, напрыклад, ЛЯСУН. А ў грэчаскай міфалогіі – ПАН, надзвычай аўтарытэтны, шануемы, але ўсё ж – не алімпійскі бог. Больш высокі ўзровень – алімпійскія багіні флоры і фауны ДЗЕМЕТРА і АРТЭМІДА. Іх маці РЭЯ – паверхня зямлі, уласна прастора, а бабуля ГЕЯ – Зямля як планета. Так фарміраваліся ўяўленні пра розныя ўзроўні, пра іерархію духаў прыроды і багоў. Наяўнасць падобнай іерархіі сведчыць пра развітую міфалагічную сістэму, якую стварыў той ці іншы народ.

З анімізмам звязаны культ Прыроды ў нашых продкаў – вельмі багаты і разнастайны. Пра гэта сведчыць хоць бы той факт, што, нягледзячы на 1000-гадовае панаванне хрысціянства, на атэізм ХХ ст., ён, гэты культ, захаваўся ў нашай свядомасці да сённяшняга дня. Няма такой вёскі ў Беларусі, дзе б тамтэйшыя жыхары не паказалі вам асаблівыя мясціны, звязаныя з нячысцікамі: ВАДЗЯНІКОМ, РУСАЛКАЙ, БАЛОТНІКАМ. Усё гэта – праяўленне анімістычнага мыслення. Усе з’явы прыроды жывыя – жывыя да такой ступені, што персаніфікуюцца ў выглядзе пэўных істот, якіх звычайна называюць “вобразамі народнай дэманалогіі”, або “духамі прыроды”, або “духамі локусаў”. Праўда, у славян духі прыроды ў некаторай ступені зліліся з культам продкаў. Акрамя таго, і цяпер для народа няма мёртвага ў прыродзе: жыве вера, што камні растуць, што рабіна помслівая, што дрэвы звязаны з лёсам чалавека.

Духі локусаў – гэта духі, якія жывуць у пэўным месцы і апякуюць яго. Сярод іх ледзь не самы вядомы – ЛЯСУН-ЛЕСАВІК, герой неверагодна вялікай колькасці былічак. Асаблівасць былічак у тым, што яны распавядаюць пра сустрэчы рэальных людзей з міфічнымі істотамі (або гавораць пра тое, што здалося рэальнаму чалавеку, але гэта таксама ўяўляе вялікую цікавасць для псіхалагічнай навукі).

У асноўным ЛЕСАВІК мае чалавечы воблік, але ён вострагаловы, як усе нячысцікі, і з блакітнай крывёю. Акрамя таго, калі ён сустракаецца ў выглядзе звычайнага чалавека, кума ці свата, неабходна звярнуць увагу, ці адкідвае ён цень: нячысцікі ценю не маюць і не пакідаюць слядоў.

Лічыцца, што ЛЕСАВІК не столькі шкодзіць людзям, колькі жартуе з іх, але жартуе груба, злосна. Па яго волі блудзяць па лесе, аднак ЛЕСАВІК усё ж не завядзе чалавека на прамую пагібель, як ЧОРТ. Каб выратавацца ад ЛЕСАВІКА, неабходна вывернуць адзенне, бо ў яго самога – усё навыварат, або яго рассмяшыць. Баіцца ён ліпавага палена, солі і агню, лаянкі (вось прычына жывучасці лаянкі). Наадварот, свіст у лесе яму вельмі падабаецца.

ЛЕСАВІК – гаспадар лесу і дзікіх звяроў – аналаг богу ПАНУ ў грэкаў, ВОЎЧАМУ ПАСТАРУ ў паўднёвых славянаў, ЛЯСНОМУ ДУХУ ў эстонцаў. Ён жа карае за вольныя і нявольныя грахі чалавека, напрыклад, за праклёны бацькамі сваіх дзяцей – забірае іх.

ЛЕСАВІК – герой многіх літаратурных твораў. Напрыклад, у Максіма Багдановіча:

                  Чуеш гул? – Гэта сумны, маркотны лясун

                  Пачынае няголасна граць...

Або:

                  Стаяў калісь тут бор стары

                  І жыў Лясун у тым бары.

                  Зрубалі бор – лясун загінуў...

У Янкі Купалы:

                  Барадой лясун ківае,

                  Шалы нетраў спавівае.

У апошні час сярод міфолагаў папулярная версія, выказаная крыптазаалогамі, якія вырашылі, што ЛЯСУН – рэліктавы гаманоід, нейкае сярэдняе звяно паміж чалавекам і прыматам або неандэрталец (які лічыцца, дарэчы, homo sapiens). Калі нават сёння, як быццам, існуюць дзе-нідзе ў глухіх месцах іх папуляцыі, то тым больш верагодна, што іх сустракалі нашы продкі.

Уваходзячы ў лес, пастарайцеся не злаваць ЛЕСАВІКА – не крыўдзіце лясных насельнікаў, якіх ён апякуе. Варта нават прынесці яму невялікую ахвяру: пакладзіце кавалак хлеба ці аладку на пянёк, і ЛЯСУН (сам Лес) аддзячыць вам сваімі дарамі – грыбамі ды ягадамі.

Яшчэ ў пачатку ХХ ст. беларусы верылі ў ВАДЗЯНІКА, як у сваё ўласнае існаванне. Ды і ў наш час дзяцей, каб не лезлі глыбока ў ваду, дарослыя палохаюць “вадзяным дзедам”. ВАДЗЯНІК – гаспадар рэк, азёр, пакравіцель рыбакоў, пчаляроў і млынароў, якія прыносілі нячысціку ахвяры: рыбу, грошы, мёд, чорнага пеўня, нават жывых коней (у старажытных індаеўрапейцаў менавіта коні былі прысвечаны марскому богу ПАСЕЙДОНУ). Беларускі ВАДЗЯНІК любіць ездзіць на саме ці сам ператвараецца ў сама – вось чаму ў народзе самоў не любілі ўжываць у ежу.

Сядзіць ВАДЗЯНІК у асноўным на дне ракі ці возера, часам жорстка жартуе, цягне людзей ў вір, часам бушуе, ламае плаціны і млыны. На беразе каля небяспечных месцаў людзі абараняліся ад злога духа – ставілі каплічкі. Праўда, сярод ВАДЗЯНІКОЎ бываюць Вірнікі і Ціхоні, імёны якіх гавораць за сябе. Доўга пабыўшы на сушы, ВАДЗЯНІК гіне, як бы растае. Усё яго цела пакрыта доўгімі валасамі, якія зблізку аказваюцца ці тонкімі струменчыкамі, ці нечым накшталт водарасцей. Менавіта ў такім выглядзе ВАДЗЯНІК паўстае ў момант выхаду з вады.

ВАДЗЯНІКОЎ параўнальна няшмат – па адным на кожны вадаём: возера, раку, лужыну, калодзеж. Яны не могуць перасоўвацца цераз сушу і таму часта здараецца, што два ВАДЗЯНІКІ – рачны і калодзежны, што жывуць адзін ад аднаго ў дзесяці метрах, ведаюць адзін аднаго завочна, па голасу, ніколі не бачацца. Зрэшты, калі б і магчыма было перамяшчэнне ВАДЗЯНІКОЎ у чужую вотчыну, яны не маглі б вытрымаць уласцівасцей чужой вады. Людзі карысталіся гэтым для вываду нячысцікаў, калі злучалі каналам два вадаёмы, адначасова знішчаючы абодвух ВАДЗЯНІКОЎ. З гэтага вынікае, што дадзены дух локусу – не што іншае, як персаніфікацыя пэўнага хімізму вады.

У ноч на Івана Купалу з глыбінь выплываюць ВАДЗЯНІКІ і накіроўваюцца да млыноў, дурэюць там, круцяць колы, адкрываюць шлюзы. Перамолатая ў гэтую ноч мука мае важнае значэнне для беларуса: хлеб з яе, асвечаны ў царкве, на працягу года захоўвае такую сілу, што той, хто з’есць яго, не можа ўтапіцца. Млынары сябруюць з ВАДЗЯНІКАМІ і карыстаюцца іх паслугамі.

У Максіма Багдановіча намаляваны вельмі каларытны воблік ВАДЗЯНІКА:

                  Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай,

                  І гадамі грэюся – сплю на дне ракі.

                  Твар травой аблутаны, быццам павуцінай,

                  Засыпаюць грудзі мне жоўтыя пяскі.

Часта ВАДЗЯНІК уладарыць над РУСАЛКАМІ. Вобраз РУСАЛКІ ў розных славянскіх народаў значна адрозніваецца. У заходніх славянаў – гэта гарэзлівыя і вясёлыя стварэнні, у Паўночнай Расіі – злосныя і помслівыя істоты, не дзяўчаты, а страшныя жанчыны з доўгімі валасамі, уласна – жонкі ВАДЗЯНІКОЎ. У паўднёвых славян РУСАЛКІ называюцца САМАДЗІВАМІ і ВІЛАМІ, у заходніх – БАГІНКАМІ, ва ўсходніх – ВАДЗЯНІЦАМІ, ГУШКАЛКАМІ, ЛАСКАТУХАМІ, МАЎКАМІ, КУПАЛКАМІ, КАЗЫТКАМІ, ВАДЗЯНАМІ і МАРАНАМІ. Для БАГІНКІ часам характэрны птушыныя лапы замест ног, а ў САМАДЗІВЫ і ВІЛЫ – капыты. Усе яны аднолькава маладыя, прыгажыя, у белым адзенні, умеюць лятаць. БАГІНКІ неяк звязаны з ветрам, здольны пасылаць буру, град; калі разгуляецца навальніца, значыць БАГІНКІ святкуюць нейкае свята.

 Усходнеславянскія РУСАЛКІ – вобраз цікавы, у многім сінтэтычны: яны неяк звязаны і з расліннасцю, і з вадой. Можна назваць іх адначасова і духамі прыроды, і душамі памерлых. Напачатку, бясспрэчна, гэты былі, як і ў антычных грэкаў, локусы месца або расліны, духі розных дрэў, рэчак і крынічак – падобна да ДРЫЯДАЎ, НАЯДАЎ. З цягам часу пачалі лічыць, што РУСАЛКІ – дзяўчаты-тапельніцы або памерлыя нехрышчонымі дзеці. (Гэты матыў выкарыстаў Аляксандр Пушкін у драматычнай паэме “Русалка”.) Звычайна яны хаваюцца ў цёмнай вадзе, але ў час русальнага тыдня, калі вада максімальна глыбока праграваецца сонцам, перасяляюцца з рачных і азёрных глыбіняў у лясы, лезуць на дрэвы (у Аляксандра Пушкіна ва ўступе да паэмы “Руслан і Людміла” – “Русалка на ветвях сидит”). Паводле вераванняў старажытных славян, душы продкаў неяк звязаны з дрэвамі (ці не таму, што ў эпоху палеаліту памерлых памяшчалі на дрэвы, дзе іх клявалі птушкі?). Больш за ўсё РУСАЛКІ любяць вярбу і бярозу, ноччу яны гушкаюцца на вецці і водзяць вясёлыя карагоды. Там, дзе яны дурэлі, трава зелянейшая і расце лепш.

РУСАЛКІ, як і германскія УНДЗІНЫ, вобраз эратычны. Часам у ясныя летнія ночы яны сядзяць на берагах вадаёмаў і расчэсваюць свае доўгія зялёныя валасы. Відаць, ад іх валасоў ішла нейкая незвычайная энергія, якая ўплывала на маладых хлопцаў. Праўда, грэчаскія СІРЭНЫ не валасамі, а спевамі прыцягвалі да сябе маракоў-падарожнікаў і знішчалі іх. Звычайна РУСАЛКІ таксама зацягваюць свае ахвяры – юнакоў – у ваду і топяць іх. Праўда, народныя паданні дапускаюць каханне паміж чалавекам і РУСАЛКАЙ. Гэты матыў лёг у аснову выдатнай паэмы класіка ўкраінскай літаратуры Лесі Украінкі “Лясная песня”. Выкарыстаў легенды пра РУСАЛАК і Адам Міцкевіч у баладах “Свіцязянка”, “Рыбка”. На Украіне на беразе Дняпра ёсць лес, які называецца “гай русалак”.

РУСАЛКІ баяцца крыжа, круга, часнака, ладана. Але лепшы сродак супраць іх – палын.

Пры ўсёй разнастайнасці жаночых духаў прыроды для іх у прынцыпе характэрны аднолькавыя рысы: вечная маладосць, асаблівая актыўнасць у перыяд росквіту раслін, сувязь з вадою, любоў да музыкі і танцаў, заманьванне людзей у ваду і пад.

Да вобразаў РУСАЛАК не раз звярталіся мастакі і пісьменнікі, якіх прыцягвала спалучэнне ў гэтых фальклорных персанажах таямнічасці і прыгажосці, паэтычнасці і трагізму, кахання і смерці. Вельмі часта сустракаецца вобраз ундзіны у нямецкіх рамантыкаў; знакамітай стала казка дацкага класіка Ганса Хрысціяна Андэрсена “Русалачка” (яе скульптура – сімвал Капенгагена); нярэдкі гэты персанаж і ў рускіх пісьменнікаў: Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, Аляксандра Блока, Марыны Цвятаевай. Прыкладаў у беларускай літаратуры шмат. Прывяду некаторыя. У п’есе Канстанцыі Буйла “Кветка Папараць” якраз дзейнічаюць РУСАЛКІ: “З горкі ўніз да Хама спускаюцца русалкі. Валасы іх распушчаныя; белыя свабодныя вопраткі спадаюць да зямлі; на шырокіх рукавах доўгія разрэзы, на галовах – зелень. Наперадзе ідзе адна і трымае ў руцэ Кветку Папараць”. У вершы Янкі Купалы “Русалка” чытаем:

         У ціне, як бледны месяц засвеціцца,

         Будзе русалка плаваць, кружыцца;

         К ёй вадзянік там збліжыцца сватацца,

         Выйдзе і сядзе з ёй над крыніцай.

У Максіма Багдановіча:

         Месяц белы цягне з возера срэбныя сеці.

         У іх русалкі заблуталі косы, –

         Рвуць і блытаюць срэбныя ніці;

         Ноч плыве над зямлёй, сее росы,

         Ноч шапоча русалкам: “Засніце”.

Ёсць замова ад РУСАЛКІ: “Вадзяніца, лесавіца, шальная дзявіца! Адвяжыся, адкаціся, у мой двор не кажыся. Ступай у раку глыбокую, на асіну высокую. Асіна, трасіся, вадзяніца, уйміся! Я закон прынімаў, златы крыж цалаваў...”

У вобразах маладой прыгожай дзяўчыны ўяўлялі нашы продкі і ПАЛУДНІЦУ, што сімвалізавала сонечны ўдар, інакш кажучы, звязвалася не з вадой, як РУСАЛКА, а з агнём. ПАЛУДНІЦЫ з’яўляліся на палях апоўдні (апоўдзень і апоўначы – час сакральны), звычайна летам. Яны сачылі за тым, каб апоўдні ніхто не працаваў (нельга было і купацца), а інакш – каралі людзей сонечным ударам. У некаторых рэгіёнах яны кралі дзяцей, якіх маці-жняяркі пакідалі без нагляду на мяжы. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ПАЛУДНІЦА – гэта дзённае, “лёгкае” аблічча КІКІМАРЫ; набліжаюць яе і да РУСАЛКІ.

Да іншых духаў прыроды адносяць ПАДВЕЯ – вецер, віхуру, смерч. Украінцы яго ўвасаблялі ў вобліку волата з тоўстымі вуснамі, праз якія добра дзьмуць. Жыло і паданне, што ў вобліку віхуры блукае па свеце чалавек, пракляты сваімі родзічамі. Уласна, ён нябожчык, але душа яго пакутуе паміж небам і зямлёю. Беларусы называлі ПАДВЕЕМ таго духа, што круціўся ў віхуры. Ад яе здараўся параліч сэрца, таму так яшчэ называлі і хваробу.

Вельмі небяспечна было крыўдзіць ПАДВЕЯ, бо ён раскідвае стагі і скірды, зрывае стрэхі з дамоў. Для абароны ад яго раней выкарыстоўвалі розныя замовы, на якія сёння забыліся.

У рэгіёнах, што мяжуюць з Расіяй, верылі, што віхура, смерч – вяселле нячысцікаў. Калі кінуць нож у сярэдзіну смерчу, ён стане крывавым, бо параніць мноства злых духаў, а яны баяцца жалеза. У Максіма Багдановіча ёсць цудоўны верш “Завіруха”, які ўвасабляе вобраз Падвея:

         У бабны дахаў вецер б’е,

         Грыміць па ім, звініць, пяе,

         І спеў льецца ўсё мацней, –

         Гулянку справіў пан Падвей.

У нашых класікаў вобраз ветру ўвогуле сустракаецца вельмі і вельмі часта – у самых розных выглядах. Вецер – асноўны пасрэднік паміж зямлёй і небам, галоўны прадстаўнік натурафіласофскай стыхіі “паветра”, найбольш дынамічны. Але менавіта ПАДВЕЙ – не проста вецер, а смерч, віхура, завіруха.

У многім супрацьлеглы ПАДВЕЮ персанаж – ЖЫЖАЛЬ (ЖЫЖ) – бог ці дух полымя і кавальскай справы. Паводле рэшткаў міфаў, што захаваліся ў беларусаў, менавіта ён выкаваў шыкоўныя залатыя і сярэбраныя калясніцы для СОНЦА і ПОЎНІ.

У язычніцкіх рэлігіях іншых народаў існуюць багі, функцыі якіх супадаюць з функцыямі ЖЫЖА. Гэта, прыкладам, грэчаскі ГЕФЕСТ. Але ён бог антрапаморфны. У беларусаў ЖЫЖАЛЬ – сам агонь. Ён адорвае людзей святлом і цяплом. Але асабліва апякуе кавалёў. А да кавалёў раней ставіліся з выключнай павагай, як да самых умелых з рамеснікаў, сапраўды творчых людзей. Не будзем забываць, што, паводле грэчаскага філосафа Гесіёда, нават эпоха, у якую мы жывём, называецца Жалезнай. Ды і праўда – наша цывілізацыя тэхнагенная, заснаваная на метале. Беларусы верылі, што ЖЫЖАЛЬ паходжвае пад зямлёю і выпускае з сябе агонь. Калі ходзіць паціху, зямля саграваецца, калі хутка, зямля загараецца (торф гарыць).

Ушанаванню ЖЫЖАЛЯ прысвечана адно з самых прыгожых язычніцкіх свят – “Жаніцьба Пасвета” (ПАСВЕТ – хатні агонь). Адзначалася яно ў верасні (у дзень асенняга раўнадзенства), калі яшчэ даволі цёпла, але цемра апускаецца ўжо рана, і людзі адчуваюць патрэбу ў асвятленні сваіх хат. Пасвет – самаробны падвясны свяцільнік. І ім звычайна гарэлі дзве свечкі. Людзі прыносілі ў ахвяру гэтаму маленькаму хатняму богу-агню алей, а часам і нешта іншае, спявалі ў яго гонар абрадавыя песні, упрыгожвалі свяцільнік кветкамі, гірляндамі, стужкамі. Часткова культ хатняга агню захаваўся ў хрысціянскім звычаі паліць ладанкі перад абразамі.

У славян былі свяцілішчы і нязгаснага агню ў запаветных дубровах, гаях, дзе жрацы-вешчуны “кармілі” яго паленнем, жывіцай. Называлі нязгасны агонь ЗНІЧ. У свяшчэнныя дубровы нельга было ўвайсці чужынцу. ЗНІЧ выкарыстоўваўся для рытуальнага ачышчэння жылля, скарбу, свойскіх жывёл, людзей. І попел яго лічыўся гаючым – яго давалі як лекі. Па характары гарэння ЗНІЧА варажылі, прадказвалі надвор’е. Адно з такіх культавых месцаў, напрыклад, знаходзілася ў вёсцы Дубрава Маладзечанскага раёна, дзе на высокім узгорку Дзевіч-гары археолагі раскапалі такога кшталту капішча.

Згаданымі персанажамі далёка не вычэрпваецца сістэма ніжэйшай міфалогіі славян (беларусаў). Так, беларускі даследчык міфалогіі і фальклору У. Васілевіч у сваёй кнізе “Беларуская міфалогія” ў раздзеле “Лясныя духі” прыводзіць звесткі пра наступныя персанажы: “Лесавік”, “Пушчавік”, “Гаюн”, “Гаёўкі”, “Дабрахочы”, “Купальскі дзядок”, “Змяіны цар”, “Вужалкі”, “Зазоўка”, “Расамаха”. У раздзеле “Вадзяныя духі”: “Вадзянік”, “Русалкі”, “Азярніцы”, “Баламуцень”, “Сарэны”, “Ядзеркі”. У раздзеле “Балотныя духі”: “Балотнік”, “Багнік”, “Аржавень”, “Кадук”, “Лазавік”, “Хапун”, “Лойма”. Існуюць і іншыя істоты, якія насяляюць падзем’е, паветра і іншыя ўзроўні прасторы і ландшафты Беларусі.

 

                  Пытанні для засваення і самакантролю:

1. Што такое анімізм?

2. Раскажыце пра культ расліннасці ў старажытных народаў.

3. У чым значэнне анімістычнага мыслення для ўтварэння тропікі фальклору і мастацкай літаратуры?

4. Назавіце духі прыроды (духі локусаў) у славян.

5. Успомніце расповеды старых людзей пра незвычайнае ў мясцінах, адкуль вы родам.

6. Прывядзіце прыклады адухаўлення розных з’яў прыроды ў беларусаў.

 

 

                                               Лекцыя 4

Тэма 5. Магія ў славянскай культуры

                                     План лекцыі:

 

1. Паняцце магіі.

2. Віды магіі.

3. Прыклады магічнага ўздзяння на чалавека.

4. Абярогі ад магічнага ўздзеяння.

5. Вербальная магія.

 

Магія здаецца праблемай ненавуковай. На самай справе ў апошні час магіяй цікавяцца самыя сур’ёзныя навукі: фізіка, біяфізіка, этнапсіхалогія і інш. Акрамя таго, чаму мы лічым, што навука ведае ісціну ў апошняй інстанцыі? Калі б гэта было так, не існавала б мастацтва, якое звязана не столькі з матэрыяй, колькі з духам. Сёння гавораць, што ў глыбокай архаіцы (напрыклад, у Старажытным Егіпце, Старажытным Кітаі) магія была галоўнай навукай таго часу, навукай навук, супернавукай. Магія – важнейшая асаблівасць старажытнага мыслення і практычнай дзейнасці. Адпаведна магіяй можна лічыць: 1) устанаўленне сувязі паміж рознымі прадметамі і з’явамі рэчаіснасці, часам вельмі далёкімі; 2) імкненне чалавека паўплываць на прыроду і на іншых людзей з дапамогай адпаведных дзеянняў, рытуалаў. Згодна англійскаму даследчыку-этнографу Д.Д.Фрэзеру, існуе некалькі відаў магіі:

- кантактная – простая форма перадачы энергіі праз дотык;

- ініцыяльная – уздзеянне на аб’ект на адлегласці;

- кантагіёзная – дзеянне накіравана не на аб’ект, а на яго замену (валасы, пазногці, след і інш.);

- імітатыўная – дзеянне накіравана на адлюстраванні аб’екту ў выглядзе лялькі, партрэта, скульптуры, фота (такі прадмет у навуцы называецца індуктарам);

- вербальная – уздзеянне праз слова.

З магіяй звязаны і гаданні (мантыка), што маюць на мэце не выклікаць нейкія падзеі, а толькі даведацца пра іх. Іншая блізкая да магіі з’ява – вера ў прыкметы.

Магія мае значэнне лячэбнае, агрэсіўнае, абарончае, ахоўнае, ачышчальнае і інш.

Магія ўключае ў сябе вельмі многае. Разгледзім названыя віды магіі ў дачыненні да чалавека, таму што, сапраўды, менавіта такога кшталту магія раптам адрадзілася ў ХХ ст. і знаходзіць вялікае пашырэнне, існуючы ў формах нечаканых і часта парадаксальных.

Магія чалавека:

Спынімся на некалькіх, даволі прымітыўных, але характэрных прыкладах, звязаных з часткамі цела чалавека. Скажам, у чалавека гараць вушы – значыць пра яго ў гэты час пляткараць. Я лічу, што да гэтага чалавека, сапраўды, даходзяць вібрацыі, якія яго тычацца, – вушы імкнуцца ўлавіць сэнс і таму ад напружання чырванеюць. Безумоўна, гэта жарт, але нейкая логіка тут ёсць. 

Больш сур’ёзная рэч – сурокі (энергетычны ўдар), у якія вераць літаральна ўсе народны свету. Сурокаў або “дурнога вока” асабліва баяліся, ды і баяцца, у адносінах да дзяцей. Вельмі проста сурочыць дзіця або чалавека хваравітага. Славянскія этнасы заўсёды больш баяліся цёмных вачэй, напрыклад, цыганскіх. Паўднёвыя народы, наадварот, баяцца вачэй светлых. І вось тое, што раней лічылася забабонамі, сёння знаходзіць навуковае тлумачэнне. Вока чалавека – маленькі лазар, таму і выпраменьвае нейкую біяэнергію. Звычайна дарослыя абароненыя сваёй аурай – энергетычным полем, якое сёння можна бачыць з дапамогай камеры Кірліяна. У дзяцей аура яшчэ не сфарміравалася, кволая, таму на іх і ўздейнічае чужая энергетыка. Пра энергію вачэй ведалі старажытныя грэкі, якія гаварылі: “Вока не магло б глядзець на сонца, калі б само не было маленькім сонцам”. Адсюль вядомы сакральны знак – вока ў трохкутніку як сімвал сонца, божаскай прысутнасці. Увогуле ж працэс бачання – духоўны акт. Пазбавіцца вачэй – значыць пазбавіцца розуму, мудрасці. Менавіта ў гэтым сэнсе неабходна разумець пазбаўленне сябе зроку Эдыпам у вядомай трагедыі Сафокла. Пара вачэй – фізічная норма. А вось трэцяе вока – паказчык божаскага паходжання. Індуісцкі бог ШЫВА сваім трэцім вокам спапяляў самыя розныя аб’екты. Парадаксальна, што мноства вачэй на малюнках – сімвал зорнага неба: у такім выглядзе антычныя грэкі ўяўлялі персаніфікацыю неба – тытана АРГУСА. З вачамі, зрокам звязана багатая міфалогія.

Вельмі сур’ёзна стаіць праблема і з валасамі чалавека. З глыбокай старажытнасці людзі вераць, што ў валасах заключана жыццёвая сіла, асабліва гэта тычыцца жанчын (у мужчын важнае значэнне мае і барада). У магіі адрэзаныя ці выпаўшыя валасы, таксама як і сліна, пот, пазногці, след, кроў, успрымаліся як двайнік чалавека. Нашы бабулі вычасаныя валасы не раскідвалі, а заўсёды спальвалі, бо, трапіўшы ў чужыя рукі, яны маглі стаць зброяй чарадзея супраць гаспадыні валасоў. Асабліва містычна настроеныя жанчыны збіралі вычасаныя валасы, і іх клалі ім у труну.

Часам жывыя людзі клалі ў труну блізкага чалавека кудзерку сваіх валасоў ці зразалі локан з галавы нябожчыка і пасля бераглі, каб захаваць сувязь з яго душой. Наадварот, для паслаблення такога кшталту сувязі (скажам, каб нябожчык не сніўся), неабходна было пасыпаць галаву попелам. Да сацыялістычнай рэвалюцыі 1917 года замужнія жанчыны ў беларускіх вёсках не маглі з’явіцца на вуліцы з непакрытай галавой: падобны выгляд жанчыны – страшэнная ганьба, не меншая, чым паказ сябе на людзях увогуле без адзення. Такое раней і ўявіць нельга было. І ў наш час у хрысціянскі храм дзяўчаты, жанчыны павінны заходзіць з пакрытай галавой. Мужчыны – наадварот, зняўшы галаўны ўбор. Праўда, заходзячы ў сінагогу і мужчыны пакрываюць галаву невялікай шапачкай. Валасы – найлепшыя праваднікі розных энергій, часам не зусім дабратворных. Доўгія валасы жанчын могуць не зусім станоўча паўплываць на асаблівую духоўную атмасферу храма. Калі жанчына вырашае служыць Богу, яе “стрыгуць” у манашкі (сапраўды, адразаюць валасы і гэтым пазбаўляюць ад назапашаных дрэнных энергій: чалавек абнаўляецца). Заўважым, што ў фальклоры і ў прыгожым пісьменстве вобразы жанчын, звязаныя з іншасветам, з нячыстай сілай, заўсёды апісваюцца з доўгімі валасамі – РУСАЛКІ, ВІЛЫ, УНДЗІНЫ, ВЕДЗЬМЫ. Але і мужчыны – шаманы, ведзьмакі, нават праваслаўныя светары – з доўгімі валасамі. Хоць у мужчын усё ж сіла заключана ў барадзе, бо валос на галаве мала. Найбольшае супрацьдзеянне рускаму цару Пятру Першаму з боку старога баярства тычылася якраз абстрыгання па загаду імператара бародаў. І гэта не забабоны, не дурасць, не коснасць, а тысячагадовыя ўяўленні шмат якіх народаў: абстрыгчы чалавеку бараду – значыць у вельмі значнай ступені пазбавіць яго сілы.

Падстрыганне валасоў у нашых продкаў яшчэ нядаўна жорстка рэгламентавалася ў залежнасці ад пола, узросту і часу. Амаль усе еўрапейскія народы не падстрыгалі дзяцей да года. У нас, у Беларусі, верылі, што гэта запаволіць развіццё мовы. У сербаў некалі дзяцей не стрыглі да сямі год, каб свабодна развіваўся розум. Ні ў якім разе нельга было стрыгчыся цяжарным жанчынам.

Пра сілу валасоў сведчаць многія міфы. Напрыклад, у Бібліі волата САМСОНА загубіла яго каханая ДАЛІЛА, абстрыгшы яму валасы, у якіх была заключана велізарная сіла героя. Праз некаторы час яе супляменнікі-філісцімляне, вырашыўшы паздзеквацца з безабароннага САМСОНА, загадалі прывесці яго на баляванне, але не ўлічылі, што ў турме адраслі яго валасы: асілак абрынуў на ворагаў столь, але і сам загінуў. Іншы міф распавядае пра назву аднаго з сузор’яў. У егіпецкага цара грэка-македонскай дынастыі Пталемея (ІІІ ст. да н.э.) была надзвычай прыгожая жонка Вераніка з залатымі – да падлогі – валасамі. Цар, ваюючы ў чужой зямлі, пастаянна цярпеў няўдачы. Жрацы ўгаварылі Вераніку абрэзаць свае валасы і паднесці ў дар багам. Паслухмяная царыца так і зрабіла. Пталемей вярнуўся з перамогай, але быў у гневе, убачыўшы лысую жонку. Тады жрацы паказалі яму на вельмі яркае сузор’е, пераконваючы, што гэта і ёсць залатыя валасы яго жонкі, якія багі забралі на неба. З таго часу сузор’е называецца Валасы Веранікі.

Папярэдні прыклад – ці тое міф, ці тое праўда. Але ёсць абсалютна дакладныя, зафіксаваныя ў помніках, гістарычныя факты таго ж парадку. У архаічным свеце, ды нават і ў эпоху Сярэднявечча, калі браліся асадаю гарады і замкі, і стан іх жыхароў быў безвыходны, жанчыны асуджанага паселішча – усе! – абразалі валасы. Такім чынам вызвалялася энергія, заключаная ў валасах, і яна дапамагала гараджанам адбіцца. Згодна міфалагічнага мыслення, валасы на галаве – сімвал адухоўленай энергіі.

Надзвычай інфармацыйная і кроў. Калі да ведзьмара трапляе хустка або кашуля, запэцканая крывёю чалавека, чараўнік атрымоўвае поўную ўладу над гэтым чалавекам. Праўда, можа і вылечыць.

Значэнне крыві ў тэорыі сімвалаў амбівалентнае. З аднаго боку, кроў – жыццёвая сіла чалавека (найперш фізічная), з другога – праліццё крыві азначае смерць і ахвяраванне. Ва ўсіх старажытных народаў прыносіліся крывавыя ахвяры, якія ўтаймоўвалі варожыя дэманічныя сілы. Эзатэрычная навука лічыць, што, сапраўды, інфернальныя істоты харчуюцца крывёю, таму іх неабходна задобрыць. Нават сёння ў Палессі, будуючы лазню, забіваюць на адпаведным месцы курыцу. Самая вялікая сура (дагмат) свяшчэннай кнігі мусульман Карана называецца “Бакара”: яна загадвае вернікам рэзаць буйную рагатую жывёлу. Ёсць нават спецыяльнае свята для ахвярапрынашэння – курбан-байрам. Здаецца, які дзікі звычай! На самай справе – вельмі мудры і выходзіць далёка за межы будзённага жыцця. Зарэзаць, каб пазбавіцца веры ва ўяўных божышчаў (татэмізм – усё ж вельмі магутная рэлігія!), божышчаў не сапраўдных, выдуманых самім чалавекам: нельга людзям ушаноўваць жывёл!

Змяшаць сваю кроў (так часам робяць героі-волаты ў казках) – значыць, парадніцца. Тое ж тычыцца выпівання чужой крыві. І на гэтым жа заснаваны абрад еўхарыстыі, бо, згодна міфалагічнаму мысленню, кроў і віно, якое п’ецца падчас абраду, – узаемазаменныя паняцці.

З крывёю звязана сімволіка чырвонага колеру, надзвычай важная ў культуры. Напрыклад, у Кітаі на свята Новага года пераважае якраз чырвоны – колер сонца, радасці, прыгажосці: развешваюцца адпаведныя малюнкі, дзеці і жанчыны апранаюцца ў чырвонае, усюды пунцовыя кветкі. Паводле ўяўленняў кітайцаў, злыя духі баяцца менавіта гэтага колеру. У Рымскай імперыі толькі імператар меў права насіць чырвонае адзенне; арыстакраты, сенатары павінны былі задаволіцца чырвонай паласой. Сімволіка колеру важная і ў набажэнстве, у геральдыцы, у літаратуры, у жывапісе.

Эксперыментальная псіхалогія даказала, што чырвоны колер выклікае ў чалавека актыўнасць, напружанне, хваляванне. У міфалогіі ён азначае палкасць, пачуццёвасць, сілу жыцця, часам агрэсіўнасць, таму звязаны з богам МАРСАМ. У хрысціянскай рэлігіі чырвоны колер – кроў, раны, пакуты і ачышчэнне. У сімволіцы мастацтва еўрапейскага Сярэднявечча чорны колер азначаў грэх, белы – чысціню, чырвоны – дабрыню і любоў.

У большасці народаў абярогі – чырвонага колеру: гэта бранзалеткі з чырвоных нітак або бісеру (азначаюць, на маю думку, жылу), а таксама спрадвек вышыўка на кашулях, сукенках, ручніках.

Ва ўсіх народаў свету рабіліся адпаведныя дзеянні са следам чалавека. Увогуле, усё, што пакінута чалавекам, захоўвае з ім сувязь, таму паняцце “следу” неабходна разумець шырока. “Пакінуць след у жыцці” ўсе народы разумелі аднолькава: пражыць добрае жыццё, пакінуць пасля сябе нешта значнае, што перажыве самога стваральніка. Са слядаў-учынкаў чалавека складваецца яго біяграфія. А абрадаў, звязаных непасрэдна з фізічным следам, таксама шмат. След часта выкарыстоўваўся ў любоўнай магіі. Напрыклад, беларускія дзяўчаты сушылі ў печцы, рабіўшы па сутнасці керамікай, вынуты з жвіру след жаніха. У Чарнагорыі дзяўчына брала зямлю з-пад следу каханага, сыпала ў вазон, саджала кветачку і сачыла за ёю: добра расце, квітнее – значыць, яе любяць. Калі кветка гінула, выкарыстоўвалі больш моцную магію для прысушкі: напрыклад, дабаўлялі ў пітво хлопцу сваю месячную кроў. У старажытнай Даніі падчас заключэння розных дамоўленасцей палівалі сляды адзін аднаго сваёй крывёю. Уяўленні, звязаныя са следам, трывала захавала народная славянская культура. Напрыклад, нельга падмятаць у доме, калі жыхар гэтага дома знаходзіцца ў дарозе: нябачныя сляды, ім пакінутыя, як бы дапамагаюць па-за межамі роднай хаты.

Надзвычай важнае і складанае пытанне з тварам чалавека. Важнейшы пастулат дзвюх сусветных рэлігій – іудаізму і ісламу – забараняе выявы жывых істот, бо на малюнак або фотаздымак пераносіцца частка душы чалавека, і гэта можа нанесці яму шкоду. Але і навука сёння таксама гаворыць, што на фота зберагаецца некаторая частка найдрабнейшых часцінак – мікралептонаў, якія неяк звязаны з разумова-эмацыянальнай сферай чалавека. З выявай чалавека (лялькай, партрэтам, фота), сапраўды, заўсёды праводзілі магічныя дзеянні. Некаторыя вядомыя мастакі часам бралі ў якасці мадэляў сваіх любімых жонак, і тыя нярэдка паміралі ў маладым узросце (Пітэр Пауль Рубенс, Рэмбранд ван Рэйн, Ілья Глазуноў). Выяву чалавека заўсёды разумелі як яго двайніка. Яшчэ ў Старажытным Егіпце такую ролю ігралі скульптуры ў пахавальнях. А ўжо ў Рыме скульптурныя бюсты памерлых пачалі памяшчаць на іх магілах, а не ў склепах; пазней звычай прыйшоў і да іншых еўрапейскіх народаў.

З феноменам партрэта (падваення чалавека) цесна звязаны вобраз двайніка ў мастацкай літаратуры. Твар – закадзіраваная асоба. Гэта асабліва ярка праявілася ў знакамітым рамане Аскара Уайльда “Партрэт Дарыяна Грэя” або ў аповесці Мікалая Гогаля “Партрэт”. Эгацэнтрызм (засяроджанасць на сваім “я”) здольны выклікаць у чалавека адчуванне праследвання з боку свайго двайніка (у Іагана Вольфганга Гётэ, Альфрэда дэ Мюсэ, Фёдара Дастаеўскага, Сяргея Ясеніна).

Феномен партрэта цікавы і ў іншым сэнсе. Многія з нас бачаць твары і постаці людзей у абрысах гор, дрэў, аблокаў, нават у гурбах снегу. Нашы вочы як бы антрапамарфізуюць прыроду, і гэта надзвычай часта абыгрываецца ў мастацтве. З другога боку, уяўляе цікавасць звычай ушаноўваць скульптуры багоў і святых, а таксама абразы. Кожны з гэтых сакральных прадметаў не сам па сабе атрымоўвае звышнатуральную сілу, а менавіта таму, што ён двайнік таго, хто ёю ўжо валодае.

Як бачым, з магіяй звязаны шматлікія з’явы культуры. Ды і сама магія сёння разглядаецца як своеасаблівая фізіка, толькі яшчэ не пазнаная фізіка. Фарміруецца новая навука – эніялогія – пра розныя энергіі і фізічныя палі ў прыродзе. З пункту гледжання гэтай навукі ўжо тлумачаць многія магічныя дзеянні або, наадварот, абарону ад іх. Напрыклад, падкова над двярыма – даволі магутны рассейваючы контур, які зніжае ўзровень частотнага забруджвання ў хаце. Раней славянскія ваяры насіла шлемы з лукаўкай (або вядомая ў гісторыі ХХ ст. “будзёнаўка”) ці з рагамі – той жа контур! У дзяўчат – дыадэмы, какошнікі, шытыя залатой ці сярэбранай ніткай – зноў контур (нават проста пляцёная стужка па ілбе). Шкада, што сёння няма такой, важнай для здароўя, моды! Надзвычай важна мець на будынку (купалы храмаў) або на ўласным целе метал, і пажадана круглай формы: завушніцы, пярсцёнкі, бранзалеты, крыжыкі на ланцугу. Яны і ўзніклі спачатку не як ўпрыгожанне – эстэтычны момант з’явіўся пазней, – а як абярогі. Агульны дэвіз абароны ад ведзьмакоў і ўвогуле энергетычнага забруджавання (а яно непазбежнае, асабліва ў гарадах) – зазямліцца і рассейваць. Не толькі фізічны, але і энергетычны бруд на целе чалавека здымае вада – самае чароўнае рэчыва на Зямлі. Перахрысціўшыся, мы таксама здымаем з сябе адмоўны зарад. Такім чынам, нішто з рэлігійных рытуалаў і народных звычаяў не ўзнікла “проста так” – усё мае глыбокі сэнс і значэнне.

                                         

                                     Вербальная магія

 

Над намі ўладараць і задаюць праграмы ўсяленскія, касмічныя сілы. Пульс Сусвету кожную секунду б’ецца не толькі ў з’явах прыроды, але і ў чалавечым целе. Усё жывое ў Космасе за мільярды гадоў прыстасавалася “перагаворвацца” паміж сабою на сваёй роднай рэзананснай мове радыёхваляў міліметровага і субміліметровага дыяпазону, гэта значыць, на мове рэліктавай халоднай лептоннай плазмы.

Любы аб’ект на Зямлі з’яўляецца жывой мадэллю Сусвету. Ён звязаны з ім і з іншымі аб’ектамі рэзананснымі ўзаемадзеяннямі на пэўных узроўнях арганізацыі матэрыі. Працэсы ў свеце ўплываюць праз рэзананс на працэсы ўнутры жывога арганізму. І наадварот, працэсы ў чалавеку аказваюць уплыў на працэсы ў Космасе. Развіваецца новы напрамак у навуцы – агульная тэорыя рэзанансных сіл, і вось ён якраз найбольш цікавіцца магіяй, у прыватнасці, магіяй слова, вербальнай магіяй.

Мова – сродак чалавечага выяўлення, мыслення і кантактавання ў соцыуме. Кожнае слова ўтварае вібрацыі з даволі працяглай даўжынёй хвалі. Слова ўздзейнічае нават і без жадання гаворачага. Вымаўленае ж з намерам, яно намнога ўзмацняе свой уплыў і робіцца магутнай зброяй.

Замовы – самыя старажытныя жанры фальклору. У Месапатаміі знойдзены шматлікія гліняныя дошчачкі з клінапісам, з якіх ясна, што магічная літаратура Вавілона і Асірыі была надзвычай багатая. Нездарма халдзеі карысталіся ў старажытным свеце славаю магаў і чараўнікоў. Існавалі замовы і ў антычных грэкаў. У эпоху класікі гэты від магіі ўжо склаўся ў пэўную сістэму, пра што пісаў слаўны грэк Платон у знакамітай працы “Дзяржава”. І адукаваныя рымляне адзначалі сілу замоў. Напрыклад, самы вядомы ў Рымскай імперыі гісторык Тацыт апісваў, як Пізон забіў імператара Германіка з дапамогай закляццяў. Магаў і ведзьмакоў баяліся ва ўсіх народаў. Нават словы звычайнага чалавека, вымаўленыя не ў час, могуць нанесці шкоду. І сёння вучоныя з гэтым згодны: так, гавораць яны, мае значэнне пэўны стан атмасферы, магнітнага поля і інш. Чаму старыя замовы часам не дзейнічаюць – іх жа складалі людзі надзвычай дасведчаныя: там кожнае слова выклікала пэўныя вібрацыі ў прасторы? А справа ў тым, на маю думку, што за тысячагоддзі змянілася палажэнне Зямлі ў Космасе, нават стан усёй Сонечнай сістэмы, узніклі новыя рэзанансныя стасункі ў Сусвеце. Таму некаторыя словы могуць не ўзбудзіць тых хваляў, на якія замова была разлічана раней. Яшчэ і таму словы хрысціянскай малітвы пажадана вымаўляць на мове арыгіналу – старажытнагрэчаскай (кайнэ), або лацінскай, або старажытнаславянскай. Чаму апошнія дзве мовы прыроўнены да арыгіналу? Таму што ўяўляюць яны пераклады Новага Запавету, зробленыя святымі людзьмі: Аўгусцінам Блажэнным, Святым Еранімам, Святым Кірылам. Малітва – па сутнасці тая ж замова, якая аказвае магутнае ўздзеянне не толькі на арганізм чалавека (самаўнушэнне), але і на прастору. Словы малітвы ўзбуджаюць пэўныя вібрацыі, якія ўступаюць у рэзананс з вібрацыямі Космасу і выклікаюць дзеянні Космасу (Вышэйшых Сіл) у адказ. Пераклад малітвы на нацыянальныя мовы – гэта іншыя рэзанансы, магчыма, і не дзейсныя, бо перакладаліся яны звычайнымі людзьмі, а не святымі. Самая дзейсная малітва – “Отча Наш” (“Pater Noster”), таму што яе пачулі апосталы ад самога Хрыста. Яна дапаможа заўсёды.

У цэлым слова аказвае магутнае ўздзеянне на чалавека. Словам можна параніць ці нават забіць. Слова валодае каласальнай сілаю ўнушэння. На гэтым заснаваны ўсе рэлігіі, секты, уся мастацкая літаратура, а ў апошні час – ідэалогія, палітыка, рэклама. Слова робіцца псіхатропнай зброяй. Але нас найбольш цікавіць здзіўляючае адзінства магічнай функцыі мовы і фукцыі эстэтычнай. У міфах маг-чарадзей і паэт – гэта адзін персанаж: АРФЕЙ, БАЯН.

Магія мовы ў сучаснай навуцы называецца сугестыўным уздзеяннем, або псіха-лінгвістычным праграмаваннем. Сёння гэта адзін з найбольш модных, перспектыўных напрамкаў у сучаснай гуманітарнай галіне ведаў.

Сугестыўныя сродкі – не што іншае, як ўплыў мовы на падсвядомасць. Сучасныя спецыялісты ў названай галіне шырока выкарыстоўваюць метады, якія здаўна былі таемнымі прыёмамі розных магічных і рэлігійных культаў. Яшчэ ў глыбокай старажытнасці іх практыкавалі шаманы і жрацы. Прасочым некаторыя сродкі сугестыўнага ўздзеяння, якія шырока выкарыстоўваюцца ў СМІ:

1. Музыка. Тэкст звычайна суправаджаецца, асабліва ў рэкламе, даволі навязлівым матывам. Прыемная рытмічная музыка, маючы частату рытму, роўнаю падвоенай частаце пульсацыі крыві ў арганізму, лёгка ўплывае на падсвядомасць і гэтым актывізуе мозг для ўспрыняцця мовы. У старажытнай Грэцыі ўсе вершы чыталі пад акампанемент ліры, значыць, пад музыку. Адсюль, дарэчы, і ўзнікла паняцце лірыкі.

2. Візуальны рад. Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай рэкламе. Яго варта было б больш актыўна ўжываць і ў працэсе навучання. Калі чалавек дзякуючы “карцінцы” ўяўляе, што адбываецца ў яго арганізме ад лекаў або ад шампуні, сіла слоў, да якіх прыкладаецца малюнак, намнога павялічваецца. Візуальны рад утварае ў мозгу асаблівы гармон серанціл, які значна павялічвае сілу памяці.

3. Шырока выкарыстоўваецца і рыфма. Яна стварае ў мозгу асаблівыя ачагі ўзбуджанасці, якія дабратворна на яго ўздзейнічаюць, інакш кажучы, мозг адчувае ад рыфмы прыемнасць. Наш народ здаўна любіў рыфмаваць. Існуюць тысячы рыфмаваных прыказак і прымавак: “Сонца нізка – вечар блізка”; “Дзеўка без касы не мае красы”; “З вялікага выбору будуць лапці ды аборы”; “Без труда не выловишь и рыбку из пруда”; “Взялся за гуж – не говори, что не дюж”. Дзякуючы рыфме гэтыя шэдэўры народнай мудрасці вельмі лёгка запамінаюцца – рыфма валодае мнеманічным уздзеяннем. Некаторыя людзі валодаюць дарам гаварыць рыфмай. Гэта паэты. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. самавучка-паэт, ды часам і не адзін, быў амаль у кожнай вёсцы. Напрыклад, дзед вядомага беларускага сучаснага творцы Міколы Мятліцкага лёгка складаў гумарыстычныя вершы і рабіў гэта з нагоды кожнай падзеі. Такія людзі (іх называлі раёшнікі) не толькі сачынялі вершы і прыпеўкі, але нават звычайную мову афармлялі рыфмай. Рыфма і сёння вельмі шырока выкарыстоўваецца ў рэкламе, напрыклад: “Свежее дыхание облегчает понимание”.

4. Паўтор і сцвярджэнне. Заўсёды ўсе замовы, малітвы і паэзія для большай сілы ўнушэння выкарыстоўвалі паўторы. Яны могуць быць: механічныя (“Усё шукаю і шукаю яшчэ не здабытых вяршынь”), анафарыстычныя (“Мора вуглем цяпер стала, // Мора з дна цяпер гарыць”), стык (“О, весна без конца и без краю// Без конца и без краю мечта!”), кальцо (“Подарю я шаль из Хорасана // И ковер ширазский подарю”), рэфрэн (“А я мужык – дурны мужык”) і інш. Паўторы ствараюць надзвычай устойлівыя сляды ў кары мозгу. Таму для рэкламы, для ідэалагічнага ўздзеяння аказваюцца надзвычай важнымі шматразовыя паўтарэнні. Паўтор ставіць як бы бар’ер для ўсялякага іншага паведамлення з супрацьлеглым сэнсам, прытупляе крытычныя функцыі розуму. З паўторамі звязаны сцвярджэнні – кароткія, афарыстычнага складу формулы, па сутнасці лозунгі: “Дазволена ўсё, што не забаронена” (гэты лозунг падчас так званай “перабудовы” нанёс каласальную шкоду, садзейнічаў працэсу крымінілізацыі грамадства). Многія гістарычныя слоўныя формулы не страцілі свайго значэння і сёння, напрыклад, лозунг Кастуся Каліноўскага: “Не народ для ўрада, а ўрад для народа”.

5. Пэўныя словы выклікаюць у падсвядомасці слухачоў прыемныя асацыяцыі, што шырока выкарыстоўвае рэклама: “прыгожы”, “цудоўны”, “геніяльны”, “прекрасный”, “великолепный”, “блестящий”, “замечательный” і пад. Здавалася б, прымітыўна, а дзейнічае надзейна. Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на міфалагічныя асацыяцыі. Цэнтральная ідэя індаеўрапейскай, у тым ліку славянскай, міфалогіі – культ Сонца. Называлася яно па-рознаму: СВАРОГ, ХОРС, РАДЫГОСТ, ЯРЫЛА, ЯРАВІТ. Але самая старажытная назва – РА. Шырокае распаўсюджанне марфемы “ра” ў індаеўрапейскіх мовах – адлюстраванне салярнага міфа. Гэты корань можна лёгка заўважыць у многіх рэкламных тэкстах: “Жадаеце, каб ваш погляд стаў больш выразны? У тры разы больш выразны. Туш з керамідамі...” Або: “Благодаря специальным добавкам, Ариель справится…” Павышанай частотнасцю выкарыстання адзначаны такія словы, як “натуральны”, “гарант”, “культура”, “традыцыя”, “красиво”, “прекрасно”, “рай” (“райское наслаждение”, “райский аромат”). Старажытная марфема іграе тут ролю дадатковага стымулу.

6. Важнае значэнне маюць так званыя універсальныя кванціфікатары: “ніколі”, “усе”, “зусім”, “заўсёды”. Яны дазваляюць рабіць абагульненні, неабмежаваныя ў прасторы і ў часе. Часта выкарыстоўваюцца так званыя прэсупазіцыі: сярод іх найбольш часта ўжываецца прыметнік “новы”. Увогуле прэсупазіцыі ёсць ва ўсіх рэкламных тэкстах: гэта дзеясловы і прыслоўі месца, стану, паўторнасці дзеяння і інш.

7. Псіхіфізіялагічна магутна дзейнічае і гукапіс: алітэрацыі і асанансы. Розныя гукаспалучэнні ўзбуджаюць пэўныя цэнтры мозгу, якія, у сваю чаргу, выклікаюць адпаведныя асацыяцыі, напрыклад: “Ваша киска купила бы Вискас”.

8. Выкарыстанне эўфемізмаў. У ЗША яшчэ падчас вайны ў В’етнаме ў 60-я гады ХХ ст. была распрацавана спецыяльная мова, з якой выключаліся словы, што выклікалі адмоўныя рэакцыі. Напрыклад, ваенныя дзеянні называліся “праграмай прымірэння”, масіраваныя бамбардзіроўкі – “аборончай рэакцыяй”, мёртвыя зоны, калі выпальвалася ўся расліннасць, – “санітарнымі кардонамі”, канцлагеры – “стратэгічнымі паселішчамі” і інш. Адпаведнае ўнушэнне дасягаецца з дапамогай і навуковых тэрмінаў. Нешта дрэннае, лічаць людзі, нельга назваць прыгожым тэрмінам, і гэтым шырока карыстаюцца піяршчыкі і стваральнікі рэкламы. Яшчэ старажытны гісторык Фукідыт назваў гэткі падман “карупцыяй мовы”: словы пачынаюць абазначаць супрацьлеглае таму, што яны заўсёды азначалі.

9. Спрашчэнне, стэрэатыпізацыя. Чалавек масы ў значнай ступені створаны прэсай, электроннымі СМІ. Журналісты абапіраюцца на стэрэатыпы, прымітыў. Яны лічаць, што чалавек павінен успрымаць паведамленне без намаганняў, без унутранай барацьбы і крытычнага аналізу. Напрыклад: “Камунізм упарта чапляецца за дрэннае. Давайце чапляцца за добрае” – тыповы ўзор спрашчэння. Складаныя з’явы і праблемы зводзяцца да простых і лёгкіх для ўспрыняцця. Безумоўна, і паэзія заўсёды аперыравала словамі, якія найлепш уздзейнічалі на чытача ці слухача. Але сучасныя СМІ шукаюць словы, якія ствараюць менавіта прымітыўную мадэль. Або раздзяляюць цэласную праблему на асобныя фрагменты, так, каб чытач ці глядач не мог звесці іх у адно і асэнсаваць. Гэта фундаментальны прынцып сугестыі. Тут выкарыстоўваюцца дастаткова прымітыўныя прыёмы: тэлеперадача разбіваецца рэкламай, цэласны тэкст размяшчаецца на розных старонках газеты. Дыскусійныя перадачы якраз выкарыстоўваюць фрагментацыю як асноўную форму падачы матэрыялу. А ў чытача і гледача ствараецца ілжывы вобраз рэальнасці. Мозг ператвараецца ў сіта, у якое памяшчаюць шэраг важных, але часцей пустых інфармацыйных паведамленняў. Усё як быццам тэрміновае, але чалавек пазбаўлены гістарычных каардынат. У выніку сёння нічога не мае сапраўды важнага сэнсу, усё – суп-пюрэ. З другога боку, устаноўка на сенсацыйнасць падтрымлівае пастаянную нярвовую напружанасць.

Такім чынам, сучасныя сугестыўныя сродкі ўздзеяння шырока выкарыстоўваюць прыёмы, вядомыя і ў прыгожым пісьменстве, але ўжываюць і новыя, якія не заўсёды станоўча ўздзейнічаюць на чалавека.

Слова мае каласальную ўладу над нашым жыццём, уладу магічную. Мы зачараваны словамі і ў значнай ступені жывём у іх царстве. Словы дзейнічаюць нярэдка як самастойная сіла, часам нават незалежна ад іх сэнсу. За словамі ідуць масы. Любая прапаганда ў значнай ступені заснавана на ўладзе слоў, на гіпнозе слоў. У нас шмат абсалютна ілжывых рэпутацый, імёнаў, створаных уладай слоў, а не рэальнасцю.

Нейра-лінгвістычнае праграмаванне шырока выкарыстоўваецца ў палітыцы і ў рэкламе. Але існуе і нейра-лінгвістычная дапамога. Сёння псіхіятры гавораць, што 70 % жыхарам Беларусі і Расіі патрабуецца такога кшталту дапамога. Але лепшая дапамога – мастацкае слова: яно дае эстэтычную асалоду, суцяшае і лечыць.

 

Пытанні для засваення і самакантролю:

 

1. Што такое магія? Чаму, як вы думаеце, магія аднавілася ў канцы ХХ стагоддзя?

2. Назавіце віды магіі.

3. Прывядзіце вашы ўласныя прыклады магіі, што ўздзейнічае на чалавека.

4. Прывядзіце прыклады выкарыстання магічных прыёмаў у мастацкай літаратуры.

5. Што такое вербальная магія, або сугестыўнае ўздзеянне?

6. Што яднае моўную сугестыю з выяўленчымі сродкамі мастацкай літаратуры?

7. Якія прыёмы вербальнай магіі, або нейра-лінгвістычнага праграмавання, выкарыстоўваюць сучасныя СМІ?

 

                                     Лекцыя 5

                  Тэма 6. Касмагонія. Міфалагічная мадэль свету

План лекцыі:

1. Паняцце мадэлі.

2. Гара як мадэль свету.

3. Касмічнае Дрэва як мадэль свету.

4. Лічбавая мадэль свету.

5. Крыж як варыянт Прадрэва.

 

З глыбокай старажытнасці людзі імкнуліся зразумець, растлумачыць многія з’явы акаляючай рэчаіснасці. Як жа яны яе ўяўлялі? Свае веды пра свет чалавек эпохі архаікі абагульняў у выглядзе нейкага канкрэтнага вобраза, мадэлі.

У плямёнаў, якія стаялі яшчэ на ступені татэмізму, Зямля ўяўлялася, напрыклад, гіганцкай ласіхай або агромністай чарапахай, якая стаяла на сланах, на рыбах ці на змяі. Сэнс у тым, што свет разумеўся як жывое цела, напачатку абавязкова жаночае.

У далейшым геаграфічныя пазнанні пашырыліся. Мадэль свету пачала выглядаць як кола (бачны далягляд) па гарызанталі і як трохчастнаяструктура па вертыкалі.

Кола (круг) – вельмі важная фігура ў чалавечай культуры. Важнасць круга захавалася ва ўсіх магічных рытуалах: акрэслены круг захоўвае энергію, не дае ёй рассейвацца ў прасторы. Па вертыкалі ж свет трыадзіны: чалавек, стоячы, бачыў, што пад ім, над ім і побач з ім. Паколькі чалавек стаяў у цэнтры і далягляду-круга, і трохпадзеленага свету, надзвычай важнае значэнне набыла сімволіка цэнтру. Нават сёння цэнтр любой акрэсленай прасторы адыгрывае найважнейшую ролю ў жыцці людзей. Напрыклад, многія краіны змагаюцца за прызнанне цэнтру Еўропы менавіта на іх тэрыторыі (Аўстрыя, Украіна, Літва). Нядаўна беларускія вучоныя з дапамогай самых сучасных методык даказалі, што цэнтр Еўропы – у Беларусі, у 50 км на поўдзень ад Полацка, на дне возера Шо. Але ж, дарэчы, адзначу, што такога кшталту адкрыццё неабходна прапагандаваць, бо іншыя краіны маюць са сваіх “цэнтраў” вялікі турыстычны даход.

Цэнтр свету ў розных міфалагічных сістэмах абавязкова неяк канкрэтна ва ўяўленнях людзей фіксаваўся. Так, у многіх народаў у цэнтры размяшчалася СВЯШЧЭННАЯ ГАРА – месца сутыкнення Зямлі і Неба, а ўнутры яе ці пад ёю – пекла. Такім чынам, гара і падзяляла свет на тры часткі. У старажытных індусаў, а таксама алтайцаў такой свяшчэннай гарой была гара Меру, якая знаходзілася на полюсе, а над ёю ззяла Палярная зорка як цэнтр неба. У Месапатаміі – раўнінная мясцовасць, таму здаўна тут будавалі імітацыі Свяшчэннай Гары – піраміды-зікураты (часткова такі зікурат захаваўся ў горадзе Ур). Вавілонская вежа, апісаная ў Бібліі, сапраўды існавала: яе апісаў грэчаскі гісторык Герадот, а ў канцы ХІХ ст. рэшткі вежы раскапалі археолагі. У японцаў і сёння цэнтрам свету і цэнтрам Японіі з’яўляецца свяшчэнная гара Фудзіяма. Кожны японец хоць бы раз у жыцці павінен падняцца на даволі высокую гару (3776 м), каб сустрэць на яе вяршыні ўзыход сонца (паэтычная назва Японіі – Краіна ўзыходзячага сонца) і ўбачыць адтуль сваю краіну. У старажытнай Грэцыі багі жылі на гары Алімп. На думку многіх хрысціян, гара Галгофа ў Ерусаліме – цэнтр свету і адначасова месца, дзе створаны і пахаваны першачалавек АДАМ. Кроў Хрыста, раскрыжаванага на Галгофе, пралілася на чэрап АДАМА (сама назва Галгофа азначае літаральна “чэрап”) і з’явілася выкупленнем яго граху. Вось чаму на некаторых абразах можна бачыць прама пад крыжом – чэрап.

Курган у скіфаў таксама імітаваў свяшчэнную гару ў стэпе, дзе гор не было. Магчыма, гэта сведчанне таго, што скіфы прыйшлі якраз з горнай мясцовасці – з Алтая. Але і ў старажытных насельнікаў Беларусі была надзвычай развітая курганная культура: яшчэ ў пачатку ХХ ст. археолагі зафіксавалі 6000 курганоў, у значнай ступені пазней знішчаных. Асабіста я лічу, што вялікае значэнне курганоў, увогуле гор, у раўнінных народаў – гэта памяць пра Патоп, калі можна было выратавацца на ўзгорках. Ды і ўвогуле: пасля сусветнай катастрофы людзі захаваліся толькі ў гарах – адтуль пачалася наша Цывілізацыя.

Гара – мадэль свету надзвычай старажытная. У далейшым многія народы Еўразіі сфарміравалі іншую мадэль – СУСВЕТНАЕ (КАСМИЧНАЕ) ДРЭВА, або ПРАДРЭВА, або ДРЭВА ЖЫЦЦЯ.

Сімволіка Сусветнага Дрэва надзвычай глыбокая, багатая і шматгранная. Яно ўвасабляла Цэнтр свету і сам гэты свет, чалавека і яго шлях да духоўных вышынь; цыклы жыцця, смерці і адраджэння; Космас і яго працэсы вечнага абнаўлення; мудрасць і таямнічыя законы быцця, магчыма, нават n -мерныя яго межы з вялікай колькасцю каардынат. Прадрэва злучае тры вертыкальныя сферы: Неба, Зямлю, Падзем’е. Карані Касмічнага Дрэва – глыбока ў падземным свеце, свеце ісціны і патаемных ісцін. Яго камель, быццам мост, цягнецца да неба, да самых высокіх сфер, вытокаў усяго існага, дзе жывуць багі, зоркі, высокія мары і ідэалы, дзе пануе вечная вясна. Тут, на вяршыні, месца яднання неба і зямлі, вечнасці і часу. Сок Дрэва Жыцця – нябесная раса, што дорыць адраджэнне, а плады – бессмяротнасць. Прадрэва – стрыжань, вакол якога адбываецца бачнае і нябачнае жыццё Космасу, што не мае ні пачатку ні канца.

Вобраз Сусветнага Дрэва дазваляе намаляваць самыя розныя карціны Сусвету, сканструяваць шматлікія мадэлі прасторы і часу. Яно адпавядае і арганізацыі чалавечага цела, якое таксама падзяляецца на тры часткі: ніз (жывот), сярэдзіна (грудзі), верх (галава). Прадрэва можа выкарыстоўвацца і для характарыстыкі чалавечай дзейнасці, творчасці. Вобраз валодае агромністай эўрыстычнай (творчай) сілай, асабліва ў тых галінах ведаў, у якіх неабходна прадставіць агульную карціну і якія патрабуюць сістэматызацыі і класіфікацыі матэрыялу: дрэва жывых істот на Зямлі, марфалагічнае дрэва сусветных моў, генеалагічнае дрэва таго ці іншага роду і інш.

Вобраз дрэва вызначыў для чалавека яго месца ў структуры свету, бо дрэва – брат чалавека па сярэдзіннасці паміж небам і зямлёй. У японцаў на гэтай ідэі нават грунтуецца нацыянальнае мастацтва ікебаны – аранжыроўкі кветак у такі букет, у якім абавязкова павінна быць тры часткі, што абазначаюць неба, зямлю і чалавека паміж імі.

Дрэва – адно з самых высакародных стварэнняў Маці-Прыроды, якая гэтым як бы падказвае пажаданую форму чалавечай душы: форму, якая дазваляе, трывала трымаючыся за зямлю (абавязкова родную), смела ўздымацца ў неба. Сапраўды, дрэва – вялікі вобраз імкнення да ідэалу, да Сонца, да Бога. Выгляд дрэва заўсёды духоўна ачышчае і ўзвышае душу. Міралюбная магутнасць дрэва вучыць нас дабрыні і бескарыслівасці... Дрэва – брат чалавека не толькі ў прасторы, але і ў часе. Расліна арыентавана на час, і людзі адчуваюць сябе ў часе, акрамя таго, жылі нашы продкі з надзеяй на вечны кругаварот ператварэнняў, на адраджэнне, як дрэва адраджаецца кожную вясну пасля, здавалася б, зімовага памірання. У матэрыяльных катэгорыях Прадрэва ўвасабляла чалавечую ўпэўненасць у магчымасць падняцца і ўліцца ў вялікі цыкл Сонца і зорак, а ў нематэрыяльных – выйсці за межы рэчыўнага Сусвету, за межы часу, прасторы, прычыннасці.

Найбольш яркае ўяўленне пра Сусветнае Дрэва захавалася ў германа-скандынаўскай міфалогіі. У Эдзе Старэйшай свяшчэнны ясень Ігдрасіль звязвае тры светы: Асгард (горад багоў), Мідгард (горад людзей) і Хель (горад мёртвых). Дрэва паліваюць НОРНЫ – тры багіні Лёсу, што ўвасабляюць Мінулае, Сучаснае і Будучае. Пад ясенем цячэ крыніца Урд з жывой вадою. Тут жа збіраюцца багі, каб вырашаць лёс свету. У час вялікіх касмічных катаклізмаў, калі гіне літаральна ўсё, Ігдрасіль вытрымлівае ўсе выпрабаванні і не памірае, захоўвае зерне для новага жыцця. Ні агонь, ні лёд, ні цемра не могуць яго знішчыць. Высока ў небе, на вяршыні ясеня, сядзіць мудры АРОЛ. Свяшчэнны вобраз АРЛА, што вянчае сабою Сусвет, – адзін з самых патаемных і магічных у традыцыях індаеўрапейцаў. Адсюль бяруць пачатак і дзяржаўныя арлы арыйцаў, многіх еўрапейскіх і азіяцкіх дзяржаў, пачынаючы ад сімвалаў імперскай Персіі і імперскага Рыма. Аднак вяршыню Прадрэва могуць засяляць і міфалагічныя аналагі АРЛА – ВОРАН, ГАМАЮН, ФЕНІКС, СІРЫН, ЖАР-ПТУШКА.

У славян не захаваліся свяшчэнныя кнігі, падобныя да Эды, але вобраз Сусветнага Дрэва адлюстраваны ў гістарычных паданнях, у “Слове аб палку Ігаравым”, у багаслоўскай паэзіі, у “Галубінай кнізе” (існуе яе беларускі варыянт), але найбольш поўна – у замовах.

У тысячах замоў Сусветнае Дрэва расце пасярод “мора-кіяна, на востраве Буяні”. У “Галубінай кнізе” і ў духоўных вершах “кіян-мора” называецца “ўсім марам маці”. Магчыма, таму, што яно акружае ўсю Зямлю. У той жа час востраў Буян, які знаходзіцца пасярод мора, з’яўляецца “пупом свету”, цэнтрам Зямлі. Здаецца, парадокс, супярэчнасць. На самай справе, акружаць і адначасова быць у сярэдзіне – якраз у духу міфалагічнай чароўнай логікі: толькі ў такога кшталту параметрах і працуе міфалагічнае мысленне. У той жа час замовы грунтаваліся і на рэальным вопыце чалавека – яны вельмі канкрэтныя. Так, часцей за ўсё Сусветнае Дрэва ў іх – дуб. Тое, што дуб не толькі ў славян, а і ў іншых індаеўрапейскіх народаў разумеўся як свяшчэннае Прадрэва, архетып усіх іншых дрэў, надзейна пацвярджаецца як пісьмовымі, так і археалагічнымі крыніцамі. Вядомы беларускі даследчык А.Ненадавец згадвае, што ў 1975 г. у Дняпры быў знойдзены дуб з дзевяццю вепруковымі сківіцамі, увагнанымі ў камель. Ніжнаяя яго частка несла сляды агню, што гаворыць пра гарэнне свяшчэннага ЗНІЧА каля яго каранёў. Такія знаходкі не адзінкавыя. Ва ўкраінскай каляднай песні два дубы стаялі ў першазданным Акіяне яшчэ да стварэння галубамі свету:

                            Селі-впалі два галубойці,

                            Два галубойці на два дубойкі,

                            Пачалі собе раду радзіці... [паводле М. Серакова]

Можа выклікаць здзіўленне, чаму дубоў два, калі Прадрэва як Вось Свету – адно? Я мяркую, Дрэва сапраўды адно, але яно адлюстравана ў вадзе, як у люстэрку (вось чаму ў некаторых міфалагічных сістэмах вобраз Прадрэва ўзнікае дагары нагамі, каранямі ўверх). Дрэва як бы перавернута, але яно, так бы мовіць, перавернута менавіта ў чалавека, у яго псіхіку, ствараючы там метасусвет. Так і душа чалавека: яна, уласна, звязвае два сусветы – рэальны (часовы) і вечны (сінгулярны), матэрыяльную рэчаіснасць і іншасвет. Чалавек – на стыку двух светаў. Відаць, у гэтым і заключана яго роля. Нашы думкі, нашы пачуцці, наша душа і дух падпарадкаваныя законам вечнасці і жывуць не столькі тут, колькі ў прасусвеце, які існаваў, існуе і будзе існаваць заўсёды. Пагрузіцца ў гэты свет якраз і дапамагае замова. Фізічна мы, вымаўляючы замову, знаходзімся, напрыклад, у родным доме ў межах пэўнай прасторавай і часавай (абмежаванай хуткасцю свету) рэальнасці, але ў думках аказваемся ў рэальнасці іншай, цудоўнай, дзе няма абмежаванняў, дзе не дзейнічаюць законы эўклідавай геаметрыі і тэорыі адноснасці А.Эйнштэйна. Рускі багаслоў П. Фларэнскі даказваў, што ў цэнтры Сусвету можна апынуцца, перажыўшы містычнае азарэнне. Так адбылося, напрыклад, з Дантэ, згодна яго геніяльнай паэмы “Боская камедыя”. Але так можа адбыцца, па сутнасці, з любым чалавекам, які, вымаўляючы замову, кліча сілы Сусвету сабе на дапамогу. Дантэ апускаецца да самага нізу Пекла і раптам аказваецца на вяршыні гары ў Чыстцы. Героі казак, апускаючыся ў дупло ці ў калодзеж, пабыўшы ў трыдзесятым царстве, аказваюцца на тым жа месцы, адкуль выходзілі, хоць увесь час аддаляліся ад першапачатковага пункта. Герой замовы, вылазячы праз подпал дома, аказваецца пасярод поля ці лесу. Але важна апынуцца іменна ў цэнтры свету, на востраве Буяні – толькі там мары, жаданні спраўджваюцца.

Ва ўсіх міфалагічных сістэмах назіраецца абавязковая, звязаная з Прадрэвам, апазіцыя – на вяршыні АРОЛ ці ВОРАН, ці ФЕНІКС, каля каранёў – ЗМЯЯ, ДРАКОН, іншая хтанічная істота. Цэнтральнай міфалагемай многіх народаў Зямлі з’яўляецца двубой паміж птушкай і змяёй ці паміж богам-грымотнікам і богам падземным, звычайна змеепадобным, – у славянаў паміж ПЕРУНОМ і ВЯЛЕСАМ. Гэты бой супраціўнікаў адбываецца заўсёды, кожнае імгненне, і ніколі не канчаецца: дзякуючы яму рухаюцца ўсе працэсы ў жыцці, ён – сімвал любога руху ўвогуле. Заўважым, што міфалагічныя АРОЛ ці ВОРАН – зусім не рэальныя арол ці воран. Увогуле птушка на вяршыні Прадрэва – яго плод – гэта, бясспрэчна, СОНЦА. Тое, што ў замовах часта згадваецца некалькі птушак (звычайна 12), справы не мяняе, а гаворыць усяго толькі пра больш архаічную мадэль Космасу. Для параўнання: у кітайскай міфалогіі дзесяць сонцаў жылі менавіта на вяршыні Сусветнага Дрэва і адпраўляліся ў нябеснае падарожжа па чарзе.

Сусветнае Дрэва – вобраз надзвычай шматпланавы. Гэта і Вось свету, і асабістае дрэва жраца-шамана, і вось кружэння Зямлі-планеты, і пазваночны слуп чалавека, уздоўж якога цягнецца так званы энергетычны канал (у індуізме ён называецца Кундаліні). Пра тое, што Прадрэва звязана і з энергійным цэнтрам свету, сведчыць частае згадванне ў замовах бел-гаруч каменя АЛАТЫРА. Напрыклад: “На моры, на кіяні ляжыць бел камень Латыр, на тым белым камні Латыры стаіць залатая кузня...” Або: “На сінім моры ляжыць белы камень, на тым камяні стаіць дуб на дванаццаць какатоў, на тых какатах сядзіць дванаццаць ангалаў...”

Магія каменя мела ў нашых славянскіх продкаў такое ж важнае значэнне, як і магія дрэва, і таксама звязвалася з паняццем Цэнтру. У замовах і казках камень Алатыр-Латыр – аналаг Свяшчэннай Гары – прастола Бога. Камень ва ўсіх культурных традыцыях – універсальны базіс. Петр (“Камень”) у хрысціянстве – аснова Царквы. Вось Свету ў антычнага філосафа Платона – “Алмазная Вось”. Алмаз сярод камянёў, як і золата сярод металаў, – самыя каштоўныя і свяшчэнныя, абодва валодаюць светаносным, салярным характарам. Такі ж светаносны Алатыр-камень, пра што неаднаразова гаворыцца ў замовах і ў паданнях. Ва ўсіх цывілізацыях, нават, так бы мовіць, “драўляных”, якою была, бясспрэчна, і славянская, усё ж алтары заўсёды – каменныя. Яны давалі магчымасць гарэць на іх агню, а самі не згаралі. Такім чынам, Алатыр-камень – Сусветны Алтар, ачаг, звязаны з агнём. “Агонь мог быць для дагістарычнага чалавека першым увасабленнем божаскага” (Д. Кэмпбел). Агонь на Зямлі – брат Сонцу на небе (як дрэва – брат чалавеку). Усё гэта рэчы прынцыповага і універсальнага парадку, якія ў аднолькавай ступені тычацца як знешняга Космасу, так і душы чалавека. Кожны з нас, кім бы і дзе б ён ні быў, знаходзіцца ў цэнтры, а ў душы яго, усведамляе ён гэта ці не, хаваецца святло Усеагульнага Розуму, чыім законам падпарадкаваны не толькі кожны чалавечы мозг, але і любая прастора.

У розных міфалагічных і рэлігійных сістэмах узнікаюць шматлікія аналагі Прадрэва. Гэта, напрыклад, свяшчэннае дрэва будыстаў Бо, пад якім Буда дасягнуў вышэйшай мудрасці. У Бібліі згадваецца не толькі Дрэва Пазнання, але і Дрэва Жыцця: яны растуць, як можна меркаваць, з аднаго кораня. У казках сінонім Прадрэва – гарох, па якім герой узбіраецца на неба, дзе знаходзіць чароўныя рэчы.

 На Прадрэве, якое звязвае тры асноўныя вертыкальныя сферы Свету, жыве пасрэднік паміж імі. У славянскай міфалогіі гэта ВАВЁРКА, якая раней называлася “мысь”; у грэкаў – бог ГЕРМЕС; у індусаў – АГНІ, бог агня, ледзь не самы старажытны і пры гэтым адзін з важнейшых сярод багоў. Ён разумеўся і вельмі канкрэтна – вогнішча, і абстрактна, як святло ў душы чалавека – святло дабрыні, святло кахання, святло творчасці.

Прадрэва як Вось Свету ўсё фармуе, усё арганізоўвае вакол сябе. Гэта дамінанта: па вертыкалі яна складаецца з трох частак, па гарызанталі – з чатырох, бо, знаходзячыся ў цэнтры, мае па баках чатыры асноўныя напрамкі. Чатырохбаковая схема ляжыць у аснове многіх культавых збудаванняў: пірамідаў, зікуратаў, пагадаў, ступаў, хрысціянскіх храмаў, нават шаманскіх чумаў. Усе яны арыентаваны па баках свету. Ідэя Дрэва была настолькі магутная, жыццядзейсная ў нас, славянаў, што першыя хрысціянскія храмы на Беларусі будаваліся як імітацыя дрэва-ялінкі – з шатровымі стрэхамі. Толькі пасля рэлігійнай рэформы патрыярха Нікана ў ХVІІ ст. у праваслаўных храмах Русі пачалі пераважаць купалы-лукаўкі. Але ў драўлянай архітэктуры Беларусі (Палесся) так і застаўся шацёр.

Наогул Дрэва аддзяляе Космас ад Хаосу, гэта як бы сімвал Культуры. Адсюль і значэнне пэўных лічбаў. Прасочым сэнс і важнасць ў розных галінах ведаў так званых сакральных лічбаў, аб’яднаных ідэяй Прадрэва:

 Тры: а) Бог-Бацька – Бог-Дух Святы – Бог-Сын; б) Бог – Прырода – Чалавек; в) Неба – Зямля – Падземье; г) тры вымярэнні нашай прасторы; д) Цела – Дух – Душа; е) Жыццё – Святло – Слова (Логас); ё) тэзіс – антытэзіс – сінтэз; ж) мінулае – сучаснае – будучае; з) ён – яна – яно (дзіця); і) тры героі, тры дзеянні ў казках; к) рашэнне канфлікту, пастаўленага дуалізмам. Траічнасць свету графічна ўвасоблена ў трохкутніку.

Чатыры: а) у хрысціянстве – Святая Тройца і Маці Божая; б) напрамкі свету; в) поры года; г) часткі сутак; д) натурфіласофскія стыхіі – агонь, вада, зямля, паветра; е) чалавечыя тэмпераменты – халерык, сангвінік, меланхолік, флегматык; ё) бакі крыжа; ж) колькасць ног у жывёл; з) рацыянальная арганізацыя. Графічна 4 абазначаецца праз квадрат, у беларускай вышыўцы часта – праз ромб.

Сем  як сума трох і чатырох: а) міфалагічныя нябёсы (“Адчуваць сябе на сёмым небе”); б) колеры вясёлкі; в) асноўныя ноты ў актаве; г) дні ў тыдні; д) семерычная сутнасць чалавека (фізічны ўзровень, астральны, ментальны, інтуітыўны, нірванічны, манадычны, божаскі); е) сярэдняя лічба ўспрыняцця інфармацыі чалавекам за адно імгненне; ё) аптымальная колькасць членаў любога калектыву; ж) грахі чалавечыя. Графічна сем увасабляецца сямесвечнікам, які адначасова сімвалізуе Касмічнае Дрэва (у іудаізме сямісвечнік называецца менорай).

Дванаццаць як вынік памнажэння 3х4 – лічба вышэйшай паўнаты і дасканаласці, бо з простых лічбаў дзеліцца на максімальную іх колькасць: 1, 2, 3, 4, 6, 12: а) знакі задыяку; б) месяцы года; в) 12 скандынаўскіх багоў-асаў; г) 12 алімпійскіх багоў; д) 12 апосталаў Хрыста; е) 12 кален Ізраілевых; ё) 12-гадовы цыкл кітайскага календара; ж) 12 подзвігаў ГЕРАКЛА; з) падзел юрты на зоны. Графічна 12 увасабляецца праз круг як самую дасканалую з геаметрычных фігур, падзеленую на 12 сектараў.

Такім чынам, Свет і ў лічбах мае дзіўныя супадзенні і адзінства. Усё гэта не што іншае, як праяўленне Сусветнай Гармоніі, Божаскай Прыгажосці. Вобраз Дрэва аб’ядноўвае гэтыя лічбавыя мадэлі. Ён дае цэласны погляд на існае, які захаваўся ў мове, у паэзіі, у жывапісе, у архітэктуры, у рытуалах, гульнях, у псіхалогіі (так, у малюнках дзяцей пэўнага ўзросту дамінуе дрэва). У навуцы дрэва – сродак ілюстрацыі цэлага.

У фальклоры аналагам Прадрэва часцей з’яўляецца дуб. Акрамя шматлікіх замоў, загадак, прыказак і прымавак, дуб сустракаецца ў казках (на ім хаваецца смерць КАШЧЭЯ), а ў песеннай творчасці ён набывае дадатковую сімволіку. Напрыклад, выступае як памяркоўны бацька, старэйшы брат, вельмі часта – жаніх. Дзяўчына спявае: “Ах, прыхіну я галовачку ка зялёнаму дубочку”. У песнях гусляроў і лірнікаў упамінанне аб магутных дубах акрэслівала вобраы народных герояў: Вашчылы, Карпача, Ветра і інш. Часта дуб выступае як сімвал чалавечай дабрыні, моцы, сілы, маладосці, кіпучага жыцця.

У прыгожым пісьменстве дуб як аналаг Касмічнага Дрэва найбольш поўна прадстаўлены ў Якуба Коласа, Янкі Купалы і Алеся Разанава. Я.Колас у “Казках жыцця” піша: “У Дрэва павінна быць дзве дарогі – адна ў зямлю [у сваё нацыянальнае быццё – Т.Ш.], другая ўгару, да сонца” [агульначалавечае – Т.Ш.]. Дуб у раслінным эпасе класіка – самы мудры. Ён, напрыклад, гаворыць: “Чым цікава жыццё, дык гэта тым, што яно, хоць і ідзе па пэўных законах, але вечна змяняецца і разгортвае новыя старонкі”.

У Я.Купалы:

                  Распусціўшы сучча

                  У глухім прыволлі,

                  Сам адзін расце ён

                  На далёкім поле.

                  Як цар, у кароне,

                  Аб нічым не дбае,

                  Ці то стогне бура,

                  Ці віхор гуляе.

                  На адным ён месцы

                  Днюе і начуе:

                  Многа казак знае,

                  Многа песень чуе.

Вядомы беларускі даследчык Іван Чарота лічыць нацыянальным дрэвам беларусаў усё ж не дуб, а вярбу, якая найчасцей сустракаецца ў творах фальклору (дуб хутчэй – міфалагічны персанаж). Для канчатковага высвятлення прыярытэтаў неабходны больш шырокія доследы.

 


Поделиться:



Последнее изменение этой страницы: 2019-04-21; Просмотров: 287; Нарушение авторского права страницы


lektsia.com 2007 - 2024 год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! (0.245 с.)
Главная | Случайная страница | Обратная связь